Другое Пасланьне да Карыньцянаў сьв. ап. Паўлы
← Пе́ршае Пасланьне да Карыньцянаў сьв. ап. Паўлы | Другое Пасланьне да Карыньцянаў сьв. ап. Паўлы Аўтар: Апостал Паўла Пераклад: Лука Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч |
Пасланьне да Галятаў сьв. ап. Паўлы → |
Разьдзе́л 1
[правіць]1 Паўла, воляй Божай Апостал Ісуса Хрыста, і Цімахве́й, брат, — царкве́ Божай, што ў Карыньце, з усімі сьвятымі па ўсёй Ахайі:
2 ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
3 Багасла́ўлены Бог і Аце́ц Госпада нашага Ісуса Хрыста, Аце́ц міласэрдзя і Бог усякага пацяшэньня,
4 што пацяшае нас у кожным горы нашым, каб мы маглі пацяшаць тых, што ў усялякім горы, пацяшэньнем, якім Бог пацяшае нас самых!
5 Бо, водле таго, як памнажаюцца ў нас мукі Хрыстовыя, гэтак памнажаецца Хрыстом і паце́ха нашая.
6 Ці тужым мы, дык дзеля вашае паце́хі і збаўле́ньня, якое дзе́ецца перажываньнем тых жа мук, якія й мы це́рпім; ці ўцяшаемся, дык дзеля вашае паце́хі і збаўле́ньня.
7 І надзе́я нашая аб вас цьвёрдая, бо ве́даем, што вы ўчасьнікі як мук нашых, так і пацяшэньня.
8 Бо мы ня хочам, каб вы, браты, ня ве́далі аб нашым горы, што сталася нам у Азіі, бо бязьме́рна цяжка было нам праз сілу, ажно не спадзяваліся астацца жывымі.
9 Але самыя ў сабе́ ме́лі прыгавор сьмяротны, каб спадзявацца не на самых сябе́, а на Бога, што ме́ртвых ускрашае.
10 Які і выбавіў нас ад гэткае сьме́рці і выбаўляе, і на Якога спадзяе́мся, што й яшчэ выбаўляць будзе
11 пры дапамозе і вашай малітве за нас, каб за дараванае нам па просьбе многіх дзякавалі за нас многія.
12 Бо пахвала нашая гэткая: пасьве́дчаньне сумле́ньня нашага, што мы ў прастаце́ й яснаце́ Божай, не ў цяле́снай мудрасьці, але ў ласцы Божай жылі на сьве́це, асабліва-ж у вас.
13 І мы пішам вам ня іншае, як тое, што вы ці чытаеце, ці разуме́еце, дый спадзяюся, што даканца зразуме́еце,
14 як вы часткова і зразуме́лі ўжо ў нас, што будзем пахвалой вашай, таксама, як і вы нашай, у дзе́нь Госпада Ісуса.
15 І з гэтай пэўнасьцяй ме́ўся я прыйсьці да вас ране́й, каб вы другі раз ме́лі ласку,
16 ды праз вас прайсьці ў Македонію, з Македоніі-ж ізноў прыйсьці да вас, а вы правялі-б мяне́ ў Юдэю.
17 Маючы гэткае жаданьне, ці-ж я лёгкадумна не́шта зрабіў? Ці, што́ я надумываю, водле це́ла надумываю, каб было ў мяне́ то так, так, то не́, не́?
18 Ве́рны-ж Бог, што слова нашае да вас ня было так і не́!
19 Бо Сын Божы, Ісус Хрыстос, пра Якога мы ў вас абвяшчалі, — і я, і Сілуан, і Цімахве́й, — ня быў так і не́, але было ў Ім так.
20 Бо колькі ёсьць абяцаньняў Божых, у Ім так і ў Ім амін, на славу Богу праз нас.
21 Той жа, хто ўмацоўвае нас з вамі ў Хрысьце́ і памазаў нас, ёсьць Бог,
22 Які і запячатаў нас, і даў задатак Духа ў сэрцах нашых.
23 Я-ж Бога клічу ў сьве́дкі на душу маю, што, ашчаджаючы вас, я дагэтуль ня прыходзіў у Карынт
24 не затым, што пануем над ве́раю вашай, — але мы дапамагаем радасьці вашай: бо ве́рай вы цьвёрдыя.
Разьдзе́л 2
[правіць]1 Дык я разважыў сам у сабе́ ня прыходзіць да вас ізноў у горы;
2 бо, калі я засмучаю вас, то хто паце́шыць мяне́, як ня той, што засмучаны мною?
3 Гэтае самае я і пісаў вам, каб, прыйшоўшы, ня ме́ць суму ад тых, ад якіх мне́ трэба ме́ць паце́ху, пэўны аб усіх вас, што мая радасьць для ўсіх вас.
4 Бо з вялікага гора й тугі сэрца пісаў я вам праз многія сьлёзы, не каб вы засумавалі, але каб пазналі любоў, якую я з лішкаю маю да вас.
5 Калі-ж хто засмуціў, дык не мяне́ засмуціў, але часткова, — каб не сказаць многа, — і ўсіх вас.
