Пе́ршае Пасланьне да Карыньцянаў сьв. ап. Паўлы
← Пасланьне да Рымлянаў сьв. ап. Паўлы | Пе́ршае Пасланьне да Карыньцянаў сьв. ап. Паўлы Аўтар: Апостал Паўла Пераклад: Лука Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч |
Другое Пасланьне да Карыньцянаў сьв. ап. Паўлы → |
Разьдзе́л 1
[правіць]
1 Паўла, воляй Божай пакліканы Апостал Ісуса Хрыста, і Состэн, брат,
2 царкве́ Божай, што ў Карыньце, асьвячоным у Хрысьце́ Ісусе, пакліканым сьвятым з усімі, што́ прызываюць імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў-ва ўсякім ме́сцы, у іх і ў нас:
3 ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
4 Заўсёды дзякую Богу майму за вас з прычыны ласкі Божае, да́нае вам у Хрысьце́ Ісусе,
5 бо ўсім абагаціліся вы ў Ім, усякім словам і ўсякаю ве́даю, —
6 бо сьве́дчаньне Хрыстовае ўмацавалася ў вас, —
7 дзеля чаго вы ня маеце нястачы ні ў якім дары, ждучы адкрыцьця Госпада нашага Ісуса Хрыста,
8 Які і ўгрунтуе вас да канца, каб быць вам бязьвіннымі ў дзе́нь Госпада нашага Ісуса Хрыста.
9 Ве́рны Бог, якім вы пакліканы ў лучнасьць Сына Яго, Ісуса Хрыста, Госпада нашага.
10 Малю вас, браты, іменем Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб усе́ вы гаварылі адно, і ня было-б між вамі падзе́лаў, але каб вы злучаны былі ў адным розуме і ў аднэй думцы.
11 Бо ад Хлоіных сталася мне́ ве́дама аб вас, браты мае́, што між вамі е́сьць спрэчкі.
12 Кажу-ж аб тым, што кожны ў вас кажа: я Паўлавы, я Апалёсавы, я Кіфавы, а я Хрыстовы.
13 Ці-ж разьдзяліўся Хрыстос? Ці-ж Паўла раскрыжаваўся за вас? ці ў імяПаўлава вы ахрысьціліся?
14 Дзякую Богу, што я нікога з вас не ахрысьціў, апрача Крыспа і Гайя,
15 каб не сказаў хто, што я хрысьціў у маё імя.
16 Ахрысьціў я таксама Сьцяпанавы дом, а ці ахрысьціў яшчэ каго, ня ве́даю.
17 Бо і Хрыстос паслаў мяне́ не хрысьціць, а абвяшчаць Эвангельле; не ў прамудрасьці-ж слова, каб не панізіць крыжа Хрыстовага;
18 бо слова, што аб крыжу, для пагібаючых еёсьць вар'яцтва, а для нас, якія спасаюцца, — сіла Божая.
19 Бо напісана: загублю мудрасьць мудрацоў, і розум разумных адкіну (Ісая 29, 14).
20 Гдзе́ мудрэц? гдзе́ кніжнік? гдзе́ дасьле́дчык гэтага ве́ку? Ці не ператварыў Бог мудрасьць сьве́ту гэтага ў вар'яцтва? (Ісая 33, 18)
21 Бо, калі сьве́т свае́ю мудрасьцяй не пазнаў Бога ў прамудрасьці Божай, дык угодна было Богу праз дурасьць пропаведзі збавіць ве́руючых.
22 Бо і Юдэі трэбуюць цудаў, і Грэкі шукаюць мудрасьці;
23 а мы абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, для Юдэяў спакусу, а для Грэкаў дурасьць,
24 для самых жа пакліканых, і Юдэяў, і Грэкаў, — Хрыста, Божую сілу і Божую прамудрасьць;
25 бо дурное Божае мудрэйшае за людзе́й, і слабое Божае дужэйшае за людзе́й.
26 Бо паглядзе́це, браты, на пакліканьне вашае: ня многа мудрых паводле це́ла, ня многа дужых, ня многа дабрародных;
27 але Бог выбраў дурноту сьве́ту, каб асароміць мудрых, і бяссільнае сьве́ту выбраў Бог, каб асароміць дужо́е;
28 і бязроднае сьве́ту і пагарджанае і няістотнае выбраў Бог, каб зьнішчыць істотнае,
29 дзеля таго, каб ніводнае це́ла не хвалілася перад Ім.
30 З Яго і вы ў Хрысьце́ Ісусе, які стаўся для нас прамудрасьцяй ад Бога, і праведнасьцяй, і асьвячэньнем, і адкупле́ньнем,
31 каб было, як напісана: хто хваліцца, хваліся ў Госпадзе (Іер. 9, 24).
Разьдзе́л 2
[правіць]
1 І я, прыйшоўшы да вас, браты, прыйшоў апавяшчаць вам сьве́дчаньне Божае ня ўзвышаным словам ці мудрасьцяй,
2 бо я ня думаў бачыць у вас нічога, апрача Ісуса Хрыста дый укрыжаванага.
3 І быў я ў вас у бяссільлі, і ў страху, і ў вялікім дрыжаньні.
4 І слова мае́ і навука мая не ў пераконваючых словах чалаве́чае мудрасьці, але ў выяўле́ньні духа і сілы,
5 каб ве́ра ваша была ня ў мудрасьці чалаве́чай, але ў сіле Божай;
6 мудрасьць жа мы гаворым сярод дасканалых, але мудрасьць ня гэтага ве́ку і ня ўладаў гэтага ве́ку, што зьнішчаюцца,
7 але прамудрасьць Божую гаворым у тайне, укрытую, якую празначыў Бог прад вякамі на славу нашую,
8 якое ніхто з уладаў гэтага ве́ку не пазнаў; бо, калі-б пазналі, дык не раскрыжавалі-б Госпада славы.
9 Але, як напісана: чаго ня бачыла вока і ня чула вуха, і што ня ўзыходзіла ў сэрца чалаве́ка, тое Бог прыгатаваў любячым Яго (Ісая 64, 4).
10 А нам Бог адкрыў праз Духа Свайго; бо Дух усё пранікае дый глыбіні Божыя.
11 Бо хто з людзе́й ве́дае, што ў чалаве́ку, апрача духа чалаве́чага, які ў ім? Гэтак і Божага ніхто ня ве́дае, апрача Духа Божага.
12 Мы-ж узялі ня духа сьве́ту гэтага, а Духа, што ад Бога, каб ве́даць, што́дарована нам ад Бога.
13 Дый гэтае гаворым не́ вучонымі словамі мудрасьці чалаве́чае, але навучанымі ад Духа Сьвятога, разьмяркоўваючы духоўнае духоўным.
14 Душэўны-ж чалаве́к ня прыймае, што ад Духа Божага, бо гэта дурнота яму, і ня можа зразуме́ць, бо аб гэтым трэба разважаць духоўна.
15 Духоўны-ж разьбірае ўсё, а яго разабраць ніхто ня можа.
16 Бо хто пазнаў розум Гасподні, што ўявіў-бы яго? А мы маем розум Хрыстовы.
Разьдзе́л 3
[правіць]
1 І я ня мог гаварыць вам, браты, як духоўным, але як цяле́сным, як малале́ткам у Хрысьце́.
2 Я паіў вас малаком, а ня стравай, бо вы былі яшчэ ня ў сілах, дый цяпе́р ня ў сілах, бо вы яшчэ цяле́сныя.
3 Бо, калі між вамі зайздрасьць, спрэчкі і нязгода, дык ці не цяле́сныя вы? і ці не па чалаве́чаму паступаеце?
4 Бо, калі адзін кажа: я Паўлавы, а другі: я Апалёсавы, дык ці не цяле́сныя вы?
5 Хто Паўла? Кто Апалёс? Яны толькі служкі, праз якіх вы ўве́равалі, дый як кожнаму даў Госпад.
