Перайсці да зместу

Пела вясна (1925)/Адна партыя ў шашкі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пела вясна Адна партыя ў шашкі
Апавяданьне
Аўтар: Міхась Зарэцкі
1925 год
Як Настулька комсамолкай зрабілася
Іншыя публікацыі гэтага твора: Адна партыя ў шашкі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АДНА ПАРТЫЯ Ў ШАШКІ

Гэта — з таго часу, як у маладой савецкай краіне полымем барацьба бушавала, як у сьмяротную бойку схапіліся былі паўстаўшыя работнікі з сваімі адвечнымі ворагамі — панамі. Тады кожны куток нашай краіны працяты быў вострай напружнасьцю, якая часам прасякалася агнявымі бліскавіцамі бурных уздымаў.

У той час на кожным кроку хаваліся ў цемры падкалодныя гадзіны. Часам выпаўзалі яны на сьвет і атрутныя джгалы паказвалі. Мужыкі-сярмяжнікі зьніштажалі іх сваімі рукамі мазольнымі, карузлымі. І ня было тады меры мужычай моцы жалезнай, ня было меры й гневу народнаму, бурнаму.

У фольварку Струшні тры дні паслугачы панскія сядзелі замацаваўшыся. Акружаны былі кальцом непарушным — чырвонаармейскім атрадам на чале з Асначом — селянінам-гэроем. Не здаваліся, хоць і бачылі, пэўна, што ня будзе ратунку. А мо‘ чакалі адкуль дапамогі?

Аснач наўмысьля ня браў фольварка з бою: хацеў жыўцом захапіць непакорных бандытаў. Расстанавіў вакол панскага дому людзей сваіх, сам сядзеў у старажоўскай халупцы, што ад дому крокаў на сто ля дарогі стаяла. Пад вусамі густымі, вялізнымі хаваў увесь час хітравата-давольную ўсьмешку. Пэўна, сам сабе думаў:

— Няхай пасядзяць сабе троху, адпачнуць пасьля працы. А канец — адзін…

Ноччу панскі дом хаваўся ў старожкую цемру. Тады Аснач падыходзіў да дому і хадзіў вакол бязупынку. У паўголаса аклікаў чырвонаармейцаў, бадрыў іх жартам вясёлым. А сам усё хадзіў і ўсё слухаў пільна, уважна, ці ня робіцца што там, за сьцяной, ці не гатуюцца да чаго няпрыяцелі.

На трэцюю ноч, калі ён хадзіў так — бяссонны, настарожаны, — яго чулае вуха злавіла ледзь чутныя рухі ў пакоях. У момант ад чалавека да чалавека перадалася чырвонаармейцам яго перасьцярога. Шчыльней абступілі дом, ля дзьвярэй, ля вакон пасталі з нарыхтаванымі стрэльбамі.

Застыгла ўсё, быццам самлела наўкола. Так ціха было, што, як з саду над домам праляцела нейкая птушка начная, дык чуцён быў мерны ўзмах яе скрыдлаў.

Часінка, другая…

Раптам адчыніліся дзьверы панскага дому. Уздрыганула паветра ад стрэлу. Невядома, хто першы страляў: ці армейцы, што чакалі каля дзьвярэй; ці мо‘ бандыты, каб спалох узьняць нечакана, палягчыць сабе магчымасьць уцячы.

Потым ужо ў пакоях пашла страляніна. Тлум, замятня… А праз колькі хвілін асьвяціўся дом сьвятлом няроўным, дрыжачым; з вакон косы віхрыстыя заскакалі па кустох палісадніку.

Гэта Аснач рабіў вобыск па дому. Замест лямпы з паперы зрабіў нібы факелы і асьвятляў імі пакоі.

Доўга не аставаліся ў доме. Аснач хутка сабраў сваіх хлопцаў.

— У вёску, усе… Пільна сачыць за бандытамі… Рукі скруціць… як мае быць… Марш!..

Пасунуліся няроўнай чарадой па цёмнай дарозе.

У невялічкай вёсцы — вярсты тры ад фольварку — спыніліся. Там мусілі начаваць.

Разышліся па хатах, а забраных бандытаў стоўпілі ў адзін з сялянскіх сьвірнаў. Да іх варту прыставілі. Толькі правадыра іхнага павёў з сабой чамусьці Аснач. Двое чырвонаармейцаў яго вартавалі, трымалі нарыхтаваныя стрэльбы.

Увашлі ў сялянскую хату. Аснач сеў адразу за стол, задумаўся, паклаўшы твар на далоні. Усе маўчалі. Толькі гаспадар з гаспадыняй нешта шапталі ўцішку. З цікаўствам паглядалі на гасьцей і больш за ўсё на таго, што стаяў паміж двух узброеных салдат.

Яго выгляд прыцягваў да сябе ўвагу. Вопратка нібы панская, але так абшарпалася, што зусім страціла свой калішні выгляд. Калматым шкумацьцем недалужна зьвісьлі парваныя полы сурдуту, а скрозь дзіркі на каленках сьвіцілася брудная бялізна.