6 Даволі такому гэтае кары ад многіх;
7 дык вам ужо ле́пей дараваць Яму і паце́шыць, каб гэтакі ня быў абняты сумам церазме́рным.
8 Дзеля гэтага прашу вас паказаць яму любоў.
9 Бо натое я і пісаў, каб выпрабаваць вас, ці ў-ва ўсім вы паслухмяныя.
10 А каму вы што дароўваеце, таму і я; бо і я, калі што дараваў каму, дараваў дзеля вас прад абліччам Хрыста,
11 каб не перамог нас шатан; бо нам не няве́дамы думкі ягоныя.
12 Прыйшоўшы-ж у Троаду дзеля абвяшчаньня аб Хрысьце́, калі мне́ былі адчынены дзьве́ры ў Госпадзе,
13 я ня ме́ў супакою духу майму, бо не знайшоў там брата майго Ціта; але, разьвітаўшыся з імі, я пайшоў у Македонію.
14 Дзякуй-жа Богу, што заўсе́ды дае́ нам перамогу ў Хрысьце́ — і па́хашчы ве́ды Свае́й выяўляе праз нас у-ва ўсякім ме́сцы.
15 Бо мы Хрыстовыя па́хашчы Богу ў тых, што збаўляюцца, і ў тых, што гінуць.
16 Для адных мы пах сьме́рці на сьме́рць, а для другіх — пах жыцьця на жыцьцё.
17 Бо мы не таргуем словам Божым, як многія, але апавядаем шчыра, як ад Бога, перад Богам у Хрысьце́.
Разьдзе́л 3
[правіць]1 Няўжо-ж пачынаць нам ізноў знаёміцца? Няўжо-ж патрэбны для нас, як для некаторых, паручаючыя лісты да вас, ці паручаючыя ад вас?
2 Вы — наш ліст, напісаны ў сэрцах нашых, які пазнаюць і чытаюць усе́ людзі;
3 вы пака́зваеце сабою праз служэньне нашае, што вы ліст Хрыстовы, напісаны не́ чарніламі, але Духам Бога Жывога, не на каме́нных табліцах, але на цяле́сных табліцах сэрца.
4 Гэтакую пэўнасьць мы маем у Богу праз Хрыста
5 не затым, што мы здольныя думаць не́шта ад сябе́, быццам із сябе́, але здольнасьць нашая ад Бога:
6 Ён даў нам здольнасьць быць слугамі Новага Запаве́ту, ня літары, але духа, бо літара забівае, а дух ажыўляе.
7 Калі-ж служэньне сьме́рці ў літарах, выкаванае на камнях, было ў слове, ажно сыны Ізраілявы не маглі глядзе́ць на аблічча Майсе́явае праз славу аблічча яго, якая мінае,
8 дык ці ня шмат бале́й будзе ў славе служэньне духа?
9 Бо, калі служэньне асуджэньня е́сьць слава, дык шмат бале́й багата славаю служэньне апраўданьня.
10 Дый услаўленае наве́т ня слаўнае ў тэй ме́ры з прычыны славы, што мае выявіцца.
11 Бо, калі слаўна тое, што мінае, тым бале́й у славе, што астае́цца.
12 Дык, маючы вось гэткую надзе́ю, паступаем з вялікай адвагаю.
13 Але ня так, як Майсе́й, які пакрываў аблічча свае́, каб сыны Ізраілявы не пазіралі на кане́ц таго, што мінае.
14 Але зацьміліся розумы іх, бо тая-ж заслона да сягоньняшняга дня астае́цца нязьнятай пры чытаньні старога запаве́ту, бо яна ў Хрысьце́ зьніштажаецца.
15 Дагэтуль, калі яны чытаюць Майсе́я, заслона ляжыць на сэрцах іхніх;
16 але, калі зварачаюцца да Госпада, заслона здымаецца.
17 Бо Госпад ёсьць Дух; а гдзе́ Дух Гасподні, там свабода.
18 Мы-ж усе́, адкрытым абліччам, як у люстры, пазіраючы на славу Гасподню, перамяняемся ў той жа абра́з ад славы ў славу, як ад Гасподняга Духа.
Разьдзе́л 4
[правіць]1 Дзеля гэтага, маючы такое служэньне, як памілаваныя, мы не слабе́ем,
2 але адракаемся тайных дзе́л сораму, ня хо́дзячы ў хітрасьці, ані падыходзячы слова Божае, а выяўле́ньнем праўды прадстаўляючы сябе́ сумле́ньню кожнага чалаве́ка перад Богам.
3 Калі-ж і закрыта Эвангельле нашае, дык закрыта для пагібаючых,
4 для няве́руючых, у якіх бог ве́ку ґэтага асьляпіў думкі, каб ім не зазьяла сьвятло́ Эвангельля славы Хрыста, Які ёсьць абраз Бога нявідочнага.
5 Бо мы не аб сабе́ абвяшчаем, але аб Хрысьце́ Ісусе, Госпадзе; а мы —слугі вашыя дзеля Ісуса.