6 Я пасадзіў, Апалёс паліваў, але ўзрасьціў Бог;
7 ды гэтак і той, хто садзіў, і хто паліваў ёсьць нішто, а хто ўзрашчае — Бог.
8 Хто садзіць і хто палівае — ёсьць адно; але кожны возьме сваю заплату водле сваёй працы.
9 Бо мы супрацоўнікі Бога: вы — Божая ніва, Божая будыніна.
10 Я, водле данай мне́ ад Бога ласкі, як мудры будаўнічы, залажыў фунда́мант, а другі стаўляе дом; кожны-ж хай глядзіць, як будуе.
11 Бо ніхто ня можа пакласьці другога фунда́манту, апрача закладзенага, які ёсьць Ісус Хрыстос.
12 Ці хто будуе на гэным фундаманьце з золата, серабра, дарагіх каме́ньняў, дрэва, се́на, трысьця,—
13 кожнага дзе́ла выявіцца; бо дзе́нь пакажа, бо ў вагні выкрываецца, і агонь выпрабоўвае дзе́ла кожнага, якое яно ёсьць.
14 Калі чые́ дзе́ла, што ён будаваў, вытрывае, той дастане заплату.
15 А чые́ дзе́ла згарыць, шкоду ме́ці будзе, сам жа спасе́цца, ды так, як-бы праз агонь.
16 Ці-ж ня ве́даеце, што вы храм Божы, і Дух Божы жыве́ ў вас?
17 Калі-ж хто зруйнуе храм Божы, зьніштожыць таго Бог, бо храм Божы — сьвяты; гэтаж ёсьць вы.
18 Ніхто хай сам сябе́ не ашуківае: калі хто з вас думае быць мудрым у гэтым ве́ку, станься дурным, каб быць мудрым.
19 Бо мудрасьць сьве́ту гэтага ёсьць дурнота нерад Богам, як напісана: зловіць мудрых у хітрасьці іх (Іоў 5, 13).
20 І яшчэ: Госпад ве́дае разважаньні мудрых, што яны марныя (Псал. 93, 11).
21 Дык ніхто не хваліся ў людзе́й, бо вашае — ўсё:
22 ці Паўла, ці Апалёс, ці Кіфа, ці сьве́т, ці жыцьце́, ці сьме́рць, ці цяпе́рашняе, ці будучае, — усё вашае;
23 выж Хрыстовыя. а Хрыстас — Божы.
Разьдзе́л 4
[правіць]
1 Гэтак чалаве́к павінен разуме́ць нас, як служак Хрыстовых і аканомаў тайнаў Божых;
2 ад аканомаў жа вымагаецца, каб кожны быў знойдзены ве́рным.
3 Для мяне́найме́ншая рэч, як судзіце аба мне́ вы, ці як судзяць людзі; я й сам ня суджу сябе́.
4 Бо хоць і нічога ня ве́даю за сабою, але ў гэтым не апраўдываюся; судзьдзя-ж мне́ Госпад.
5 Дзеля гэтага ня судзіце перадчасна, пакуль ня прыдзе Госпад, які і асьве́ціць схаванае ў це́мры і выявіць думкі сэрцаў; і тагды кожнаму будзе пахвала ад Бога.
6 Гэтае, браты, прыклаў я да сябе́ і Апалёса дзеля вас, каб вы на нас навучыліся ня думаць больш за тое, што напісана, ды каб не вывышаліся адзін над адным.
7 Бо хто адзначае цябе́? Што́ ты маеш, чаго-б ня ўзяў? А калі ўзяў, на што хвалішся, як быццам ня браў?
8 Вы ўжо сытыя, ужо разбагаце́лі, пачалі цараваць бяз нас. О, каб вы зацаравалі, каб і нам з вамі царыць!
9 Бо я думаю, што Бог нас, Апосталаў, за апошніх паставіў, як бы на сьме́рць засуджаных; бо мы сталіся як-бы відовішчам для сьве́ту, для ангелаў і для людзе́й.
10 Мы дурныя дзеля Хрыста, а вы мудрыя ў Хрысьце́; мы слабыя, а вы дужыя; вы слаўныя, а мы ў няславе.
11 Навет да цяпе́рашняе гадзіны мы це́рпім голад і смагу, мы нагія, і б'юць нас, і бадзяемся,
12 і працуем, робячы сваімі рукамі. Абмаўляныя, мы багаславім; перасьле́даваныя, мы це́рпім;
13 зьняважа́ныя, мы молімся. Мы сталіся, як сьмяцьцё сусьве́тнае, як пыл для ўсіх да цяпе́р.
14 Не на тое, каб пастыдзіць вас, пішу гэтае, але як умілаваных маіх дзяце́й перасьцерагаю.
15 Бо, хаця-б вы тысячы настаўнікаў ме́лі ў Хрысьце́, але айцоў нямнога: бо я спарадзіў вас у Хрысьце́ Ісусе праз Эвангельле.
16 Дык малю вас: будзьце маімі пераймальнікамі.
17 Дзеля гэтага я паслаў да вас Цімахве́я, які ёсьць дзіця мае́ ўмілаванае і ве́рнае ў Госпадзе, і ён напомніць вам шляхі мае́ ў Хрысьце́ Ісусе, як я ўсюды ў-ва ўсякай царкве́ навучаю.
18 Як быццам я ня маю прыйсьці да вас, гэтак некаторыя з вас загардзе́лі;
19 але я хутка прыйду да вас, калі захоча Госпад, і распазнаю ня словы гардуноў, а сілу,
20 бо Царства Божае ня ў слове, а ў сіле.
21 Чаго хочаце? з дубцом прыйсьці да вас, ці з любоўю і духам лагоднасьці?
Разьдзе́л 5
[правіць]
1 Зусюль чутно, што ў вас распуста, ды такая распуста, аб якой ня чуваць навет у паганаў: што не́хта мае жонку свайго бацькі.
2 І вы сталіся гордымі, а ці ня ле́пей бы вам заме́ст таго плакаць, каб узяты быў спасярод вас той, хто робіць гэткую рэч?
3 А я, ня быўшы це́лам, але духам у вас, ужо прысудзіў, як-бы быў у вас, каб таго, хто гэткае робіць,
4 у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста на сходзе вашым суме́сна з маім духам, сілаю Госпада нашага Ісуса Хрыста,
5 аддаць гэткага шатану на загубу це́ла, каб дух быў збаўлены ў дзе́нь Госпада нашага Ісуса Хрыста.
6 Нядобрая пахвальба вашая. Хіба ня ве́даеце, што крошка кісьлі квасіць усё це́ста?
7 Дык ачысьцьце старую кісьлю, каб быць вам новым це́стам, бо вы бяз кісьлі; бо Пасха наша, Хрыстос, заколены за нас.
8 Дзеля гэтага пачне́м сьвяткаваць не з старой кісьляй і ня з кісьляй зла і подступу, але з праснакамі чыстасьці і праўды.
9 Я пісаў вам у пасланьні ня злучацца з распусьнікамі;
10 ды не наагул з распусьнікамі гэтага сьве́ту, ці хабарнікамі, ці драпе́жнікамі, ці паклоньнікамі ідалаў: бо вам трэба было-б хіба выйсьці з гэтага сьве́ту; —
11 але я пісаў вам ня злучацца, калі хто, называючыся братам, будзе распусьнікам, ці хабарнікам, ці ідалапаклоньнікам, ці зламоўным, ці п'яніцаю, ці драпе́жнікам; з гэтакім і ня е́сьці разам!
12 Бо што мне́ судзіць тых, хто вонках? Ці ня тых, што пасярод, судзіце вы? Вонкавых жа судзіць Бог. Дык выкіньце распуснага спасярод вас.
