Перайсці да зместу

Паўлінка (1927)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Паўлінка
П’еса
Аўтар: Янка Купала
1927
Іншыя публікацыі гэтага твора: Паўлінка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЯНКА КУПАЛА

ПАЎЛІНКА

СЦЭНЫ З ШЛЯХОЦКАГА

ЖЫЦЬЦЯ Ў 2-х АКТАХ.

Выданьне другое.


ВЫДАВЕЦ І. МЯТЛА.ВІЛЬНЯ------ 1927 г.ЯНКА КУПАЛА.

ПАЎЛІНКА

Сцэны з шляхоцкага жыцьця ў двох актах.

ВЫДАНЬНЕ II.

Выдавец - К. МЯТЛА.

Беларуская Друкарня ім. Ф. Скарыны - Вільня, Людвісарская 1 На арыгінале напісана:

Къ представленію дозволено за № 15679.

С.-Петербургъ 23 ноября 1912 года.

За цензора драматическихъ сочиненій

Ребровъ.


На адным з экземпляраў I выданьня:

Wolno produkować publicznie na terene Litwy Środkowej dn. 27 — V — 1921 r.

Al. Nowak

Naczelnik wydziału. ПАЎЛІНКА.

АСОБЫ:

СЬЦЯПАН КРЫНІЦКІ - засьцянковы шляхціч 45 г. АЛЬЖБЕТА - яго жонка 40 " ПАЎЛІНКА - дачка Крыніцкіх 19 " ПРАНЦІСЬ ПУСТАРЭВІЧ - сваяк Крыніцкіх 50 " АГАТА - яго жонка 43 " ЯКІМ САРОКА - вучыцель 25 " АДОЛЬФ БЫКОЎСКІ 24 "

ГОСЬЦІ - МУЗЫКІ.

Рэч адбываецца ў нашы дні ў хаце КРЫНІЦКІХ.

АКТ I-шы.


Абшырная сьвятліца. Направа ад публікі — вокны у сад, бліжэй к аркестру — стол, каля стала — лавы і табурэцікі, над сталом — вісячая недарагая лямпа, на сьцяне — абразы. Налева дзьверы ў сенцы, бліжэй к аркестру — куфар. Напроці — сьцяна і дзьверы ў бакоўку (каморку); справа пры сьцяне ад бакоўкі — ложак, засланы коўдрай, у галавах высака накладзена падушак; налева — у кутку — печ, на сьцяне стрэльба, старасьвецкі з гірамі гадзіннік і некалькі лубачных малюнкаў.

Час: асеньні вечар перад Пакровамі.


Зьява I. Паўлінка (адна).

Стройная і досьць прыгожая дзяўчынка. Адзеўшыся ў недарагую краміну, але чысьценка; бяз хусткі, — ў валасох колькі грабеньчыкаў. Сядзіць на ложку і пільна шые крамны кафтанік. Як падыймаецца заслона — Паўлінка пяе:

Ой пайду я лугам, лугам,
Дзе мой мілы арэ плугам;
    Ой пайду я лугам, лугам!

Ён арэць поле валамі,
А я плачу ўсё сьлязамі;
    Ён арэць поле валамі.

(перастаўшы пець).

Э-э! штось не пяецца сягоньня. Неяк сэрцайка трасецца, як-бы хто яго знеўціку перэпужаў. А мо' гэта песьня вінавата. Даліпантачкі, аніяк не магу сама з сабой да ладу прысьці. А ну, на шчасьце зачну другую. Якую-ж бы тут? Ага!.. (Пяе).

Дый чаго-ж ты, дуб зялёны,
Пахінаешся?
Дый чаго-ж ты, мой міленькі,
Задумляешся?

(Пяючы, падходзе к вакну і паглядае, пасьля ізноў садзіцца). А ўсё такі нешта ня цікава на сэрцы. І чаго яму бедненькаму не стае? Піць і есьці, дзякаваць Богу, хватае; часам татка дае грошы і на сукенкі... Чаго, чаго, здаецца, тут хацець?.. Ох, ох, як-жа маркотненька! Прост, хоць зьбірай манаткі ды йдзі ўпрочкі з хаткі. Ужо вечарэе: зараз ня будзе як шыць, а трэба сягоньня канешне кончыць. Заўтра Пакровы... у Міхалішках кірмаш... Эх, эх! каб хаця той прышоў, каго так хочацца сягоньня пабачыць. (Садзіцца пры вакне і пачынае ізноў, шыючы, пець).

Ой, ляцелі гусі дый над Беларусьсю,
Селі яны, палі на сівым Дунаю!
Селі яны, палі, ваду замуцілі,
Дый нас маладзенькіх з сабой разлучылі.
Бадай тыя гусі марна запрапалі,
Як мы любіліся — цяпер перасталі.

(Паглядзеўшы ў вакно). Ну, ужо няма як саўсім без агню шыць! Зараз трэба запаліць лямпу. Цямнее і цямнее, ночка набліжаецца, а яго — як няма, так няма! А шчыра абяцаўся шэльма напэўна прыйці. (Шукае запалак і запалівае лямпу). І што гэты тата да яго мае? З таго часу, як даведаўся, што ён на мяне мілым вокам паглядае, — ўсё роўна, як чорная котка між імі перабегла. Ён то нічога, але тата — дык жыўцом-бы яго зьеў. Ну, але тата сваё, Якім сваё, а я — сваё. Паглядзім, чый верх будзе: таткаў, ці мой, ці яго? (Падумаўшы). Казаў — прыдзе сягоньня, каб там і ліха гарэла. „Трэба, кажа, сякую, ці такую зрабіць пастанову. Мы, кажа, ня дзеці, — маем свой розум і можам сабой пакіравацца. Толькі ты, кажа, Паўлінка, павінна на гэта прыстаць канешне, бо іначай, кажа, згінем, як рудыя мышы“. (Ускочыўшы). Ай! нехта ідзе. Ён, ён, напэўна ён!!

Зьява II. Паўлінка — Якім.

ЯКІМ. Вось і я — як тут быў! Добры вечар ясьне-пекнай паньне Паўлінцы. Што, золатца маё ненагляднае, прачакалася трохі мяне, ненавісьніка? (Глянуўшы на бакі). А ці нікога няма? (Гаворачы, падбліжаецца к Паўлінцы, вітаецца і хоча абняць яе).

ПАЎЛІНКА (баронячыся). Ой, ой! памалу. Ўсе дома, ўсе дома. Толькі ў Якіма ня ўсе дома, бо по-начы ходзе да маладых дзяўчат. Дадуць, дадуць зараз пытлю старыя. (Тупаючы нагой). Пазваленьне ёсьць гэтак позна прыходзіць?

ЯКІМ (садзючыся). Ёсьць, ёсьць, мая ты сакатушка, шчабятушка! Кажы толькі хутчэй, галубка мая бяскрылая: тата твой дома, ці не? Бо-ж сама ведаеш, якая ў нас з ім страшэнная любасьць.

ПАЎЛІНКА (садзючыся за шыцьцё). Ой, чаму-ж ня ведаю? Як між катом і сабакай, якраз. Але, але сьмела будзь як у Бога пад прыпечкам. Паехалі абое на торг і пэўна позна вернуцца, бо маюць трохі сяго-таго да праданьня і маняцца сякія-такія зрабіць пакупкі. Бачыш, заўтра мае быць трохі гасьцей з кірмашу.

ЯКІМ. Та-а-к! Значыцца, ты кшталтам, вечарынка будзе?

ПАЎЛІНКА. Так, так! Вечарынка быць то будзе, але ня ўсе на ей будуць.

ЯКІМ. Эх, Паўлінка! Ты ўсё сваё; мне і так горка на душы, як-бы хто там палын засеяў, а ты яшчэ прытычкамі сваімі соліш. Вазьму на злосьць — ды прыду. Што-ж яны са мною зробяць?

ПАЎЛІНКА. Зрабіць — то нічога ня зробяць, але і ты сам нічога ня зробіш, а толькі праробіш…

ЯКІМ (робячы папяроску). Ці ясьне-панна Паўлінка пазволіць мне закурыць пры ёй?

ПАЎЛІНКА. Ого, скуль такая далікатнасьць? Рукам каля дзяўчыны дае волю бяз пытаньня, а як папяроску закурыць, дык пазваленьня просіць. Не пазваляю за тое, вось і ўсё тут!

ЯКІМ. А я закуру.

ПАЎЛІНКА. А я ня дам! (Кідае шыцьцё і хоча адабраць папяроску. Нейкі час тузаюцца, бегаюць адно за адным па хаце і няумысьле раскідаюць на ложку падушкі).

ЯКІМ (бегаючы). Ну, ужо годзі, годзі, Паўлінка! Болей нічому без твайго пазваленьня даваць волі ня буду.

ПАЎЛІНКА. Ну, калі так, то згода! (Садзяцца. Якім курыць, Паўлінка шые).

ЯКІМ (памаўчаўшы). Паўлінка!

ПАЎЛІНКА. Га! Ці пан Якім забыўся, як я завуся?

ЯКІМ. Ды не! Я хацеў-бы, золатца, сур’ёзна з табой пагаварыць.

ПАЎЛІНКА. І-і!!! Ведаю я гэтыя сур’ёзнасьці. Перш-на-перш будзе, ці я люблю, пасьля — ці вельмі моцна, а пасьля, ці гатова ўсё чысьценка зрабіць, што чарнабрывы Якім захоча, а там, а там… і паехала, як на непадмазаных калёсах… Ці-ж ня праўда?

ЯКІМ. Праўда, то праўда, але ўсяму мусіць быць канец.

ПАЎЛІНКА. Ну, дык слухаем вашэці. А вось можа і новую песеньку нам сьпяіцё. Адно толькі за ўмовай: або надта вясёлую, вясёлую, каб аж лявоніху захацелася ісьці, або такую сумна-сумненькую, што, выслухаўшы яе — раз, два, ды бухтыль у вір галавою! вось так! (Паказвае і чуць ня валіцца; Якім падхоплівае і садзіць яе на лаве).

ЯКІМ. Гэта будзе ад цябе, маё ты сонейка, залежаць. Як захочаш — такая і песенька выйдзе: або вясёлая, радасная, як-бы самое неба яснае, або сумная, гаротная, як асеньнія хмары над гэтай зямелькай чорнай. (Памаўчаўшы). Эх, эх! І дакуль-жа ўсё гэта будзе цягнуцца? Дакуль, як сухавей, сушыць і мучыць нас будзе?

ПАЎЛІНКА (жартаўліва). Толькі ня нас, а мяне — трэба гаварыць. Мне дужа добра, весела, і так лёганька, лёганька на сэрцы, што…

ЯКІМ (з дасадай). Паўлінка!

ПАЎЛІНКА (закрываючы губы рукой). Ну, ну, ўжо маўчу… як немая рыба.

ЯКІМ (як-бы сам да сябе). Калі, калі ўжо надойдзе тая часінка, што нас злучыць на векі, і мы ўжо ніколі не расстанемся? Калі? Калі?..

ПАЎЛІНКА. Ха-ха-ха! На сьвятое ніколі. Вельмі ўжо татка мой заеўся на цябе з таго часу, як даведаўся, што мы з табою зьлюбіліся. Ну, а бяз таты гэты інтэрас наладзіць будзе вельмі трудна.

ЯКІМ. Трудна, то яно трудна, але няма таго злога, каб ня вышла на добрае. Хоць-бы, прымерам, мы з табой так зрабілі: выбраўшы падхадзячую часіну, калі стары будзе ня ў злосьці, узяліся з табой за рукі, падышлі к яму, укленчылі, і сказалі: так і так, наш добры бацечка, — я люблю Паўлінку, а я люблю Якімку — вельмі-вельмі моцна, так, што і жыцьця нам аднаму без аднаго нямашака, ну, дык супакойце нашы сэрцайкі: дайце нам пазваленьне ўзяць — ды пажаніціся…

ПАЎЛІНКА. Э-э!!. Ня туды, мой ты дурненькі Якімка, паехаў! Уедзеш гэтак у нерат, што ні ўзад, ні ўперад. Каб гэта яшчэ толькі з мамкай, то яно сяк-так, як табе ня раз я і казала, але з старым — дык чыстая бяда, настаяшчае гора. Хоць ты яму кол на галаве чашы, дык нічога ня выдзеўбеш. «На парог, кажа, каб і ня важыўся паказацца; мазгаўню, кажа, гаду пашчапаю»! Вось і рабі з ім што хочаш! Каб мог, дык на першай асіне павесіў-бы цябе. Ну, і гдзе-ж у такім разе набрацца сьмеласьці ісьці кленчыць перад ім і прасіць пазваленьня?.. Задасьць такога пытлю і табе і мне разам, што і жаніцьба ў галаву не палезе.

ЯКІМ. Так, то яно так! Але я неяк усё яшчэ надзеі ня трачу, — а ну-ж адпусьціцца. Быў-жа такі час, што мяне любіў, ды нават у бядзе то тады, то сяды памагаў.

ПАЎЛІНКА. Быў час, але вадою сплыў. Памагаў, пакуль ня ўбачыў, што трэба і дачкой памагчы, а як да гэтага стала даходзіць, вось у ім і адазвалася шляхоцкая фанабэрыя. Другую песьню цяпер пяе. Нож точыць… востра нож точыць родны мой татка на таго, каго сам калісь любіў і каго я палюбіла… (Устаючы, горача). І на векі вечныя любіць буду. (Ідзе і папраўляе падушкі, за ёй — Якім, абымае — і садзяцца, абняўшыся, абое на ложку).

ЯКІМ (памаўчаўшы, ласкава). Паўлінка!

ПАЎЛІНКА (сьмяючыся). Ізноў забыўся, як завуся?

