Перайсці да зместу

Паўлінка (1913)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Паўлінка
П’еса
Аўтар: Янка Купала
1913
Іншыя публікацыі гэтага твора: Паўлінка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




"Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ".

ПАЎЛІНКА.

Сцэны изъ шляхоцкаго жыцьця

у 2-х актах.

Янкі Купалы.

Пецярбург. 1913.

Янка Купала.


ПАЎЛІНКА.

Сцэны із шляхоцкаго жыцьця

у двух актах.

ПЕЦЯРБУРГ 1913

На арыгінале напісана:

Къ представленію дозволено за № 15679.

С.-Петербургъ 23 ноября 1912 года.

За цензора драматическихъ сочиненій

Ребровъ.


ПАЎЛІНКА.


Асобы:

СЬЦЕПА́Н КРЫНІ́ЦКІ — засьценко́вы шляхціц 45 г.

АЛЬЖБЕ́ТА — яго́ жо́нка . . . . . . . . . 40 -

ПАЎЛІ́НКА — дачка́ Крыні́цкіх . . . . . . 19 -

ПРАНЦІ́СЬ ПУСТАРЭ́ВІЧ — свая́к Крыні́цкіх. 50 -

АҐА́ТА — яго́ жо́нка . . . . . . . . . . 43 -

ЯКІ́М САРО́КА — вучы́цель . . . . . . . . 25 -

АДО́ЛЬФ БЫКО́ЎСКІ . . . . . . . . . . . 24 -

ГО́СЬЦІ — МУЗЫ́КІ.

Рэч адбыва́ецца ў на́шы дні ў ха́це КРЫНІ́ЦКІХ.


АКТ I - шы

- - - - -


Абшы́рная сьвятлі́ца. На пра́ва ад пу́блікі — во́кны ў сад, бліжэ́й к арке́стру — стол, каля стала́ — ла́вы і табурэ́цікі, над стало́м — віся́чая недарага́я ля́мпа, на сьцяне́ — абразы́. На ле́ва дзьве́ры ў се́нцы, бліжэ́й к арке́стру — ку́фар. Напро́ць — сьцена́ і дзьве́ры ў бако́ўку /камо́рку/; спра́ва пры сьцяне́ ад бако́ўкі — ло́жак засла́ны ко́ўдрай, у галава́х вы́сака накла́дзена паду́шак; на ле́ва — ў кутку́ — печ, на сьцяне́ стрэ́льба, старасьве́цкі з гі́рамі гадзі́ннік і не́колькі лу́бачыных малю́нкаў.

Час: асе́нні ве́чэр пе́рэд Пакро́вамі.


- - - - - -


ЗЬЯВА I - ая.

ПАЎЛІНКА /адна́/.


Стро́йная і досьць прыго́жая дзяўчы́нка. Адзе́ўшыся ў недарагу́ю крамні́ну, але́ чы́сьценька; бяз ху́сткі, — ў валаса́х ко́лькі грэбе́ньчыкау. Сядзі́ць на ло́жку і пі́льна шые кра́мны кафта́нік. Як падыйма́ецца засло́на — Паўлі́нка пяе́.


Ой пайду́ я лу́гам, лу́гам,
Дзе мой мі́лы арэ́ плу́гам;
    Ой пайду́ я лу́гам, лу́гам!

Ён арэ́ць по́ле вала́мі,
А я пла́чу ўсё сьлеза́мі;
    Ён арэ́ць по́ле вала́мі.

    /Перэста́ўшы пець/.


Э-э! штось не пяе́цца сяго́ння. Не́як сэ́рцэйка трасе́цца, я́кбы хто яго́ зне́ўціку перэпужа́ў. А мо' гэ́та пе́сьня вінава́та. Даліпа́нтачкі, анія́к не магу́ сама́ с сабо́й да ла́ду прысьці́. А ну, на шча́сьце зачну́ другу́ю. Яку́ю-ж бы тут? Ага́!.. /Пяе́/.


Дый чаго́-ж ты, дуб зялё́ны,
        Пахіна́ешся?
Дый чаго́-ж ты, мой міле́нькі,
        Задумля́ешся?


/Пяючы́ патхо́дзе к вакну і пагледа́е, пасьля́ ізно́ў садзі́цца/. А ўсё́ такі́ не́шта не ціка́ва на сэ́рцы. І чаго́ яму́ бе́дненькаму не стае́? Піць і е́сьці, дзя́каваць Бо́гу хвата́е; ча́сам та́тка дае́ гро́шы і на суке́нкі… Чаго́, чаго́, здае́цца, тут хаце́ць?.. Ох, ох, я́кжэ марко́тнінька! Прост, хоць зьбіра́й мана́ткі ды йдзі ў про́чкі с ха́ткі. Ужо́ вечарэ́е: за́раз ня бу́дзе як шыць, а трэ́ба сяго́ння кане́шне ко́нчыць. За́ўтра Пакро́вы… у Міха́лішках кірма́ш… Эх, эх! каб хаця той прышо́ў, каго́ так хо́чацца сяго́ння паба́чыць. /Садзі́цца пры вакне́ і пачына́е ізно́ў шы́ючы пець/.


Ой, ляце́лі гу́сі дый над Белайру́сю,
Се́лі яны́, па́лі на сівым Дуна́ю!

Се́лі яны́, па́лі, ваду́ замуці́лі,
Дый нас маладзе́нькіх з сабой́ разлучы́лі.

Бада́й тые гу́сі ма́рне запрапа́лі,
Як мы любілі́ся — цяпе́р перэста́лі.


/Паглядзе́ўшы ў вакно́/. Ну, ўжо німа́ як саўсі́м без агню́ шыць! За́раз трэ́ба запалі́ць ля́мпу. Цямне́е і цямне́е, но́чка набліжа́ецца, а яго́ як німа́, так німа́! А шчы́ра абеца́ўся шэ́льма напэ́ўна прыйці́. /Шука́е запа́лак і запа́лівае ля́мпу/. І што гэ́ты та́та да яго́ ма́е? С таго́ часу, як даве́даўся, што ён на мяне́ мі́лым во́кам пагледа́е, — ўсё ро́ўна, як чо́рная ко́тка між і́мі перабе́гла. Ён то нічо́га, а́ле та́та дык жыўцо́м-бы яго́ зьеў. Ну, а́ле та́та сваё́, Які́м сваё́, а я - сваё́. Паглядзі́м, чый верх бу́дзе: та́ткаў, ці мой, ці яго? /Паду́маўшы/. Каза́ў пры́дзе сяго́ння, каб там і лі́ха гарэ́ла. "Трэ́ба, ка́жэ, сяку́ю, ці таку́ю зрабі́ць пастано́ву. Мы, ка́жэ, ня дзе́ці, - ма́ем свой ро́зум і мо́жэм сабой пакірава́цца. То́лькі ты, ка́жэ, Паўлі́нка, паві́нна на гэ́та прыста́ць кане́шне, бо іна́чэй, ка́жэ, згі́нем, як руды́е мы́шы". /Уско́чыўшы/. Ай! не́хта ідзе́. Ён, ён, напэ́ўна ён!!


