Пе́ршае Пасланьне да Фесалонікійцаў сьв. ап. Паўлы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Пасланьне да Каласянаў сьв. ап. Паўлы Пе́ршае Пасланьне да Фесалонікійцаў сьв. ап. Паўлы
Аўтар: Апостал Паўла
Пераклад: Лука Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч
Другое Пасланьне да Фесалонікійцаў сьв. ап. Паўлы


Разьдзе́л 1[правіць]

1 Паўла і Сілуан і Цімахве́й царкве́ Фесалонікійцаў у Богу Айцу і Госпадзе Ісусе Хрысьце́: ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

2 Заўсёды дзякуем Богу за ўсіх вас, успамінаючы аб вас у малітвах нашых,

3 нясупынна памятаючы аб вашым дзе́ле ве́ры і аб працы любві і цярплівасьці надзе́і на Госпада нашага Ісуса Хрыста нерад Богам і Айцом нашым,

4 ве́даючы выбраньне вашае, умілаваныя Богам браты;

5 бо нашае дабраве́шчаньне ня было да вас у слове толькі, але і ў сіле, і ў Сьвятым Духу, і ў сьвядоцтвах, як вы самі ве́даеце, якімі былі мы для вас міжы ва́мі.

6 І вы сталіся насьледава́льнікамі нашымі і Госпада, прыняўшы слова ў вялікім горы з радасьцяй Духа Сьвятога,

7 аж вы сталіся ўзорам для ўсіх ве́руючых у Македоніі і Ахайі.

8 Бо ад вас праняслося слова Гасподняе ня толькі ў Македоніі і Ахайі, але і ў-ва ўсякім ме́сцы прайшла слава аб ве́ры вашай у Бога, дык мы ня маем патрэбы не́шта казаці.

9 Бо самі яны аб нас абвяшчаюць, які ўваход ме́лі мы да вас, і як вы навярнуліся да Бога ад ідалаў, каб служыць Богу жывому і праўдзіваму

10 і ждаць з нябёсаў Сына Яго, Якога Ён ускрасіў із мёртвых, Ісуса, што збаўляе нас ад надыходзячага гне́ву.

Разьдзе́л 2[правіць]

1 Вы самі ве́даеце, браты, аб нашым уваходзе да вас, што ён быў не дарэмны;

2 але, памучыўшыся пе́рш, зьнява́жаныя, як вы ве́даеце, у Філіпах, мы адважыліся ў Богу нашым казаці вам Эвангельле Божае з вялікай барацьбой.

3 Бо пацяшэньне нашае не з абмылкі, ані з нячыстасьці, ані ў хітраваньні,

4 але, як мы выбраны ад Бога, каб нам было даве́рана Эвангельле, дык мы і гаворым, не як дагаджаючы людзям, але Богу, што дазнае́ сэрцы нашыя

5 Бо ніколі ня было ў нас ласьлівых слоў, як ве́даеце, ані думкі аб карысьці: Бог сьве́дка!

6 Ня шукаем мы славы ані ад людзе́й, ані ад вас, ані ад другіх, маючы магчымасьць быць у паважаньні, як Хрыстовыя Апосталы.

7 Але былі мы ціхія сярод вас; як кармі́целька грэе дзе́так сваіх,

8 гэтак мы, рунячыся аб вас, пажадалі аддаць вам ня толькі Эвангельле Божае, але і душы нашыя, бо вы сталіся нам любымі.

9 Бо вы памятаеце, браты, працу нашую і ўтому: робячы ўначы і ўдзе́нь, каб ня быць цяжарам каму з вас, мы абвяшчалі вам Эвангельле Божае.

10 Сьве́дкі вы і Бог, як сьвята і справядліва і беззаганна паступалі мы з вамі, ве́руючымі;

11 бо вы ве́даеце, як мы кожнага з вас, як бацька дзяце́й сваіх,

12 пацяшалі вас і пераконывалі і сьве́дчылі, каб вы паступалі дастойна Бога, які паклікаў вас у Сваё Царства і славу.

13 Дзеля гэтага і мы нясупынна дзякуем, што вы, прыняўшы ад нас пачутае слова Божае, прынялі яго не як слова чалаве́чае, а (як яно ёсьць папраўдзе,) слова Божае, якое і дзе́ець у вас, ве́руючых.