6 Бо Бог, Які сказаў з це́мры зазьзяць сьвятлу, засьвяціў у сэрцах нашых дзеля прасьвятле́ньня нас пазнаньнем славы Божае ў абліччы Ісуса Хрыста.
7 Скарб-жа гэты маем у гліняных начыньнях, каб паддастаткам было сілы Божае, а ня з нас:
8 мы ў-ва ўсім уцісканыя, ды ня сьцісьненыя; мы ў роспачы, ды не ў безнадзе́йнасьці;
9 нас перасьле́дуюць, але мы не пакінены; мы павалены, ды не пагібаем.
10 Заўсёды носім у це́ле мёртвасьць Госпада Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава выявілася ў це́ле нашым.
11 Бо мы, жывыя, заўсёды на сьме́рць выдаваны дзеля Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава выявілася ў сьмяротным це́ле нашым,
12 дык сьме́рць дзе́е ў нас, а жыцьцё ў вас.
13 Але, маючы той самы дух ве́ры, як напісана: Я ве́рыў і дзеля гэтага гаварыў, (Псал. 115, 1) і мы ве́рым, дык і гаворым,
14 ве́даючы, што Той, Хто ўскрасіў Госпада Ісуса, ускрасіць праз Ісуса і нас ды з вамі паставіць.
15 Бо ўсё дзеля вас, каб багацьце ласкі тым большую ўва многіх памнажа́ла ўдзячнасьць на славу Божую.
16 Дзеля гэтага мы ня губляем надзе́і; але, калі наш вонкавы чалаве́к і тле́е, дык унутраны з дня на дзе́нь абнаўляецца.
17 Бо цяпе́рашняя лёгкасьць гора нашага церазме́рна вытварае вагу славы ве́чнае для нас,
18 якія глядзім не на відо́чнае, але на нявідочнае: бо відочнае — часовае, а нявідочнае — ве́чнае.
Разьдзе́л 5
[правіць]1 Бо мы ве́даем, што, калі зямны наш дом, хаціна, разваліцца, дык мы маем а́д Бога будоўлю на нябёсах, дом нерукатворны, ве́чны.
2 Ад гэтага-ж мы і ўздыхаем, жадаючы апрануцца ў нашу будоўлю, што з нябёсаў.
3 Толькі-б нам, і апрануўшыся, не аказацца нагімі.
4 Бо мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, уздыхаем пад цяжырам, з якога ня хочам распрануцца, але адзе́цца, каб сьмяротнае жыцьцём было праглынена.
5 На гэтае самае і стварыў нас Бог і даў нам задатак Духа.
6 Дык мы заўсёды добрае мысьлі, ве́даючы, што, жывучы ў це́ле, жывем па-за Госпадам, —
7 (бо ходзім ве́раю, а ня бачаньнем), —
8 дык будзьма добрае мысьлі і жадайма ле́пей жыць паза це́лам, ды жыць у Госпадзе.
9 Дзеля гэтага рупна стараемся, ці жывучы ў ім, ці па-за ім, быць Яму любымі;
10 бо ўсім нам трэба зьявіцца перад суд Хрыстовы, каб кожны атрымаў за тое, што ён рабіў це́лам, добрае, ці благое.
11 Дык, ве́даючы страх Гасподні, мы пераконываем людзе́й, для Бога-ж мы адкрытыя; і спадзяюся, што адкрытыя і для вашых сумле́ньняў.
12 Бо мы не нанова прадстаўляем сябе́ вам, але дае́м спосаб хваліцца намі, каб ме́лі вы для тых, якія пахваляюцца абліччам, а ня сэрцам.
13 Калі-ж мы выходзім з сябе́, дык дзеля Бога; калі-ж пры розуме, дык дзеля вас.
14 Бо любоў Хрыстова абыймае нас, што гэтак разважаем: калі адзін паме́р за ўсіх, то ўсе́ паме́рлі.
15 Ён-жа паме́р за ўсіх, каб жывыя ўжо не дзеля сябе́ жылі, але дзеля Таго, Хто паме́р за іх і ўскрос.
16 Гэтак мы адгэтуль нікога ня ве́даем у це́ле; калі-ж і ве́далі ў це́ле Хрыста, дык цяпе́р ужо ня ве́даем.
17 Дык хто ў Хрысьце́, той новае стварэньне; старое мінула, вось настала ўсё новае.
18 Усё-ж ад Бога, Які праз Ісуса Хрыста пагадзіў нас з Сабою і даў нам служэньне прымірэньня,
19 бо Бог быў у Хрысьце́, го́дзячы з Сабою сьве́т, не залічаючы ім праступкаў іхніх і кладучы ў нас слова прымірэньня.
20 Дык мы — пасланцы за Хрыста, як бы Сам Бог просіць праз нас; за Хрыста просім: пагадзіцеся з Богам.
21 Бо Таго, Хто грэху ня ве́даў, Ён зрабіў за нас грэхам, каб мы ў Ім сталіся пра́веднасьцяй Божай.
Разьдзе́л 6
[правіць]1 Мы-ж, як памочнікі, молім вас, каб ласка Божая не надарма́ была прынята вамі.