ЗЬЯВА II - ая.

ПАЎЛІНКА - ЯКІМ.


ЯКІ́М. Вось і я - як тыт быў! До́бры ве́чар я́сьне-пе́кнай па́нне Паўлі́нцэ. Што, зо́латцэ маё́ ненагля́днае, прачэка́лася тро́хі мяне́, ненаві́стніка? /Гля́нуўшы на бакі́/. А ці ніко́га німа́? /Гаво́ручы, падбліжа́ецца к Паўлі́нцэ, віта́ецца і хо́чэ абня́ць яе́/.

ПАЎЛІНКА (/баро́нючыся/). Ой, ой! пама́лу. Ўсе́ до́ма, ўсе́ до́ма. То́лькі ў Які́ма на ўсе́ до́ма, бо по́-начы хо́дзе да малады́х дзеўча́т. Даду́ць, даду́ць за́раз пы́тлю стары́е. /Ту́паючы наго́й/. Пазвале́нне ёсьць гэ́так по́зна прыхо́дзіць?

ЯКІМ (/садзячы́ся/). Ёсьць, ёсьць, мая́ ты сакату́шка, шчэбяту́шка! Кажы́ то́лькі хутчэ́й, галу́бка мая́ бязкры́лая: та́та твой до́ма, ці не? Бо-ж сама́ ве́даеш, яка́я ў нас з ім страшэ́нная лю́басьць.

ПАЎЛІ́НКА (/садзючы́ся за шыцьцё́/). Ой, чаму́-ж ня ве́даю: як між като́м і саба́кай, якра́з. А́ле, а́ле сьме́ла будзь, як у Бо́га пад пры́печкам. Пае́халі або́е на торг і пэ́ўне по́зна ве́рнуцца, бо ма́юць тро́хі сяго́-таго́ да прада́ння, і маня́цца сякі́е-такі́е зрабі́ць паку́пкі. Ба́чаш, за́ўтра ма́е быць тро́хі гасьце́й с кірма́шу.

ЯКІМ. Та-а-к! Зна́чыцца, тым кшта́лтам, вечары́нка бу́дзе.

ПАЎЛІНКА. Так, так! Вечары́нка быць то бу́дзе, а́ле ня ўсе на ей бу́дуць.

ЯКІМ. Эх, Паўлі́нка! Ты ўсё́ сваё́; мне і так го́рка на душы́, я́кбы хто там палы́н засеяў, а ты ешчэ́ прыты́чкамі сваі́мі со́ліш. Вазьму́ на злосьць ды прыду́. Што-ж яны́ са мно́ю зро́бюць?

ПАЎЛІНКА. Зрабі́ць то нічо́га ня зро́бюць, а́ле і ты сам нічо́га ня зро́біш, а то́лькі праро́біш...

ЯКІМ (/ро́бючы паперо́су/). Ці я́сьне-панна Паўлінка пазво́ліць мне закуры́ць пры ёй?

ПАЎЛІНКА. Ого, скуль така́я даліка́тнасьць? Рука́м каля дзяўчы́ны дае́ во́лю без пыта́ння, а як паперо́ску закуры́ць, дык пазвале́ння про́сіць. Не пазваля́ю за то́е, вось і ўсё тут!

ЯКІМ. А я закуру́.

ПАЎЛІНКА. А я не дам! /Кіда́е шыцьцё́ і хо́чэ адабра́ць паперо́су. Не́йкі час ту́заюцца, бе́гаюць адно́ за адны́м па ха́це і няўмы́сьле раскіда́юць на ло́жку паду́шкі/.

ЯКІМ (/бе́гаючы/). Ну, ўжо́ го́дзе, го́дзе, Паўлі́нка! Бо́лей нічо́му без твайго́ пазвале́ння дава́ць во́лі ня бу́ду.

ПАЎЛІНКА. Ну, калі́ так, то зго́да! /Садзя́цца: Які́м ку́рэ, Паўлі́нка шы́е/.

ЯКІМ (/памаўча́ўшы/). Паўлі́нка!

ПАЎЛІНКА. Га! Ці пан Які́м забы́ўся, як я заву́ся?

ЯКІМ. Ды не! Я хаце́ў-бы, зо́латцэ, сур'ё́зна с табо́й пагавары́ць.

ПАЎЛІНКА. І-і!!! Ве́даю я гэ́тые сур'ё́знасьці. Перш-на-перш бу́дзе, ці я люблю́, пасьля́ - ці ве́льмі мо́цна, а пасьля́, ці гато́ва ўсё́ чы́сьценька зрабі́ць, што чэрнабры́вы Які́м захо́чэ, а там, а там і пае́хала, як на непадма́заных калё́сах... Ці-ж не праўда?

ЯКІМ. Пра́ўда, то пра́ўда, а́ле ўсяму́ му́сіць быць кане́ц.

ПАЎЛІНКА. Ну, дык слу́хаем, вашэ́ці. А вось мо́жэ і но́вую пе́сеньку нам сьпяіцё́. Адно́ то́лькі за ўмо́вай: або́ на́дта вясёлую, вясёлую, каб аж ляво́ніху захаце́лася ісьці́, або таку́ю су́мна-су́мненькую, што вы́слухаўшы яе́ - раз, два, ды бухты́ль у вір галаво́ю! вось так! /Пака́зывае і чуць не ва́ліцца; Які́м патхо́плівае і са́дзіць на ла́ве/.

ЯКІМ. Гэ́та бу́дзе ат цябе́, маё́ ты со́нейка, зале́жыць. Як захо́чэш - такая і пе́сенька вы́йдзе: або́ вясё́лая, ра́дасная, я́кбы са́мое не́ба я́сное, або́ су́мная, гаро́тная, як асе́нніе хма́ры над гэ́тай зяме́лькай чо́рнай. /Памаўча́ўшы/. Эх, эх! І даку́ль-жэ ўсё́ гэ́та бу́дзе цягну́цца. Даку́ль, як сухаве́й, сушы́ць і му́чыць нас бу́дзе?

ПАЎЛІНКА (/жартаблі́ва/). То́лькі не нас, а мяне́ трэ́ба гавары́ць. Мне ду́жа до́бра, ве́села, і так лё́ганька, лё́ганька на сэ́рцы, што...

ЯКІМ (/с даса́дай/). Паўлі́нка!

ПАЎЛІНКА (/закрыва́ючы гу́бы руко́й/). Ну, ну, ўжо́ маўчу́... як нема́я ры́ба.

ЯКІМ (/якбы сам да сябе́/). Калі́, калі́ ўжо́ надо́йдзе та́я часі́нка, што нас злу́чыць на ве́кі і мы ўжо́ ніко́лі не разста́німся? Калі? Калі?..

ПАЎЛІНКА. Ха-ха-ха! На сьвято́е ніко́лі. Ве́льмі ўжо́ та́тка мой зае́ўся на цябе́ с таго́ ча́су, як даве́даўся, што мы с табо́й злюбі́ліся. Ну, а без та́ты гэ́ты інтэ́рас нала́дзіць бу́дзе ве́льмі тру́дна.

