Першая навука Закону Божага (1936)/Да дзяцей/Практыкаваньні ў чытаньні

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларускі альфабэт (азбука) і практыкаваньні ў чытаньні Практыкаваньні ў чытаньні
Падручнік Закону Божага
Аўтар: Сяргей Паўловіч
1936 год
Літары слав. і беларускія

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАКТЫКАВАНЬНІ Ў ЧЫТАНЬНІ.

Поры году: вясна, лета, восень, зіма.

Назовы месяцаў: год мае дванаццаць месяцаў: студзень, люты, сакавік, красавік, травень, чэрвень, ліпень, жнівень, верасень, кастрычнік, лістапад і сьнежань.

Дні тыдня: нядзеля, панядзелак, аўторак, серада, чацьвер, пятніца і субота.

Краі сьвету: усход, захад, паўдзён, поўнач.

Перамены месяца: маладзік, поўня, сход, ветах.

Квактуха-сакатуха.

Квактуха-сакатуха яечкі клала,
малых гадавала, добра даглядала.

Вырасьлі дзеткі, пашлі на палеткі,
сталі матку пакідаці, сваё гнязьдзечка
будаваці.

Самавукам.

Мне 9 гадоў. Хацеў хадзіць у школу, але не прынялі: няма месца. Тата кажа: «будзеш сам вучыцца. Верка будзе табе памагаць. Назаўтра Верка прынясла «Беларускі буквар». Я пачаў чытаць: мама, муха, саха… Часам Верка бярэ выразаныя і наклееныя на тоўстую паперу буквы і кажа мне складаць словы. Мяне вельмі цікавіла, як з асобных букваў выходзяць словы, а пасьля і сказы. Мой малодшы брацік заўсёды прыглядаецца, як я вучуся: перабірае буквы, штосьці ні то піша, ні то малюе, пасьля дэклямуе падслуханыя вершы. Пазьней Верка толькі пакажа мне новую букву, а я ўжо сам чытаю. Не прайшло і двох месяцаў, як скончыў я буквар. А пісаць наўчыўся сам. Пісаныя буквы падобныя да друкованых. Цяпер я ўжо пішу па кніжцы: «Пішы самадзейна».
Хутка я пачаў вучыць браціка і суседаву дачку, маю равесьніцу.

Мурза.

У кошыку ляжыць Мурза з малым кацянём. Раптам убегла суседняя кошка. Наша Мурза як схопіцца, як пачне тузаць… Ледзь-ледзь вынясла ногі няпрошаная госьцейка.
Аднаго цёплага дня гаспадыня ўзяла кацянё і вынесла першы раз на панадворак. Спадабалася малому кацяняці на сонейку: скача між кветкамі, забаўляецца… А Мурза сядзіць, ня зводзіць вочак з свайго дзіцяці.
Другім разам гаспадыня ня мела часу выйсьці ў садочак. А Мурза ўсё чагось плача, нібы кліча. Такая неяк неспакойная. Але за работаю гаспадыні не да Мурзы. Нядоўга думаючы, Мурза раптам бярэ кацянё за карак і праз адчыненае вакно — скок уніз. А да зямлі мэтраў два. Думалі — забілася малое кацянё. Ажно глядзімо — сядзіць наша Мурза на лавачцы, а каля яе, моцна прытуліўшыся да маці, малое кацянё. Гадзіны дзьве гэтак сядзелі, не варухнуліся: пэўна такі падбіліся…

Мядзьведзь і жнейка (казка).

Лета. Жніво. Жнейка жне на полі жыта. Раптам — з лесу прэ мядзьведзь, чамусьці на трох лапах; чацьвертую нясе, падняўшы да гары. Бачыце, хадзіў Мішка касалапы па мёд, і вось загнаў вялікую страмяку. Пайшоў з лесу шукаць помачы. — Жнейка спалохалася, і ну наўцёкі… Але-ж мядзьведзь йдзе і йдзе. Даганіў жнейку і выцягвае да яе хворую лапу. Жнейка бліжэй, бліжэй да медзьведзя, і выняла страмяку. Мішка аблізаў рану і пайшоў… але ня ў лес, а на вёску: зьняў з плоту вядро, вярнуўся да вульля, набраў поўнае вядро мёду і прыпёр жнейцы ў падзяку.