ЯКІМ. А ты ізноў сваё... Слухай, міленькая: ці ты надумалася зрабіць тое, аб што я цябе надовечы прасіў і маліў? Сама-ж ты, золатца, казала мне ня раз і цяпер кажаш, што татка твой ні на якія просьбы ня згодзіцца. Значыцца, сама добра разумееш, што іншага выхаду для нас нямашака. А гэтак, як я казаў, будзе найлепей. Ці то мы будзем першыя, або апошнія? Янка Лукашонак з сваей Зосяй так зрабілі, Ігнась Манякоўскі — з сваей Дамянісяй, ды і шмат хто... Бацькі спачатку пазлуюць, пазлуюць трохі, і адпусьцяцца, — ведама бацькаўскае сэрца. Вось і мы з табой, міленькая, такім парадкам самі сабе шчасьце збудуем і нічыей ласкі прасіць ня будзем. Адно, абы твая згода, і ўсё будзе добра. Я ўжо, прызнацца табе, гаварыў з папом. Ён заўтра прыяжджае ў Міхалішкі імшу адпраўляць і заначуе ў ваколіцы. Ну, а мы к яму... раз, два, і гатова.

ПАЎЛІНКА. Думаць, то я думала, але неяк страшна. Можа-б было лепей, каб яшчэ трохі пачакаць, а то так скора, раптам... Хто сьпяшыць, той людзей сьмяшыць.

ЯКІМ. Якая ты нядобрая, Паўлінка. Ты зараз — страшна, страшна, пачакаць, пачакаць! Гэтак і ўсю сваю моладасьць пачаканкамі перачакаем. А так гэта дачэснае жыцьцё можна добра наладзіць, так добра, абы толькі ахвота ў нас была ды вытрываласьць.

ПАЎЛІНКА. А што — калі зловяць? Гэта-ж я ня выжыву з сораму, людзі вочы выберуць, нельга будзе на сьвет паказацца. Цяпер — і то колькі ўсякай брыды ўслужлівыя суседзі і суседкі на нас вернуць, а што і гаварыць тады, як нам гэта „Бог наш ўцечка“ ня ўдасца?

Якім. Ня бойся, золатца, ня зловяць! Усё пойдзе гладка. Заўтра ў вас вечарынка; посьле вечарынкі ўсе будуць спаць моцна так, што хоць з гарматаў страляй — нічога не пачуюць. Я ўсё акуратна прыгатую, ты толькі зьвяжаш у клумак што патрабнейшае, а там праз мамэнт — і ты мая на векі вечныя.

Паўлінка (нібы са злосьцю). Ня я твая, а ты мой на векі вечныя!

Якім. Ну, хай будзе, як Сора казала; але гэта толькі тады ў нас выйдзе, калі ты прыстанеш на тое, аб што я цябе прасіў і прашу.

Паўлінка (падумаўшы, сьмяючыся). Ну, згода да... заўтрашняга дня, а там пабачым.

Якім (павесялеўшы). І даўно ўжо трэба было гэтак сказаць, мая ты кветачка майская. Заўтра вечарам, як толькі ўсе паўкладаюцца, — яўжо ў садзе пад вакном буду на цябе чакаць. Ты ваконца адчыніш, лахі пад пахі — ды скакель з хаты ў сад, як пятух!...

Паўлінка. Гэта ты, як пятух, а я, як...

Якім (перапыняючы). Як курыца.

Паўлінка. Ня курыца, а як зязюлька.

Якім. Як зязюлька, праз вакно — фырр! а пятух —цап, а поп крапілам — пырсь! а там...

Паўлінка (сьмяючыся). А там ізноў — фырр!... (Размахівае рукамі і хоча вырвацца. Якім мацней прыціскае яе к сабе і хоча пацалаваць; яна нібы бароніцца, а пасьля хватае яго за шыю, і яны доўга горача цалуюцца).

Якім. Ох, каб гэтак ўсё жыцьцё і кожную мінутку.

Паўлінка. Ого! Разласаваўся!... Аскому нагоніш, пакуль ахвоту спагоніш, пакуль ахвоту спагоніш. ( Прыслухаўшыся) . Ой! Недзе туркоча! Ці ня едуць толькі нашы з торгу?

ЯКІМ (прыслухаўшыся). Такі-ж нехта едзе.

ПАЎЛІНКА (сумна). Значыцца, Якімка, трэба ўжо табе рабіць — фырр!

ЯКІМ (устаючы, з уздохам). Нічога не парадзіш — трэба!.. Ой, гэтыя бацькі! І чаму гэта ня родзяцца на сьвет дочкі без бацькоў?...

ПАЎЛІНКА (устаючы). Ах, чуць не забылася! Ці прынёс мне тое, што абяцаўся?

ЯКІМ. А як-жа, прынёс, маё ты золатца. (Дастае з кішані фатаграфію і аддае Паўлінцы).

ПАЎЛІНКА (прыглядаючыся к фатаграфіі, весела). Вот так добра! Заместа аднаго, маю ўжо двох: аднаго, што сам ходзе да дзяўчат і рукам волю дае, а другога, што трэба насіць за... пазухай. (Сьмяецца).

ЯКІМ (любуецца ею, хватае і цалуе). Ах ты, зязюлька мая ненаглядная!

ПАЎЛІНКА (баронячыся). Ну, ну, пятушок! Не гарачыся; пасьпееш з козамі на торг. (Выпіхаючы Якіма з хаты). Марш да дому! Раз, два, тры!...

ЯКІМ (у дзьверах). Помні, Паўлінка — заўтра!... (Выходзе).

Зьява III-ая. Паўлінка (адна).

ПАЎЛІНКА (папраўляе ложак, пасьля прыглядаецца к фатаграфіі, цалуе яе і хавае за пазуху. Прыціскаючы грудзі рукамі). А што, смачна? Цёпленька?... Га?... Каля самага сэрцайка дзявочага... Пэўне чуеш, як яно бедненькае трапечацца? Выгадна табе тут, як нідзе, нікому!... Але не, не! Гэтак не выпадае. Яшчэ трохі порана... Посьле заўтра — другая рэч. А цяпер... (Ідзе к абразу) пасядзі лепш, саколік, за абразікамі. Седзячы гэтак у Бога за плячыма, меней будзеш мець грэшных думак у галаве, чымся песьцячыся тут (паказывае) за пазухай у маладой дзяўчыны. (Напяваючы, падходзе к сьцяне, хавае фатаграфію за абраз і, як у нічым ня бывала, садзіцца за шыцьцё).

Дый чым-жа твая, дзеванька,
Галоўка занята? і т. д.

Зьява IV-ая. Паўлінка — Сьцяпан — Альжбета.

СЬЦЯПАН (п'янаваты, ўходзе з Альжбетай з сенцаў і прыпявае).

Дзе мы едзем, дзе мы йдзём, —
Карчмы ня мінаем;
Дзе заедзем, дзе зайдзём, —
Там і пагуляем.

АЛЬЖБЕТА (кладучы пакупкі на куфар і, раздзяваючыся, да Сьцяпана). Не сьмяшы ты людзей. Калі падпіў, дык ляж спаць!

СЬЦЯПАН. Маўчы, баба!... Ты, каханенькая-родненькая, нічога не разьбіраеш... Валасы доўгія, а розум кароткі. (Прыпявае).

Ой, там на гарэ
Мужык жонкай арэ,
А другая падбягае:
„Запражы-ж ты мяне“.

(Хоча абняць Альжбету).

АЛЬЖБЕТА (адпіргнуўшы). Ах, ты, гнілая качарыжка! Яшчэ можа табе чаго захочацца?...

СЬЦЯПАН (выкручываючы нагамі).

Дзед боб малаціў,
Баба падсявала...

ПАЎЛІНКА. Тата! Ды кіньце ўжо!... Ось, лепей разьдзявайцеся, ды можа чаго зьясьцё.

СЬЦЯПАН. А можа гэта і добра, каханенькая-родненькая... Каб так кіслай ды гарачай капусты... (Скідае апратку і кладзе на куфар).

Скіну бурку, скіну боты,
Дый надзену лапці
Кожны дурань, ці разумны —
Пан у сваей хаце.

(Садзіцца за стол).

ПАЎЛІНКА (кінуўшы шыцьцё на ложак, да Альжбеты). Мамка, дастаньце з куфра настольнік, а я прынясу вам зьесьці. (Выходзе).

Зьява V-ая. Сьцяпан — Альжбета.

АЛЬЖБЕТА (дастаючы настолькік з куфра). З кім ты гэтак намурзаўся?

СЬЦЯПАН (закурываючы люльку). Я і з тым, я і з сім, а ты, каханенькая-родненькая, згадай, — з кім?

АЛЬЖБЕТА. А немач цябе ведае - з кім?

СЬЦЯПАН. Ці-ж я не казаў, што у цябе тут (торкаючы сябе пальцам у лоб) ня ўсе дома. Але слухай: З зяцем!

АЛЬЖБЕТА (зьдзівіўшыся). З зяцем?!

СЬЦЕПАН. Так, так, каханенькая-родненькая. Хто з сватам, хто з свацьцяй, а як Сьцяпан Крыніцкі — дык з родным зяцем.

АЛЬЖБЕТА (накрываючы стол). Такі праўду кажуць, што гарэлка людзей з поля зводзе. Калі-ж ты ўсьпеў яго нажыць?.. Дачка яшчэ замуж ня вышла, а бацька ўжо зяця мае!

СЬЦЯПАН (Калі ня маю цяпер, дык буду мець у чацьвер. Гэта, бачыш, ён яшчэ толькі). зьбіраецца падмазацца к нашай Паўлінцы; ну, а каб сьлізчэй усё пашло, дык перш мяне ён падмазаў.

АЛЬЖБЕТА (садзіцца). Так-бы і казаў адразу. А хто-ж гэта такі?

СЬЦЯПАН. Адольф Быкоўскі!

АЛЬЖБЕТА. Э-э! Я думала, хто там!.. Ажно нічога людзкага. Толькі езьдзе ды нюхае, якая дзяўчына пасагу больш мае, а сам — дык голы, як бізун.

СЬЦЯПАН. Пасаг нюхае, бо нос мае. Але ўсё такі гэта для нас блін ды яшчэ маслам падмазаны. Ён сам мне, каханенькая-родненькая, хваліўся, што яго гаспадарка ў сто раз лепшая ад усіх тутэйшых гаспадароў. За аднаго каня толькі, казаў, заплаціў сёлета тры сотні. „На гэтым-жа кані, кажа, заўтра к васпанству заедуся з кірмашу“. (Мацаецца па кішэнях, сам сабе.) Дзе-ж бы яна падзелася? (Да Альжбеты). Ты, баба, ня бачыла кніжкі, што я купіў сягоньня? Дзе яна прапала?

АЛЬЖБЕТА. А што я — пастушка над тваімі кніжкамі? Прапіў можа з гэтым сваім зяцем.

СЬЦЯПАН (ідзе к куфру, находзе ў бурцы кніжку і кладзе яе за абраз, дзе Паўлінка палажыла фатаграфію). Каханенькая-родненькая, ня думай, што я якую дрэнь выбраў сабе на зяця. Заўтра ён прыедзе, паглядзім, дык адразу што другое запяеш. Адным словам, хлапец: шляхоцкага заводу, з рызыкай, з усякай далікатнасьцяй і ўсё такое…

Зьява VI-ая. Паўлінка — Сьцяпан — Альжбета.

ПАЎЛІНКА (ўваходзячы з міскай, з лыжкамі і хлебам пад пахай). Аб кім гэта, татка, гаворыце, што мае ўсякую далікатнасьць і ўсё такое? (Ставіць яду на стол і садзіцца за шыцьцё).

СЬЦЯПАН (ядучы). Вельмі васпанна цікавая! Скора састарышся, каханенькая-родненькая, як усё будзеш ведаць.

ПАЎЛІНКА (просячы). Скажэце, скажэце, татачка!

СЬЦЯПАН. Ага, ні села, ні пала, захацела баба сала. Калі ўжо табе, каханенькая-родненькая, так хочацца, дык скажу. (З павагай). Знакам тым, гэта паніч з далікатнасьцяй і з усякім такім — мой зяць.

ПАЎЛІНКА (пырснуўшы сьмехам). Зяць!!.

СЬЦЯПАН. Знакам тым, ён не саўсім яшчэ зяць, але скора на яго выкіруецца.

ПАЎЛІНКА. А як-жа годнась гэтага... гэтага, ну як яго... што некалі татавым зяцем зробіцца?

АЛЬЖБЕТА. Ды гэты-ж, гэты... Ты пэўне яго бачыла некалі... Адольф Быкоўшчык.

ПАЎЛІНКА. Быкоўшчык?!.

СЬЦЯПАН. Але. Але! Пан Адольф Быкоўскі.

ПАЎЛІНКА. Ну, хіба, татка, для яго другой дачкі пастараецеся, або самі з ім ажэніцеся, каб перарабіць яго з простага чалавека на свайго зяця.

СЬЦЯПАН. А ты што? — Зломак?

ПАЎЛІНКА. Зломак — ня зломак, але і за ламаку не пайду.

СЬЦЯПАН. А дзяга на што?

ПАЎЛІНКА. На ўсё, толькі не на паганяку к замуству.

СЬЦЯПАН. Каханенькая-родненькая, яшчэ паглядзім, дзе каго пасадзім.

АЛЬЖБЕТА (ядучы, да Сьцяпана). Еш вот лепей, чымся з пустога ў парожняе пераліваць! Як прыедзе сватацца, тады тое і будзе.

ПАЎЛІНКА. Татка ведаеш не сягоньня, за каго я толькі пайду, або за нікога.

СЬЦЯПАН (зьмяніўшыся, кідае ложку аб стол). Што?!. За каго?..

ПАЎЛІНКА (устаючы і ідучы к ложку). За каго? — За Якіма!