Разьдзе́л 6
[правіць]
1 Як адважаецца хто з вас, маючы справу з другім, судзіцца перад няправеднымі, а не перад сьвятымі?
2 Хіба ня ве́даеце, што сьвятыя будуць судзіць сьве́т?Калі-ж вамі будзе суджаны сьве́т, дык няўжо-ж вы ня вартыя судзіць найме́ншае?
3 Ціж ня ве́даеце, што мы судзіць будзем ангелаў, ня толькі справы жыцьце́выя?
4 Дык вы, калі маеце судзіцца аб жыцьцёвыя справы, стаўляйце сваімі судзьдзямі нікчэмных у царкве́.
5 На сорам вам кажу: няўжо-ж няма між вамі ніводнага разумнага, што мог-бы рассудзіць сярод братоў сваіх?
6 А то брат з братам судзіцца, і гэта перад няве́руючымі!
7 І тое ўжо ве́льмі сорамна для вас, што вы маеце суды між сабою. Чаму-б вам ня ле́пей быць пакрыўджанымі? Чаму-б вам ня ле́пей ме́ць шкоду?
8 Але вы самі крыўдзіце, абдзіраеце, дый гэта братоў!
9 Ці ня ве́даеце, што няправедныя царства Божага не ўнасьле́дуюць? Не ашуківайце сябе́: ані блуднікі, ані ідалапаклоньнікі, ані распусьнікі, ані пястуны, ані мужаложнікі,
10 ані зладзе́і, ані падкупныя, ані п'яніцы, ані зламоўныя, ані драпе́жнікі — ня возьмуць у спадчыну Царства Божага.
11 І гэткімі былі некаторыя з вас; але вы абмыліся, але асьвяньціліся, але апраўдаліся іменем Госпада нашага Ісуса Хрыста і Духам Бога нашага.
12 Усё мне́ можна, але ня ўсё карысна; ўсё мне́ можна, але нічому ня дам валадаць мною.
13 Ежа для чэрава, і чэрава для е́жы; але Бог зьніштожыць тое і другое цела-ж не для распусты, але для Госпада, і Госпад для це́ла.
14 Бог падняў Госпада, падыме й нас сілаю Свае́ю.
15 Хіба ня ве́даеце, што це́лы вашыя е́сьць чле́ны Хрыстовыя? Дык ці-ж, узяўшы чле́ны Хрыста, зраблю іх чле́намі блудніцы? Хай жа ня будзе!
16 Ці-ж ня ве́даеце, што, хто злучаецца з блудніцаю, е́сьць адно це́ла (з ёю)? Бо сказана: двое будуць адно це́ла (Быт. 2, 24).
17 А хто злучаецца з Госпадам, ёсьць адзін дух (з Госпадам).
18 Уцякайце ад блуду; усякі грэх, які робіць чалаве́к, ёсьць вонках це́ла, а блуднік грашыць супраць уласнага це́ла.
19 Ці ня ве́даеце, што це́лы вашыя ёсьць храм Духа Сьвятога, Які ў вас, Якога вы маеце ад Бога, і вы не свае́?
20 Бо вы куплены дарагою цаною. Дзеля гэтага выслаўляйце Бога у це́ле вашым і ў духу вашым, якія ёсьць Божымі.
Разьдзе́л 7
[правіць]
1 А аб чым вы пісалі да мяне́, дык добра чалаве́ку не дакранацца да жанчыны,
2 але, з увагі на блуд, кожны няхай мае сваю жонку, і кожная няхай мае свайго мужа.
3 Муж няхай аказвае жонцы нале́жную любасьць; падобна-ж і жонка мужу.
4 Жонка ня ўладная над сваім це́лам, але муж; гэтак сама й муж ня ўладны над сваім це́лам, але жонка.
5 Ня ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба па згодзе, на час, каб быць у пасьце́ і малітве, а потым ізноў будзьце разам, каб не спакушаў вас шатан праз няўстрыманасьць вашу.
6 Кажу-ж гэтае, як дазвол, а не як загад.
7 Бо хачу, каб усе́ людзі былі, як і я, але кожны мае свой дар ад Бога, адзін так, другі гэтак.
8 Нежанатым жа і ўдовам кажу: добра ім, калі астапуцца, як я;
9 але, калі ня ўзьдзе́ржацца, няхай жэняцца: бо ле́пей ажаніцца, чым распаляцца.
10 Тым жа, што пажаніліся, ня я запаве́дываю, але Госпад: жонцы — не разлучацца з мужам,
11 калі-ж разлучыцца, то няхай астае́цца бяз мужа, ці пагодзіцца з мужам сваім; і мужу — не пакідаць жонкі.
12 Рэшце-ж кажу я, а ня Госпад: калі каторы брат мае жонку няве́руючую, і яна згаджаецца жыць з ім, то няхай е́н не пакідаець яе́;
13 і жонка, што мае няве́руючага мужа, і ён згаджаецца жыць з ёю, няхай не пакідаець яго;
14 бо няве́руючы муж асьвянчаецца ў жонцы, і жонка няве́руючая асьвянчаецца ў мужу; інакш дзе́ці вашыя былі-б нячыстыя, а цяпе́р яны сьвятыя.
15 Калі-ж няве́руючы хоча разлучыцца, няхай разлучаецца; брат ці сястра ў гэтакіх выпадках не прыняволіваецца, бо да згоды паклікаў нас Госпад.
16 Чаму-ж бо ты ве́даеш, жонка, ці ня збавіш мужа? Або ты, муж, чаму ве́даеш, ці ня збавіш жонку?
17 Толькі кожны няхай паступае так, як Бог яму празначыў, кожны, як Госпад паклікаў; і гэтак я загадваю па ўсіх цэрквах.
18 Пакліканы хто абрэзаным? Няхай не хаваецца. Пакліканы хто не абрэзанным? Не абрэзывайся.
19 Абрэзаньне нішто і неабрэзаньне нішто, але выпаўне́ньне запаведзяў Божых.
20 Кожны няхай астае́цца ў тым прызваньні, у якім пакліканы.
21 Рабом пакліканы? Не клапоцься. Але, калі можаш стацца вольным, скарыстай з ле́пшага.
22 Бо раб, пакліканы Госпада ёсьць вольны Госпада; гэтак сама і пакліканы вольным ёсьць раб Хрыстоў.
23 Вы куплены (дарагою) цаною: не рабе́цеся рабамі людзе́й.
24 У якім прызванні хто пакліканы, браты, у тым кожны хай астае́цца перад Богам.
25 Аб дзе́вах я ня маю загаду ад Госпада, але даю раду, як той, штоатрымаў ад Госпада ласку быць яму ве́рным.
26 Дык лічу за добрае дзеля цяпе́рашняе патрэбы, што добра чалаве́ку гэтак быць.
27 Ты злучаны з жонкаю? Ня шукай разлукі. Ты вольны ад жаны? Ня шукай жонкі.
28 Калі-ж бы й ажаніўся, не саграшыў; і калі-б дзяўчына пайшла замуж, не саграшыла. Гэткія будуць ме́ць гора для це́ла; я-ж вас шкадую.
29 Але кажу вам тое, браты, што час ужо малы: каб і тыя, што маюць жанок, былі, як ня маюць;
30 і што плачуць, як ня плачучыя; і што радуюцца, як ня радыя; і што купляюць, як ня набываючыя;
31 і карыстаючыяся гэтым сьве́там, як не карыстаючыяся; бо праходзіць абраз гэтага сьве́ту.
32 А я хачу, каб вы былі бесклапотнымі. Не́жанаты клапоціцца аб Гасподняе, як дагадзіць Госпаду,
33 а жанаты клапоціцца аб сьве́цкае, як дагадзіць жонцы.
34 Ёсьць розьніца між замужняй і незамужняй дзяўчынай: незамужняя клапоціцца аб Гасподняе, як дагадзіць Госпаду, каб быць сьвятою і це́лам і духам; замужняя клапоціцца аб сьве́цкае, як дагадзіць мужу.
