Пела вясна (1925)/Пела вясна
Пела вясна Абразок Аўтар: Міхась Зарэцкі 1925 год |
Адна партыя ў шашкі → |
ПЕЛА ВЯСНА
Шумам шырокім шугала ў абшары. Песьню ліла непазбыўна-жывучую, сьмелую гордую песьню.
Пела вясна…
У шоламе гучным разьюшаных павадак гымнам расла, расьцьвітала магутная сьвежая сіла.
Расла, расьцьвітала. Гарнула цудоўным размахам пудліва-слухмянае сэрца, імкнула ў прасторы, віхурыла ўзьлётам шалёным.
Парываньнем дзівосным хмяліла душу, крамяніла волю сталёвым запалам.
Пела вясна…
Так сьмела і горда. Так радасна, шчыра.
Пералівала песьню ў дражліва-гарэзьлівы рогат. Сьмяялася звонка, задорна.
Над старым, струхнелым сьмяялася.
Над. тым, што гарбаціцца, корчыцца, кручыцца.
Над тым, што гнілой дзеразой засьцілае асьліглую глебу.
Над тым, што баіцца зірнуць у вагністы прасьцяг, што сонца баіцца гарачага, палкага.
Над тым, што нязграбна карожыцца ў брудзе брусьнелым…
Ой, як вясна пасьмяхалася! Як пагардліва сыпалі дробным сьмяшком галузы-цурочкі бліскучыя!
Аж захадзіліся, аж захліпаліся.
І, хітра міргаючы, у сонца кідалі вясёла-прыжмураны погляд мільёнаў іскрачак-вочак…
А сонца плыло, расплывалася ў мора — душнае, палкае мора.
І абымала ўсё-чыста шчыраю цеплю.
І цалавала ўсё-чыста салодка-пякучым праменьнем.
Сонца плыло. А ў сонцы — у душным, распаленым моры — зьвінелі цурочкамі срэбнымі ядрана-звонкія песьні птушыныя.
Птушкамі пела вясна. Пела шоламам гучным разьюшаных павадак, дробным сьмяшком дуроных цурочкаў.
Радасна пела вясна…