ЯКІМ. Тру́дна, то яно́ тру́дна, а́ле німа́ таго́ зло́га, каб ня вы́шла на до́брае. Хоць-бы прыме́рам мы с табо́й так зрабі́лі: вы́браўшы падхадзя́чую часі́ну, калі́ стары́ бу́дзе ня ў зло́сьці, узялі́ся с табо́й за ру́кі, падышлі́ к яму́, укле́ньчылі і сказа́лі: так і так, наш до́бры ба́цячка, — я люблю́ Паўлі́нку, а я люблю́ Які́мку — ве́льмі-ве́льмі мо́цна так, што і жыцьця́ нам аднаму́ без аднаго́ німа́шака, ну, дык супако́йце на́шы сэ́рцэйкі: да́йце нам пазвале́нне узя́ць ды пажані́ціся…

ПАЎЛІНКА. Э-э!!. Не туды́, мой ты дурне́нькі Які́мка, паехаў! Уе́дзеш гэ́так у не́рат, што ні ў зад, ні ў пе́рад. Каб гэ́та е́шчэ то́лькі з ма́мкай, то яно́ сяк так, як табе́ не раз я і каза́ла, а́ле з стары́м дык чы́стая беда́, настая́шчае го́рэ. Хоць ты яму́ кол на галаве́ чашы́, дык нічо́га ня вы́дзяўбеш. «На паро́г, кажэ, каб і не ва́жыўся пака́зывацца; мазгауню́, ка́жэ, га́ду пашчэпа́ю»! Вось і рабі́ з ім што хо́чэш! Каб мог, дык на пе́ршай асі́не паве́сіў бы цябе́. Ну, і гдзе-ж у такі́м ра́зе набра́цца сьме́ласьці, ісьці́ кле́ньчыць пе́рад ім і прасі́ць пазвале́ння… Зада́сьць тако́га пы́тлю і табе́, і мне ра́зам, што і жані́цьба ў галаву́ не пале́зе.

ЯКІМ. Так, то яно́ так! Але я не́як усё́ ешчэ́ надзе́і не тра́чу, — ану́-ж атпу́сьціцца. Быў-жэ такі час, што мяне́ любі́ў, ды на́ват у бядзе́ то тады́, то сяды́ памага́ў.

ПАЎЛІНКА. Быў час, а́ле вадо́ю сплыў. Памага́ў паку́ль не ўба́чыў, што трэ́ба і дачко́й памагчы́, а як да гэ́таго ста́ла дахо́дзіць, вось у ім і адазва́лася шляхо́цкая фанабэ́рыя. Другу́ю пе́сьню цяпе́р пяе́. Нож то́чыць… во́стра нож то́чыць ро́дны мой та́тка на таго́, каго́ сам калі́сь любі́ў і каго́ я палюбі́ла… /Устаючы́, го́рача/. І па ве́кі ве́чные любі́ць бу́ду. /Ідзе́ папраўля́е паду́шкі, за ёй — Які́м, абыма́е і садзя́цца абня́ўшыся або́е на ло́жку/.

ЯКІМ (/памаўча́ушы, ла́скава/). Паўлі́нка!

ПАЎЛІНКА (/сьмяючы́ся/). Ізно́ў забы́ўся, як заву́ся?

ЯКІМ. А ты ізно́ў сваё́… Слу́хай, мі́ленькая: ці ты наду́малася зрабі́ць то́е, аб што я цябе́ надо́вічы прасі́ў і малі́ў. Сама́-ж ты, зо́латцэ, каза́ла мне не раз і цяпе́р ка́жэш, што та́тка твой ні на які́е про́сьбы ня зго́дзіцца. Зна́чыцца, сама́ до́бра разуме́еш, што і́ншаго вы́хаду для нас нема́шака. А гэ́так, як я каза́ў, бу́дзе найле́пей. Ці то мы бу́дзем пе́ршые, а́бо апо́шніе. Я́нка Лукашо́нак з сваей Зо́сяй так зрабі́лі, Ігна́сь Маняко́ўскі — з свае́й Даміні́сяй, ды і шмат хто… Бацькі́ спача́тку пазлую́ць, пазлую́ць тро́хі і атпу́сьцяцца, — ве́дама ба́цькаўскае сэ́рцэ. Вось мы с табо́й, мі́ленькая, такі́м пара́дкам са́мі сабе́ шча́сьце збуду́ем і нічые́й ла́скі прасі́ць ня бу́дзем. Адно́, абы́ твая́ зго́да і ўсё́ бу́дзе до́бра. Я ўжо, прызна́цца табе́, гавары́ў с папо́м. Ён за́ўтра прыежджа́е ў Міха́лішкі імшу́ атпраўля́ць, і заначу́е ў вако́ліцы. Ну, а мы к яму́.. раз, два і гато́ва.

ПАЎЛІНКА. Ду́маць, то я ду́мала, а́ле не́як стра́шна. Мо́жэ-б было ле́пей, каб е́шчэ тро́хі пачэка́ць, а то так ско́ра, ра́птам… Хто сьпяшы́ць, той людзе́й сьмяшы́ць.

ЯКІМ. Яка́я ты нядо́брая, Паўлі́нка. Ты за́раз — стра́шна, стра́шна, пачэка́ць, пачэка́ць! Гэ́так і ўсю́ сваю́ мо́ладасьць пачэка́нкамі перэчэка́ем. А так гэ́та дачэ́снае жыцьцё́ мо́жна до́бра нала́дзіць, так до́бра, абы́ то́лькі ахво́та ў нас была́ ды вытрыва́лась.

ПАЎЛІНКА. А што - калі́ зло́вюць? Гэ́та-ж я ня вы́жыву з со́раму, лю́дзі во́чы вы́бяруць, не́льга бу́дзе на сьвет паказа́цца. Цяпе́р і то ко́лькі ўся́кай брыды́ ўслу́жлівые сусе́дзі і сусе́дкі на нас ве́рнуць, а што і гавары́ць тады́, як нам гэ́та "Бог наш уце́чка" не ўда́сца.

ЯКІМ. Ня бо́йся, зо́латцэ, ня зло́вюць! Усё́ по́йдзе гла́дка. Заўтра у нас вечары́нка; по́сьле вечары́нкі ўсе́ бу́дуць спаць мо́цна так, што хоць з гарма́таў стрэля́й - нічо́га не пачу́юць. Я ўсё́ акура́тна прыгату́ю, ты то́лькі зьвя́жэш у клу́мак што патрабне́йшае, а там праз мо́мант - і ты мая́ на ве́кі ве́чныя.

ПАЎЛІНКА (/ні́бы са зло́сьцю/). Не я твая́, а ты мой на ве́кі ве́чные!

ЯКІМ. Ну, хай бу́дзе, як Со́ра каза́ла; але гэ́та то́лька тады́ ў нас вы́йдзе, калі́ ты прыста́неш на то́е, аб што я цябе́ прасі́ў і прашу́.

ПАЎЛІНКА (/паду́маўшы, сьмяючы́ся/). Ну, зго́да да... за́ўтрашняго дня, а там паба́чым.