2 (Бо сказана: у час прые́мны Я выслухаў цябе́ і ў дзе́нь збаўле́ньня памог табе́ (Ісая 49, 8). Вось і цяпе́р час прые́мны, вось цяпе́р дзе́нь зба́ўле́ньня!)
3 Мы нікому не кладзе́м ніякага спаткне́ньня, каб ня было зьняважа́на служэньне.
4 Але ў-ва ўсім выяўляем сябе́, як служкі Божыя, у вялікай цярплівасьці, у горы, у недастатках, у ўціску,
5 пад ударамі, у вастрогах, у выгнаньні, у працы, у чуваньні, у пастох,
6 у чыстасьці, у мудрасьці, у ве́лічы душы, у дабраце́, у Духу Сьвятым, у любві не" крывадушнай,
7 у слове праўды, у сіле Божай, з зброяй праўды ў правай і ў ле́вай руцэ,
8 праз славу й ганьбу, заганы й пахвалы; нібы ашуканцы, ды справядлівыя,
9 як няве́дамыя, але пазнаваныя; як паміраючыя, ды вось жыве́м; як кара́ныя, ды не забіваныя;
10 як засмуча́ныя, ды заўсёды вясёлыя; як жабракі, ды многіх збагачаючыя; як нічога ня маючыя, ды ўсім валадаючыя.
11 Вусны нашыя расчыніліся да вас, Карыньцяне, сэрца нашае расшырана.
12 Вам ня це́сна ў нас, але ў сэрцах вашых це́сна.
13 Дзеля гэткае-ж заплаты (кажу, як дзецям,) пашырцеся і вы.
14 Не хадзе́це пад чужым ярмом з няве́рнымі; бо якая лучнасьць праведнасьці з беззаконьнем? Што супольнага ў сьвятла́ ды з це́мраю?
15 Што за згода між Хрыстом і Вэліалам? Ці якая частка ве́рнаму з няве́рным?
16 Дык якая супольнасьць храму Божаму з ідальскім? Бо вы храм Бога Жывога, як сказаў Бог: Пасялюся ў іх і хадзіць буду; і буду Богам іхнім, і яны народ Мне́ будуць (Лев. 25, 16).
17 Дзеля гэтага выйдзіце спасярод іх і адлучыцеся, — кажа Госпад, — і не дакранайцеся да нячыстага, і Я прыму вас (Ісая 52, 11);
18 І буду вам за Айца, і вы будзеце Мне́ за сыно́ў і дачо́к, — кажа Госпад Уседзяржыцель (Ер. 3, 19; Осія 1, 11).
Разьдзе́л 7
[правіць]1 Дык, умілаваныя, маючы ўсе́ парукі, ачысьцім сябе́ ад усякага бруду це́ла й духа, зьдзейсьняючы сьвятасьць у страху Божым.
2 Зразуме́йце нас. Мы нікога ня крыўдзілі, нікому не пашкодзілі, нікога не абдзіралі.
3 Не на асуджэньне кажу: бо я ране́й сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб разам і паме́рці, і жыць.
4 Вялікае ў мяне́ спадзяваньне на вас, вялікая мне́ пахвала за вас; я напоўнены паце́хаю, маю паддастаткам радасьці пры ўсім суме нашым.
5 Бо, калі мы прышлі ў Македонію, це́ла нашае ня ме́ла аніякага супакою, ды ў-ва ўсім бедавалі: звонку — напасьці, унутры — страхі.
6 Але Бог, Які пацяшае ціхіх, паце́шыў нас прыходам Ціта.
7 І ня толькі прыходам яго, але і паце́хаю, якою ён це́шыўся з вас, пераказваючы нам аб вашай руплівасьці, аб вашым плачу, аб вашай прыхільнасьці да мяне́, ажно я бале́й радаваўся.
8 Калі-ж я й засмуціў вас у пасланьні, не шкадую, хоць і шкадаваў быў; бо бачу, што гэнае пасланьне, хоць і на гадзіну, засмуціла вас.
9 Цяпе́р я це́шуся не дзеля таго, што вы засмуціліся, але што вы засмуціліся на ка́яньне, бо засмуціліся па Богу, каб ні ў чым ня ме́лі ад нас шкоды.
10 Бо смутак па Богу няруплівае пакаяньне ў збаўле́ньне ператварае, а смутак сьве́цкі сьме́рць робіць.
11 Бо-ж вось самае тое, што вы засумавалі па Богу, якую дбаласьць учыніла ў вас, а апраўдываньне, а абурэньне, а страх, а жаданьне, а рупнасьць, а адплату! У-ва ўсім вы паказалі, што вы чыстыя ў гэтай справе.
12 Дык, калі я й (пісаў да вас), то не дзеля крыўдзіцеля і не дзеля пакрыўджанага, але каб вам выявілася дбаласьць наша аб вас перад Богам.
