Пасланьне да Каласянаў сьв. ап. Паўлы
← Пасланьне да Філіпянаў сьв. ап. Паўлы | Пасланьне да Каласянаў сьв. ап. Паўлы Аўтар: Апостал Паўла Пераклад: Лука Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч |
Пе́ршае Пасланьне да Фесалонікійцаў сьв. ап. Паўлы → |
Разьдзе́л 1
[правіць]1 Паўла, воляй Божаю Апостал Ісуса Хрыста, і Цімахвей, брат,
2 сьвятым і ве́рным братом у Хрысьце́, што ў Калосах: Ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
3 Дзякуем Богу і Айцу Госпада нашага Ісуса Хрыста, заўсёды молячыся аб вас,
4 пачуўшы аб ве́ры вашай у Хрыста Ісуса і аб любві да ўсіх сьвятых,
5 дзеля надзе́і, што прыгатавана вам у нябёсах, аб якой вы ране́й чулі ў слове праўды Эвангельля,
6 што ёсьць у вас, як і ў-ва ўсім сьве́це, і прыносіць плод, як і між вамі, з таго дня, як вы пачулі і пазналі ласку Божую ў праўдзе,
7 як і навучыліся ад Эпафра, умілаванага супрацоўніка нашага, які ёсьць ве́рным за вас слугой Хрыста,
8 які і апавясьціў нас аб вашай любві ў Духу.
9 Дзеля гэтага і мы, з таго дня, як пачулі, не пакідалі маліцца за вас і прасіць, каб вы напаўняліся пазнаньнем волі Яго ў-ва ўсякай мудрасьці і разуме́ньні духоўным,
10 каб паступалі дасто́йна Бога, у-ва ўсім дагаджаючы Яму, прыносячы плод у кожнай добрай справе і узрастаючы ў пазнаньні Бога,
11 дужэючы ўсякаю сілаю па магутнасьці славы Яго на ўсякую цярплівасьць і вялікадушнасьць з радасьцяй,
12 дзякуючы Айцу, што паклікаў нас да ўчасьця ў спадчыне сьвятых у сьве́тласьці,
13 вызваліў нас ад улады це́мры і перанёс у Царства Сына любві Свае́й,
14 у Якім мы маем адкупле́ньне крывёю Яго і дараваньне грахоў,
15 Які есьць абра́з Бога нявідомага, пярша́к усякага стварэньня;
16 бо Ім створана ўсе, што на нябесах і што на зямлі, бачнае і нябачнае: ці то пасады, ці дзяржавы, ці начальства, ці ўлады, — усе Ім і для Яго ство́рана;
17 і Ён пе́рш за ўсё, і ўсё ў Ім стаіць.
18 І Ён ёсьць галава це́ла, Царквы́; Ён — пачатак, пярша́к із мёртвых, каб быць Яму ўва ўсім пе́ршым;
19 бо ўгодна было (Айцу), каб у Ім жыла ўсякая поўня,
20 і каб праз Яго пагадзіць з сабою ўсё, уціхамірыўшы праз Яго, крывёю крыжа Яго, ці тое, што на зямлі, ці тое, што ў нябёсах.
21 Дый вас, што былі калісь чужымі і ворагамі праз склоннасьць да благіх дзе́л,
22 цяпе́р пагадзіў у це́ле плоці Яго праз сьме́рць, каб паставіць вас сьвятымі й беззаганнымі і бязьвіннымі перад абліччам Сваім,
23 калі трываеце ў ве́ры цьвёрда і непарушна і не адпадаеце ад надзе́і Эвангельля, якое вы чулі, якое абвяшчаеца ўсяму стварэньню пад не́бам, якога я, Паўла, слуга.
24 Цяпе́р радуюся ў муках маіх за вас і дапаўняю недахват у це́ле маім сумаваньняў Хрыстовых за Яго це́ла, якое есьць Царква,
25 якой я стаўся служкаю паводле распарадку Божага, даручанага мне́ для вас, каб выпаўніць слова Божае,
26 тайну, укрытую ад вякоў і ад родаў, цяпе́р жа выяўленую сьвятым Яго,
27 якім схаце́ў Бог даць пазнаньне, што́ за багацьце славы ў тайне гэнай сярод паганаў, якое ёсьць Хрыстос у вас, надзе́я славы,
28 Якога мы абвяшчаем, навучаючы кожнага чалаве́ка і вучачы ўсякае мудрасьці, каб нам прадставіць усякага чалаве́ка дасканалым у Хрысьце́ Ісусе,
29 дзеля чаго я і працую, змагаючыся сілаю Яго, што дзе́ець у-ва мне́ магутна.