СЬЦЯПАН (стукаючы кулаком па стале). Маўчы, гадаўка! Раз сказаў, каб гэтага шэльмы і званьня ня было ў маей хаце, каб яго імені я ня чуў ніколі... гэтага недавярка, гэтага... гэтага забастоўшчыка. Дык і не забывайся аб гэтым, каханенькая-родненькая!

ПАЎЛІНКА (з дасадай). На што дарэмшчыну вясьці? Ён нікому ніякай забастоўкі не рабіў і ня робіць.

СЬЦЯПАН (закурываючы са злосьцю люльку). А чорт яго бяры, ня тут успамінаючы, — рабіў, ці не рабіў! Знаць і ведаць не хачу яго ў сваей хаце, гэтага хамуйлу, гэтае плюгаўства.

АЛЬЖБЕТА. Прыбірай, Паўлінка, ўжо са стала!

ПАЎЛІНКА (кінуўшы на ложак шыццё і ідучы к сталу). А даўно гэта, татка, сам з ім цалаваўся?

СЬЦЯПАН. Каханенькая-родненькая, ня лезь у вочы. А не — то вон з хаты і цябе з гэтай дрэняй выганю.

(Паўлінка ідзе з міскай к дзьверам; неўспадзеўкі дзьверы адчыняюцца, уваліваецца у хату п'яны Пранцісь Пустарэвіч, за ім — яго жонка. Пранцісь няўмысьле выбівае міску ў Паўлінкі).

ПАЎЛІНКА. Ай! Што-ж гэта дзядзка зрабілі.

Зьява VII-ая. Паўлінка — Сьцяпан — Альжбета — Пранцісь — Агата.

ПРАНЦІСЬ. Глупство, глупство, пане добрудзею. Пахвалёны Езус. Собственно, адкупім, адкупім, вось-цо-да!

СЬЦЯПАН і АЛЬЖБЕТА. На векі!..

АЛЬЖБЕТА. А мае-ж вы родненькія! Ці-ж гэта вы ўсе яшчэ з рынку едзеце? Здаецца-ж, раней за нас выехалі?

ПРАНЦІСЬ. Собсвенно, вось-цо-да, кабыла заблудзіла, пане добрудзею.

АГАТА. Тудэма — сюдэма, ці-ж гэты мачыляпа калі прыехаў у сваім часе дамоў? Ен-жа, як рызьнік, то туды, то сюды блытаецца па дарозе.

ПРАНЦІСЬ. Пане добрудзею, тваё бабскае дзела — маўчаць. Я, собственно, вось-цо-да, спрытны, — тонка панімаю, што і як раблю.

АЛЬЖБЕТА. Ды садзецеся-ж, мае міленькія!

АГАТА. Тудэма-сюдэма куды тут садзіцца? Ноч на двары, кабыла за плотам, поўвярсты да дому, а гэты, тудэма-сюдэма, начніца касавокая, ня вытрываў, каб людзям не нарабіць у ночы неспакойства. (Садзіцца, а за ёй — другія).

СЬЦЯПАН. Э, што вам такое! Высьпімся! Дзякуй Богу, ночка не Пятровая, а Пакровая.

ПАЎЛІНКА (падбіраючы чарапкі). Заўтра госьці будуць, а дзядзька апошнюю міску стоўк. Трэба, каб на кірмашы дзьве адкупіў.

ПРАНЦІСЬ. Глупство, пане добрудзею, глупство! Хаўтурнага, собственно, вып'ем па місцы. (Дастае з баковай кішані фляжку, пацягавае з яе і хавае назад).

АЛЬЖБЕТА (сьмяючыся). А каб гэта нам сваток даў гэтай сусолкі пассаць! Ці-ж мы з свацьцяй паскрэбкі?..

ПАЎЛІНКА (выходзячы з чарапкамі). Ого! Гэтых сьвянцоных кропел дзядзька і канаючаму ня даў-бы, ня то, што... (Выходзіць)

Зьява VIII-ая. Сьцяпан — Альжбета — Пранцісь — Агата.

ПРАНЦІСЬ (ўсьлед Паўлінцы). Глупство, глупство, пане добрудзею. Маладзенькая яшчэ, маладзенькая! Лазы трэба, собственно, вось-цо-да.

АГАТА (да Альжбеты). Што, свацейка, тудэма-сюдэма, добрага куплялі на рынку?

АЛЬЖБЕТА. Ат, сёе ды тое! Паглядзеце, калі хочаце. Нічога такога цікаўскага. (Устаюць і ідуць абедзьве к куфру, і разглядаюць кінутыя на ім пакупкі).

ПРАНЦІСЬ (да Сьцяпана). Чуў, сват, пане добрудзею, што сягоньня людзі казалі?

СЬЦЯПАН. Не, не, каханенькі-родненькі, ня чуў; ня было калі! А што?

ПРАНЦІСЬ. Ды як-жа, вось-цо-да! Кажуць пранцуз, пане добрудзею, ідзе на Барысаў па шапку і рукавіцы, што калісь там аставіў. Чатырыста тысяч войска з сабой вядзе і, собственно...

АГАТА (перабіваючы, з месца). Не чатырыста тысяч, а чатыры сотні тысячаў...

ПРАНЦІСЬ. Глупство, глупство, пане добрудзею. Ўсё роўна ідзе, вось-цо-да. Спранжыновы касьцёл з сабой нясе, пане добрудзею.

АГАТА (з месца). Тудэма-сюдэма, не нясе, а на паветры на машыне, што лятаюць, гэты касьцёл вязе.

СЬЦЯПАН і АЛЬЖБЕТА (зьдзівіўшыся). Ай-я-я! Аж на паветры касьцёл вязуць!..

АГАТА. Але-ж, але! Тудэма-сюдэма, я сама на свае вушы чула.

СЬЦЯПАН. Во калі пашло ўсё ўверх нагамі. Як паставяць гэты спранжыновы касьцёл, то можна будзе спадзявацца і для нашага брата якога-такога палягчэньня. Дзякуй Богу, дзякуй Богу!!. А вось мая гэта ахмістрыня, дачушка мая — сакатушка, сплуталася з гэтым… з гэтым бязбожнікам, і хоць ты ей вар на галаву лі.

ПРАНЦІСЬ. Маладзенькая, собственно, вось-цо-да. Бярозавай кашы ня шкодзіла-б, пане добрудзею.

АЛЬЖБЕТА. Дужа трудна паладзіць з цяперашняй моладзьдзю. Пашло такое распуства на сьвеце, што ня дай Божа! Заместа кніжак да набажэнства — чытаюць нейкія дрындушкі. Вецер ува ўсіх па галаве ходзе. Гэта-ж мне калісь сказалі: ідзі за Сьцяпана, — я і пашла бяз ніякай спрэчкі са сваімі старымі.

Агата. А так, так, тудэма-сюдэма! І мой, як ка мне пасватаўся, бацька нябожчык і кажа: ідзі, бо ўсё роўна ніхто цябе лепшы ня возьме; я падумала, тудэма-сюдэма, ну і пашла. (Глядзяць абедзьве на сваіх мужоў, пасьля — адна на адну, плююць кожная ў другі бок і разглядаюць ізноў клумкі).

ПРАНЦІСЬ. Так, так, пане добрудзею, іначай калісь было. (Дастае фляжку і п’е, а посьле дае Сьцяпану). Собственно, глупство, вось-цо-да, было, а ты сват выпі, каб тое, што было, у памяці не сядзела. (Сцяпан п’е, Пранцісь прыдзержывае за фляжку, каб той залішне ня выпіў).

СЬЦЯПАН (абціраючы вусы і сплёваючы). Шчыплецца, каб яе гаручка.

ПРАНЦІСЬ (хаваючы гарэлку). Ага, вось-цо-да, шчыплецца, собственно, бо чужая, пане добрудзею. (Абодва закурываюць).

АЛЬЖБЕТА (да Агаты). А ці заўтра, свацейка, будзеце на кірмашы?

АГАТА. Ды трэба-ж будзе як сьцягацца.

Зьява IX-ая. Тыя і Паўлінка.

ПАЎЛІНКА (уваходзячы да Альжбеты). Можа-б, мамка, прыціснулі сыр, бо да заўтрашняга не адцісьнецца.

АЛЬЖБЕТА. Яшчэ пасьпее… Дай мне з цёткай разгаварыцца.

ПАЎЛІНКА.. Ідзеце, ідзеце, мамка, а я за цябе з цёткай пагавару.

АГАТА. Ідзеце, свацейка. Тудэма-сюдэма, не зважайце на мяне. Мы тут з Паўлінкай пачакаем на цябе.

АЛЬЖБЕТА (выходзячы). Ну, як сабе хочаце. (Паўлінка з Агатай садзяцца на куфры і жыва аб чымсь гавораць).

Зьява X-ая. Паўлінка — Сьцяпан — Пранцісь — Агата.

СЬЦЯПАН. Знаеце, сваток, гэтага, гэтага… як ён… а каб цябе… (Да Паўлінкі). Паўлінка, як гэты завецца, што мяне сягоньня падмазываў?

ПАЎЛІНКА (з месца). А скуль-жа я магу ведаць, хто татку мазаў?

СЬЦЯПАН. Ну, гэты-ж?… каб ён цяміўся… як яго?… зяць, зяць!

ПАЎЛІНКА (прыпамінаючы). Як-жа ён, як?... Здаецца, Бык... Бычок...

СЬЦЯПАН. Ага, ён, ён. Не, ня так! Быкоўскі, каханенькая-родненькая, вось як! Пан Адольф Быкоўскі. (Да Пранціся). Дык бачыш, сваток, ён, значыцца, падлабуніваецца к маей Паўлінцы. Што ты на гэта?

ПРАНЦІСЬ (дастаючы гарэлкі). Глупство, глупство, пане добрудзею. Собственно, бычок, вось-цо-да, і больш нічога. (П'ець і дае гарэлкі Сьцяпану).

СЬЦЯПАН (выпіўшы). Заўтра, знакам тым, прыедзе абнюхаць, як і што, дык і сваток са сваей загляньце да нас. А ну-ж, каханенькі-родненькі, можа які гандаль будзе наладжывацца, дык прыкінеш якое слаўцо. Прыедзьце толькі.

ПРАНЦІСЬ. Глупство, пане добрудзею, і прыйці можна. Собственно, блізка, вось-цо-да.

СЬЦЯПАН. Блізка, то блізка, але каб ня было сьлізка: на дождж як-бы зьбіраецца.

ПАЎЛІНКА (з месца). А ці татка каня паілі?

СЬЦЯПАН. Не, каханенькая-родненькая. Зараз пайду. (Да Пранціся). А можа разам з сватам пойдзем? Я свайго напаю, а сват свайго паглядзіш, ці добра прывязаны.

ПРАНЦІСЬ. Глупство, пане добраудзею. Собственно, жонка завязе, калі кабыла ўцякла. (Да Агаты). Праўда, баба?

АГАТА (з месца). Што — праўда?

ПРАНЦІСЬ. Собственно, калі-б кабыла ўцякла, то мяне тады ты дамоў завязеш, пане добрудзею.

АГАТА. А каб ты, тудэма-сюдэма, бокам езьдзіў! Ідзі скарэй, паглядзі. Гэта-ж і мне з памяці сышло.

СЬЦЯПАН. Пойдзем, каханенькі-родненькі. (Абымаюцца і, сланяючыся, выходзяць, напяваючы)

Чаму-ж нам ня пець,
Чаму-ж ня гудзець,
Калі ў нашых хатачках
Парадак ідзець?

Зьява XI-ая. Паўлінка — Агата.

ПАЎЛІНКА. Але-ж калі я яго люблю, цётачка!

АГАТА. Мала што, дзеткі. тудэма-сюдэма, любіш яго, але, калі бацька ня хоча, дык падумай, што людзі скажуць, як супроці волі старых пойдзеш?

ПАЎЛІНКА. А што там людзі? Яны з ім жыць за мяне ня будуць і па маей сьмерці за мяне пакутаваць ня будуць. Пагавораць, пагавораць, ды перастануць, як намазаляць языкі.

АГАТА. Як уважаеш, мае дзеткі. Што-ж, я, тудэма-сюдэма, нічога не дараджу.

ПАЎЛІНКА (заламаўшы рукі на каленях). Калі ён такі добры, такі разумны, што і сказаць не магу.

АГАТА. Ўсе яны добрыя, пакуль не ўбярэ каторы дзяўчыны ў свае рукі, а як убярэ, тады на другі лад, тудэма-сюдэма, зайграе, а ты — танцуй пад яго дудку. І мой, пакуль толькі сватаўся да мяне, — патульны быў, як цялё, а як ажаніўся, дык праўдзівым ваўком зрабіўся.

ПАЎЛІНКА (як-бы не зважаючы на гаворку Агаты). Кніжкі мне прыносіў... Хораша так аб усім расказываў... як трэба жыць, як працаваць, як людзей трэба ўсіх любіць, і шмат, шмат чаго. І любіць-жа ён гэтых людзей, сусім неяк ня так, як мы іх любім. Гэта-ж трэба ведаць, столькі мой тата на яго ўсякай дарэмшчыны нагаварыў і ачарніў, а ён — хоць-бы што. „Ведама, кажа, чалавек: яму нешта абышло, ці не спадабалася, дык і памстуе. У нас, каж, усё ідзе ня так, як трэба. Людзі, кажа, у нас, як зьвяры: адзін на другога кідаюцца, адзін другога цкуюць, пад’юджываюць, ненавідзяць адзін другога. З малку дзён, кажа, прывыкаюць у ненавісьці жыць, з малку дзён іх к гэтаму вучаць і дома і за домам. Сьляпыя, кажа, усе сьляпыя. Адзін над другім ня маюць ніякай літасьці, хоць усіх душаць зьверху ўсялякія пошасьці ды злыдні“.