Асёл.

Аслова нявуцтва ня раз служыла дурням на паказ; дык возь нарэшце ўзялі асла ў навуку аддалі. І сталі вучыць яго чытаць, вучылі нават і пісаць. Асёл так шчыра вучыцца ўмеў, што кніжкі ўсе, як сена, зьеў, і столькі ў гэтым скарыстаў, што больш убоістым ён стаў…

Каток.
У Савосева суседа
быў пярэсьценькі каток;
выхаванец Паўла-дзеда,
такі слаўны пястунок.
Нос чарнявы,
задзірасьценькі,
кіпцік-шчыпчык
заграбасьценькі;
лапкі-драпкі
машастовыя,
а шарсьціначкі
шаўковыя.
Губкі-зубкі
адмысловыя.
Вусы-русы — патарчастыя,
тая сьпінка, як націнка,
выгінастая.
Вушкі-слушкі
ня мыляюцца,
вочкі ўночку запаляюцца.

Я. Колас.

Зязюля.

Зязюля першы раз кукуе на Юр‘я. Кукуе да Пятровага дня. Кукуе далей ад хатаў, у лесе, каля ракі, над ракітавым кустом. Калі ў чыім садзе закукуе, там — кажуць вясельле будзе. Зязюлька ня ўе ўласнага гнязда, і сама не гадуе дзяцей. Свае яйкі падкідвае ў чужыя гнёзды.

Вясковая хата.
Стрэшка саламяная
Мохам парасла,
Ў вокнах алавяная
мучыцца туга.
Шыбы дык пабітыя
летам і зімой
Дзіры іх прыкрытыя
вопраткой старой…
Ды хляўцы з паветкаю,
на узбоччы клець.
Ўсюды беднасьць сьведкаю,
як мужык жывець.
Хатачка вясковая,
матка беднаты,
цесная, убогая,
чым мне люба ты?

М. Машара.


Бог стварыў неба і зямлю. На небе сонца, месяц і зоры. На зямлі жывёлы і расьліны. Бог — Уседзяржыцель: Ён усё ўтрымлівае ўладай Сваёй і ўсім сьветам кіруе. Бяз Бога — ані да парога, а з Богам хоць за мора.
Бог любіць нас і мы павінны любіць Яго ўсім сэрцам, усёю душою, усім розумам сваім.


Сьвятая Тройца: Бог Ацец, Бог Сын і Бог Дух Сьвяты — ня тры Багі, але адзін Бог у трох Асобах.
Прасьвятая Багародзіца ёсьць Маці Сына Божага, Госпада нашага Іісуса Хрыста. Хрыстос нарадзіўся ў месьце Віфлееме. Маці Яго, Дзева Марыя, спавіла і палажыла Дзіцятка ў ясьлях. У Віфлеем прыходзілі пакланіцца Дзіцяці-Хрысту мудрацы з падаркамі. Трыццацёх гадоў Іісус Хрыстос хрысьціўся ў рацэ Іордане. Яго хрысьціў Іоанн Хрысьціцель.


Пасьля хрышчэньня Хрыстос пачаў навучаць людзей, каб яны пакаяліся, паправіліся, не грашылі і абяцаў ім за тое царства нябеснае. Добрыя людзі любілі Яго і ахвотна слухалі, а ліхія ненавідзелі. Ворагі засудзілі Хрыста бяз віны на сьмерць і расьпялі. Ён мог бы ня дацца ворагам на мукі, але Сам захацеў за нас грэшных адпакутаваць, каб мы ня мучыліся вечна за грахі свае.


Хрыстос памёр на храсьце і на трэці дзень уваскрос (ажыў). Многія з верных бачылі ўваскросшаго Хрыста і радаваліся яго ўваскрасеньню. У саракавы дзень Гасподзь сабраў Апосталаў і вучняў Сваіх, багаславіў іх і ўзьнёсься на неба. Па запаведзі Іісуса Хрыста, Апосталы разыйшліся па ўсім сьвеце, каб абвясьціць людзям вучэньне Хрыстова. Так пачалася вера хрысьціянская. Хрысьціян мучылі за веру, як і Самога Хрыста, але яны ўсё перамагалі за Хрыста, каб заслужыць Царства нябеснае і быць вечна з Хрыстом на небе.