ЯКІМ (/павесяле́ўшы/). І даўно́ ўжо́ трэ́бало гэ́так сказа́ць, мая́ ты кве́тачка ма́йская. Заўтра ве́чэрам, як то́лькі ўсе́ паўклада́юцца, - я ўжо́ ў са́дзе пад вакно́м бу́ду на цябе́ чэкаць. Ты вако́нцэ атчы́ніш, ла́хі пат па́хі ды скаке́ль с ха́ты ў сад, як пяту́х!..

ПАЎЛІНКА. Гэ́та ты, як пяту́х, а я, як...

ЯКІМ (/перэпыня́ючы/). Як ку́рыца.

ПАЎЛІНКА. Ня ку́рыца, а як зязю́лька.

ЯКІМ. Як зязю́лька, праз вакно́ фырр! а пяту́х цап. а поп крапі́лам пырсь! а там...

ПАЎЛІНКА (/сьмяючы́ся/). А там ізно́ў фырр!.. /Разма́хівае рука́мі і хо́чэ вы́рвацца. Які́м мацне́й прыціска́е яе́ к сабе́ і хо́чэ вы́рвацца. Які́м мацне́й прыціска́е яе́ к сабе́ і хо́чэ пацалава́ць; яна́ ні́бы баро́ніцца, а пасьля́ хвата́е яго́ за шы́ю, і до́ўга го́рача цалу́юцца.

ЯКІМ. Ох, каб гэ́так ўсё́ жыцьцё́ і ко́жную міну́тку.

ПАЎЛІНКА. Ого! Разла́саваўся!.. Аско́му наго́ніш, паку́ль ахво́ту спаго́ніш. /Прыслу́хаўшыся/. Ой! Не́дзе турко́чэ! Ці ня е́дуць то́лькі на́шы с то́ргу.

ЯКІМ (/прыслу́хаўшыся/). Такі́-ж не́хта е́дзе.

ПАЎЛІНКА (/су́мна/). Зна́чыцца, Які́мка, трэ́ба ўжо́ табе́ рабі́ць фырр!

ЯКІМ (/устаючы́, с уздо́хам/). Нічо́га не пара́дзіш - трэ́ба!.. Ой, гэ́тые бацькі́! І чаму́ гэ́та ня ро́дзіцца на сьвеь до́чкі без бацько́ў!..

ПАЎЛІНКА (/устаючы́/). Ах, чуць не забы́лася. Ці прынё́с мне то́е, што абеца́ўся?

ЯКІМ. А я́кжэ, прынё́с, маё́ ты зо́латцэ. /Дастае́ с кішані́ фатагра́фію і аддае́ Паўлі́нцэ/.

ПАЎЛІНКА (/прыгледа́ючыся к фатагра́фіі, ве́села/). Вот так до́бра! Заме́ста аднаго́, ма́ю ўжо́ двух: аднаго́, што сам хо́дзе да дзеўча́т і рука́м во́лю дае́, а друго́га, што трэ́ба насі́ць за… па́зухай. /Сьмяе́цца/.

ЯКІМ (/любу́ецца е́ю, хвата́е і цалу́е/). Ах ты, зязю́лька мая́ ненагля́дная!

ПАЎЛІНКА (/баро́нючыся/). Ну, ну, пятушо́к! Не гарачы́ся; пасьпе́еш с ко́замі на торг. /Выпіха́ючы Які́ма с ха́ты/. Марш да до́му! Раз, два, тры!..

ЯКІМ (/у дзьвера́х/). По́мні, Паўлі́нка — за́ўтра!.. /Выхо́дзе/.


ЗЬЯВА III-ая.

ПАЎЛІНКА /адна́/.


ПАЎЛІНКА (/папраўля́е ло́жак, пасьля́ прыгледа́ецца к фатагра́фіі, цалу́е яе́ і хава́е за па́зуху. Прыціска́ючы гру́дзі рука́мі/.). А што, сма́чна? Цё́пленька?.. Га?.. Каля́ са́маго сэ́рцэйка дзяво́чаго… Пэ́ўне чу́еш, як яно́ бе́дненькае трапе́чыцца. Вы́гадна табе́ тут, як нідзе́, ніко́му!.. А́ле не, не! Гэ́так не выпада́е. Ешчэ́ тро́хі по́рана... По́сьле за́ўтра - друга́я рэч. А цяпе́р... /Ідзе к абразу́/. пасядзі́ лепш, сако́лік, за абра́зікам. Се́дзючы гэ́так у Бо́га за плячы́ма, ме́ней бу́дзеш мець грэ́шных ду́мак у галаве́, чы́мся пе́сьцючыся тут /Пака́зывае/ за па́зухай у маладо́й дзяўчы́ны. /Напева́ючы патхо́дзе к сьцяне́, хава́е фатаграфі́ю за абра́з і, як у нічы́м не быва́ла, садзі́цца за шыцьцё́/.


Дый чым-жэ твая́, дзе́ванька,
Гало́ўка заня́та? /і т. д./.


ЗЬЯВА IV-ая.

ПАЎЛІНКА - СЬЦЕПА́Н - АЛЬЖБЕ́ТА.


СЦЕПАН (/пьянава́ты, ўхо́дзе з Альжбе́тай з се́нцаў і прыпева́е/).


Дзе мы е́дзем, дзе мы йдзё́м, -
    Карчмы́ не міна́ем;
Дзе зае́дзем, дзе зайдзё́м, -
    Там і пагуля́ем.


АЛЬЖБЕТА (/кладучы́ паку́пкі на ку́фар і раздзева́ючыся, да Сьцепа́на/). Не сьмяшы́ ты людзе́й. Калі патпі́ў, дык ляж спаць!

СЬЦЕПАН. Маўчы́, ба́ба!.. Ты, каха́ненькая, ро́дненькая, нічо́га не разьбіра́еш... Валасы́ до́ўгіе, а ро́зум каро́ткі. /Прыпева́е/.


Ой, там на гарэ́
Мужы́к жо́нкай арэ́,
А друга́я падбега́е:
"Запражы́-ж ты мяне́".


/Хо́чэ абня́ць Альжбе́ту/.


АЛЬЖБЕТА (/атпіргну́ўшы/). Ах, ты гніла́я качары́жка! Ешчэ́ можэ табе́ чаго́ захо́чэцца...

СЬЦЕПАН (/выкру́чываючы нага́мі/).


Дзед боб малаці́ў,
Ба́ба падсева́ла...


ПАЎЛІНКА. Та́та! Ды кі́ньце ўжо́!.. Ось, ле́пей разьдзева́йцеся, ды мо́жэ чаго́ зьясьцё́.


СЬЦЕПАН. А мо́жэ гэ́та і до́бра, каха́ненькая, ро́дненькая... Каб так кі́слай ды гара́чай капу́сты... /Скіда́е апра́тку і кладзе́ на ку́фар/.


Скі́ну бу́рку, скі́ну бо́ты,
    Дый надзе́ну ла́пці;
Ко́жны ду́рэнь, ці разу́мны -

    Пан у свае́й ха́це.