АГАТА. Чула я, чула аб ім ня раз. Вельмі ўжо, кажуць, тудэма-сюдэма, разумны і добры ён.

ПАЎЛІНКА (ажывіўшыся). А што-ж, ці ня праўда? І ўсё-б было добра, каб ня гэты тата. Хоць няма ведама, што рабі з ім.

АГАТА. Трэба, дзеткі, пачакаць, ану-ж, тудэма-сюдэма, ліха перамелецца і ўсё добра будзе.

ПАЎЛІНКА. Трэці год, цётачка, чакаем і нічога ня выходзе. Тэці год трасуся і выглядаю тэй часінкі, каб толькі з ім пабачыцца. Павешуся, цётачка, павешуся, калі мяне з ім разлучаць.

АГАТА (хрысьцячыся). Мёйца, Сына! Тудэма-сюдэма, што ты, Паўлінка? Пабойся Бога гэткія рэчы гаварыць напроць ночы! Цьфу, цьфу! Матачка Найсьвентшая!

ПАЎЛІНКА (паказываючы). Калі тут, цётачка, пад сэрцам так баліць, так баліць, што і жыць не ў магату. Такі ён міленькі, такі прыгожанькі. такі паслухмяны... (Загледзеўшыся ўдаль). Калі яшчэ з татам былі яны добра, прыйдзе, бывала, вады за мяне прынясе, дрэўкі нашчапае. Не глядзіць на тое, што калісь вучыўся, а цяпер і сам вуча і большых, і меншых. Ніколі ад яго слова благога ня чула. Так, ведаеце, цётачка, і хочацца з кім колечы аб ім гаварыць і думаць без канца і пачатку. І чаму я такая няшчасная? (Са сьлязьмі). Бацька родны хоча мяне адарваць ад таго, хто мне цяпер мілей ад усяго чыста — жыцьця, хаты роднай, цэлага сьвету. І чаму-ж я такая няшчасная?

АГАТА (тулячы к сабе Паўлінку, праз сьлёзы). Ціха, мае дзеткі, ціха. Не гаруй, не маркоцься, міленькая, вельмі. Неяк-жа ды будзе. Бог Найвышэйшы, тудэма-сюдэма, міласэрны, і аб тваей тут цяжэнькай долі не забудзецца.

ПАЎЛІНКА (якбы збудзіўшыся). А няхай сабе будзе, што мае быць, — я свайго такі даб'юся, або згіну, каб і сьледу не асталося.

АГАТА. А ўсё-ж такі скажы мне, дзеткі, чаму так твой тата на яго заеўся?

ПАЎЛІНКА. Бо, бо Якім з мужыкоў...

Зьява XII-ая. Паўлінка — Агата — Сьцяпан — Пранцісь.

ПРАНЦІСЬ (за дзвярыма). Глупство, вось-цо-да. Ня дзе падзелася. Я знаю, собственно, дамоў уцякла, пане добрудзею.

СЬЦЯПАН (уваходзячы ў хату, а за ім — Пранцісь). І трэбало-ж свату так дрэнна яе прывязаць, ды ў гэткую яшчэ цемру.

АГАТА (усхапіўшыся). Каго прывязаць?

ПРАНЦІСЬ. Кабылу, кабылу, пане добрудзею. Ўжо-ж не цябе, вось-цо-да.

АГАТА. Дык дзе-ж кабыла?

ПРАНЦІСЬ (дастаючы фляжку). Собственно, няма кабылы, дзе была, вось-цо-да, пане добрудзею.

АГАТА (падбягаючы к Пранцісю з кулакамі). Дык чаго-ж ты, тудэма-сюдэма, несьвянцоная костка, расьсеўся, як у сваей хаце?

ПРАНЦІСЬ (пацягіваючы з бутэлькі). Глупство, глупство, вось-цо-да. Пасьвеньцім, собственно, пане добрудзею, калі несьвянцоная.

АГАТА (хоча вырваць фляжку, Пранцісь не дае). Вот я цябе зараз, тудэма-сюдэма, як высьвенчу гэтай фляжкай па галаве, дык і сваіх не пазнаеш, няшчасны ты „вось-цо-да“. (Галосячы). А Божа-ж мой, бацюхна мой! На што мяне пакараў гэтым, тудэма-сюдэма, п'яніцай, гэтым недарэкай, гэтым кукса-мордай, гэтым... гэтым...

Зьява XIII-ая. Тыя-ж і Альжбета.

АЛЬЖБЕТА (ўбягае, трымаючы ў руцэ клінок з тварагом). Што гэта ў вас тут нарабілася, мае міленькія?

ПАЎЛІНКА. Кабыла дзядзькава ўцякла, ці хто ўкраў. (Ідзе, садзіцца на ложку і шые

АЛЬЖБЕТА (да Пранціся). Дык чаго-ж, сватка, чакаеце? Бяжэце скарэй дамоў, — пэўне там; гэта-ж ей не пяршыня.

АГАТА. Ці-ж гэту, тудэма-сюдэма, трухлявую калоду зрушыш з месца? Сядзіць-жа вось анцыхрыст, каб яму моль пяты пабіла, і з месца не скранецца.

СЬЦЯПАН (закурываючы люльку). Супакойцеся, свацьця. Ня дзе яна дзенецца. Каханенькая-родненькая, яна дома, напэўна дома.

АГАТА. А сват, тудэма-сюдэма, ня сунься з сваім носам туды, куды цябе ня просяць. (Да Пранціся). Ідзем! Чуеш, ці не!...

ПРАНЦІСЬ (устаючы). Глупство, пане добрудзею, глупство. Мае мазгі спрытныя. На табе, вось-цо-да, паеду, собственно, дамоў.

АГАТА (выводзячы Пранціся). Бывайце здаровы! Пахвалёны Езус!... Падла гэты, ламака, нарабіў работы. (Выходзяць, а імі — Альжбета з клінком).

Зьява XIV-ая. Паўлінка — Сьцяпан.

СЬЦЯПАН. Ох, і даюцца-ж гэтыя сваякі ў знакі. Але, дзякуй Богу, дзьве дзюркі ў носе, і скончылося, — ужо пазбыўся.

ПАЎЛІНКА. А даўно гэта таткаў Гняды ўцёк з Лужанкі, і татка дамоў пехатоў прытрапаў?

СЬЦЯПАН. Што было, тое сплыло і болей, каханенькая-родненькая, ня будзе, як кажуць людзі.

ПАЎЛІНКА. Паглядзім! Заўтра кірмаш.

СЬЦЯПАН. Ня бойся, каханенькая-родненькая. Я кабылу злаўлю, але і ты глядзі, каб мне таго зяця злавіла, аб якім я табе сягоньня гаварыў.

ПАЎЛІНКА. Што ён конь, ці вол, каб я яго яшчэ мела лавіць.

СЬЦЯПАН. Ні конь і ні вол, а так сабе дойная жывёліна.

ПАЎЛІНКА. Дык татка яго і дойце, калі ён для вас такі дойны, а я і ня думаю.

СЬЦЯПАН. Нічагутанькі, каханенькая-родненькая. Надумаешся ваша, як пакармлю бярозавай кашай. Вось толькі, каб пагода была добрая, а то казаў ён, што на кірмаш не паедзе, калі будзе дождж ісьці.

ПАЎЛІНКА. Ліха ня возьме! Гэткі цукер не размокне.

СЬЦЯПАН. Каханэнькая-родненькая, як скажу, так і будзе; дзьве дзюркі ў носе і скончылося. Вось толькі трэба даведацца, ці будзе напэўна заўтра пагода. Купіў я сягоньня календар — нейкі беларускі, як кажа крамнік. Пытаўся ў яго, ці піша аб пагодзе, дык крамнік гавора мне, што аб пагодзе напісана ў ім болей, як аб чым другім. Значыцца, паглядзім праўды. (Ідзе і дастае з-за абраза календар, адкуль валіцца на зямлю фатаграфія. Паўлінка, саскочыўшы з ложка, падбягае падняць яе, але не ўсьпявае).

СЬЦЯПАН (падымаючы фатаграфію). А гэта што такое?

ПАЎЛІНКА (хочучы адабраць). Гэта маё. Аддайце мне, тата!

СЬЦЯПАН. Я пытаюся — хто гэта?

ПАЎЛІНКА. Ці-ж тата ня бачыце?

СЬЦЯПАН (са злоснай насьмешкай). Ха-ха-ха! Якім… Хай-жа ён прападзе саўсім. (Хоча рваць, Паўлінка адбірае).

ПАЎЛІНКА (скрозь сьлёзы). Аддайце, татачка, аддайце, ня рвеце! Ня зьдзекавайцеся над ім.

СЬЦЯПАН (адпіргнуўшы ад сябе Паўлінку). Адчапіся ад мяне, гіцлёўка. Я вам тут наразводжу шашняў… (Стукат у сенцах. Уваходяць Пранцісь, Агата, а за імі — Альжбета. Паўлінка стаіць патупіўшыся, глытаючы сьлёзы, і скубець пальцамі фартух).

Зьява XV-ая. Паўлінка — Сьцяпан — Альжбета — Пранцісь — Агата.

ПРАНЦІСЬ. Глупство, пане добрудзею. Я, вось-цо-да, казаў, собственно, ня дзе падзенецца.

АГАТА (дражнячы). Вось-цо-да, вось-цо-да! Сам кабылу, тудэма-сюдэма, паставіў у вас пад паветкай, а шукае за плотам. Дарма толькі поўзалі і сьлядоў прыглядаліся.

АЛЬЖБЕТА. Ну, дзякуй Богу, што хоць нашлася. (Да Сьцяпана). Што ты там круціш у руках?

СЬЦЯПАН (тыкаючы, фатаграфіяй у твар Альжбеце). На, на! любуйся, якія прэзэнты атрымлівае твая дачушка.

АЛЬЖБЕТА (закрываючы рукой твар). Чаго сунешся?... Такая яна і твая, як мая.

ПРАНЦІСЬ. Пакажы, пакажы, пане добрудзею, што гэта за птушка?

СЬЦЯПАН (паказываючы). На, глядзі, сваток! Павіншуй мяне з такой дачушкай і з гэтым, з гэтым гарэтыкам.

ПРАНЦІСЬ (разглядаючы). Эгэ! Гэта гэты разумненькі, вучоны, грамацей... Собственно, Сарока, вось-цо-да.

СЬЦЯПАН. Але-ж, але! Якім Сарока.

АГАТА (да СЬЦЯПАНА). Тудэма-сюдэма, пакажэце і мне, сватка.

ПРАНЦІСЬ (да Агаты). Ты, пане добрудзею, баба, ня лезь сюды з цікавым носам. Собственно, пілнуй сваей спадніцы і панчохаў, вось-цо-да. А мы суд, суд зробім... правы і скоры.

ПАЎЛІНКА (падхадзячы да Альжбеты, ласкава). Мамачка, адбярэце яе ў таткі.

АЛЬЖБЕТА. Што я з ім, дзеткі, зраблю? Яшчэ біцца будзе.

СЬЦЯПАН (да Пранціся). А добра, сватка, кажаш. Зробім суд, перасуд добрым складам над гэтым гадам. А які?

ПРАНЦІСЬ. А такі, пане добрудзею: стражнікаў паклікаць, спраўніку данясьці. Собственно, інквізытарскі суд зрабіць — па палавіне — шась! — і гатова, вось-цо-да…

ПАЎЛІНКА (кідаючыся к Сьцяпану і цалуючы яму рукі, скрозь сьлёзы). Татачка, аддайце. Ня зьдзекавайцеся над ім!.. Ён-жа вам нічога благога не зрабіў.

СЬЦЯПАН (са злосьцю). Спаць, спаць пашла, калі гэткага нашла! Спаць! (Рве фатаграфію).

ПАЎЛІНКА (з плачам апускаючыся на лаву). Татка згубіць мяне хочаце… гвалтам з хаты выгнаць.

ПРАНЦІСЬ (дастаючы фляжку). А цяпер, собственно, вып’ем хаўтурнага, вось-цо да. (П’е).

ПАЎЛІНКА (ўсхапіўшыся з лавы, кідаецца к Пранцісю). Па кабыле сваей пі хаўтурнага, а не па чалавеку, каторага і падноскаў ня варт! (Вырываючы і разьбіваючы аб зямлю фляжку). Вось-цо-да!..

ПРАНЦІСЬ (разьвесіўшы рукі, здзьдзіўлены, як і ўсе). О-о-о!!…

Заслона.


АКТ II-гі.


Тая-ж самая — што ў першым акце — сьвятліца. За сталом сядзяць: Сьцяпан, Альжбета і госьці — тры хлопцы і тры дзяўчыны. Мужчыны сядзяць з аднаго канца стала, а кабеты (жанкі) — з другога. П’юць гарбату, наліваючы на сподкі; закусываюць. Дзяцюкі з дзяўчатамі жартуюць, перакідываючыся крошкамі ад хлеба. З левай стараны (гледзячы ад публікі) пры сьцяне ад бакоўкі — сядзяць два музыкі і, зводзячы інструмэнты, сьціха перагаварываюцца між сабой. Ля дзьвярэй ад сенцаў, у канцы куфра, на табурэце стаіць самавар. Паўлінка, прыбраўшыся па сьвяточнаму, увіхаецца каля гасьцей. Трохі ў твары зьмяніушыся; час-ад-часу ўздыхае і няузнак паглядае у вакно; заадно, стараецца быць з усімі вяселай і бойкай. Як падымаецца заслона — Паулінка нясе гарбату.


Паўлінка — Сьцяпан — Альжбета — Госьці — Музыкі.

ПАЎЛІНКА (стаўляючы гарбату перад Сьцяпанам). Што-ж гэта нешта татавага зяця так позна ні слуху, ні духу? Ці ня зьнюхаў ён, што ў мяне пасагу нямашака!