14 Бо вы, браты, сталіся пераймальнікамі цэркваў Божых, што ў Юдэі, у Хрысьце́ Ісусе, бо і вы таксама цярпе́лі ад сваіх зямлякоў, як і тыя ад Юдэяў,

15 якія і Госпада Ісуса забілі, і сваіх прарокаў, і нас павыганялі, і Богу не дагаджаюць, і ўсім людзям супраціўныя,

16 якія не даюць нам прамаўляць да паганаў, каб тыя спасьліся, каб выпаўніліся грахі іх усягды; але дасягнуў іх накане́ц гне́ў.

17 Мы-ж, браты, асірочаныя вамі на кароткі час абліччам, а ня сэрцам, тым больш стараліся ўгле́дзіць аблічча вашае,

18 Дзеля гэтага хаце́лі мы прыйсьці да вас, — я, Паўла, і раз, і два, — але перашкодзіў нам шатан.

19 Бо якая наша надзе́я, ці радасьць, ці вяне́ц пахвалы? Ці й ня вы-ж перад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у прыход Яго?

20 Бо вы — слава нашая і радасьць.

Разьдзе́л 3[правіць]

1 Дзеля гэтага, ня це́рпячы бале́й, мы захаце́лі астацца ў Афінах аднымі

2 і паслалі Цімахве́я, брата нашага і служку Божага і супрацоўніка нашага ў дабраве́шчаньні Хрыстовым, каб узмоцніць вас і паце́шыць вас у ве́ры вашай,

3 каб ніхто не пахіснуўся ў смутках гэтых: бо вы самі ве́даеце, што на гэта мы пастаўлены.

4 Бо мы і тагды, калі былі ў вас, прарочылі вам, што маем зазнаць гора, як і сталася, і вы ве́даеце.

5 Дзеля гэтага і я, ня це́рпячы бале́й, паслаў даве́дацца аб ве́ры вашай, каб як не спакусіў вас спакусьнік, і ня сталася дарэмнай наша праца.

6 Цяпе́р жа, калі прыйшоў да нас ад вас Цімахве́й і прынёс нам добрую ве́стку аб ве́ры і любві вашай, ды што заўсёды маеце добрую памяць аб нас, жадаючы нас бачыць, як і мы вас,

7 дык мы, пры ўсім суме й бядзе́ нашай, уце́шыліся вамі, браты, праз ве́ру вашу;

8 бо цяпе́р мы жывыя, калі вы стаіцё ў Госпадзе.

9 Якую-ж падзяку можам мы даць Богу за вас, за ўсю радасьць, якою радуемся з вас перад Богам нашым,

10 уначы і ўдзе́нь ве́льмі рупліва молячыся, каб бачыць аблічча вашае і дапоўніць нястачу ў ве́ры вашай?

11 Сам жа Бог і Аце́ц наш і Госпад наш Ісус Хрыстос няхай пакіруе шлях наш да вас!

12 А вас няхай Госпад напоўніць і ўзбагаціць узае́мнай любоўю і (любоўю) да ўсіх, як і мы да вас;

13 каб узмацаваць сэрцы вашыя беззаганнымі ў сьвятасьці перад Богам і Айцом нашым у прыход Госпада нашага і́суса Хрыста з усімі сьвятымі Яго.

Разьдзе́л 4[правіць]

1 Нарэшце, браты, просім вас і молім у Госпадзе Ісусе, каб вы, як прынялі ад нас, я́к трэба вам паступаць і дагаджаць Богу, дале́й узбагачаліся,

2 бо ве́даеце, якія мы далі вам за́паведзі ад Госпада Ісуса.

3 Бо гэта воля Божая, асьвячэньне вашае, каб вы ўзьдзе́ржываліся ад блуду,

4 каб кожны з вас уме́ў захоўваць сваю судзіну ў сьвятасьці і чэсьці,

5 а не ў пажадлівасьці юрлівай, як і пагане, што ня ве́даюць Бога;

6 каб не рабілі праступку ні ў якім дзе́ле і не разжываліся з брата свайго: бо Госпад памсьціцца за ўсё гэтае, як і ране́й мы гаварылі вам і сьве́дчылі.

7 Бо паклікаў нас Бог не да нячыстасьці, але да сьвятасьці.

8 Дык, хто адкідае, той адкідае не чалаве́ка, але Бога, Які і Духа Сьвятога нам даў.