/Садзі́цца за стол/.

ПАЎЛІНКА (/кі́нуушы шыцьцё́ на ло́жак, да Альжбе́ты/). Ма́мка, даста́ньце с ку́фра насто́льнік, а я прынясу́ чаго́ вам зье́сьці. /Выхо́дзе/.


ЗЬЯВА V-ая.

СЬЦЕПАН - АЛЬЖБЕТА.


АЛЬЖБЕТА (/дастаючы́ насто́льнік с ку́фра/). С кім ты гэ́так наму́рзаўся?

СЬЦЕПАН (/заку́рываючы лю́льку/). Я і с тым, я і с сім, а ты, каха́ненькая, ро́дненькая, згада́й с кім?

АЛЬЖБЕТА. А не́мач цябе́ ве́дае - с кім?

СЬЦЕПАН. Ці-ж я не каза́ў, што у цябе́ тут /То́ркаючы сабе́ па́льцам у лоб/ ня ўсе́ до́ма. А́ле слу́хай: З зя́цем!

АЛЬЖБЕТА (/зьдзіві́ўшыся/). З зя́цем?!

СЬЦЕПАН. Так, так, каха́ненькая, ро́дненькая. Хто з сва́там, хто з сва́цей, а як Сьцепа́н Крыні́цкі дык з ро́дным зя́цем.

АЛЬЖБЕТА (/накрыва́ючы стол/). Такі́ пра́ўду ка́жуць, што гарэ́лка людзе́й с по́ля зво́дзе. Калі́-ж ты ўсьпе́ў яго́ нажы́ць?.. Дачка́ ешчэ́ за́муж ня вы́шла, а ба́цька ўжо́ зя́ця ма́е!

СЬЦЕПАН. Калі́ не ма́ю цяпе́р, дык бу́ду мець у чацьве́р. Гэ́та, ба́чыш, ё́н ешчэ́ то́лькі зьбіра́ецца падма́зацца к на́шай Паўлі́нцэ; ну, а каб сьлізчэй усё́ пайшло́, дык перш мяне́ ё́н падма́заў.

АЛЬЖБЕТА (/садзі́цца/). Так-бы і каза́ў адра́зу. А хто-ж гэ́та такі́?

СЬЦЕПАН. Адо́льф Быко́ўскі!

Э-э! Я ду́мала, хто там!.. Ажно́ нічо́га лю́дзкаго. То́лькі е́зьдзе ды ню́хае, яка́я дзяўчы́на паса́гу больш ма́е, а сам дык го́лы, як бізу́н.

СЬЦЕПАН. Паса́г ню́хае, бо нос ма́е. А́ле ўсё́ такі́ гэ́та для нас блін ды ешчэ́ ма́слам падма́заны. Ён сам мне, каха́ненькая, ро́дненькая, хвалі́ўся, што яго́ гаспада́рка ў сто раз ле́пшая ад усі́х тутутэ́йшых гаспадаро́ў. За аднаго́ каня́ то́лькі, каза́ў, заплаці́ў сё́лета тры со́тні. «На гэ́тым-жэ» кані́, ка́жэ, за́ўтра к васпа́нству зае́дуся с кірма́шу". /Ма́цаецца па кішэ́нях, сам сабе/. Дзе-ж бы яна́ падзе́лася. /Да Альжбе́ты/. Ты, ба́ба, не бачыла кні́жкі, што я купі́у сяго́ння? Дзе яна прапа́ла?

АЛЬЖБЕТА. А што я пасту́шка над тваі́мі кні́жкамі. Прапі́ў мо́жэ з гэтым сваі́м зя́цем.

СЬЦЕПАН (/ідзе́ к ку́фру, нахо́дзе ў бу́рцэ кні́жку і кладзе́ яе́ за абра́з, дзе Паўлі́нка палажы́ла фатагра́фію/). Каха́ненькая, ро́дненькая, ня ду́май, што я яку́ю дрэ́нь вы́браў сабе ́ на зя́ця. За́ўтра ён прые́дзе, паглядзі́ш, дык адра́зу што друго́е запяе́ш. Адны́м сло́вам, хлапе́ц: шляхо́цкаго заво́ду, з ры́зыкай, з уся́кай дэліка́тнасьцяй і ўсё́ тако́е...


ЗЬЯВА VI-ая.

ПАЎЛІНКА - СЬЦЕПАН - АЛЬЖБЕТА.


ПАЎЛІНКА (/ўхо́дзючы з мі́скай, з лы́жкамі і хле́бам пат па́хай/). Аб кім гэ́та, та́тка, гаво́рыце, што ма́е ўся́кую дэліка́тнасьць і ўсё́ тако́е?

СЬЦЕПАН (/ядучы́/). Ве́льмі выспа́нна ціка́вая! Ско́ра саста́рышся, каха́ненькая, ро́днінькая, як усё́ бу́дзеш ве́даць.

ПАЎЛІНКА (/про́сючы/). Скажэ́це, скажэ́це, та́тачка!

СЬЦЕПАН. Ага́, ні се́ла, ні па́ла, захаце́ла ба́ба са́ла. Калі́ ўжо́ табе́, каха́ненькая, ро́дненькая, так хо́чэцца, дык скажу́. /С пава́гай/. Зна́кам тым, гэ́та пані́ч з дэліка́тнасьцяй і с уся́кім такі́м - мой зяць.

ПАЎЛІНКА (/пы́рснуўшы стме́зам/). Зяць!!.

СЬЦЕПАН. Зна́кам тым, ён не саўсі́м ешчэ́ зяць, а́ле ско́ра на яго́ вы́кіруіцца.

ПАЎЛІНКА. А я́кжэ ґо́днасьць гэ́таго... гэ́таго, ну як яго́... што не́калі та́тавым зя́цем зро́біцца.

АЛЬЖБЕТА. Ды гэ́ты-ж, гэ́ты... Ты пэ́ўне яго ба́чыла не́калі... Адольф Быко́ўшчык.

ПАЎЛІНКА. Быко́ўшчык!!.

СЬЦЕПАН. Але́, Але́! Пан А́дольф Быко́ўскі.

ПАЎЛІНКА. Ну, хі́ба, та́тка, для яго́ друго́й дачкі́ пастара́ецеся, або́ са́мі з ім адэ́ніцеся, каб перэрабі́ць яго с про́стаго чэлаве́ка на свайго́ зя́ця.

СЬЦЕПАН. А ты што? - Зло́мак?

ПАЎЛІНКА. Зло́мак - ня зло́мак, а́ле і за лама́ку не пайду́.

СЬЦЕПАН. А дзя́га на што?

ПАЎЛІНКА. Зло́мак - ня зло́мак, а́ле і за лама́ку не пайду́.

СЬЦЕПАН. Каха́ненькая, ро́дненькая, ешчэ́ пагля́дзім, дзе каго паса́дзім.

АЛЬЖБЕТА (/ядучы́, да Сьцепа́на/). Еш вот ле́пей, чы́мся с пусто́га ў паро́жняе перэліва́ць. Як прые́дзе сва́тацца, тады́ то́е і бу́дзе.