СЬЦЯПАН. Каханенькая-родненькая, не бядуй. Ня будзе Гірша, будзе чорт іншы.

ПАЎЛІНКА (насьмешліва). Мала што будзе... Але-ж калі мяне ўжо неяк, як цмокам, стала цягнуць к гэтаму Бык... Бычку... Ах, як яго?...

СЬЦЯПАН (з націскам). Быкоўскаму.

ПАЎЛІНКА (падходзячы к другому канцу стала). Можа Адэльцы яшчэ шкляначку?

АДЭЛЬКА (госьця). Дзякуй. Ўжо напілася.

АЛЬЖБЕТА. Ды бяры! Што там пытаешся! Панна Адэля толькі дзьве выпіла.

АДЭЛЬКА. Калі-ж болей ня хочацца.

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ. Хай паненцы захочацца для маей кумпаніі.

ПАЎЛІНКА (забіраючы шклянку). Вып'еш, вып'еш, Адэлька, — зьмесьціцца.

АЛЬЖБЕТА (падсовываючы гасьцям яду). Старайцеся, госьцікі, старайцеся. Вось — сыр, масла, вангліна! Такі-ж сягоньня трохі папрацавалі каля полькі і лявоніхі.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ (перажоўваючы і сёрбаючы). Дзякуй, дзякуй! Мы стараемся.

СЬЦЯПАН. Чым хата багата — тым рада. Хлеб на стале — рукі свае. Выбачайце толькі, каханенькія-родненькія, што гарэлкі няма. Але я ў гэтым не вінават. Хацеў узяць у Міхалішках, дык, як на ліха, манаполька цэлы дзень была закрыта.

МУЗЫКА (у старану да другога). Каб не салгаў, дык-бы і ня жыў. Я сам бачыў, як пасьля імшы адбываўся з фляжкамі пры манапольцы нешпар.

ПАЎЛІНКА (паставіўшы Адэлі шклянку, к аднаму з гасьцей). Можа пан Вінцусь яшчэ вып'е?...

ВІНЦУСЬ — госьць (уціраючы канцом настольніка губы і лоб). Яно-б то было ўжо і досіць, але, калі панна Паўлінка так пекна просіць, дык можна яшчэ са шкляначку.

ПАЎЛІНК (ідучы са шклянкай, у старану публікі). Гэты ўжо — дык пятую шклянку бабохае. Наробіць сабе клопату, каб я так жыла.

СЬЦЯПАН (да Альжбеты). Ці добра хаця ты прасіла Пустарэвічаў? Чаму іх так доўга німа?

АЛЬЖБЕТА. Каб і не прасіла, то прыедуць. (З насьмешкай). Пэўна, собственно, кабыла заблудзіла.

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ. Што сягоньня на кірмашы Якіма Сарокі ня было? А то, бывала, такім франтам пахаджывае, што куды мяне не вядзеш, пусьці мяне к чорту.

ПАЎЛІНКА (стаўляючы гарбату). А пану Банадысю зайздрасьць, што так прыадзецца не патрапіш, хоць мо' і маеш за што.

ГОСЬЦЬ. Чымся грошы траціць на адзежу, я лепей іх каму пазычу.

ПАЎЛІНКА (садзячыся на ложку). І працэнцік добры злуплю, каб аж у пяты другому закалола.

ГОСЬЦЬ (самадавольна). Хе-хе-хе! А паньне Паўлінцы злосьць яшчэ не адышла, што калісь гэтаму егамосьці Сароцы ні за які працэнт не пазычыў.

ПАЎЛІНКА. Вельмі-ж яму гэтым і не пашкодзілі. Нашліся людзі, што і без працэнтаў пазычылі, і далі яму магчымасьць паехаць на вучыцельскія курсы. Цяпер нічыей ласкі не патрабуе.

АДНА З ГАСЬЦЕЙ. Пэўна, што не! Такі чалавек нідзе не прападзе.

СЬЦЯПАН (прыслухіваючыся дагэтуль гутарцы аб Сароцы). Каханенькія-родненькія, кіньце аб гэтым сьвінапасе гаварыць! Прыелася ўжо мне гутарка аб ім горш горкай рэдзькі. І ці гаманеце аб ім, ці не гаманеце — ўсё роўна нічога ня выйдзе. Я ўжо яму даў дарогу.

ПАЎЛІНКА (неспакойна). Якую дарогу?

СЬЦЯПАН. А ты, каханенькая-родненькая, ня слухай, вушы разьвесіўшы, ды лепей гасьцей глядзі. Дзьве дзюркі ў носе, і скончылося. (Нейкую хвіліну ціха. Паўлінка падходзе браць шклянкі, але ўсе адказываюцца).

АЛЬЖБЕТА. Што-ж, выбачайце, госьцікі! Не хацелі піць і есьці, пасьля самі будзеце жалець.

СЬЦЯПАН. Выбачайце, выбачайце, каханенькія-родненькія, адно не скажэце, што ўсяго было ўдаволь, толькі прынукі ня было.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ (устаючы з-за стала). Дзякуем, дзякуем, пану гаспадару і пані гаспадыні. Падмацаваліся, хвала Богу, як лепей ня трэба.

ПАЎЛІНКА (ўстаючы з ложка). Проша паненак сюды прысесьці, а паны-кавалеры вазьмеце сабе табурэцікі, ды вось тут падсядзьце, а я тым часам пачастую гарбатай нашых музыкаў.

СЬЦЯПАН і АЛЬЖБЕТА (вылазячы з-за стала). А як-жа — трэба, трэба! (Дзяўчаты садзяцца на ложку, хлопцы каля іх — на табурэтах жартуюць між сабой).

АЛЬЖБЕТА (падходзячы к музыкам). Хадзеце, міленькія, вып’еце са шкляначку гарбаты.

МУЗЫКІ. Дзякуем пані. Мы ўжо сягоньня пілі.

АЛЬЖБЕТА. Мала што калі было, а цяпер трэба яшчэ падмацавацца. (Забірае інструмэнты і кладзе іх на куфар, садзіць музыкаў за стол і сама садзіцца. Да Паўлінкі). А ты, дзеткі, налі музыкам гарбаты!

СЬЦЯПАН (закурываючы люльку). Выбачайце толькі, каханенькія-родненькія, што гарэлкі няма.

МУЗЫКІ. І бяз гэтых кропэль будзем жывы. (Чуваць стукат у сенцах).

СЬЦЯПАН. А бач, нехта такі хоць нарэшце зьявіўся. Трэба ісьці ды глянуць, а то яшчэ ў дзьверы ня луча. (Ідзе).

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ. Нясі, Божа, не жанатага ды багатага!

АДНА З ГАСЬЦЕЙ. Жаніць будзем!

ПАЎЛІНКА (стаўляе музыкам гарбату, падходзе і глядзіць у вакно. У сторану). Ах, як-жа цёмненька!

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ. Каго так, панна Паўлінка, выглядаеце?

ПАЎЛІНКА. Таго-ж — нежанатага ды багатага.

Зьява II-ая. тыя-ж і Адольф Быкоўскі.

СЬЦЯПАН (спатыкаючы Адольфа ў дзьверах). А-а! Нарэшце зьявіўся, дарагі госьцік! Што-ж гэта, каханенькі-родненькі, так доўга чакаць на сябе нас заставіў?

АДОЛЬФ (вешаючы пальто на сьцяне каля парога). Пахвалёны ў хату!

КОЛЬКІ ГАЛАСОУ. На векі! На векі.

АДОЛЬФ (вітаючыся са Сьцяпанам). Выбачайце, што трохі прыпазьніўся. Але гэта вінават мой жарабец. Як панёс з гары, што каля Прытыкаў, мяне выкінуў, і вось зламаў, так што аж мусіў другую каламажку ўзяць; праз тое і замарудзіў.

АДЗІН З МУЗЫКАЎ (у старану да другога). Каб ён толькі дыхаў. Які яго чорт нёс? Прыстаў конь, ды ўсё тут.

ДРУГІ МУЗЫКА. Ня ўжо-ж што? У мае вочы заплаціў вясной за нейкую здыхляціну трыццаць рублёў і тая ўжо скарэй яго панясе. СЬЦЯПАН (да Адольфа). Проша-ж, проша далей, сюды, дзе бліжэй кут і дзе ўсе тут.

АДОЛЬФ. Дзякую, дзякую вашэці. Проша са мной клопату не рабіць. (Ідзе і з усімі вітаецца; Альжбету цалуе ў руку, стоячы к ей бокам і ня згінаючыся).

АЛЬЖБЕТА. Проша пана Адольфа, проша за стол! Можа вып'еце гарбаты і чаго закусіце? (Да Паўлінкі). Паўлінка, налі пану Быкоўскаму гарбаты!

АДОЛЬФ (садзячыся за стол з другога канца ад музыкаў і закурываючы папяроску). А што-ж у васпанства добрага чуваць?

СЬЦЯПАН (прысаджываючыся к сталу). Ды што ў нас чуваць? — Старая баба ня хоча здыхаць, а маладая замуж ісьці.

АДОЛЬФ (самадавольна). Хе-хе-хе! Старую трэба пшыдусіць, а маладую пшымусіць.

АЛЬЖБЕТА (да Сьцяпана). А ваша схадзі паглядзі, ці добра прывязаны конь пана Быкоўскага.

АДОЛЬФ. Ня турбуйцеся. Я яго добра прывязаў.

СЬЦЯПАН. Каханенькі-родненькі, хоць і прывязаў, але сена пэўна ня даў. У нас так: госьць, як папала, а жывёліну — дык трэба добра дагледзець. (Выходзе).

Зьява III-ая. Тыя-ж без Сьцяпана.

ПАЎЛІНКА (стаўляючы перад Адольфам гарбату і сама садзячыся аподаль). Што-ж гэта — пана Адольфа конь хацеў разнясьці?

АДОЛЬФ. А як-жа! Тры сотні вясной заплаціў, і толькі клопату нажыў. Але ў мяне ўсё так! Каровы мае кожная варта па якой сотні рублёў; як загілююць летам, дык і на добрым кані іх ня ўгоніш.

ПАЎЛІНКА (хітравата). Пэўне і авечкі ў пана Адольфа так-сама гілююць?

АДОЛЬФ (А так, так! Маю пятнаццаць старых і дваццаць маладых. Як удара гарачыня, дык яны чуць ня ўсе чыста круцяцца на адным месцы.).

ПАЎЛІНКА (ідучы па гарбату для сябе, у старану публікі). Матыліцы авечак мучаць, як і сам тут (паказываючы пальцам на сваю галаву) матылі мае, а думае, што яны зыгуюць.

АЛЬЖБЕТА. Якія-ж сёлета ўраджаі ў пана Адольфа?

АДОЛЬФ. А нішто сабе. (Відам лгучы). Жыта нажаў коп са дзьвесьце, аўса так сама — са дзьвесьце, ячменю — з сотню.

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ. А колькі-ж у пана зямлі?

АДОЛЬФ. Валокі з паўтары добрыя будзе.

ГОСЬЦЬ. І лес ёсьць?

АДОЛЬФ (абціраючы хустачкай лоб). А як-жа — ёсьць: з паўвалокі, калі ня болей. Сасна ў сасонку!

ГОСЬЦЬ (І сенажаць ёсьць?).

АДОЛЬФ. Ёсьць, ёсьць! Над самай рэчкай, так сама з паўвалочку. Мурог, як шафран.

МУЗЫКА. Дык у пана ўсяго з паўвалочку ворнай зямлі?

АДОЛЬФ. Н-нуу так! З добрую паўвалочку.

АЛЬЖБЕТА. У нас ворнай зямлі мусіць і са тры валокі будзе, і то мы столькі не нажалі.

ПАЎЛІНКА (сеўшы з гарбатай пры стале). Пан Адольф лепшы, відаць, за нас гаспадар.

АДОЛЬФ. О, у мяне гаспадарка ні ў чым ня зблыша. У мяне жонка і то будзе лепшая, як ува ўсіх.

АДЗІН З ГАСЦЕЙ. Каб толькі не ўдалася наравістая.

ПАЎЛІНКА. Цікавасьць, ці пан Адольф ужо затаргаваў сабе якую?

АДОЛЬФ. Гэта пакуль што — сакрэт.

ПАЎЛІНКА. А мне пан Адольф скажа?

АДОЛЬФ. Так. Але перш тату і маме, а пасьля ўжо і васпаньне на самае вушка.

ПАЎЛІНКА (бяручы ў яго шклянку). Добра, добра! Пан Адольф, як ведаў, што я трохі глухавата.

АДОЛЬФ. Глухавата!...

ПАЎЛІНКА (ідучы па гарбату, у старану публікі). Трэба шэршня за нос павадзіць, каб і дзясятаму заказаў, як жонкі купляць.

АЛЬЖБЕТА. Пан Быкоўскі, здаецца, у нас першы раз?

АДОЛЬФ. А так — першы!

АДНА З ГАСЬЦЕЙ. Дык паву трэба даць пацалаваць старую бабу.

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ. Пан Адольф толькі да маладых ды багатых лас, а старыя ў яго ў рахунак ня йдуць.

АДОЛЬФ. А праўда, праўда! Я толькі да маладых маю імпэт.

АЛЬЖБЕТА (у старану). І дурны-ж ён, як відаць.

ПАЎЛІНКА (падаючы гарбату Адольфу). Да каго маеце такі імпэт: да дарагіх кароў, ці да дарагіх кабыл?

АЛЬЖБЕТА. Ды не! Пан Быкоўскі мае імпэт толькі да маладых дзяўчат.

АДОЛЬФ (п'ючы гарбату). Але-ж, але. Толькі да маладых дзяўчат.

ПАЎЛІНКА. А кільчака часам з гэтага не нагоніце на язык?