35 кажу гэтае для вашай жа карысьці, ня з тым, каб накінуць на вас путы, але каб вы прыстойна і няспынна служылі Госпаду, не азіраючыся.
36 Калі-ж хто ўважае за няпрыстойнае для свае́ дзяўчыны, каб яна перацьвіўшы так і асталася, - дык няхай робіць як хоча: не саграшыць; няхай ідуць замуж.
37 Але, хто непарушна цьвёрды ў сэрцы сваім, і ня маючы над воляй свае́й, пастанавіў гэтак у сэрцы сваім, каб захаваць свае́ дзявоцтва, - той жа добра робіць.
38 Дзеля гэтага, хто аддае́ замуж, добра робіць; а хто не́ аддае, робіць ле́пей.
39 Жонка зьвязана законам, дакуль жыве́ яе́ муж; калі-ж муж яе́ памрэ, вольна выйсьці, за каго хоча, толькі ў Госпадзе.
40 Але яна шчасьліве́йшая, калі астане́цца так, як я раджу; а я думаю, што і я ма́ю Духа Божага.
Разьдзе́л 8
[правіць]
1 Аб жэртвах ідальскіх ведаем, бо ўсе́ маем ве́ду. Але ве́да надзімае, а любоў будуе.
2 Хто думае, што ён не́шта ве́дае, той ніколі йшчэ нічога ня ве́даў, як трэба ве́даць;
3 але хто любіць Бога, таго Ён пазнае́.
4 Аб спажываньні-ж ахвяр ідальскіх ве́даем, што ідал на сьве́це нішто, і што няма іншага Бога, апрача Аднаго.
5 Бо, хаця і ёсьць гэтакзваныя богі, ці на не́бе, ці на зямлі, (бо-ж многа багоў і многа паноў), —
6 але ў нас адзін Бог Аце́ц, з якога ўсё, і мы для Яго; ды адзін Госпад Ісус Хрыстос, праз якога ўсё, і мы праз Яго.
7 Але не ў-ва ўсіх гэткая ве́да: некаторыя і дагэтуль з ідальскай сьвядомасьцяй, што ядуць, як жэртву ідалам, і сьве́дамасьць іх, як нядужая, апаганіваецца.
8 Ежа-ж не набліжае нас да Бога, бо ці ямо́, ня робімся ле́пшымі, ці не ямо, ня робімся горшымі.
9 Глядзе́це-ж аднак, каб вашая ўлада ня ста́лася спакусай для слабых.
10 Бо, калі хто ўгле́дзіць, што ты, маючы ве́ду, за сталом у паганскай бажніцы, дык ці сьве́дамасьць яго, як слабога, ня збудуецца, каб е́сьці жэртвы ідальскія?
11 І ад твае́й ве́ды загіне слабы брат, за якога паме́р Хрыстос.
12 А, грэшачы гэтак супраць братоў і б'ючы па сьве́дамасьці іх, якая нядужая, вы грашыцё супраць Хрыста.
13 Дзеля гэтага, калі е́жа спакушае брата майго, ня буду е́сьці мяса даве́ку, каб не спакусіць брата майго.
Разьдзе́л 9
[правіць]
1 Ці я не апостал? Ці я ня вольны? Ці я ня бачыў Ісуса Хрыста, Госпада нашага? Ці не маё вы дзе́ла ў Госпадзе?
2 Калі для другіх я не апостал, дык-жа для вас; бо пячатка майго апостальства — вы ў Госпадзе.
3 Вось гэткі адказ тым, што судзяць мяне́.
4 Ці мы ня маем улады е́сьці ды піць?
5 Ці ня маем улады ме́ць снадарожніцаю сястру — жонку, як і рэшта Апосталаў, і браты Госпадавы, і Кіфа?
6 Ці адзін я і Варнава ня маем улады непрацаваць?
7 Хто калі служыць на свой кошт? Хто садзіць вінаград і ня е́сьць пладоў яго? Ці хто пасе́ць статак і ня е́сьць малака ад статку?
8 Ці толькі пачалаве́чаму я гэтае гавару? Ці ня кажа гэтае самае і закон?
9 Бо ў Майсе́явым законе напісана: не завязвай роту валу малоцячы (Другазак. 25, 4). Ці аб валох клапоціцца Бог?
10 Ці дзеля нас агулам гаворыцца? Бо гэта дзеля нас напісана, што, хто гарэ, павінен араць з надзе́яй, і, хто малоціць, — з надзе́яй атрымаць, на што спадзяе́цца.
11 Калі мы пасе́ялі ў вас духоўнае, ці вялікая рэч, калі пажне́м у вас цяле́снае?
12 Калі другія —ўчасьнікі ўлады над вамі, дык ці мы не бале́й? Аднак, мы не скарысталі з гэтае ўлады, але ўсеё це́рпім, каб не ўчыніць якое перашкоды Эвангельлю Хрыстоваму.
13 Ці-ж ня ве́даеце, што тыя, хто пры сьвятым працуе, ядуць із сьвятога? Што паслугуючыя пры ахварніку бяруць долю ад ахвярніка?
14 Гэтак і Госпад загадаў тым, што Эвангельле абвяшчаюць, жыць ад Эвангельля.
15 Але я нічым з гэтага не карыстаўся; напісаў жа гэтае не дзеля таго, каб гэтак рабілася для мяне́, бо для мяне́ ле́пей паме́рці, чым каб хто зьнішчыў славу маю.
16 Бо, калі я абвяшчаю Эвангельле, дык няма мне́ славы, бо на мне́ ляжыць абавязак, і гора мне́, калі я не абвяшчаю Эвангельля.
17 Бо, калі раблю гэтае свае́й ахвотай, дастану маю нагароду; а калі супраць волі, дык выпаўню абавязак.
18 За што-ж мне́ нагарода? За тое, што, апавядаючы задарма Эвангельле, падаю ве́стку аб Хрысьце́, не карыстагочыся мае́ю ўладаю ў Эвангельлі.
19 Бо, будучы вольным ад усіх, я падняволіў сябе́ ўсім, каб больш прыдбаці:
20 для Юдэяў я быў, як Юдэй, каб здабыць Юдэяў; для падзаконных я быў, як падзаконны, каб здабыць падзаконных;
21 для нямаючых закону — як беззаконны (ня будучы беззаконным перад Богам, але падзаконным Хрысту), — каб здабыць беззаконных;
22 для нядужых быў, як нядужы, каб здабыць нядужых. Для ўсіх я стаўся ўсім, каб наагул збавіць не́кага.
23 Роблю-ж гэта дзеля Эвангельля, каб быць учасьнікам Яго.
24 Ці ня ве́даеце, што бе́гаючыя на стадыоне бягуць усе́, але нагароду дастае́ адзін? Дык бяжыце, каб дастаць.
25 Кожын, хто змагаецца, узьдзе́ржываецца ад усяго: тыя, каб дастаць вяне́ц тле́нны, а мы — нятле́нны.
26 Вось-жа я бягу, не як на няпэўнае, б'юся, не як паве́тра б'ючы;
27 але я ўсьцішаю і няволю це́ла мае́, каб, прапаве́дываючы другім, самому не астацца нікчэмным.
Разьдзе́л 10
[правіць]
1 Не хачу, браты, каб вы ня ве́далі, што айцы нашыя ўсе́ былі пад хмараю, і ўсе́прайшлі праз мора;
2 і ўсе́ ахрысьціліся ў Майсе́я ў хмары і ў моры;
3 і ўсе́е́лі тую самую духоўную страву,
4 і ўсе́пілі тое самае духоўнае пітво́, бо пілі з духоўнае скалы, што йшла за імі, скала-ж быў Хрыстос.
5 Але ня многіх з іх упадабаў Бог: бо яны былі паражоны ў пустыні.