Разьдзе́л 2
[правіць]1 Хачу-ж, каб вы ве́далі, якую барацьбу маю за вас і за тых, што ў Ляодыкіі, і за ўсіх, што ня бачылі аблічча майго ў це́ле,
2 каб це́шыліся сэрцы іх, злучаныя ў любві, ды дзеля ўсякага багацьця даскана́лага разуме́ньня, дзеля пазнаньня тайны Бога і Айца і Хрыста,
3 у якім усе́ скарбы мудрасьці і ве́даньня схаваны.
4 Кажу-ж гэтае, каб хто-не́будзь ня зьвёў вас, пераконываючы словамі;
5 бо, хаця й няма мяне́ це́лам, але духам я з вамі, радуючыся і ўглядаючыся на ваш лад і цьвёрдасьць ве́ры вашае ў Хрыста.
6 Дык вось, як вы прынялі Хрыста Ісуса Госпада, хадзе́це ў Ім,
7 укараніўшыся і збудаваныя ў Ім, дый акрэпшы ў ве́ры, як вы былі навучаны, з падзякаю багаце́ючы ёю.
8 Глядзе́це, каб хто ня зьвёў вас філёзофіяй і пустым подступам па пераказу чалаве́чаму, па стыхі́ям сьве́ту, а не па Хрысту;
9 Бо ў Ім жыве́ ўся поўня Божства цяле́сна,
10 і вы напоўнены ў Ім, Які ёсьць галава ўсякага начальства і ўлады;
11 у Ім вы і абрэзаны абрэзаньнем нерукатворным, зьняўшы з це́ла грахі цяле́сныя ў абрэзаньні Хрыстовым,
12 пахаваныя з Ім у Хрышчэньні; у Ім вы і ўскрэсьлі разам праз ве́ру ў сілу Бога, Які ўскрасіў Яго з мёртвых,
13 дый вас, якія былі мёртвыя ў грахох і неабрэзаньні це́ла вашага, ажывіў разам з Ім, дараваўшы нам усе́ грахі,
14 зьнішчыўшы навукаю напісанае аб нас рукою, што было супраць нас; і ўзяў Яго спасярод і прыбіў да крыжа;
15 разьдзе́ўшы начальства і ўлады, адважна аддаў іх на сорам, перамогшы іх у Ім.
16 Дык няхай ніхто не асуджае вас за е́жу, ці піцьцё, ці за ўчасьце́ ў сьвяце, ці маладзіку, ці субоце:
17 гэта ёсьць це́нь таго, што ма́е быць; це́ла-ж Хрыстовае.
18 Няхай ніхто не спакушае вас, накланяючы мудрасьцяй пакоры і служэньнем ангелаў, уваходзячы ў тое, чаго ня бачыў, марна пыша́ючыся розумам це́ла свайго
19 і ня трымаючыся Галавы, ад якое ўсё це́ла, суставамі і вязямі злучанае і змацаванае, расьце́ ростам Божым.
20 Дык, калі вы паме́рлі з Хрыстом для стыхіяў сьве́ту, чаго-ж, быццам жывучы ў сьве́це, трымаецеся закону:
21 не чапай, ані прабуй, ані датыкайся, — што́ ўсё на тле́ньне ад ужываньня, —
22 водле за́паведзяў і навукі чалаве́чае?
23 Гэта ма́е толькі выгляд мудрасьці ў самаво́льным служэньні, мудрасьці пакоры і мардаваньні це́ла, не ў пашане да сытасьці це́ла.
Разьдзе́л 3
[правіць]1 Дык, калі вы ўскрэсьлі з Хрыстом, шукайце-ж узгорнага, гдзе́ Хрыстос сядзіць праваруч Бога;
2 аб узгорным думайце, а не аб зямным,
3 бо вы паме́рлі, і жыцьцё вашае пахавана з Хрыстом у Богу;
4 калі-ж зьявіцца Хрыстос, жыцьцё вашае, тагды і вы зьявіцеся разам з Ім у славе.
5 Дык мярцьвіце чле́ны вашыя, што на зямлі: блуд, нячыстасьць, юр, благое пажаданьне і хцівасьць, якая ёсьць балванахвальства,
6 за што гне́ў Божы прыходзіць на сыноў няслухмянства,
7 сярод якіх і вы калісь хадзілі, як жылі міжы імі.
8 А цяпе́р і вы адкіньце ўсё: гне́ў, ярасьць, злосьць, лаянку, сорамныя словы з вуснаў вашых;
9 не брашыце адзін аднаму, скінуўшы з сябе́ старога чалаве́ка з учынкамі яго
10 і апрануўшыся ў новага, які абнаўляецца ў пазнаньні на ўзор Стварыўшага яго,
11 гдзе́ няма Грэка і Юдэя, абрэзаньня і неабрэзаньня, барбара, Скіфа, раба, свабоднага, але ўсё і ў-ва ўсім Хрыстос.