АЛЬЖБЕТА. Што ты?! Ці-ж пан Быкоўскі конь?

МУЗЫКА (у старану да другога). Кнь, ня конь, а як відаць, дык быдлё парадашнае.

АДОЛЬФ (да Паўлінкі). Панна Паўлінка дык усё мне камплімэнты гавора.

ПАЎЛІНКА (расьсеянна). Ага! Камплімэнты. (Да музыкаў). Мацуйцеся, мацуйцеся, музыканьцікі. А то ўжо ногі чэшуцца. Так і хочацца з панам Адольфам сыпнуць лявоніху.

АДОЛЬФ (Фі! Я такіх мужыцкіх танцаў ня гуляю.).

МУЗЫКІ (да Паўлінкі). Дзякуем! Ужо, як належыць сабраліся; цяпер можам і рэзнуць што-колечы для паненкі. (Садзяцца на свае месцы і зводзяць інструмэнты).

ПАЎЛІНКА (да Адольфа). А якія-ж вы танцы гуляеце?

АДОЛЬФ. Гэрц-польку, падзі-спаць, манчыз, падзі-кварту. (Вылазячы з-за стала, цалуе Альжбету ў руку, да Паўлінкі). Ну, што-ж? Можа мы з паненкай папробуем?

ПАЎЛІНКА. Калі-ж я гэтых мудрых танцаў ня толькі што ня ўмею, але ніколі нават іх і ня бачыла.

АДОЛЬФ. Ня бойцеся! Я на ўсе лады выўчу паненку скакаць. (Бярэ Паўлінку — як да танцу, да музыкаў). Зайграйце нам гэрц-польку!

МУЗЫКА. Мы гэтага ня ўмеем.

АДОЛЬФ. Ну, дык падзі — спаць!

МУЗЫКА. Першы раз чуем.

АДОЛЬФ. А можа падзі — кварту знаеце?

МУЗЫКА. І гэта першы раз чуем.

ПАЎЛІНКА (як-бы бядуючы). А-ей-ей! Вось табе і на! Так і не наўчуся гэтых панскіх танцаў.

АДОЛЬФ. Не бядуйце вельмі. Я буду вытылінгіваць на язык, а васпанна толькі прыслухоўвайся ды вырабляй нагамі так, як і я.

ПАЎЛІНКА. Значыцца, будзем гуляць пад язык. (Сьмех. Адольф іграе на язык і бяз толку выкручываецца з Паўлінкай).

АДОЛЬФ (паказываючы). Вось так, вось так! Правую нагу сюды, а левую туды. Галаву ў левы бок, а задам пад парог, ды вось так!.. Раз, два, тры, то направа, то налева… (Ўсе прыглядаюцца да іх і сьмяюцца).

Зьява IV-ая. Тыя-ж і Пранцісь — Агата — Сьцяпан.

ПРАНЦІСЬ (п’яны). Пахвалёны Езус. Вось-цо-да, пане добрудзею.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ. На векі! На векі!

ПРАНЦІСЬ (глянуўшы на Паўніку і Адольфа). А гэта што такія, собственно за выкрутасы, як у цырку, ці ў сумашэдшым доме?

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ. Гэта пан Быкоўскі абучае панну Паўлінку новамодных танцаў. (Пранцісь і Агата распранаюцца).

ПРАНЦІСЬ. Можна, можна далей круціцца, як у хваробе сьвятога Лявэнтага. Далей, далей! Раз, два, тры, вось-цо-да!

АДОЛЬФ (далей паказываючы Паўлінцы). Вось як, вось так! То направа, то налева. Раз, два, тры! То туды, то сюды, ножка ў ножку, раз, два, тры!

ПАЎЛІНКА (вырываючыся). Не, такі нічога ня выйдзе. Ня кемкая я да навукі.

АДОЛЬФ (садзячы Паўлінку). Гэта толькі трудна першы раз, а посьле пойдзе ўсё гладка, як пугай высмаліць! (Ходзе па хаце, махаючы каля твару хустачкай. Пранцісь, Агата і Сьцяпан садзяцца за стол; Альжбета падае ім гарбату).

ПРАНЦІСЬ (закурываючы люльку з Сьцяпанам). Собственно, пане добрудзею, кабыла заблудзіла і праз тое трохі спазьніліся. Але гэта глупство, глупство! Яшчэ парой будзе, вось-цо-да.

АГАТА. Якое чорта заблудзіла? Пакуль аб'ехаў, тудэма-сюдэма, усю аколіцу, як пагарэлец, дык і поўнач чуць не агарнула. Тудэма-сюдэма, усё гары тэй сабе шукаў.

ПРАНЦІСЬ. Ты, баба, собственно, маўчы, вось-цо-да! Ты нічога ніколі ня кеміш, а я маю розум спрытны. Я, пане добрудзею, Барнашоў, Барнашоў, дзе пашоў, там і прашоў. (Да гасьцей). А вы, маладзічкі, не зважайце, вось-цо-да, ды танцуйце, пане добрудзею, пакуль казінец ня ўбіўся ў ногі.

ПАЎЛІНКА. А праўду дзядзька кажа. Будзема гуляць, на што дарма час марнаваць! (Да музыкаў). Зайграйце, калі ласка, польку, але такую, як ведаеце... каб аж сьвет хадыром пашоў.

МУЗЫКА. Добра, добра! Мы для паненкі пастараемся. (Іграюць польку; усе, апрача старых, танцуюць: Адольф з Паўлінкай, астатнія госьці — хто з кім. За сталом Пранцісь з Сьцяпанам частуюцца гарэлкай з фляжкі, каторую першы прынёс з сабою).

АДОЛЬФ (танцуючы прыпявае).

Танцовала рыба з ракем,
А петрушка з пастарнакем,
А цыбуля дзівовала,
Цо петрушка танцовала.

ПАЎЛІНКА (адпяваючы).

А на печы, на лучыне
Дзеўкі грошы палічылі;
Налічылі паўталера,
Дый купілі кавалера.

АДОЛЬФ.

Дзяўчынэчка суха, бляда,
Я да цебе ў госьці яда,
І конікоў не жалую,
Ушыстку ночку машырую.

ПАЎЛІНКА.

У гародзе ячмень родзіць,
А да мяне Якім ходзіць.
Радзі, радзі, ячмень, гусьцей, —
Хадзі, хадзі, Якім, часьцей!

АДОЛЬФ.

Сядзіць голуб на галіне,
Салавей на ветке;
З аднэй дзевушкай гуляю,
Другая в прыметке.

ПАЎЛІНКА.

Ажаніся, не ляніся, —
Будзеш панаваці:
З аднэй будзеш сьвіньні пасьвіць,
З другой — заганяці.

АДОЛЬФ.

Наша поле камяніста —
Ні праехаць, ні прайсьці;
Нашы дзевачкі фарсісты —
Нельга к ім і падыйсьці.

ПАЎЛІНКА.

Я фарсуха, ты католік;
Ня руш мяне за падолік, —
Мой падолік шоўкам шыты,
Хто палезе, будзе біты!

СЬЦЯПАН (як сьціхла гульня). Брава, брава, пан Адольф! Складзен да танцаў, як, не раўнуючы, закрыстыян да ружанцаў.

ПРАНЦІСЬ (пацягіваючы з фляжкі). Глупство, глупство, вось-цо-да! Собственно, хоць у кішані пуста, за тое ногі сыплюць густа. Каб яму яшчэ ды мой розум растропны, дык зусім было-б добра, пане добрудзею.

АГАТА. Кінь ты ўжо, тудэма-сюдэма, плаўзгаць, як латак у млыне! Гуляюць — няхай гуляюць; ты сваімі качэргамі так не патрапіш.

АЛЬЖБЕТА (да Пранціся). <poem>Можа-б чаго, сватка, закусілі?

ПРАНЦІСЬ. Глупство, вось-цо-да. Собственно, закушу, закушу. (Да гасьцей). А вы, пане добрудзею, забаўляйцеся, пакуль гаспадар вон з хаты ня гоне, вось-цо-да.

ПАЎЛІНКА (да Адольфа). Можа, пан Адольф, сьпяіцё нам што колечы? Я чула, што вельмі пекны голас маеце.

АДОЛЬФ (астанаўліваючыся). Э-э! які там пекны! Ось так сабе! Канешне, лепшы, як у другіх.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ. Дык проша сьпець. Мы ўсе просіма.

АДОЛЬФ. Калі ўжо так пекна просіце, дык можна. А якую-ж бы панна Паўлінка хацела?

ПАЎЛІНКА. А ўсё роўна, хоць якую! Ну, якая лепей у пана Адольфа выходзе?

АДОЛЬФ (пяе няскладна, махаючы хустачкай па твару).

Плываё голэмбі,
Летаё лабэндзі;
З нашэго коханя,
Пэўна, ніц не бэндзе.

ПАЎЛІНКА. А такі-ж нічога ня будзе.

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ. Ці-ж гэта голэмбі плываюць, а лабэндзі лятаюць?!

АДОЛЬФ. Ну, калі перабіваеце, дык саўсім ня буду пець.

АЛЬЖБЕТА. Хай пан Быкоўскі на іх не зважае, ды пяе; ведама — блазнота, што яны знаюць?

ПАЎЛІНКА (паглядзеўшы ў вакно). Выбачайце, пан Адольф! У мяне няўмысьле вылецела слаўцо.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ. Выбачайце, выбачайце! Просім, просім. Больш ня будзем!

ПРАНЦІСЬ. Собственно, пане добрудзею, завядзі яшчэ сваю шарманку: яна ў цябе, прост, як грамафон, вось-цо-да, трубіць.

АДОЛЬФ. Ну, ужо буду. Але, калі яшчэ хоць раз перапыніце, тады загневаюся і саўсім кіну пець. Пейце тады самі!

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ. Не, не! Ня будзем!

АДОЛЬФ (пяе).

Гляджу я бяз толку на хладную шаль,
І чорную душу цярзае пячаль.

ПАЎЛІНКА (душачыся ад сьмеху). Ці-ж у пана Адольфа чорная душа?

АДОЛЬФ (насупіўшыся). Болей пець вам ня буду, хоць на каленях прасеце. Пейце сабе самі, калі такія разумныя! (Садзіцца).

ПАЎЛІНКА. Дык і сьпяём, калі пан Адольф такі някемкі, што нават жартаў не разумее. (У старану). Эх, скарэй-бы ўсё гэта кончылася!

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ. А такі-ж сьпяём, і ўсе разам.

ПАЎЛІНКА (да Адольфа хітравата). А пан Адольф нам паможа?

АДОЛЬФ. Ані думаў.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ. А што мы сьпяём?

ПАЎЛІНКА. „Дый куды-ж ты, дуб зялёны, пахінаешся?...“

АДОЛЬФ. Фі, мужыцкая!

ПАЎЛІНКА. А пан Адольф можа-б хацеў, каб завялі якога манчыза?!

ПРАНЦІСЬ. Собственно, вось-цо-да, калі такой панскай натуры, дык пазатыкай кудзеляй вушы, пане добрудзею.

СЬЦЯПАН (да Пранціся, сьціха). Каханенькі-родненькі, ня кратайце яго! Ён, бачыш, як я ўжо і казаў, масьціцца к маей Паўлінцы. Як будзеш яму наругацца, дык гатоў яшчэ адбіцца, а я яго стараюся прыручыць.

ПАЎЛІНКА. Ну, дык што? — згода на гэту?

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ. Згода, згода!! А пасьля другую.

ПАЎЛІНКА. Толькі ня зьбівацца з толку. Глядзець, як я буду рукамі тахты адбіваць.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ. Добра, добра!

(Пяюць. Паўлінка, сумна ўсьмяхаючыся, дырыгуе. Пасьля і Пранцісь падходзе і фляжкай адмахівае тахты; музыкі такжа сваей ігрой памагаюць).

Дый куды-ж ты, дуб зялёны,
Пахінаешся?
Дый чаго-ж ты, мой міленькі,
Задумляешся?

ПРАНЦІСЬ (як перасталі пець). А цяпер, вось-цо-да, „Як-жа мне ня пець“, пане добрудзею.

АДОЛЬФ. Ізноў мужыцкую!

ПРАНЦІСЬ. Але! мужыцкую, але, вось-цо-да. А васпан, собственно, сваю панскую схавай сьвіньням на сьняданьне.

АГАТА (падходзіць і цягне Пранціся за полы). Кінь ты ўжо, тудэма-сюдэма, з поля сходзіць!

ПРАНЦІСЬ. Вось-цо-да, адчапіся ад мяне, пане добрудзею!

ПАЎЛІНКА. Ну, будзем пець „Як-жа мне ня пець, як-жа ня гудзець?...“ (Пяюць, як першую).

ПРАНЦІСЬ (як скончылі). А цяпер, собственно, „Чачотачку“, пане добрудзею.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ. Чачотачку. Чачотачку! (Пяюць „Чачотачку“).

Спарадкіла чачотачка семера дачок,
Спарадзіла невялічкіх семера малых.

АЛЬЖБЕТА (як сьціхлі). Аддыхнеце, міленькія, хоць трохі, а то замарыліся дужа. (Да Пранціся). Хадзеце, сваток, за стол, ды можа чаго закусіце, бо і ты-ж памагаў.

ПРАНЦІСЬ (ссадзячыся). Собственно, глупство, вось-цо-да. Маладым трэба паказаць, паказаць, пане добрудзею, а яны ўсё натрапяць... правільна толькі навучыць іх. (Прапіваючы з фляжкі да Сьцяпана). А ты, сват, трымайся, вось-цо-да. Ім ня дам, яны маладзічкі яшчэ, пасьпеюць.

СЬЦЯПАН. А праўда, праўда, сватка! Яшчэ іх пара не ўцякла. (Выпівае).