Стаяў ён панура, нярухома, у дол апусьціўшы сярдзіта прыжмураныя вочы. Твар быццам драўляны, быццам мёртвы. На ім застыгла, закамянела хваравітая злосьць.

Аснач раптам узьняў галаву. Акінуў хату ўраз павесялеўшым, сьветла-іскрыстым паглядам.

— Гаспадыня! А як будзем з вячэрай, га?..

Замітусілася баба, забегала па закуцьці.

— А бадай яно цямілася. Гэта-ж мне з галавы вон. Т‘кі праўду кажуць, што сыты галоднаму не спагадае…

Неяк ураз зьмяніўся ўсіхны настрой. Быццам нейкі гульліва-радасны промень працяў тую прыкрую цяжкасьць, што гнётам вісела ў хацёнцы. Закулдыячылі дзеці, загаварылі армейцы. Гаспадар падсеў к Асначу, пачаў гаманіць з ім — сьперш асьцярожна, нясьмела. Зазіраў у яго добрадушныя вочы з цікаўствам, з павагай, распытваў пра падзеі ў фольварку. Аснач апавядаў, і ўсе сьмяяліся давольна, радасна.

Толькі адзін палонны маўчаў. Быццам ня чуў, не ўважаў, што наўкола, углыбіўшыся ў думкі свае асабістыя.

Падалі вячэру. Аснач разгарнуўся, расшпіліўся, вольна раскапусьціўся за сталом, гатуючыся як мае быць узяцца за ежу. Па твары разьлілася давольнасьць — шырокая, млявая, якая заўсёды бывае ў тых, хто пасьля цяжкае працы знаходзіць сабе адпачынак.

У гэты момант пагляд Аснача спаткаўся з паглядам бандыта. Толькі хвілінку глядзелі яны адзін у вочы другому, але гэтага досыць было, каб Аснач згадаў тое, што перажывае ў гэты момант зьбянтэжаны пан. Скрозь усю тую варожасьць і злосьць, якія сьвіціліся ў прыжмураных вачох, нястрымана прарывалася моцнае жаданьне, і гэта жаданьне, відаць, панавала цяпер над усім пачуцьцём, над усёй істотай гэтага чалавека.

— Есьці! Есьці! — быццам крычалі напружна-бліскучыя вочы бандыта.

І тады Асначу яшчэ весялей зрабілася. Ня было ўжо злосьці на недалужнага, бясьсільнага ворага. Нават жаль нейкі зьявіўся. А панская ўпартасьць, замкнёнасьць здалася сьмешнай і недарэчнай. Ён праказаў вясёла з захаваным сьмяшком:

— Можа пан не адмовіцца павячэраць?

Злосьцю і пагардай бліснулі панскія вочы. Адвярнуўся, не глядзеў нават у бок Аснача. Але Аснач ведаў, што голад пераможа ўпартасьць.

— Хлопцы! Разьвяжэце пану рукі, няхай падмацуецца троху…

Разьвязалі. Пан ня рушыўся з месца. Відаць, змагаўся з сабой. Але ўрэшце ня вытрымаў. Утупіўшы вочы, падышоў да стала. Больш не чакаў, каб прасілі, накінуўся на страву, як зьвер галодны. Мусіць, доўгі час нічога ня еў.

Як скончылі вячэру, як у ціхай сямейнай прытульнасьці зацягнуў сваю ветлую песьню самавар ля парога, Аснач заўважыў на вакне дошку ад шашак.

А бач! Вось дык знаходка… А дзе шашкі? Дзядзька! — зьвярнуўся ён да гаспадара.

— А ліха іх ведае… Як быў сын у дварэ, гулялі часам хлопцы… А потым, мусіць, параскідаліся, бо гуляць няма каму, так вось валяюцца…

— Кепска, кепска. Але нішто, мы наробім…

Узяў кавалак хлеба і пачаў крышыць шматкамі маленькімі.

— Ну, сядай, хлопцы, згуляем…

Але з чырвонаармейцаў ніводзін ня ўмеў гуляць.

Аснач зірнуў у бок пана. Той сядзеў за сталом, упяўшы пагляд некуды ў пусты прасьцяг. Думаў усё. На твары цяпер спакой быў, ціхамірнасьць.

— Ці згуляе, ці не?

Хочацца Асначу ў шашкі пагуляць, дужа хочацца. Шашкі — гэта-ж яго ўцеха найпершая… Пэўна, гуляе пан, але ці згодзіцца? А цікава было-б з ім…

Ён абярнуўся да пана, і той, быццам схапянуўшыся, зірнуў на яго чакаючым поглядам.

— Можа згуляем партыю? — запытаўся Аснач.

— Давайце.

Узяў нейкую паперку з вакна і пачаў таксама, як і Аснач, гатаваць шашкі.

Расстанавілі — Аснач хлеб свой пакрышаны, а пан кавалкі паперы.