13 Дзеля гэтага мы ўце́шыліся ўце́хаю вашаю; а яшчэ бале́й узрадаваліся мы радасьцяй Ціта, што супакоіўся дух яго ад вас усіх;
14 дык я не асароміўся, калі чым пахваліўся вамі перад ім; але, як мы вам гаварылі ўсю праўду, гэтак і перад Цітам пахвала наша аказалася праўдзіваю;
15 і сэрца яго тым бале́й да вас, калі е́н успамінае аб паслухмянасьці ўсіх вас, як вы прынялі яго з страхам і дрыжаньнем.
16 Дык я рад, што ў-ва ўсім магу на вас пакладацца.
Разьдзе́л 8
[правіць]1 Паведамляем вас, браты, аб ласцы Божай, што дадзена цэрквам Македонскім;
2 бо ў вялікай спробе горам у іх паддастаткам радасьцяў, і глыбокая ўбогасьць іх мае паддастаткам багацьця іх прастаты,
3 бо яны дабрахотлівыя па сілам і цераз сілу — я сьве́дчу гэта.
4 Яны ве́льмі прасілі нас прыняць дар і ўчасьце іх у служэньні сьвятым;
5 ды ня толькі, як мы спадзяваліся, але яны аддалі сябе́ пе́рш Госпаду, дый і нам па волі Божай;
6 дзеля гэтага мы прасілі Ціта, каб ён, як пачаў, так і дакончыў у вас і гэтую ласку.
7 А як вы багатыя ўсім: ве́раю і словам, і ве́даю, і ўсякай дбаласьцяй, і любоўю вашаю да нас, дык і ў гэтай ласцы ме́йце дастатак.
8 Кажу гэта не як загад, але дбаласьцяй другіх выпрабо́вую шчырасьць і вашай любві.
9 Бо вы ве́даеце ласку Госпада нашага Ісуса Хрыста, што Ён, быўшы багатым, абядне́ў дзеля вас, каб вы Яго ўбожствам разбагаце́лі.
10 Я даю ў гэтым раду: бо гэта карысна вам, якія ня толькі рабіць, але й жадаць пе́рш пачалі з ле́ташняга году.
11 Цяпе́р-жа й канчайце рабіць, каб, як была ахвота жадаць, гэтак і закончыць водле магчымасьці.
12 Бо, калі ёсьць ахвота, дык яна прые́мна водле таго, як хто ма́е, а не водле таго, як ня мае.
13 Бо не на тое, каб другім было палягчэньне, а вам цяжар, але каб была роўнасьць.
14 Цяпе́р вам дастатак дзеля іх недастатку, каб і іх дастатак быў дзеля вашага недастатку; каб была роўнасьць,
15 як напісана: Хто (сабраў) многа, ня ме́ў лішніцы; і хто — мала, ня ме́ў недастатку (Вых. 16, 18).
16 Дзякуй Богу, які паклаў у сэрца Цітава гэткую дбаласьць аб вас;
17 бо і просьбу прыняў, і, сам больш дбалы, свае́й ахвотай пайшоў да вас.
18 З ім паслалі мы таксама брата, у-ва ўсіх цэрквах хвалёнага за дабраве́шчаньне;
19 дый ня толькі тое, але ён і выбраны ад цэркваў, таварыш наш з тэй ласкай, якой мы служылі на славу Самога Госпада і на вашае жаданьне,
20 высьцерагаючыся, каб не наракаў на нас хто за гэткае множства да́раў, якімі мы служым,
21 бо мы думаем аб добрым ня толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.
22 Ды паслалі мы з імі і брата нашага, якога дбаласьць мнагакротна выпрабавалі шмат у чым, які цяпе́р яшчэ больш дбалы ў вялікай надзе́і на вас.
23 Што-ж да Ціта, дык гэта — мой таварыш і вам памочнік; а што да братоў нашых, дык яны пасланцы цэркваў, слава Хрыстовая.
24 Дык перад абліччам цэркваў пакажыце ім доказ любві вашай і (справядлівасьць) пахвальбы нашае вамі.
Разьдзе́л 9
[правіць]1 Для мяне́-ж лішне пісаць да вас аб служэньні сьвятым,
2 бо я ве́даю вашу ахвоту, якой пахваляюся вамі перад Македонянамі, што Ахайя прыгатавана яшчэ з ле́ташняга году; і рупнасьць ваша заахвоціла многіх.
3 Братоў жа я паслаў, каб маё хвале́ньне вас не аказалася дарэмным у гэтым выпадку, але каб вы, як я гаварыў, былі прыгатаваны,
4 каб, як прыдуць са мною Македоняне і зно́йдуць вас негатовымі, не асароміліся мы, — каб не сказаць: вы, — пахваліўшыся з гэтка́ю пэўнасьцяй.
5 Дык я палічыў патрэбным папрасіць братоў, каб яны напе́рад пайшлі да вас і загадзя паклапаціліся, каб абве́шчаны напе́рад дар ваш быў прыгатаваны так, як дар, а не як прымус.
6 Вось жа: хто се́е скупа, той скупа і пажне́; а хто се́е шчодра, той шчодра і пажне́.
7 Кожны (давай) па голасу сэрца, ня з жалю або з прымусу, бо Бог любіць таго, хто ра́ды дае́.