ПАЎЛІНКА. Та́тка ве́даеш не сяго́ння, за каго́ я то́лькі пайду́, або́ за ніко́га.

СЬЦЕПАН (/зьмяні́ўшыся, кі́даючы лы́жку аб стол/). Што?!. За каго?..

ПАЎЛІНКА (/устаючы́ і ідучы́ к ло́жку/). За каго́? - За Які́ма!

СЬЦЕПАН (/сту́каючы кулако́м па стале́/). Маўчы́, га́даўка! Раз сказа́ў, каб гэ́таго шэ́льмы і зва́ння не было́ у мае́й ха́це, каб яго́ іме́ні я ня чуў ні́колі... гэ́таго недавя́рка, гэ́таго... гэ́таго забасто́ўшчыка. Дык і не забыва́йся аб гэ́тым, каха́ненькая, ро́дненькая.

ПАЎЛІНКА (/з даса́дай/). На што дарэ́мшчыну вясьці́. Ён ніко́му нія́кай забасто́ўкі не рабі́ў і ня ро́біць.

СЬЦЕПАН (/заку́рываючы са зло́сьцю лю́льку/). А чорт яго́ бяры́, ня тут успаміна́ючы, - рабі́ў, ці не рабі́ў! Знаць і ве́даць не хачу́ яго́ ў свае́й ха́це, гэ́таго хаму́йлу, гэтае палюґа́ўство.

АЛЬЖБЕТА. Прыбіра́й, Паўлі́нка, ўжо́ са стала́!

ПАЎЛІНКА (/кі́нуўшы на ло́жак шыцьцё́ і ідучы́ к сталу́/). А даўно́ гэ́та, та́тка, сам з ім цалава́ўся?

СЬЦЕПАН. Каха́ненькая, ро́дненькая, ня лезь у во́чы. А не, то вон с ха́ты і цябе́ з гэ́тай дрэ́няй вы́ганю.

/Паўлі́нка ідзе́ з мі́скай к дзьвера́м; неўспадзе́ўкі дзьве́ры атчыня́юцца, ўва́ліваецца ў ха́ту пья́ны Пранці́сь Пустарэ́віч, за ім - яго́ жо́нка. Пранці́сь няумы́сьле выбіва́е мі́ску ў Паулі́нкі/.

ПАЎЛІНКА. Ай! Што-ж гэ́та, дзя́дзька, зрабі́лі?


ЗЬЯВА VII - ая.

ПАЎЛІНКА - СЬЦЕПАН - АЛЬЖБЕТА - ПРАНЦІСЬ - АҐАТА.


ПРАНЦІСЬ. Ґлу́пство, ґлу́пство, па́не добрудзе́ю. Пахвалё́ны Е́зус. Со́бственно, атку́пім, атку́пім, вось-цо-да!

СЬЦЯПАН і АЛЬЖБЕТА. На ве́кі!..

АЛЬЖБЕТА. А мае́-ж вы, ро́днінькіе. Ці-ж гэ́та вы ўсё́ ешчэ́ з ры́нку е́дзеце. Здае́цца-ж, ране́й за нас вы́ехалі?

ПРАНЦІСЬ. Со́бственно, вось-цо-да, кабы́ла заблудзі́ла, па́не добрудзе́ю.

АҐАТА. Тудэ́иа-сюдэ́ма, ці-ж гэ́та мачыля́па, калі́ прые́хаў у сваі́м ча́се дамо́ў. Ён-жэ, як ры́зьнік, то туды́, то сюды́ блы́таецца па даро́зе.

ПРАНЦІСЬ. Па́не дубрудзе́ю, тваё́ ба́бскае дзе́ла - маўча́ць. Я, со́бсвенно, вось-цо-да, спры́тны, - то́нка паніма́ю, што і як раблю́.

АЛЬЖБЕТА. Ды садзі́цеся-ж, мае́ мі́ленькіе!

АҐАТА. Тудэ́ма-сюдэ́ма куды́ тут садзі́цца. Ноч на дварэ́, кабы́ла за пло́там, паўвярсты́ да до́му, а гэ́ты, тудэ́ма-сюдэ́ма, начні́ца касаво́кая ня вы́трываў, каб людзя́м не нарабі́ць у но́чы неспако́йства. /Садзі́цца, а за ёй - другі́е/.

СЬЦЕПАН. Э, што там тако́е! Вы́сьпімся! Дзя́ку Бо́гу, но́чка не Пятро́вая, а Пакро́вая.

ПАЎЛІНКА (/падбіра́ючы чэрапкі́/). За́ўтра го́сьці бу́дуць, а дзя́дзька апо́шнюю мі́ску стоўк. Трэ́ба, каб на кірма́шы дзьве аткупі́ў.

ПРАНЦІСЬ. Ґлу́пство, па́не добрудзе́ю, ґлу́пство! Заўту́рнаго, со́бственно, вы́пьем па мі́сцэ. /Дастае́ з бако́вай кішані́ фля́шку, паця́гавае з яе́ і хава́е наза́д/.

АЛЬЖБЕТА (/сьмяючы́ся/). А каб гэ́та нам, свато́к, даў гэ́тай сусо́лкі пасса́ць. Ці-ж мы з сва́цей паскрэ́бкі...

ПАЎЛІНКА (/выхо́дзючы с чэрэпка́мі/). Ого́! Гэ́тых сьвянцо́ных кро́пэль дзя́дзька і кана́ючаму не даў-бы, ня то, што… /Выхо́дзіць/.


ЗЬЯВА VIII-ая.

СЬЦЕПАН — АЛЬЖБЕТА — ПРАНЦІСЬ — АҐАТА.


ПРАНЦІСЬ (/ў сьлед Паулі́нцэ/). Ґлу́пство, ґлу́пство, па́не добрудзе́ю. Маладзе́нькая ешчэ́, маладзе́нькая! Лазы́ трэ́ба, со́бственно, вось-цо-да.

АҐАТА (/да Альжбе́ты/). Што, сва́цейка, тудэ́ма-сюдэ́ма, до́браго купля́лі на ры́нку?

АЛЬЖБЕТА. Ат, сё́е ды то́е! Паглядзі́це, калі́ хо́чэце. Нічо́га тако́га ціка́ўскаго. /Устаюць і іду́ць абе́дзьве к ку́фру і разгледа́юць кі́нутые на ём паку́пкі/.

ПРАНЦІСЬ (/да Сцепана/). Чуў, сват, па́не добрудзе́ю, што сяго́ння лю́дзі каза́лі?

СЬЦЕПАН. Не, не, каха́ненькі, ро́дненькі, ня чуў; не было калі́! А што?

ПРАНЦІСЬ. Ды як-жэ, вось-цо-да! Ка́жуць, пранцу́з, па́не добрудзе́ю, ідзе на Бары́саў па ша́пку і рукаві́цы, што калі́сь там аста́віў. Чаты́рыста ты́сяч во́йска с сабо́й вядзе́ і, со́бственно…

АҐАТА (/перэбіва́ючы, з ме́йсца/). Не чаты́рыста тысяч, а чаты́ры со́тні ты́сячаў…

ПРАНЦІСЬ. Ґлу́пство, ґлу́пство, па́не добрудзе́ю. Ўсё́ ро́ўна ідзе́, вось-цо-да. Спранжыно́вы касьцё́л с сабо́й нясе́, па́не добрудзе́ю.