Чамусьці раптам заціхлі ўсе ў хаце. Армейцы падсунуліся бліжэй, глядзелі з цікавай усьмешкай.

Пачалася гульня. Вострая, едкая ціша агарнула хацёнку. Настойным, назольлівым гнётам павісла пытаньне:

— Хто каго?

Глядзела гэта пытаньне з цікавых вачэй армейцаў, з маўкліва-ўпятага ў шашаніцу погляду гаспадара. І, нават, гаспадыня, сноўдаючыся па хаце, часам падыходзіла да стала і зазірала на шашкі, хоць і не разумела ў іх нічагутка.

Аснач насупіўся. Упарта глядзеў на дошку, асьцярожна, зважна перастаўляў кавалачкі хлеба, і чым далей, тым больш і больш моршчыліся яго бровы, а вусы шаваліліся, як у таркана.

Дзіўная была гульня ў Аснача з панам. Абодва напружыліся, абодвых цалком захапіла адна вострая, палкая думка: каб не прайграць.

У Аснача пад звонку нібы зусім спакойным выглядам хавалася моцнае абурэньне. Адно зьвінела, гудзела ў мазгох: ён павінен абыграць, ён не павінен паддацца. Чаму — невядома, але так трэба, так павінна быць.

І нешта дзіўнае, нязвычайнае рабілася з Асначом. Ніколі ён ня гуляў з гэткім запалам. Быццам усёй істотай увашоў ён у шашкі, у гэтыя цьмяныя кавалачкі хлеба, усю моц сваю, волю ўклаў у іх. І здавалася што гэта ня шашкі ўжо, што ня ў іх справа. Здавалася, што няма ўжо шашак, што счэзьлі яны, распаўзьліся, разгарнуліся ў нешта вялікае, шырокае, у нешта бяз форм, без пачатку й канца. І асталіся тут толькі яны ўдвух — адзін проці аднаго — з гэтым панам, што блішчыць варожа вачмі, што ўсьміхаецца ўсьмешкай саманадзейнай.

Абыграць яго, перамагчы! Бо йначай — няма ведама што…

Гульня к канцу падыходзіла. Асталося па некалькі шашак у кожнага, Абодва не паддаваліся.

Густою чырваньню пакрыўся акамянелы твар Аснача, вочы заблішчэлі агнём жорсткім, сталёвым. Упарта глядзеў на дошку. У ваччу ўжо ня хлебныя крошкі, а нейкія вялізныя камлыгі каменныя. Здаецца, заваліў-бы, раструшчыў імі гэтыя заядлыя белыя паперкі. А разам з імі і гэтага ўпартага, злоснага ворага.

У парозе гаротна, недалужна пішчэў самавар. Усе на яго забыліся, усе абступілі гульцоў, з зацятым дыханьнем чакалі, чым скончыцца. Ува ўсіх на твары відаць было шчырае спачуваньне Асначу, жаданьне, каб выйграў ён, не паддаўся. І разам трывога — напружная, палкая.

— А што, калі ды прайграе?..

Гэтак і вышла. Зрабіў Аснач ход дрэнны, няўдалы, і твар пана раптам зайграў давольнай, радаснай усьмешкай.

Аснач прайграў. Аснач паддаўся варожаму пану.

Раптам глыбокая цішыня стала жудаснай, злавеснай. Дзіўна дапасаваў ёй завыўны, жалобны посьвіст самавара.

Узьняўся Аснач. Упяў погляд проста ў твар пану. У гэтым поглядзе нешта гарэла, бушавала — шалёнае, лютае.

Пан таксама ўстаў. Сьмела глядзеў у твар Асначу, усьміхаўся злорадасна.

І вось тады здарылася тое, чаго, пэўна, ніхто не чакаў, што спалохам агнявым усіх агарнула.

Аснач выняў з кішэні наган і навёў яго ў пана. Стрэл быццам ускалануў, разадраў усю хату.

А пасьля — ціха стала, як у магіле. Пан марудна, паволі апусьціўся на лаву.

Аснач стаяў нярухома. Ня ведаў ён сам, нашто забіў пана, за што.

Дый ня думаў пра гэта. Нешта падказала з нутра, што трэба так, што павінен забіць, што вораг гэта кроўны, упарты, — узяў і забіў…

Усе моўчкі стаялі, спалоханыя. Усе ўзіраліся ў недалужна-паніклае панскае цела. І дзіўна, што ні ў кога ня мігнула ў гэты жудасны момант думка асуджэньня. Быццам усе згодны былі з Асначом, быццам кожны разважаў сваім простым, нямудрым розумам:

— Яму трэ‘ было гэтак зрабіць…

Дык вось якая была адна партыя ў шашкі…

Гэта было тады, як у нашай краіне барацьба бушавала, як у сьмяротную бойку схапіліся былі паўстаўшыя работнікі з сваймі адвечнымі ворагамі — панамі.

Тады ня было меры мужычай моцы жалезнай, ня было меры й гневу народнаму, бурнаму…