8 Бог-жа дуж узбагаціць вас усякаю ласкаю, каб, заўсе́ды і ў-ва ўсім маючы ўсякі дастатак, былі багаты на ўсякае добрае дзе́ла,
9 (як напісана: Рассыпаў, раздаў убогім; праведнасьць яго астае́цца наве́кі (Пс. 111, 9).
10 А хто дае́ насе́ньне се́ючаму, дасьць і хле́б дзеля е́жы, і памножыць пасе́ў ваш, і павялічыць плады праведнасьці вашае),
11 каб вы ўсім багатыя былі на ўсякую шчодрасьць, якая праз нас робіць падзяку Богу,
12 Бо ўпарадкаваньне служэньня гэтага ня толькі папаўняе тое, ў чым маюць недастатак сьвятыя, але і многімі дзякаваньнямі Богу багатае.
13 Бо праз вы́прабаваньне служэньня гэтага яны славяць Бога за пакорнасьць вызнаванаму вамі Эвангельлю Хрыстоваму і за шчыру́ю лучнасьць з імі і з усімі
14 і моляцца за вас, прыхіляючыся да вас праз вялікую ласку Божую ў вас.
15 Падзяка Богу за дар Яго нявымоўны.
Разьдзе́л 10
[правіць]1 Сам-жа я, Паўла, што асабіста між вамі ціхі, а завочна адважны супраць вас, малю вас лагоднасьцяй і паблажлівасьцяй Хрыстовай;
2 прашу-ж, каб мне́, як буду між вамі, ня быць адважным з тэй упэўненасьцяй, з якой думаю адважыцца супраць некаторых, што лічаць нас так, як быццам мы ходзім водле це́ла.
3 Бо мы, ходзячы ў це́ле, не́ водле це́ла ваюем,
4 (бо збро́я змаганьня нашага не цяле́сная, але дужа́я Богам на зруйнаваньне цьвярдыняў),
5 руйнуючы за́мыслы і ўсякае вывышшаньне, што паўстае́ проці пазнаньня Божага, і бяручы́ ў палон усякае памышле́ньне на послух Хрысту,
6 і гатовыя аддмсьціць за кожную непаслухмянасьць, калі ваш послух выпаўніцца.
7 Ці на аблічча глядзіцё? Хто пэўны ў сабе́, што ён Хрыстоў, той сам па сабе́ няхай разважае, што, як ён Хрчыстоў, гэтак і мы Хрыстовыя.
8 Бо, каб я і бале́й стаў хваліцца нашай уладай, якую Госпад даў нам на збудаваньне, а не на зьніштажэньне вашае, дык не асароміўся бы.
9 Каб не здалося, быццам я палохаю вас пасланьнямі,
10 бо, скажуць, пасланьні важкія і сільныя, а бытнасьць це́ла бяссільная і слова няважкае.
11 Гэтакі няхай ве́дае тое, што, якія мы словам у пасланьнях, ня будучы, гэткія і дзе́лам, будучы.
12 Бо мы не адважаемся стаўляць сябе́ побач ці раўнаваць з тымі, якія самі сябе́ выстаўляюць: тыя, што ме́раюць сябе́ самымі сабою і раўнуюць сябе́ з сабою, неразумныя.
13 А мы не бяз ме́ры хвалі́цца будзем, але ў ме́ру ме́ркі, што назначыў нам Бог ме́рыць, каб дасягнуць і да вас.
14 Бо мы ня так, як быццам недасягнуўшыя да вас, лішне цягнемся: бо-ж дасяглі й Эвангельлем.
15 Мы не бяз ме́ры хвалімся чужою працаю, але спадзяе́мся, што з узрастаньнем ве́ры вашай з лішкам узьвялічымся і мы ў вас водле ме́ркі нашае,
16 каб і дале́й вас навучаць Эвангельля, а не хваліцца прыгатаваным чужой ме́ркай.
17 Бо, хто хваліцца, няхай хваліцца Госпадам (Ерам. 9, 24).
18 Бо ня той варты, хто сам сябе́ хваліць, але каго хваліць Госпад.
Разьдзе́л 11
[правіць]1 О, каб вы хоць крыху пацярпе́лі маю неразумнасьць! Але вы й це́рпіце мяне́!
2 Бо я руплюся аб вас рупнасьцяй Божай, бо я заручыў вас з адным мужам, каб паставіць перад Хрыстом чыстую дзе́ву.
3 Але баюся, каб, як зьме́й хітрасьцяй свае́й зьвёў Еву, гэтак і вашыя думкі не папсаваліся (адыйшоўшы) ад прастаты ў Хрысьце́.
4 Бо, калі-б хто, прыйшоўшы, пачаў абвяшчаць другога Ісуса, якога мы не абвяшчалі, ці калі-б вы прынялі іншага духа, якога ня прымаеце, або іншае Эвангельле, якога не дасталі, дык вы былі-б ве́льмі цярплівымі.
5 Але я думаю, што я ні ў чым не адстаў ад вышэйшых Апосталаў,
6 бо, хоць я дурны ў слове, але ня ў ве́дзе, бо-ж мы ў-ва ўсім зусім ве́дамы вам.