АҐАТА (/з ме́йсца/). Тудэ́ма-сюдэ́ма, не нясе́, а на паве́тры на машы́не, што лета́юць, гэты касьцё́л вязе́.

СЬЦЕПАН і АЛЬЖБЕТА (/зьдзіві́ўшыся/). Ай-я-я! Аж на паве́тры касьцё́л вязу́ць!..

АҐАТА. Але́-ж, але́! Тудэ́ма-сюдэ́ма, я сама́ на свае́ ву́шы чу́ла.

СЬЦЕПАН. Во калі́ пашло́ ўсё́ ўве́рх нага́мі. Як паста́ваюць гэ́ты спранжыно́вы касьцё́л, то мо́жна бу́дзе спадзева́цца і для на́шаго бра́та яко́га-тако́га палягчэ́ння. Дзя́куй Бо́гу, дзя́куй Бо́гу!!. А вось мая́ гэ́та ахмістры́ня, дачу́шка мая сакату́шка, сплу́талася з гэ́тым… з гэ́тым бязбо́жнікам, і хоць ты ей вар на галаву́ лі.

ПРАНЦІСЬ. Маладзе́нькая, со́бсвеноо, вось-цо-да. Бяро́завай ка́шы ня шко́дзіла-б, па́не добрудзе́ю.

АЛЬЖБЕТА. Ду́жэ тру́дна пала́дзіць с цяпе́рашняй мо́ладзьдзю. Пашло́ тако́е распу́ства на сьве́це, што не дай Бо́жэ! Заме́ста кні́жак да набажэ́нства — чыта́юць не́йкіе дрынду́шкі. Ве́цер у ваўсі́х па галаве́ хо́дзе. Гэ́та-ж мне калі́сь сказа́лі: ідзі́ за Сьцепа́на, — я і пашла́ без нія́кай спрэ́чкі са сваі́мі стары́мі.

АҐАТА. А так, так, тудэ́ма-сюдэ́ма! І мой, як ка мне пасва́таўся, ба́цька нябо́шчык і ка́жэ: ідзі́, бо ўсё́ ро́ўна ніхто́ цябе́ ле́пшы ня во́зьме; я паду́мала, тудэ́ма-сюдэ́ма, ну і пашла́. /Глядзя́ць абе́дзьве на сваі́х мужо́ў, пасьля́ - адна на адну, плююць кожная ў другі́ бок, і разгледа́юць ізно́ў клу́мкі/.

ПРАНЦІСЬ. Так, так, па́не добрудзе́ю, іна́чэй калі́сь было́. /Дастае́ фля́шку і пье, а по́сьле дае́ Сьцепа́ну/. Со́бственно, ґлу́пство, вось-цо-да, было́, а ты сват выпі́, каб то́е, што было́, у па́мяці не сядзе́ло. /Сьцепа́н пье, Пранці́сь прыдзе́ржывае за фля́шку, каб той за лі́шне ня вы́піў/.

СЬЦЕПАН (/абціра́ючы ву́сы і сплё́вываючы/). Шчы́пецца, каб яе́ гару́чка.

ПРАНЦІСЬ (/хава́ючы гарэ́лку/). Ага́, вось-цо-да, шчы́пецца, со́бственно, бо чужа́я, па́не добрудзею. /Або́два заку́рываюць/.

АЛЬЖБЕТА (/да Аґа́ты/). А ці за́ўтра, сва́цейка, будзеце на кірма́шы?

АҐАТА. Ды трэ́ба-ж бу́дзе як сьцяга́цца.


ЗЬЯВА IX-ая.

ТЫЕ-ж і ПАЎЛІНКА.


ПАЎЛІНКА (/ўхо́дзючы, да Альжбе́ты/). Мо́жэ-б, ма́мка, прыці́снулі сыр, бо да за́ўтрашняго не атці́сьнецца.

АЛЬЖБЕТА. Ешчэ́ пасьпе́е… Дай мне с цё́ткай разгавары́цца.

ПАЎЛІНКА. Ідзі́це, ідзі́це, ма́мка, а я за цябе́ с цё́ткай пагавару́.

АҐАТА. Ідзі́це, сва́цейка. Тудэ́ма-сюдэ́ма, не зважа́йце на мяне́. Мы тут с Паўлі́нкай пачэка́ем на цябе́.

АЛЬЖБЕТА (/выхо́дзючы/). Ну, як сабе́ хо́чэце. /Паўлі́нка з Аґатай садзя́цца на ку́фры і жы́ва аб чымсь гаво́руць/.


ЗЬЯВА X-ая.

ПАЎЛІНКА - СЬЦЕПАН - ПРАНЦІСЬ - АҐАТА.


СЬЦЕПАН. Зна́еце, свато́к, гэ́таго, гэ́таго… як ён… а каб цябе́… /Да Паўлі́нкі/. Паўлі́нка, як гэ́ты заве́цца, што мяне́ сяго́ння падма́зываў?

ПАЎЛІНКА (/з ме́йсца/). А скуль-жэ я магу́ ве́даць, хто та́тку ма́заў?

СЬЦЕПАН. Ну, гэты-ж?.. каб ён ця́міўся... як яго́?.. зяць, зяць!

ПАЎЛІНКА (/прыпаміна́ючы/). Як-жэ ён, як.?. Здае́цца, Бык... Бычо́к...

СЬЦЕПАН. Ага́, ён, ён. Не, не так! Быко́ўскі, каха́ненькая, ро́дненькая, вось як. Пан А́дольф Быко́ўскі. /Да Пранціся́/. Дык ба́чыш, свато́к, ён, зна́чыцца, падлабу́ніваецца к мае́й Паўлі́нцэ. Што ты на гэ́та?

ПРАНЦІСЬ (/дастаючы́ гарэ́лкі/). Глу́пство, ґлу́пство, па́не добрудзе́ю. Со́бственно, бычо́к, вось-цо-да, і больш нічо́га. /Пьець і дае́ гарэ́лкі Сьцепа́ну/.

СЬЦЕПАН (/вы́піўшы/). За́ўтра, зна́кам тым, прые́дзе абню́хаць, як і што, дык і свато́к са свае́й загля́ньце да нас. А ну-ж, каха́ненькі, ро́дненькі, мо́жэ які́ га́ндэль бу́дзе нала́джывацца, дык прыкі́неш яко́е слаўцо́. Прые́дзьце то́лькі.

ПРАНЦІСЬ. Ґлу́пство, па́не добру́дзею, і прыйці́ мо́жна. Со́бственно, блі́зка, вось-цо-да.

СЬЦЕПАН. Блі́зка, то блі́зка, але́ каб не было́ сьлі́зка: на дождж як-бы зьбіра́ецца.

ПАЎЛІНКА (/з ме́йсца/). А ці та́тка каня́ паі́лі?