ПАЎЛІНКА (каля гасьцей). А што-ж мы цяпер будзем рабіць? Ужо напеліся, дык можа ізноў пагуляема?

ПРАНЦІСЬ (закусываючы). Собственно, пачакайце; я зараз скамандую, пане добрудзею, за што і як узяцца, бо мой розум растропны, а вы нічога ня ведаеце.

ПАЎЛІНКА. Ну добра, пачакаем. (Да Адольфа). Што-ж гэта, пан Адольф, надуўся, як мыш на крупы, або, як апошняе ў печ усыпаўшы?

АДНА З ГАСЬЦЕЙ. Пан Адольф, відаць, закахаўся.

АДОЛЬФ. Ну, дык што, калі закахаўся?

ПРАНЦІСЬ (перажоўваючы яду). Собственно, цяпер, вось-цо-да, пойдзем лявоніху, пане добрудзею!

УСЕ. Лявоніху! Лявоніху!

АДОЛЬФ. Ізноў мужыцкая!

ПАЎЛІНКА (да Адольфа прыпадхлёбываючыся). А мы з панам Адольфам сыпнем лявоніху, сапраўды, сыпнем! Адпусьцецеся на мяне грэшную; болей ці ўдасца так весела з вамі паскакаць.

АДОЛЬФ. Ды я ўжо вельмі ня гневаюся. Калі ўжо так хочацца, дык пойдзем; што-там надта такое?!

ПРАНЦІСЬ (да музыкаў). Собственно рэжце, пане добрудзею! (Да Альжбеты). А мы з свацьцяй тупнем, вось-цо-да!

СЬЦЯПАН (да Агаты). А мы з свацьцяй, каханенькая-родненькая! (Музыкі іграюць лявоніху. Кабеты трохі ўпіраюцца, але пасьля ідуць; за імі астальныя госьці. Паўлінка — з Адольфам).

ПРАНЦІСЬ (прыпявае).

О, Лявоніха-Сымоніха была,
О, Лявону хлеба, солі не дала!
О, Лявоніха-Сымоніха, а-ей!
Не хадзі ламаць капусткі маей!

АЛЬЖБЕТА.

Хоць капуста зарасла лебядою,
Не пайду яе палоць за табою.
Прападзі ты і з капустай сваей,
Ня сушы ты маладосьці маей!

СЬЦЯПАН.

О, Лявоніха, ты жонка мая,
Дый нямытую сарочку дала;
Некачаную, нямытую,
Толькі шоўкам абашытую.

АГАТА.

А, мой татка, дзевярусенька,
Вядзі мяне памалюсеньку;
Не вядзі мяне па пожынцы,
Вядзі мяне па дарожанцы;
На пожанцы мае ножкі ня йдуць,
Па дарожанцы — дык самі бягуць.

АДОЛЬФ.

Як я бегаў, дык і бегаў,
Абы мілую праведаў;
Як каціўся, дык каціўся,
Абы к мілай прыхіліўся;
Як і скок, так і скок,
Абы к міленькай пад бок!

ПАЎЛІНКА.

А калі-ж я у матулькі жыла,
Як вішанька у садочку цьвіла;
Дасталася злому духу — мужыку, —
Ссўшыш мяне, як ліпінку у духу.

АДОЛЬФ.

Ты бярозачка, бярозка мая,
Ты бярозка не цярэбленая;
Тваё лісьце не сярэранае,
Нашы дзеўкі не паседлівыя.

ПАЎЛІНКА.

Не вядзі мяне ні ў лес, ані ў сад, —
Завядзі мяне к татульку назад;
Не вядзі мяне ні ў лес, ані ў бор, —
Завядзі мяне к татульку на двор!

ПРАНЦІСЬ (як перасталі гульню, да Сьцяпана). Собственно, і дала-ж твая баба мне дыхту, вось-цо-да. Аж лыткі трасуцца, пане добрудзею.

СЬЦЯПАН. І твая, каханенькі-родненькі, не адстала, аж дыхавіцу чуць мне не нагнала.

АГАТА. Абодва вы кавалёвыя мяхі, тудэма-сюдэма, непаваротлівыя, дык і здаецца, што нехта вам дыхту нейкага даваў.

АЛЬЖБЕТА. А праўда, свацейка, праўда. Ім толькі каля фляжкі круціцца, а не з дарэчнымі жанкамі лявоніху ісьці.

СЬЦЯПАН. І твая, каханенькі-родненькі, не адстала, аж дыхавіцу чуць мне не нагнала.

ПРАНЦІСЬ. Ага, собственно, добра, што свацейка, пане добрудзею, успомніла! (Дастае фляжку і частуецца з Сьцяпанам).

ПАЎЛІНКА (да Адольфа). Ну, як-жа пану Адольфу спадабаўся наш мужыцкі танец? Як я ўважаю, дык лепей у вас лявоніха выходзе, чымся тое нейкае „падзі-кварта“. І прыпеўкі складныя знаеце!

АДОЛЬФ (нібы скромна). А трохі-ж нейкіх наўчыўся калісь.

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ. Пара нам і чэсьць знаць! Пэўне ўжо каля поўначы матаецца.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ. Так, так, час рухацца дамоў!

ПАЎЛІНКА (з аблягчэньнемб у старану). Дзякуй Богу!… (Да гасьцей). А можа-б яшчэ пагулялі?

АЛЬЖБЕТА. Каму далёка, то яно так, а каму блізка, дык ня шкодзіць яшчэ пазабаўляцца. КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ. Не! Не! Ужо час і пара!

ПАЎЛІНКА. Ну, дык хай музыкі на адходнае хоць марша сыграюць, каб весялей усім сьнілася, і каб моцна ўсім спалося.

СЬЦЯПАН. А гэта ня шкодзе! (Да музыкаў). Што-ж каханенькія — родненькія, сыграйце, калі ласка, яшчэ што-колечы на адходнае дарагім госьцікам, а там — дзьве дзюркі ў носе, і кончылося. (Музыкі іграюць марш. Госьці адзяваюцца, прашчаюцца і выходзяць, за імі — музыкі).)

Зьява V-ая. Паўлінка — Адольф — Сьцяпан — Альжбета — Пранцісь і Агата.

СЬЦЯПАН. Вось і пацішэла трохі ў нашай хаце, няма ўжо каму скакаці.

ПРАНЦІСЬ. Собственно, глупство, вось-цо-да. Было шумна, пане добрудзею, і будзе шумна!

АГАТА. А так, так тудэма-сюдэма, як будзе вясельле ў Паўлінкі.

ПАЎЛІНКА. Э-э! Майго вясельля ніколі ня будзе, значыцца, і шумна ня будзе.

АДОЛЬФ. Ці-ж у бацькоў маладога, паненка, думаеце, ня хваце на вясельле?

ПАЎЛІНКА. Хваце — ня хваце, а такі вясельля майго ніхто ня ўбача.

СЬЦЯПАН. Гэта, каханенькая-родненькая, пабачым. Яшчэ я на тое ёсьць і ў сваей хаце — гаспадар, а ня госьць! Жыта повен аруд і сала не адзін пуд.

ПРАНЦІСЬ. Собственно, глупство, вось-цо-да. Часам ці вясельле, ці павесіў — адно на другое, пане добрудзею, выходзе.

АГАТА. А ты, вось-цо-да, прыкусі свой язык і ня тыцкайся, тудэма-сюдэма, туды, куды цябе ня просяць. Напіўся, наеўся, дык і маўчы!

АЛЬЖБЕТА (да Агаты). Што-ж там, свацейка, такое? Сват-жа нічога благога ня кажа. (Да Паўлінкі). Прыбірай ты ўжо, дзеткі, са стала!

ПРАНЦІСЬ. Собственно, ці сьвіньні елі, ці шляхта папасывалася — гэтак, вось-цо-да, стол выглядае, пане добрудзею.

ПАЎЛІНКА. Добра, мамка, зараз. (Да Адольфа). А пан Адольф мне паможа?

АДОЛЬФ. Калі патраплю, дык чаму-ж не? (Прыбіраюць са стала; начыньне стаўляюць на табурэце каля самавару).

АЛЬЖБЕТА. Вы-ж бы, дзеткі, занясьлі пасудак на тую палавіну.

ПАЎЛІНКА. Усё роўна; я посьле занясу сама, а цяпер… (Паглядаючы плутавата на Адольфа) я баюся з панам Адольфам ісьці адна на тую палавіну: ён такі да ўсяго мае імпэт…

АДОЛЬФ (нясучы пасудак, у старану публікі). Відаць, дзеўка ўлялюскалася ў мяне па самую шыю.

ПАЎЛІНКА (ідучы к сталу, у старану публікі). І собіла-ж Богу стварыць гэткую чапялу недарэчную!

ПРАНЦІСЬ (да Паўлінкі). А праўда, собственно, лепш старожа, як варожа, пане добрудзею.

АЛЬЖБЕТА. Вы-ж бы, дзеткі, занясьлі пасудак на тую палавіну.

АГАТА (да Пранціся). А ты „старожа“, не мялі попусту, а думай, як да хаты ісьці!

ПРАНЦІСЬ. Пане добрудзею, дык і пойдзем; што-ж там, собственно, такое? (Прашчаюцца абое і выходзяць. Альжбета памагае прыбіраць са стала).

Зьява VI ая. Паўлінка — Адольф — Сьцяпан — Альжбета.

ПАЎЛІНКА. Ня так, пан Адольф, бярэш шклянкі; трэба вось як! (Паказывае). Ну і зграбны-ж! не раўнуючы — як вол да карэты.

АДОЛЬФ. А панна Паўлінка ўсё камплімэнты мне гавора.

ПАЎЛІНКА (у старану публікі). Дурню плюнь у вочы, а ён скажа: дождж ідзе!

АЛЬЖБЕТА (да Сьцяпана, каторы клюе носам за сталом). Што бы табаку важыш? Ідзі ды кладзіся спаць. Гэта-ж табе тут не карчма.

СЬЦЯПАН (сонна). Каханенькая-родненькая, я наважу, а ты купіш. Сон някепская рэч. Для чаго Калядкі — добрыя сьвяткі, што пад’еў ды на палаткі. (Вылазячы з-за стала, да Адольфа). Каханенькі-родненькі, выбачай… Забаўляйся тут з Паўлінкай, а я прыкарну трохі… Сягоньня яшчэ досьвата мяне мая ўспарола. (Адводзячы Адольфа ў старану). Ну што? Як мая Паўлінка… падышла пад мысьль?

АДОЛЬФ. О, важная маладзіца. Хоць сягоньня гатоў з ею жаніцца.

СЬЦЯПАН. Ну, так тупай каля яе; толькі сьмела: яна дзеўка падатлівая, хоць можа і мае трохі якіх мухаў у носе.

АДОЛЬФ. Хэ-хэ-хэ! Як усякай патраплю падлізацца.

СЬЦЯПАН. Ну, дык падлізывайся, каханенькі-родненькі! (Прашчаецца і ідзе ў бакоўку).

Зьява VII-ая. Паўлінка — Адольф — Альжбета.

АЛЬЖБЕТА (сьціраючы стол). А ты, Паўлінка, можа ў карты пайграеш з панам Адольфам?

АДОЛЬФ (закурываючы). Ды і мне ўжо трэба зьбірацца дамоў.

ПАЎЛІНКА. Ці-ж пан Адольф рассыпаўся, што маніцёся зьбірацца? Заедзеце яшчэ; каня-ж маеце ня жартачкі!…

АДОЛЬФ. О, конь мой добры!

АЛЬЖБЕТА. Ну, дык і чаго-ж сьпяшацца?… Нам, старым, як той кажа, такая рэч: пад’еў ды на печ.

ПАЎЛІНКА (у старану). Чаго добрага — заначуе, вот будзе бяда. (Паглядаючы ў вакно). І цемра-ж страшэнная! (Услух). А пагода сягоньня нядрэнная. Нават месяц сьвеце, што рэдка на Пакровы. Будзе добра для пана Адольфа дамоў ехаць.

АДОЛЬФ. А хоць-бы і дрэнна, дык мне блізка; жарабец мой у момэнт дамчыць.

АЛЬЖБЕТА (да Паўлінкі). Ну, дык паглядзі-ж ты, дзе карты, ды пазабаўляйцеся яшчэ трохі з панам Адольфам, бо я, мусіць, зраблю сьледам за дзедам. Трохі-ж сягоньня такі натупалася.

АДОЛЬФ. Проша, проша, панечка! На нас маладых не зважайце.

АЛЬЖБЕТА. А ўжо-ж я такі і пайду.

АДОЛЬФ (цалуючы ў руку Альжбету). Хутка і я паеду, вось толькі дам аднаго гаспадара паньне Паўлінцы.

ПАЎЛІНКА. Паглядзім — хто каму?! (Шукае карт. Альжбета выходзе ў бакоўку?)

Зьява VIII-ая. Паўлінка — Адольф.

АДОЛЬФ. Чаго паненка шукае?

ПАЎЛІНКА. Таго, чаго яшчэ ня маю. Карт.

АДОЛЬФ (глянуўшы ў вакно). А вось яны — на вакне!

ПАЎЛІНКА (у старану). Думала, што ня ўбачыць; скарэй-бы можа з хаты выпхнула, не нашоўшы карт. (Да Адольфа), Ну, калі ёсьць, дык будзем іграць. (Паглядзеўшы ў вакно). А ў што?

АДОЛЬФ. У гаспадара.

ПАЎЛІНКА. Гэта, значыцца, у дурня?

АДОЛЬФ. Ну, гэта толькі мужыкі так гавораць. (Раздае карты).

ПАЎЛІНКА. А як пан Адольф думаў, хто мы? То-ж так сама мужыцкага роду.

АДОЛЬФ. Першы раз чую!

ПАЎЛІНКА. Ды і пан Адольф так сама мужыцкага роду. (Іграюць у карты).