7 Ці саграшыў я тым, што паніжаў сябе́, каб узвысіць вас, бо задарма навучаў вас Эвангельля Божага?
8 У другіх цэркваў браў я, дастаючы ўтрыманьне дзеля служэньня вам, і, быўшы ў вас, ды це́рпячы недастатак, нікому не дакучаў, бо недастатак мой папоўнілі браты, што прыйшлі з Македоніі;
9 дый у-ва ўсім я стараўся і пастараюся быць вам не цяжкім.
10 Ёсьць праўда Хрыстовая ў-ва мне́, дык пахвала гэтая ня будзе аднята ў мяне́ ў зе́млях Ахайі.
11 Дзеля чаго? Ці што ня люблю вас? Богу ве́дама!
12 Але, што ро́блю, і буду рабіць, каб адрэзаць по́вад жадаючым поваду, каб, чым хваляцца, у тым аказаліся такімі ж, як і мы.
13 Бо гэтакія фальшывыя апосталы, крывадушныя працаўнікі, прыкідаюцца Апосталамі Хрыстовымі.
14 І ня дзіва: бо-ж і сам шатан прыкідаецца ангелам сьве́тласьці,
15 дык невялікая рэч, калі і служкі яго прыкідываюцца служкамі праўды; але кане́ц іх будзе водле іх учынкаў.
16 Ізноў кажу: няхай ніхто не палічыць мяне́ дурным; а калі не́; дык прыме́це мяне́ хоць як дурнога, каб і мне́ крыху чым пахваліцца.
17 Што́ кажу, тое кажу не паводле Госпада, але як-бы ў дурноце пры гэткай адвазе на пахвалу.
18 Як многія хваляцца паводле це́ла, дык і я буду хваліцца.
19 Бо вы людзі разумныя, ахвотна це́рпіце дурных;
20 це́рпіце, калі хто вас паняволівае, калі хто абядае, калі хто абірае, калі хто вывышшаецца, калі хто б’е́ вас па твару.
21 На сорам кажу, што мы як-быццам абяссілелі. А калі хто адважаецца ў чым (кажу па дурноце), дык адважаюся і я.
22 Яны Жыды? і я. Яны Ізраільцяне? і я. Яны насе́ньне Аўраамавае? і я.
23 Хрыстовыя служкі? (здурэўшы кажу) я бале́й: шмат бале́й у працы, бязьме́рна ў ранах, бале́й у вастрогах і многа разоў пры сьме́рці.
24 Ад Юдэяў пяць разоў дастаў па сорак без аднаго (ўдараў);
25 тройчы білі мяне́ кіямі, аднойчы каменавалі; тры разы разьбіваўся карабе́ль, ноч і дзе́нь прабыў у глыбіні.
26 Многа быў у падарожжах, у небясьпе́ках на рэках, у небясьпе́ках ад разбойнікаў, у небясьпе́ках ад зямлякоў, у небясьпе́ках ад паганаў, у небясьпе́ках у ме́сьце, у "небясьпе́ках між фальшывымі братамі,
27 у працы і ў зьнемажэньні, часта ня сплючы, у голадзе і смазе, часта ў пастох, у холадзе й нагаце́.
28 Апрача пабочных (спраў), у мяне́ што-дня зборка, турбота аб усіх цэрквах.
29 Хто зьнямагаецца, каб і я не зьнямагаўся? Хто спакушаецца, каб і я не гарэў?
30 Калі мне́ трэба хваліцца, дык буду хваліцца маім бяссільлем.
31 Бог і Аце́ц Госпада нашага Ісуса Хрыста, багасла́ўлены наве́кі, ве́дае, што я ня лгу.
32 У Дамаску наме́сьнік цара Арэты пілнаваў ме́ста Дамашчанаў, жадаючы схапіць мяне́;
33 і я ў карзіне быў спушчаны з вакна па сьцяне́ і ўцёк ад рук ягоных.
Разьдзе́л 12
[правіць]1 Некарысна мне́ хваліцца; перайду-ж да відзе́жаў і адкрыцьцяў Гасподніх.
2 Ве́даю чалаве́ка ў Хрысьце́, які чатырнаццаць год назад (ці ў це́ле — ня ве́даю, ці па-за це́лам — ня ве́даю; Бог ве́дае) падхоплены быў да трэцяга не́ба.
3 І ве́даю гэткага чалаве́ка (ці у це́ле, ці па-за це́лам, ня ве́даю: Бог ве́дае),
4 што быў узяты ў рай і чуў нявымоўныя словы, якіх чалаве́ку не́льга выгаварыць.
5 Гэтакім магу хваліцца; сабою-ж не пахвалюся, хіба толькі бяссільлем маім.
6 Калі-ж захачу хваліцца, ня буду дурным, бо скажу праўду; але я стрымліваюся, каб хто не падумаў аба мне́ бале́й, чым у-ва мне́ бачыць або чуе ад мяне́.
7 І, каб я не вывышшаўся ве́ліччу церазьме́рнай адкрыцьцяў, дадзена мне́ калючка ў це́ла, ангел шата́навы, каб зьняважаці мяне́, каб я не вывышшаўся.