12 Дык апране́цеся, як выбранцы Божыя, сьвятыя і ўмілаваныя, міласэрдзем, дабратой, ціхой мудрасьцяй, ласкавасьцяй, доўгацярплівасьцяй,
13 це́рпячы адзін аднаго і выбачаючы сабе́, калі хто да каго ма́е жаль: як Хрыстос дараваў вам, гэтак і вы.
14 А панад усім — (апрануўшыся) любоўю, якая ёсьць злучэньне дасканаласьці,
15 і няхай у сэрцах вашых гаспадаруе мір Божы, да якога вы і пакліканы ў адным це́ле; ды будзьце ўдзячнымі.
16 Слова Хрыстовае няхай асядае ў вас багата, у ўсякай мудрасьці: навучайце і настаўляйце адзін аднаго псальмамі і гымнамі і духоўнымі пе́сьнямі, у ласцы сьпяваючы ў сэрцах вашых Госпаду.
17 І ўсё, што-б вы ні рабілі, словам або дзе́лам, усё рабе́це ў імя Госпада Ісуса Хрыста, дзякуючы праз Яго Богу і Айцу.
18 Жонкі, слухайцеся мужоў вашых, як прыстойна ў Госпадзе.
19 Мужы, любе́це жанок і ня будзьце для іх прыкрымі.
20 Дзе́ці, будзьце паслухмянымі бацьком у-ва ўсім, бо гэтае ўгодна Госпаду.
21 Айцы, не раздражняйце дзяце́й вашых, каб яны не ўпадалі на духу.
22 Рабы, у ўсім слухайцеся паноў водле це́ла, паслугуючы не на вачох толькі, як дагаджаючы людзям, але ў прастаце́ сэрца, баючыся Бога.
23 І ўсё, што-б ні рабілі, рабе́це ад душы, як для Госпада, а не для людзе́й,
24 ве́даючы, што ад Госпада атрымаеце нагароду спадчыны: бо служыце Госпаду Хрысту.
25 А хто крыўдзіць, атрымае водле зробленае крыўды: бо няма ў Бога ўзіраньня на аблічча.
Разьдзе́л 4
[правіць]1 Паны, аказвайце слугам справядлівасьць і роўнасьць, ве́даючы, што і вы маеце Госпада на нябёсах.
2 Трывайце ў малітве, чуваючы ў ёй з падзякаю;
3 молячыся разам і за нас, каб Бог адчыніў нам дзьве́ры слова абвяшчаць тайну Хрыстовую, за якую я й закаваны,
4 каб я выявіў яе́, як сьле́д мне́ казаці.
5 Мудра паступайце з тымі, што вонках, выкупляючы час.
6 Слова вашае няхай будзе заўсёды ласкавае, прыпраўленае соляй, каб вы ве́далі, як кожнаму адказаць.
7 Аба мне́ ўсё скажа вам Тыхік, умілаваны брат і ве́рны слуга і супрацоўнік у Госпадзе,
8 якога я дзеля таго паслаў да вас, каб ён даве́даўся, што́ ў вас, і паце́шыў сэрцы вашыя,
9 з Анісімам, ве́рным і ўмілаваным братам, што спаміж вас: яны раскажуць вам усё, што тутака.
10 Вітае вас Арыстарх, вязень разам са мною, і Марка, пляме́ньнік Варнавы, (аб якім прынялі вы загад: калі прыдзе да вас, прыме́це яго),
11 дый Ісус, называны Юстам, якія з абрэзаньня; яны — адзіныя супрацоўнікі дзеля Царства Божага, якія былі мне́ патоляй.
12 Вітае вас Эпафрас, што із вашых, раб Хрыста, што заўсёды стараецца за вас у малітвах, каб вы трывалі дасканалымі і напоўненымі ўсякай воляй Божай.
13 Сьве́дчу-ж аб ім, што ма́е вялікую рупнасьць аб вас і аб тых, што ў Ляодыкіі ды Іераполі.
14 Вітае вас Лукаш, ле́кар умілаваны, і Дымас.
15 Прывітайце братоў у Ляодыкіі, і Німфана, і дамовую царкву яго.
16 Калі-ж гэтае пасланьне будзе прачытана ў вас, зрабе́це, каб яно было прачытана ў Ляодыкійскай Царкве́; а тое, што з Ляодыкіі, прачытайце і вы.
17 Ды скажэце Архіпу: пілнуй служэньня, што прыняў ты ў Госпадзе, каб табе́ выпаўніць яго.
18 Вітаньне мае́ю рукою, Паўлаваю. Памятайце аб кайдано́х маіх! Ласка з вамі. Амін. Да Каласянаў пісана з Рыму праз Тыхіка і Анісіма.