6 А гэта былі прыклады длянас, каб мы не пажадалі благога, як пажадалі яны.
7 Ня будзьце й ідалапаклоньнікамі, як некаторыя з іх, як напісана: народ пасе́ў е́сьці й піць, ды ўстаў гуляці (Вых. 32, 6).
8 Ня ро́бма і блуду, як некаторыя з іх блудзілі, і ў адзін дзе́нь загінула іх дваццаць тры тысячы (Лічб. 25, 1, 9).
9 І не спакушайце Хрыста, як некаторыя з іх спакушалі і пагінулі ад зьме́яў (Лічб. 21, б).
10 Дый не наракайце, як некаторыя з іх наракалі і пагінулі ад губіцеля (Лічб. 14, 37).
11 Усё гэтае сталася ім, як прыклады, і апісана на навуку нам, на якіх кане́ц вяко́ў прыйшоў.
12 Дзеля гэтага, хто думае, што ён стаіць, сьцеражыся, каб ня ўпасьці.
13 Вас зьняла спакуса ня іншая, як чалаве́чая; ве́рны-ж Бог, які не дапусьціць вам быць спакушанымі больш, чым маеце сілу, але з спакусай зробіць і выхад, каб вы маглі перане́сьці.
14 Дык, умілаваныя маі, ухіляйцеся ад ідалапаклонства.
15 Кажу да вас, як да разумных; вы-ж судзіце, што кажу.
16 Чара багаслаўле́ньня, якую багаславім, ці ня ёсьць супольнасьцяй крыві Хрыстовае? Хле́б, што ламаем, ці ня е́сьць супольнасьць Це́ла Хрыстовага?
17 Адзін хле́б, адно це́ла мы, многія; бо ўсе́ прычашчаемся ад аднаго хле́ба.
18 Паглядзе́це на Ізраіля па це́лу: тыя, што ядуць ахвяры, ці ня ўдзе́льнікі ахвярніка?
19 Што-ж я кажу? ці тое, што ідал што-не́будзь ёсьць? Ці ахвяра ідальская што-не́будзь ёсьць?
20 Не́; але тое, што жэртвуюць пагане, злым духам жэртвуюць, а ня Богу. Яж не хачу, каб вы былісупольнікамі дэманаў.
21 Ня можаце піць чары Гасподняе і чары шатанавае; ня можаце быць учасьнікамі стала Гасподняга і стала шатанавага.
22 Ці-ж нам дражніць Госпада? Ці-ж мы дужэйшыя за Яго?
23 Усё мне́ можна, ды ня ўсё карысна; усё мне́ можна, ды ня ўсё будуе.
24 Ніхто няхай ня шукае свайго, але кожны тое, што для другога.
25 Усё, што прадае́цца на торжышчы, е́шце, не разьбіраючыся дзеля сумле́ньня;
26 бо Госпадава зямля і поўня яе (Псал. 23, 1).
27 Калі-ж хто з няве́рных пакліча вас, і вы захочаце пайсьці, — дык е́шце ўсё, што дадуць, не разьбіраючыся дзеля сумле́ньня.
28 Калі-ж хто скажа вам: гэта жэртва ідальская, — дык ня е́шце з увагі на таго, хто паведаміў вас, і на сумле́ньне; бо Госпадава зямля і поўня яе́ (Пс. 23, 1).
29 Пра сумле́ньне-ж кажу не свае́, а другога; бо дзеля чаго мая воля мае (быць) суджана чужым сумле́ньнем?
30 Калі я з падзякаю прымаю, дык чаму ганьбаваць мяне́за тое, за шго дзякую?
31 Дык ці ясьцё, ці п'ецё, ці не́шта робіце, усе́ на славу Божую рабе́це.
32 Не спакушайце ні Юдэяў, ні Грэкаў, ні царквы Божай, як і я дагаджаю ўсім у-ва ўсім, шукаючы не свае́й карысьці, але карысьці многіх, каб яны збавіліся.
Разьдзе́л 11
[правіць]
1 Насьлядуйце мяне́, як і я Хрыста.
2 Хвалю вас, браты, што вы ўсе́ маё помніце і дзе́ржыце наказы, як я наказаў вам.
3 Хачу-ж, каб вы ве́далі, што ўсякаму мужу галава Хрыстос, жонцы галава — муж, а Хрысту галава — Бог.
4 Усякі муж, што моліцца або прарочыць з пакрытаю галавою, сароміць сваю гала́ву;
5 і ўсякая жанчына, што моліцца або прарочыць з непакрытаю галавою, сароміць сваю галаву, бо гэта адно і тое-ж, як-бы яна аголена;
6 бо, калі жанчына не пакрываецца, дык няхай і стрыжэцца; а калі жанчыне сорамна стрыгчыся ці галіцца, няхай пакрываецца.
7 Дык мужу ня трэба накрываць галаву, бо ён абраз і слава Божая; жонка-ж ёсьць слава мужава.
8 Бо ня муж ад жаны, але жана́ ад мужа.
9 І ня муж створаны дзеля жаны, але жана́ дзеля мужа.
10 Дзеля гэтага жана́ і павінна ме́ць на галаве́ знак улады над ёю, дзеля Ангелаў.
11 Дый ні муж бяз жонкі, ні жана́ бяз мужа, у Госпадзе.
12 Бо, як жана́ ад мужа, так і муж праз жану; усе́-ж ад Бога.
13 Судзіце самі ў сабе́: ці прыстойна жане́ маліцца Богу з непакрытаю галавою?
14 Або ці сама прырода ня вучыць вас, што, калі муж расьціць валасы, дык ганьба яму,
15 але, калі жанчына расьціць валасы, для яе́ гэта чэсьць, бо валасы дадзены е́й заме́ст пакрыцьця.
16 А калі-б хто захаце́ў спрачацца, то мы ня маем гэткага звычаю, ані цэрквы Божыя.
17 Запаве́дываючы-ж гэтае, не хвалю вас, што зьбіраецеся не на ле́пшае, але на горшае.
18 Бо, напе́рш, калі зьбіраецеся ў царкву, дык, чую, між вамі бывае падзе́л, дый я крыху ве́ру,
19 бо мусяць быць між вамі і гэрэзіі, каб ве́рныя выявіліся міжы вамі.
20 Дый, калі вы зьбіраецеся разам, гэта ня ёсьць спажываці вячэру Гасподнюю:
21 бо кожны хапаецца перад другімі зье́сьці ўласную вячэру, дык адзін бывае галодны, а іншы ўпіваецца.
22 Хіба-ж дамоў ня маеце, каб есьці й піць? Або ганьбіце царкву Божую і сароміце тых, што ня маюць? Што сказаць вам? Ці пахваліць вас за гэтае? Не́ пахвалю.
23 Бо я ад Госпада прыняў, ды тое й вам перадаў, што Госпад Ісус у тую ноч, калі быў выданы, узяў хле́б
24 і, аддаўшы хвалу, паламаў ды сказаў: прыме́це, е́шце, гэта ёсьць Це́ла Мае́, за вас ламанае; рабе́це гэта на ўспамін аба Мне́.
25 Таксама й чару пасьля вячэры, кажучы: гэта чара е́сьць новы запаве́т у Мае́й крыві; гэтае рабе́це, калі будзеце піць, на ўспамін аба Мне́.
26 Бо кожны раз, калі вы ясьцёхле́б гэты і п'ецё чару гэтую, сьме́рць Гасподнюю абвяшчаеце, дакуль (Ён) прыйдзе.
27 Дзеля гэтага, хто будзе е́сьці хле́б гэты ці піць чару Гасподню няпрыстойна, вінны будзе Це́ла й Крыві Гасподняе.
28 Няхай жа паўзіраецца на сябе́ чалаве́к ды гэтак няхай е́сьць з хле́ба гэтага і п'е́ з чары гэтае.