8 Тройчы маліў я Госпада аб ім, каб адступіўся ад мяне́.
9 Але Госпад сказаў мне́: даволі табе́ ласкі Мае́й, бо сіла мая завяршаецца ў слабасьці. Дык ахвотна больш буду хваліцца сваімі слабасьцямі́, каб увайшла ў мяне́ сіла Хрыстовая.
10 Дзеля гэтага я добрае мысьлі́ і ў слабасьцях, у крыўдах, у недастатках, у перасьле́даваньнях, у ўціску за Хрыста, бо, калі я слабы, тады дужы.
11 Я адурэў хвалячыся: вы мяне́ прымусілі. Бо трэба было, каб вамі быў хва́лены, бо ні ў чым я ня горшы за найпе́ршых Апосталаў, хаця я й нішто.
12 Знакі Апостала сталіся ў вас у ўсякім цярпе́ньні, знаме́ньнях, цудах і сілах.
13 Бо што ў вас, чым вы горшыя за другія Цэрквы? Хіба тое, што сам я ня быў вам цяжарам. Даруйце мне́ гэткую крыўду.
14 Вось, трэці раз я гатоў ісьці да вас і ня буду цяжкім для вас, бо шукаю ня вашага, а вас. Бо ня дзе́ці мусяць зьбіраць багацьце для бацькоў, але бьцькі для дзяце́й.
15 Я ахвотна буду траціць сваё і аддаваць сябе́ за душы вашыя, хоць, любячы вас бале́й, я ме́нш карыстаюся вашай любоўю.
16 Няхай так, што сам я не абцяжаў вас; але, як хітрун, мо’ подступам браў з вас?
17 Ці-ж карыстаўся я чым ад вас праз не́кага з тых, каго пасылаў да вас?
18 Я папрасіў Ціта і паслаў з ім аднаго з братоў: ці скарыстаўся чым ад вас Ціт? Ці ня ў тым жа духу мы хадзілі? ня тымі-ж сьлядамі?
19 Ці мо’ ізноў думаеце, што мы апраўдываемся перад вамі? Мы гаворым перад Богам у Хрысьце́ і ўсё, умілаваныя, дзеля вашага збудаваньня.
20 Бо баюся, каб, прыйшоўшы, не знайсьці мне́ вас ня гэткімі, як хачу, дый каб і вам не знайсьці мяне́, якім ня хочаце: каб не (знайсьці ў вас) калатні, зайздрасьці, гне́ву, сварак, абмаўляньняў, нагаво́раў, пыхі, бязладзьдзя,
21 каб, як ізноў прыду, не панізіў мяне́ Бог мой у вас, ды каб не аплаківаў я многіх, якія саграшылі ране́й і не пакаяліся, і ў нячыстасьці, і ў блудзе, і ў распусьце, якую рабілі.
Разьдзе́л 13
[правіць]1 Трэці гэта раз іду да вас: пры вуснах двух сьве́дкаў ці трох умацуецца кожнае слова (Другазак. 17, 6).
2 Я папераджаў і папераджаю так, як быўшы ў вас другі раз; і цяпе́р, адсутны, пішу пе́рш да саграшыўшых і ўсіх другіх, што, калі зноў прыду, не памілую.
3 Вы шукаеце доказу, што ў-ва мне́ гаворыць Хрысто́с, Які не слабы для вас, але дужы ў вас.
4 Бо хаця-ж Ён і раскрыжаваны ў бяссільлі, але жывы сілаю Божай; і мы таксама, хаця слабыя ў Ім, але будзем жывы з Ім сілаю Божаю ў вас.
5 Выпрабуйце самых сябе́, ці вы ў ве́ры? Самых сябе́ дазнавайце. Ці вы ня ве́даеце самых сябе́, што Ісус Хрыстос у вас? Хіба толькі вы нягодныя.
6 Спадзяюся-ж, вы даве́даецеся, што мы не нягодныя.
7 Малюся-ж Богу, каб вы не рабілі ніякага зла, не каб нам паказацца годнымі, але каб вы рабілі дабро, мы-ж каб выдаваліся, як-быццам нягодныя.
8 Бо мы нічога ня можам супраць праўды, толькі за праўду
9 Бо мы це́шымся, калі мы слабыя, а вы дужыя; аб гэтым вось і молімся, аб вашай дасканаласьці.
10 Дзеля гэтага я і пішу гэтае ў адсутнасьці, каб, прысутны, ня ўжыў срогасьці водле ўлады, якая да́дзена мне́ Госпадам на будаваньне, а не на руйнаваньне.
11 Урэшце, браты, радуйцеся, рабе́цеся дасканалымі, пацяшайцеся, будзьце аднадумнымі, у згодзе, — і Бог любві і міру будзе з вамі.
12 Прывітайце адзін аднаго сьвятым цалаваньнем. Вітаюць вас усе́ сьвятыя.
13 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста і любоў Божая і лучнасьць Сьвятога Духа з усімі вамі. Амін. Да Карыньцянаў другое напісана з Філіпаў Македонскіх праз Ціта й Луку.