9 Аб любві-ж братняй няма патрэбы пісаць да вас, бо вы самі навучаны Богам любіць адзін аднаго,

10 дый вы гэтак і ро́біце з усімі братамі па ўсе́й Македоніі. Дык молім вас, браты, пасьпявайце бале́й

11 і пільна дбайце аб тое, каб жыць ціха і рабіць сваё і працаваць сваімі ўласнымі рукамі, як мы запаве́далі вам;

12 каб вы паступалі прыстойна перад тымі, што вонках, і ні ў чым ня ме́лі нястачы.

13 Не хачу-ж пакінуць вас, браты, у няве́даньні аб паме́ршых, каб ня тужылі вы, як і іншыя, што ня маюць надзе́і.

14 Бо, калі мы ве́рым, што Хрыстос паме́р І ўваскрос, дык і паме́ршых у Ісусе Бог прывядзе́ з Ім.

15 Бо гэтае кажам вам словам Гасподнім, што мы, жывыя, якія астае́мся да прыходу Госпада, не апярэдзім тых, што паме́рлі,

16 бо Сам Госпад з абвяшчэньнем, з го́ласам Архангела і трубой Божай зыйдзе з не́ба, і мёртвыя ў Хрысьце́ ўскрэснуць пе́ршымі;

17 пасьля мы, што астае́мся жывымі, разам з імі падхоплены будзем на аблоках на спатканьне Госпаду на паве́тра, ды гэтак заўсёды з Госпадам будзем.

18 Дык пацяшайце адзін аднаго гэтымі словамі.

Разьдзе́л 5[правіць]

1 Аб часох жа і порах, браты, няма патрэбы пісаць да вас,

2 бо вы самі напэўна ве́даеце, што дзе́нь Гасподні гэтак прыдзе, як злодзей уначы.

3 Бо, як будуць гаварыць: мір і бясьпе́чнасьць, дык тагды неўспадзе́ўкі дасягне і загуба, быццам цяжарную мукі радзін, і яны не ўцякуць.

4 Вы-ж, браты, ня ў це́мры, каб дзе́нь гэты захапіў вас, як злодзе́й:

5 усе́ вы сыны сьвятла́ і сыны дня: мы ня (сыны) ночы, ані це́мры.

6 Дык ня будзем-жа спаць, як і рэшта, але чувайма і будзьма цьвярозымі,

7 бо тыя, што сьпяць, уначы сьпяць, і тыя, што ўпіваюцца, уначы́ ўпіваюцца.

8 Мы-ж, сыны дня, будзьма цьвярозымі, апрануўшыся збро́яй ве́ры і любві і (узьдзе́ўшы) шалом надзе́і збаўле́ньня,

9 бо Бог не празначыў нас на гне́ў, але на атрыманьне збаўле́ньня праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,

10 што паме́р за нас, каб мы, ці чуваем, ці сьпім, з Ім разам жылі.

11 Дзеля гэтага пацяшайце сябе́ ўзае́мна і навучайце адзін аднаго, як вы й робіце.

12 Просім жа вас, браты, ве́даць тых, што працуюць у вас і пастаўле́ны над вамі ў Госпадзе дый вас навучаюць,

13 і паважайце іх ве́льмі высока ў любві за дзе́ла іх; жыве́це ў згодзе міжы сабою.

14 Молім вас такжа, браты, навучайце свавольных, пацяшайце маладушных, паддзе́ржывайце слабых, будзьце доўгацярплівымі да ўсіх.

15 Глядзе́це, каб ніхто не ўздаваў каму злом за зло, але заўсёды шукайце дабра́ і адзін аднаму, і ўсім.

16 Заўсёды радуйцеся.

17 Нясупынна мале́цеся.

18 За ўсё дзякуйце: бо гэткая аб вас воля Божая ў Хрысьце́ Ісусе.

19 Духа не ўгашайце.

20 Прароцтвамі не пагарджайце.

21 Усё выпрабоўвайце; добрага дзяржыцеся.

22 Узьдзе́ржывайцеся ад усякага роду зла.

23 Сам жа Бог міру няхай асьве́ньціць вас у-ва ўсе́й поўні, і ўве́сь ваш дух, і душа, і це́ла няхай захава́ецца без заганы ў прыход Госпада Нашага Ісуса Хрыста.

24 Ве́рны Той, што вас паклікаў; Ён і зробіць (гэта).

25 Браты! Мале́цеся за нас!

26 Прывітайце ўсіх братоў пацалункам сьвятым.

27 Заклінаю вас Госпадам прачытаць гэтае пасланьне ўсім сьвятым братом.

28 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амін. Да Фесалонікійцаў пе́ршае напісана з Афін.