АДОЛЬФ (зьдзіўлены). І я?!…

ПАЎЛІНКА. Але, але! Калісь былі ўсе мужыкі, ну, дык цяпер кожны чалавек мужыцкага роду, хоць каторы і прыкідываецца панам, ці графам. Ды і што гаварыць? Адам і Эва і то былі мужыкамі.

АДОЛЬФ (зьдзіўлены). Адам і Эва?!…

ПАЎЛІНКА. І Ной і Езус.

АДОЛЬФ. Што я чую?… Адкуль гэта, панна Паўлінка ўсё ведаеце?

ПАЎЛІНКА. Ого, не скажу!

АДОЛЬФ (просячы). Проша сказаць.

ПАЎЛІНКА. Ня тэй б’яце! Вот салапяка!

АДОЛЬФ (паправіўшыся). Ды скажэце?

ПАЎЛІНКА (нецярпліва). Ну, добра. Запытайцеся ў Якіма Сарокі: ён усё вам раскажа. (Адольф прыігрывае). Дурань пан! Дурань пан!

АДОЛЬФ (папраўляючы). Гаспадар. (Раздае карты).

ПАЎЛІНКА (у старану). Які чорта гаспадар, калі дурань?!

АДОЛЬФ. Што панна Паўлінка кажа?

ПАЎЛІНКА. Кажу: але гаспадар. (Хвілю маўчаць. Паўлінка ў старану). Што тут гаварыць з гэтай вандзонкай? І трымае-ж яго нядобрае! (Да Адольфа). А ці пан Адольф жаніцца хочаце?

АДОЛЬФ. Ой, страшэнна хачу. А паньне Паўлінцы замуж хочацца?

ПАЎЛІНКА. Ого, яшчэ і як хочацца!… Калі ўдасца, дык яшчэ і сягоньня можа пайду.

АДОЛЬФ. А я-ж яшчэ з таткам і мамкай вашымі нічога аб гэтым не гаварыў.

ПАЎЛІНКА. Аб чым — аб гэтым?

АДОЛЬФ. Ну, аб тым, я жаніцца буду, а панна Паўлінка замуж ісьці. (Праігрывае).

ПАЎЛІНКА. Ізноў пан дурнем! Ізноў дурнем!

АДОЛЬФ. Гаспадаром… (Раздае карты).

ПАЎЛІНКА. А можа ўжо будзе? Нешта спаць як-бы хочацца. (Зявае, устае і паглядае ў вакно. У старану). А што, калі ня прышоў?

АДОЛЬФ (не расслухаўшы). Хто не пашоў?

ПАЎЛІНКА. Я кажу, каб хаця дождж не пашоў. (З удаванай жаласьцю). Я так жалею, так жалею пана Адольфа, каб не замок, што аж тут нешта трасецца. (Паказывае на грудзі).

АДОЛЬФ. І я так сама панну Паўлінку жалею і цяпер, і потым.

ПАЎЛІНКА. Калі гэта? — потым? Як пан Адольф яшчэ дурня возьме?

АДОЛЬФ. Ды не! Тады, як будзем… як будзем… ну, як гэта сказаць?…

ПАЎЛІНКА. Ізноў скруціў! (Папраўляе). Вось гэтак было, гэтак біць трэба, а я з гэтай хаджу, і пана Адольфа ізной дурань, дурань, дурань!

АДОЛЬФ. Гаспадар!

ПАЎЛІНКА. Усё роўна, хоць, гаспадар, але як карты паказываюць, дык дурань!

АДОЛЬФ. Хай сабе дудзе і так! Цяпер за тое, што панна Паўлінка мяне гэтак абаграла, вазьму ды паеду. (Устае).

ПАЎЛІНКА (з аблягчэньнем, у старану). Сабраўся такі урэшце.

АДОЛЬФ. Дабранач наньне Паўлінцы! Проша чакаць, — я прыеду па канчатак.

ПАЎЛІНКА. Забярэце лепей яго цяпер!

АДОЛЬФ. Каго?

ПАЎЛІНКА. Ды канчатак той.

АДОЛЬФ. А панна Паўлінка ўсё жартуе. (Прашчаецца. Выходзячы, у старану публікі). Вот так на ўсе бакі дзеўка! Адным словам, як сторублёвая кабыла. Гэткая — дыхт для мяне жонка!)

Зьява IX-ая. Паўлінка (адна).

ПАЎЛІНКА (неспакойна). А той можа, хай-бы лепей і ня прышоў! Так усё неяк у сярэдзіне трасецца… І на што гэта я яму абяцала? Лепей было-б пачакаць. Што тут рабіць? (Ходзе ад вакна к вакну і паглядывае). Падшахнула-ж мяне надобрае на згоду прыстаць! (Сумна-весела). А можа ня прыдзе? (Сумна). А калі ня прыдзе, то значыцца ён ужл мяне ня любіць болей. Не, няхай прыдзе лепей, а там, што будзе, то будзе. Трэба паваражыць. (Стукае ў пальцы). Прыдзе, ня прыдзе, ня прыдзе, прыдзе. (Весела). Прыдзе, прыдзе! А цяпер — любіць, ці ня любіць? Ну, гэта трэба на карты паваражыць. (Бярэ і перакідае карты). Любіць, ня любіць, к сэрцу прыжме, к чторту пашле; любіць, ня любіць, к сэрцу прыжме.. (Весела). Так, так, любіць, к сэрцу прыцісьне. Ну, раз карты гэтак паказалі, то трэба зьбірацца. Але муша зперад паслухаць, ць сьпяць старыя. (Ідзе і падслухоўвае ў дзьверах бакоўкі). Сьпяць, ажно храпуць, як-бы суконкі дралі. (Падходзе, глядзіць у вакно, задумываецца). Што тут узяць? Ага, трэба заглянуць у куфар. (Адчыняе куфар, капаецца ў ім; дастае пацеркі і прымярае). Во! гэта дык трэба забраць — так мне з імі да твару ідзе. Ну, сукенку новую таксама трэба ўзяць. Усё гэта зьвяжам у хустку. (Расьсьцілае хустку і складывае свае рэчы). А-а, і чаравічкі мушу забраць, бо ў чым-жа я з ім бегаць буду? Шнуровачку так-жа возьму, бо хто-ж яе будзе тут насіць?… І — і… ужо болей, здаецца, нічога. (Зьвязывае, і ідзе к ложку. Чуваць шорах за вакном! Паўлінка сьціха). Ай хтось там прышоў! (Паглядываючы на публіку). Прышоў мой міленькі, прышоў! Такі карты праўду паказалі. (Ідзе к вакну). Хто там?

ГОЛАС З-ЗА ВАКНА (прыдушаны). Я!… Я!…

ПАЎЛІНКА (углядываючыся ў вакно, у старану). Нічагутанькі ня відаць! Цемната страшэнная! (У вакно). Хто — я?

ГОЛАС. Я!… Я!… Ну, ці-ж не пазнала?

ПАЎЛІНКА. Пачакай мінутку. Вось я зараз. Толькі падушачкі зьвяжу і коўдру.

ГОЛАС. Ды мне нічога ня трэба!

ПАЎЛІНКА. Мала, што ня трэба, а я вазьму: мягчэй будзе спаць. (Хутка ідзе к ложку, зьвязывае падушкі і коўдру ў пасьцілку). Ну, ужо гатова! (Адчыняе вакно, і выкідывае вузлы). Пераймай, а зараз — і мяне! (Да сябе). Трэба з бакоўкі ўзяць верхнюю апратку і хустку, толькі-б хаця-ж старыя не прабудзіліся. (Зьніжае агонь у лямпе і ідзе ў бакоўку. Па нейкім часе выходзіць стуль, адзеўшыся). А цяпер і сябе трэба выкінуць! (Шыбка ідзе к вакну). Чуваць шорах у бакоўцы). Ах нехта ўстаў!

Зьява X-ая. Паўлінка — Сьцяпан.

СЬЦЯПАН (выбягае з бакоўкі, ахінуўшыся коўдрай). Хто тут? Хто тут лазе а паўначы? Альжбета! Альжбета! Хутчэй сюды! (Паўлінка, перахрысьціўшыся, кідаецца ў вакно. Сьцяпан убачыў). Гвалт! Злодзей! (Бяжыць к вакну і хватае Паўлінку за ногі). Альжбета! Скарэй сюды! Стрэльбу хватай!!…

Зьява XI-ая. Паўлінка — Сьцяпан — Альжбета

АЛЬЖБЕТА (выбягае — як сьцяпан — акрыoўшыся коўдрай; уся трасецца). Матачка Найсьвентшая! Што тут робіцца?! (Мацае па сьцяне). Зараз, зараз нясу стрэльбу. (Хватае за гіру ад гадзінніка, з грохатам валіцца са сьяны і разбіваецца). Ай! Што-ж я нарабіла?!

СЬЦЯПАН (трымаючы Паўлінку за ногі, да Альжбеты). Куды цябе немач упёрла? Падкруці хутчэй кнот ды памажы цягнуць!…

АЛЬЖБЕТА (бяжыць к лямпе). Ужо, ужо!

ПАЎЛІНКА (перавесіўшыся праз вакно). Цягні братка, ямчэй!

АЛЬЖБЕТА. (падкруціўшы кнот і бягучы к Сьцяпану), Божухна мой! Гэта-ж Паўлінка! Скуль ты ўзяў таго злодзея?

СЬЦЯПАН. Каханенькая-родненькая, не мялі языком, ды вось памагай цягнуць; там нейкі гад яе за рукі трымае.

ПАЎЛІНКА. Мацней, мацней, браток!

АЛЬЖБЕТА (памагаючы Сьцяпану цягнуць). Што ты, дзеткі, адурэла, ці што? (Сьцягіваюць Паўлінку з вакна на хату).

СЬЦЯПАН. Ты гэта, каханенькая-родненькая, куды манілася ляцець?

ПАЎЛІНКА (апіраючыся рукой аб стол, патупіўшыся). Я!… Я!… хацела замуж ісьці!

СЬЦЯПАН і АЛЬЖБЕТА. Праз вакно?!

ПАЎЛІНКА. А што-ж, калі татка і мамка праз дзьверы ня пускаеце.

Зьява XII-ая. Тыя-ж і Пранцісь — Адольф — Агата.

ПРАНЦІСЬ (бяз шапкі ўваліваецца ў хату, трымаючы за каўнер Адольфа). Собственно, пане добрудзею, злодзея, злодзея злавіў, вось-цо-да.

АГАТА (цягнучы вузлы). А як-жа, тудэма-сюдэма, з гэтымі катомкамі каля вашага вакна капаўся.

ПАЎЛІНКА, СЬЦЯПАН і АЛЬЖБЕТА. Пан Быкоўскі?!…

ПРАНЦІСЬ. А так, так, пане добрудзею. Адольф, Адольф! Злодзей, собсвенно, вось-цо-да!

СЬЦЯПАН (да Адольфа). Дык гэта ты мне хацеў дачку ўкрасьці, зладзюга, каханенькі-родненькі?

АДОЛЬФ (заікаючыся і не разумеючы, у чым рэч). Я.. я… зьбіраўся тут каля саду з дарогі, дык хацеў у панны Паўлінкі запытацца праз вакно, кудой выехаць.

ПРАНЦІСЬ. Собсвенно, злодзей, злодзей! Вузлы з хаты праз вакно павыцягіваў. Можа і шапку маю ўкраў?

АГАТА. Ты зараз, п'яніка, тудэма-сюдэма, і галаву забудзешся. Гэта-ж аж дамоз давалокся і тады толькі агледзеўся, што шапкі забыўся.

ПРАНЦІСЬ. Собсвенно, а баба на што, каб усяго пільнавала. Але злодзея, пане добрудзею, злавіў, злавіў, вось-цо-да.

СЬЦЯПАН (да Паўлінкі). Дык гэта ты, каханенькая-родненькая, за яго хацела замуж уцякаць, як даведалася, што гэнага гада, гэнае плюгаўства за афішкі арыштавалі?

ПАЎЛІНКА (глуха). Божухна мой, Божа! Якімку арыштавалі!!

СЬЦЯПАН (самадавольна). Хе-хе-хе! Ужо гэтае мужыцкае насеньне ня будзе больш нашых сьцежак паганіць.

ПАЎЛІНКА. Якімку арыштавалі! Майго саколіка ненагляднага арыштавалі!

СЬЦЯПАН (да Адольфа). А ты, каханенькі-родненькі, негадзяй, вірутнік з-пад цёмнай гвязды, вон з маей хаты, каб твая і нага тут ня была! Ня мог, як трэба, па хрысьціянску — х сватам, з запаведзямі маю дачку ўзяць, але, як злодзей, хацеў праз вакно вывалачы! Вон! Вон!

АДОЛЬФ. Я… я… толькі хацеў дарогі запытацца…

ПРАНЦІСЬ (разьвязываючы вузлы). Собственно, злодзей, пане добрудзею! Падушкі і сукенкі дзявочыя праз вакно пакраў. К вурадніку, марш! К вурадніку, гіцаль, вось-цо-да!

ПАЎЛІНКА. Якімку арыштавалі! Маю зорачку ясную арыштавалі! (Дзіка). Ха-ха-ха! Зьвяры сьляпыя!!! (Як сноп, валіцца на зямлю. Суматоха. Крыкі: вады! вады!)

ПРАНЦІСЬ. Собственно, пане добрудзею, у мяне ёсьць кроплі. (Дастае з кішэні фляжку і пырска у твар Паўлінцы гарэлкай).

АГАТА (кідаючыся да Пранціся). Тудэма-сюдэма, ашалеў…

СЬЦЯПАН (панура). Каханенькія-родненькія, дзьве дзюркі ў носе, і скончылося!

Заслона.

КАНЕЦ.

Акопы, 3.V, 1912 г.