29 Бо хто е́сьць і п'е́ няпрыстойна, той е́сьць і п'е́ прысуд сабе́, не разважаючы аб Це́ле Гасподнім.
30 Дзеля гэтага сярод вас многа слабых ды хворых, і даволі ўмірае.
31 Бо, каб мы судзілі самых сябе́, дык ня былі-б засуджанымі.
32 Суджаныя-ж, Госпадам караны бываем, каб ня быць разам з сьве́там засуджанымі.
33 Гэтак, браты маі, зьбіраючыся на вячэру, адзін на аднаго чакайце;
34 калі-ж хто галодны, няхай е́сьць дома, каб зьбірацца вам не на асуджэньне. Рэшту ўладжу, калі прыду.
Разьдзе́л 12
[правіць]
1 Аб духоўных-жа, браты, не хачу, каб вы няве́далі.
2 Ве́даеце, што, як былі вы паганамі, дык да ідалаў безгалосных хадзілі, быццам вялі вас.
3 Дзеля гэтага кажу вам, што ніхто, гаворачы Духам Божым, ня скажа праклёну на Ісуса; і ніхто ня можа назваць Ісуса Госпадам, як толькі Духам Сьвятым.
4 Ёсьць розьніцы ў дараваньнях, але Дух той самы;
5 і розьніцы ў служэньні, а Госпад той самы;
6 і розьніцы ў дзе́яньні, а Бог той самы, што ўсё і ў-ва ўсіх робіць.
7 Але кожнаму дае́цца выяўле́ньне духа на карысьць:
8 аднаму дае́цца Духам слова мудрасьці, другому слова ве́ды тым-жа Духам;
9 іншаму ве́ра тым жа духам; іншаму дар азрадаўляньня тым-жа Духам;
10 іншаму рабіць цуды, іншаму прароцтва, іншаму распазнаваньне духаў, іншаму розныя мовы, іншаму тлумачэньне моваў.
11 Усё-ж гэтае робіць адзін і той-жа Дух, надзяляючы кожнага асобна, як Яму хочацца.
12 Бо, як це́ла адно, але мае многа чле́наў, і ўсе́ чле́ны аднаго це́ла, хаця іх і многа, ёсьць адно це́ла, — гэтак і Хрыстос.
13 Бо ўсе́ адным Духам ахрышчаны ў адно це́ла, Юдэі ці Грэкі, рабы ці вольныя, і ўсе́ напоены адным Духам.
14 Це́ла-ж не адзін чле́н, але многа.
15 Калі скажа нага́: я ня рука, я не ад це́ла, дык ці-ж яна і не ад це́ла?
16 І калі скажа вуха: я ня вока, я не ад це́ла, дык няўжо-ж яно і не ад це́ла?
17 Калі ўсе́це́ла — вока, дык гдзе́ слых? Калі ўсе́ слых, дык гдзе́ нюх?
18 Але-ж Бог разлажыў чле́ны, кожны з іх па адным, у це́ле, як Сам хаце́ў.
19 А калі-б усе́ былі адзін чле́н, дык гдзе́ це́ла?
20 Але цяпе́р чле́наў многа, а це́ла адно.
21 Ня можа-ж вока сказаць руцэ: ты мне́ непатрэбна; ці таксама галава нага́м: вы мне́ непатрэбныя.
22 Алеж чле́ны це́ла, якія здаюцца слабе́йшымі, шмат патрабне́йшыя,
23 і, якія нам здаюцца больш непачэснымі ў це́ле, тых бале́й у чэсьці ма́ем, і нашыя няпрыстойныя больш прыстойны выгляд маюць,
24 а нашыя прыстойныя ня маюць патрэбы. Але Бог склаў це́ла, даўшы ме́нш дасканалым большую чэсьць,
25 каб ня было падзе́лу ў це́ле, а ўсе́чле́ны аднолькава адзін аб адным каб рупіліся.
26 Дзеля гэтага, калі це́рпіць адзін чле́н, це́рпяць з ім усе́ чле́ны; калі славіцца адзін чле́н, з ім радуюцца ўсе́ чле́ны.
27 Вы-ж — це́ла Хрыстовае, а паасобна чле́ны.
28 І адных Бог паставіў у Царкве́ напе́рш Апосталамі, потым прарокамі, трэціх вучыцяля́мі; дале́й (цудоўныя) сілы, затым дары аздараўляньня, дапамаганьня, гаспадараваньня, розныя мовы.
29 Ці ўсе́ Апосталы? ці ўсе́ прарокі? ці ўсе́ вучыцялі? Ці ўсе́ (цудоўныя) сілы?
30 Ці ўсе́ маюць дар аздараўляньня? ці ўсе́ гавораць мовамі? ці ўсе́ тлумачы?
31 Рупцеся аб дарох большых, і я пакажувам шлях яшчэ ле́пшы.
Разьдзе́л 13
[правіць]
1 Калі я гавару мовамі чалаве́чымі і ангельскімі, а любві ня маю, то я ме́дзь зьвінячая ці кімвал гудзячы.
2 Калі я маю прароцтва, і ве́даю ўсе́ тайны і ўсякае ве́даньне, і калі маю ўсю ве́ру, каб і горы перастаўляць, а ня маю любві, дык я нішто.
3 І калі я раздам усю маемасьць маю і аддам це́ла маё на спале́ньне, а любві ня маю, дык няма мне́ ніякае карысьці.
4 Любоў це́рціць доўга, міласэрная яна; любоў не завідуе; любоў не вывышшаецца, не надзімаецца,
5 ня буяніць, ня шукае свайго, не гняўліва, ня думае благога,
6 ня радуецца з крыўды, але це́шыцца з праўды.
7 Усё пакрывае, усяму ве́рыць, усяго спадзяе́цца, усё це́рпіць.
8 Любоў ніколі ня чэзьне, а вось прароцтвы — і тыя чэзнуць, і мовы змоўкнуць, і ве́да зьніштожыцца.
9 Бо мы часткова ве́даем і часткова прарочым;
10 калі-ж прыдзе дасканалае, тады тое, што часткова, счэзьне.
11 Калі я быў дзіцяткам, дык падзіцячаму гаварыў, падзіцячаму разважаў; я як стаўся мужам, дык пакінуў дзіцячае.
12 Цяпе́р мы бачым як-бы праз мутнае шкло, дагадваючыся; тады-ж абліччам да аблічча; цяпе́р я пазнаю́ часткова, а тагды пазнаю гэтак сама, як сам я пазнаны.
13 А цяпе́р трываюць ве́ра, надзе́я, любоў— гэтыя тры; але большая з іх — любоў.
Разьдзе́л 14
[правіць]
1 Рупцеся аб любоў; старайцеся аб духоўнае, асабліва-ж аб тое, каб прарочыць.
2 Бо, хто гаворыць (незнаёмаю) моваю, той гаворыць ня людзям, а Богу; бо ніхто ня чуе, і ён таёмнае духам гаворыць.
3 А хто прарочыць, той гаворыць людзям на збудаваньне і напамінаньне і пацяшэньне.
4 Хто гаворыць (незнаёмаю) моваю, збудоўвае сябе́; а хто прарочыць, царкву будуе.
5 Хачу, каб вы ўсе́ гаварылі мовамі, але ле́пей, каб вы прарочылі, бо, хто прарочыць, той дасканальшы за таго, хто гаво́рыць мовамі, хібаён пры тым будзе і тлумачыць, каб царква ўзяла збудаваньне.
6 Цяпе́р, калі я прыду да вас, браты, гаворачы мовамі, якую прынясу вам карысьць, калі ня буду прамаўляць да вас ці адкрыцьцем, ці ве́даю, ці прароцтвам, ці навукаю?
7 Бо і бяздушныя, што голас даюць, ці то жале́йка, ці гусьлі, калі не даюць ==Разьдзе́льнасьці гукаў, дык як распазнаць, што йграюць на жале́йцы, ці на гусьлях?
8 І, калі труба будзе выдаваць нявыразны гук, хто пачне́ рыхтавацца да бітвы?
9 Гэтак і вы, калі языком даецё незразуме́лыя словы, дык як пазнаюць, што вы гаворыце? Вы будзеце гаварыць на ве́цер.
10 Колькі, прыкладам, розных слоў на сьве́це, і ніводнага з іх няма бяз голасу;
11 але, калі я не разуме́ю значэньня голасу, дык буду чужаком таму, хто гаворыць, і для мяне́ чужак, хто гаворыць.
12 Гэтак і вы, калі рупіцеся аб дары духоўныя, старайцеся збагаце́ць імі дзеля збудаваньня царквы.
13 А дзеля гэтага, хто гаворыць (незнаёмаю) моваю, няхай моліцца аб дар тлумачэньня.
14 Бо, калі я малюся ў незнаёмай мове, дык дух мой моліцца, але розум мой астае́цца бясплодным.
15 Дык што-ж? Буду маліцца духам, буду маліцца розумам; буду пяяць духам, буду пяяць і розумам.
16 Бо, калі ты будзеш багаславіць духам, дык як той, хто стаіць на ме́сцы няўчонага, скажа амін на тваё дзякаваньне? Бо ён не разуме́е, што́ ты гаворыш.
17 Ты хораша дзякуеш, але другі ня збудоўваецца.
18 Дзякую майму Богу, што бале́й за ўсіх вас гавару мовамі;
19 але ў царкве́ хачу ле́пей сказаць пяць слоў маім розумам, каб і другіх навучыць, чым мірыяды слоў у (незнаёмай) мове.
20 Браты! ня будзьце дзяцьмі разуме́ньнем: на благое будзьце дзяцьмі, а розумам будзьце дасьпе́лымі.
21 У законе напісана: іншымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць да народу гэтага, але й тагды не паслухаюць Мяне́, кажа Госпад (Ісая 28, 11—12).
22 Гэтак мовы ёсьць на знак не для ве́руючых, але для няве́руючых; прароцтва-ж не для няве́руючых, але для ве́руючых.
23 Дык, калі ўся царква́ зыдзецца разам, і ўсе́ пачнуць гаварыць (незнаёмымі) мовамі, уво́йдуць-жа да вас няве́даючыя ці няве́руючыя, — дык ці ня скажуць, што вы шалёныя?
24 Калі-ж усе́ прарочаць, і ўвойдзе хто няве́руючы ці няве́даючы, дык усімі ён дакараны, усімі суджаны,
25 і гэтак тайны сэрца яго выяўляюцца, і гэтак ён, упаўшы тварам, паклоніцца Богу, кажучы: Запраўды, з вамі Бог!
26 Дык што-ж, браты? Калі вы сходзіцеся, дык кожны з вас мае псальм, мае навуку,мае мову, мае адкрыцьце, мае тлумачэньне; усе́ гэтае няхай будзе на збудаваньне.
27 Калі-ж хто гаворыць (незнаёмай) мовай, гаварыце падвое, ці найбольш патрое, ды пачародзе; адзін жа тлума́ч.
28 Калі-ж няма тлумача́, няхай маўчыць у царкве́, а гаворыць сабе́ і Богу.
29 І прарокі няхай гавораць двое ці трое, рэшта-ж няхай разважаюць;
30 калі-ж другому з се́дзячых будзе адкрыцьце, дык пе́ршы няхай маўчыць.
31 Бо ўсе́ адзін за адным можаце прарочыць, каб усе́ павучаліся і ўсе́ пацяшаны былі.
32 І духі прарочыя паслухмяныя прарокам,
33 бо Бог ня е́сьць (Бог) бязладзьдзя, але супакою, як па ўсіх цэрквах у сьвятых.
34 Жанчыны вашыя ў цэрквах няхай маўчаць; бо не дазволена ім гаварыць, але каб карыліся, як і закон кажа (Быт. 3, 16).
35 Калі-ж хочуць чаго навучыцца, няхай пытаюцца дома ў мужоў сваіх; бо сорамна жанчыне гаварыць у царкве́.
36 Ці-ж ад вас выйшла слова Божае? або ці да вас адных дасягла?
37 Калі хто лічыць, што ён прарок ці духоўны, той няхай разуме́е, што тое, што я пішу вам, ёсьць запаведзі Госпада;
38 а хто не разуме́е, няхай не разумее.
39 Гэтак, браты, старайцеся прарочыць дый не забараняйце гаварыць мовамі.
40 Няхай усё прыстойна і ў парадку робіцца.
Разьдзе́л 15
[правіць]
1 Напамінаю вам, браты, Эвангельле, якое я абвяшчаў вам, ды якое вы і прынялі, у якім і ўстаялі,
2 якім і збаўляецеся, калі ўдзе́ржыце, якім словам я абвяшчаў яго вам, калі толькі не надарма паве́рылі.
3 Бо я сьпярша́ пераказаў вам, што́ і сам прыняў, што Хрыстос паме́р за грахі нашыя паводле Пісаньня,
4 і што Ён быў пахаваны і ўскрос на трэці дзе́нь, паводле Пісаньня,
5 і што зьявіўся Кіфе, пасьля-ж дванаццацём;
6 пасьля зьвявіўся бале́й чым пяцістам братом зараз, з якіх большая частка й дагэтуль жывуць, некаторыя-ж паўміралі;
7 пасьля зьявіўся Якубу, дый усім Апосталам;
8 а пасьля ўсіх зьявіўся і мне́, быццам адкіненаму.
9 Бо я найме́ншы з Апосталаў і няварты называцца Апосталам, бо я перасьле́даваў царкву Божую,
10 але з ласкі Бога ёсьць тым, чым е́сьць, і ласка Яго, што́ ўва мне́, ня была дарэмнай, але я бале́й за іх усіх папрацаваў; дый ня я, але ласка Божая, што са мною.
11 Дык ці я, ці яны, мы гэтак навучаем, а вы гэтак паве́рылі.
12 Калі-ж аб Хрысьце́ апавядаецца, што Ён уваскрос з мёртвых, дык я́к некаторыя з вас кажуць, што няма ўваскрасе́ньня мёртвых?
13 Калі няма ўваскрасе́ньня мёртвых, дык і Хрыстос не ўваскрос;
14 а калі Хрыстос не ўваскрос, дык і навука наша дарэмная, дарэмная і ве́ра вашая.
15 Да таго мы аказаліся-б і ілжывымі сьве́дкамі Божымі, бо сьве́дчылі аб Богу, што Ён ускрасіў Хрыста, Якога не ўскрашаў, калі паме́ршыя не ўскрасаюць.
16 Калі-ж мёртвыя не ўскрасаюць, дык і Хрыстос не ўваскрос;
17 а калі Хрыстос не ўваскрос, дык ве́ра вашая пустая: вы йшчэ ў грахох вашых.
18 Дык і паме́ршыя ў Хрысьце́ пагіблі.
19 А калі мы ў гэтым толькі жыцьці спадзяе́мся на Хрыста, дык найбольш нешчасьлівыя з усіх людзе́й.
20 Але цяпе́р Хрыстос уваскрос з мёртвых, першако́м сярод паме́ршых стаўся.
21 Бо, як сьме́рць праз чалаве́ка, гэтак праз чалаве́ка і ўваскрасе́ньне мёртвых.
22 Бо, як у Адаме ўсе́ паміраюць, гэтак у Хрысьце́ ўсе́ ажывуць,
23 і кожны ў сваім парадку: пярша́к Хрыстос, потым Хрыстовыя ў прыход Ягоны.
24 А тады кане́ц, калі Ён аддасьць Царства Богу і Айцу, калі зьніштожыць усякае начальства і ўсякую ўладу і сілу,
25 бо Яму нале́жыць цараваць, дакуль пакладзе́ ўсіх ворагаў пад ногі Свае́.
26 Апошні вораг зьнішчыцца — сьме́рць,
27 бо ўсё пакарыў пад ногі Яго; калі-ж сказана, што Яму ўсе́ пакорна, дык ясна, што апрача Таго, Хто пакарыў Яму ўсё.
28 Калі-ж усё пакарыць Яму, тады й Сам Сын пакарыццаПакарыўшаму Яму ўсё, каб быў Бог усё ў-ва ўсім.
29 Іначай што́ будуць рабіць Тыя, што хрысьцяцца дзеля мёртвых, калі мёртвыя зусім не ўскрасаюць? чаго хрысьціцца дзеля мёртвых?
30 Чаго і мы кожную гадзіну ў небясьпе́цы?
31 Я што-дня ўміраю: сцьвяржае гэта пахвала ваша, браты, якую ма́ю ў Хрысьце́ Ісусе, Госпадзе нашым.
32 Калі-б я пачалаве́чаму бароўся з зьве́рамі ў Эфэсе, дык якая мне́ карысьць, калі ме́ртвыя не ўскрасаюць? Дык будзем е́сьці і піць, бо заўтра памрэм!
33 Не ашуківайце сябе́: благія сяброўствы псуюць добрыя абычаі.
34 Працьверазіцеся праведна і не грашыце; бо некаторыя з вас ня ве́даюць Бога, — кажу вам на сорам.
35 Але скажа хто-не́будзь: як ускрэснуць мёртвыя? ды ў якім це́ле прыдуць?
36 Неразумныя! штб ты се́еш, не ажыве́, калі не памрэ;
37 і што́ се́еш, се́еш ня будучае це́ла, а голае зе́рне, пшанічнае, ці якое іншае, як надарыцца;
38 але Бог дае́ яму це́ла, як хоча, і кожнаму зярняці сваё це́ла.
39 Ня кожнае це́ла такое самае це́ла, але інакшае ў рыбаў, інакшае ў птушак.
40 І це́лы нябе́сныя, і це́лы зямныя: але інакшая слава нябе́сных, інакшая зямных;
41 інакшая слава сонца, інакшая слава ме́сяца, інакшая зораў; бо зорка ад зоркі розьніцца ў славе.
42 Гэтак і ўскрасе́ньне мёртвых: се́ецца на тле́ньне, устае́ ў нятле́ннасьці;
43 се́ецца ў паніжэньні, устае́ ў славе; се́ецца ў бяссільлі, устае́ ў сіле;
44 се́ецца це́ла душэўнае, устае́ це́ла духоўнае. Ёсьць це́ла душэўнае і е́сьць це́ла духоўнае.
45 Так і напісана: стаўся пе́ршы чалаве́к Адам душою жывою (Быт. 2, 7), а апошні Адам — дух жыцьцятворны.
46 Але не́ духоўнае ране́й, а душэўнае; духоўнае пасьля.
47 Пе́ршы чалаве́к з зямлі, зямны; другі чалаве́к— Госпад з не́ба.
48 Які зямны, гэтакія і зямныя; і які нябе́сны, такія і нябе́сныя.
49 І як мы насілі абраз зямнога, будзем насіць і абраз нябе́снага.
50 Тое-ж скажу вам, браты, што ня могуць це́ла і кроў унасьле́даваць Царства Божае, дый тле́ннасьць не насьле́дуе нятле́ннасьці.
51 Вось кажу вам тайну: бо ня ўсе́ мы памрэм, але ўсе́ пераме́німся —
52 зьнячэўку, у імгне́ньне вока, пры апошняй трубе́; бо затрубіць, і мёртвыя ўскрэснуць нятле́ннымі, і мы пераме́німся,
53 бо тле́ннаму гэтаму трэба апрануцца ў нятле́ннасьць, і сьмяротнаму гэтаму апрануцца ў несьмяротнасьць.
54 Калі-ж тле́ннае гэтае апране́цца ў нятле́ннасьць, і сьмяротнае гэтае апране́цца ў несьмяротнасьць, тады ста́нецца напісанае слова: праглынена сьме́рць перамогаю (Ісая 25, 8).
55 Сьме́рць! гдзе́ тваё джала? Пе́кла! гдзе́ твая перамога? (Осія 13, 14)
56 Джала-ж сьме́рці — грэх; а сіла грэху — закон.
57 Богу-ж падзяка, што даў нам перамогу праз Госпада нашага Ісуса Хрыста!
58 Гэтак, браты мае́ ўмілаваныя! будзьце цьвёрдыя, стойкія, у дзе́ле Гасподнім пасьпявайце заўсёды, ве́даючы, што праца ваша не дарэмная перад Госпадам.
Разьдзе́л 16
[правіць]
1 Пры складцы-ж, што для сьвятых, рабе́це і вы так, як я ўстанавіў у цэрквах Галяцкіх:
2 у пе́ршы дзе́нь тыдня кожны з вас няхай складае ў сябе́ і захоўвае, як яму вядзе́цца, каб не рабіць збораў тады, як я прыду.
3 Калі-ж прыду, дык, якіх выбераце, тых пашлю з пісьмамі зане́сьці ваш дар у Ерузалім.
4 А калі прыстойна будзе і мне́ пайсьці, дык са мною по́йдуць.
5 Я-ж прыду да вас, калі прайду Македонію (бо праз Македонію праходжу).
6 У вас жа можа забаўлюся, або й перазімую, каб вы мяне́ праводзілі, куды пайду.
7 Бо не хачу бачыцца з вамі цяпе́р мімаходам, але спадзяюся прабыць у вас трохі часу, калі Госпад дазволіць.
8 У Эфэсе-ж прабуду да пяцідзесятніцы,
9 бо для мяне́ адчынены вялікія і шырокія дзьве́ры, і многа праціўнікаў.
10 Калі-ж прыдзе да вас Цімахве́й, глядзе́це, каб быў у вас бясьпе́чны; бо дзе́ла Госпада робіць, як і я;
11 дык няхай ніхто не пагарджае ім, але правядзе́це яго ў супакоі, каб ён прышоў да мяне́; бо жду яго з братамі.
12 Што да брата Апалёса, дык я ве́льмі прасіў яго, каб з братамі пайшоў да вас; ды ён зусім ня ме́ў ахвоты ісьці цяпе́р, але прыдзе, калі яму будзе зручна.
13 Чувайце, стойце ў ве́ры, будзьце мужнымі і цьвёрдымі!
14 Усё ў вас няхай у любві робіцца.
15 Малю-ж вас, браты: вы ве́даеце сям'ю Сьцяпанаву, што яна ёсьць пачатак Ахайі, і што яны аддалі сябе́ на служэньне сьвятым;
16 — дык каб і вы былі пакорлівымі гэтакім дый кожнаму, хто памагае нам і працуе.
17 Я рады з прыходу Сьцяпана, Фартуната і Ахаіка; яны папоўнілі для мяне́ вашую нястачу.
18 Бо яны мой дух супакоілі дый ваш. Дык паважайце гэтакіх.
19 Вітаюць вас усе́ цэрквы Азійскія; вітаюць вас шчыра ў Госпадзе Акіла і Прыскілла з іх дамовай царквой.
20 Вітаюць вас усе́ браты. Прывітайце адзін аднаго сьвятым пацалункам.
21 Прывітаньне мае́й рукой, Паўлавай.
22 Хто ня любіць Госпада Ісуса Хрыста, анафема! Няхай прыдзе наш Госпад!
23 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі;
24 любоў мая з усімі вамі ў Хрысьце́ Ісусе. Амін. Да Карыньцян пе́ршае, напісанае з Філіпаў праз Сьцяпана і Фартуната, і Ахаіка, і Цімахве́я.