СЬЦЕПАН. Не, каха́ненькая, ро́дненькая. За́раз пайду́. /Да Пранціся́/. А мо́жэ ра́зам з сва́там по́йдзем. Я свайго́ напаю́, а сват свайго́ паглядзі́ш, ці до́бра прывя́заны.

ПРАНЦІСЬ. Ґлу́пство, па́не добру́дзею. Со́бственно, жо́нка завязе́, калі́ кабы́ла уцекла́. /Да Аґа́ты/. Пра́ўда, ба́ба?

АҐАТА (/з ме́йсца/). Што? - пра́ўда.

ПРАНЦІСЬ. Со́бственно, калі́-б кабы́ла ўцекла́, то мяне́ тады́ ты дамо́ў завязе́ш, па́не добрудзе́ю.

АҐАТА. А каб ты, тудэ́ма-сюдэ́ма, бо́кам е́зьдзіў! Ідзі́ скарэ́й паглядзі́. Гэ́та-ж і мне с па́мяці сышло́.

СЬЦЕПАН. По́йдзім, каха́ненькі, ро́дненькі. /Абыма́юцца і сланя́ючыся выхо́дзюць, напева́ючы/.


Чаму́-ж нам ня пець,
Чаму́-ж не гудзе́ць,
Калі́ ў на́шых ха́тачках
Пара́дак ідзе́ць?


ЗЬЯВА XI-ая.

ПАЎЛІНКА - АҐАТА.


ПАЎЛІНКА. А́ле-ж калі́ я яго́ люблю́, цё́тачка.

АҐАТА. Ма́ла што, дзе́ткі, тудэ́ма-сюдэ́ма, лю́біш яго́; а́ле, калі́ ба́цька ня хо́чэ, дык паду́май, што лю́дзі ска́жуць, як супро́ці во́лі стары́х по́йдзеш?

ПАЎЛІНКА. А што там лю́дзі? Яны́ з ім жыць за мяне́ ня бу́дуць, і па мае́й сьме́рці за мяне́ паку́таваць ня бу́дуць. Пагаво́руць, пагаво́руць, ды перэста́нуць, як намазаля́ць языкі́.

АҐАТА. Як уважа́еш, мае́ дзе́ткі. Што-ж, я, ту́дэма-сюдэ́ма, нічо́га не дара́джу.

ПАЎЛІНКА (/зала́ма́ўшы ру́кі на кале́нях/). Калі́ ён такі́ до́бры, такі́ разу́мны, што і сказа́ць не магу́.

АҐАТА. Ўсе́ яны́ до́брые, паку́ль не ўбярэ́ като́ры дзяўчы́ны ў свае́ ру́кі, а як убярэ́, тады́ на другі́ лад, тудэ́ма-сюдэ́ма, зайгра́е, а ты танцу́й пад яго́ ду́дку. І мой, паку́ль то́лькі сва́таўся да мяне́, - пату́льны быў, як цялё́, а як ажані́ўся дык праўдзі́вым ваўко́м зрабі́ўся.

ПАЎЛІНКА (/як-бы не зважа́ючы на гаво́рку Аґа́ты/). Кні́жкі мне прыно́сіў... Хо́раша так аб усі́м раска́зываў... як трэ́ба жыць, як працава́ць, як людзе́й трэ́ба ўсі́х любі́ць, і шмат, шмат чаго́. І лю́бі́ць-жэ ён гэ́тых людзе́й. сусі́м не́як не так, як мы іх лю́бім. Гэ́та-ж трэ́ба ве́даць, сто́лькі мой та́та на яго́ ўся́кай дарэ́мшчыны нагавары́ў і ачарні́ў, а ён хаць-бы што. "Ве́дама, кажэ́, чэлаве́к: яму́ не́шта абышло́, ці не спадаба́лося, дык і памсту́е. У нас, ка́жэ, ўсё́ ідзе́ не так, як трэ́ба. Лю́дзі, ка́жэ, ў нас, як зьвяры́: адзі́н на друго́га кі́даюцца, адзі́н друго́га цкую́ць, пад'ю́джываюць, ненаві́дзюць адзі́н друго́га. З ма́лку дзён, ка́жэ, прывыка́юць у ненаві́сьці жыць, з ма́лку дзён іх к гэ́таму вы́чвць і до́ма і за до́мам. Сьляпы́е, ка́жэ, ўсе́ сьляпы́е. Адзі́н над другі́м не ма́юць нія́кай лі́тасьці, хоць усі́х ду́шыць зьве́рху ўселя́кіе по́шэсьці ды злы́дні".

АҐАТА. Чу́ла я, чу́ла аб ём не раз. Ве́льмі ўжо́, ка́жуць, тудэ́ма-сюдэ́ма, разу́мны і добры́ ён.

ПАЎЛІНКА (/ажыві́ўшыся/). А што-ж, ці не пра́ўда? І ўсё-б было́ до́бра, каб ня гэ́ты та́та. Хоць нема́ ве́дама што рабі́ з ім.

АҐАТА. Трэ́ба, дзе́ткі, пачэка́ць, ану́-ж, тудэ́ма-сюдэ́ма, лі́ха пераме́ліцца і ўсё́ до́бра бу́дзе.

ПАЎЛІНКА. Трэ́ці год, цё́тачка, чэка́ем і нічо́га не выхо́дзе. Трэ́ці год трасу́ся і выгледа́ю тэй часі́нкі, каб то́лькі з ім паба́чыцца. Паве́шуся, цё́тачка, паве́шуся, калі́ мяне́ з ім разлу́чуць.

АҐАТА (/хры́сьцючыся/). Мё́йца, Мы́на! Тудэ́ма-сюдэ́ма, што ты, Паўлі́нка? Пабо́йся Бо́га гэ́ткіе рэ́чы гавары́ць напро́ць но́чы? Цьфу, цьфу! Ма́тачка Найсьве́нтшая!

ПАЎЛІНКА (/пака́зываючы/). Калі́ тут, цё́тачка, пат сэ́рцам так балі́ць, так балі́ць, што і жыць не ў магату́. Такі́ ён мі́ленькі, такі́ прыго́жэнькі, такі́ паслухмя́ны… /Загле́дзіўшыся ў даль/. Калі́ ешчэ́ с та́там былі́ яны́ до́бра, пры́дзе, быва́ла, вады́ за мяне́ прынясе́, дрэ́ўлі нашчэпа́е. Не глядзі́ць на то́е, што калі́сь вучы́ўся, а цяпе́р і сам ву́чэ і бо́льшых, і ме́ньшых. Ніко́лі ад яго́ сло́ва благо́га ня чу́ла. Так ве́даеце, цё́тачка, і хо́чэцца с кім ко́лечы аб ім гавары́ць і ду́маць без канца і пача́тку. І ча́му я така́я нешча́сная? /Са сьлязьмі́/. Ба́цька ро́дны хо́чэ мяне́ адарва́ць ад таго́, хто мне цяпе́р міле́й ад усяго́ чы́ста — жыцьця́, ха́ты ро́днай, цэ́лаго сьве́ту. І чаму́-ж я така́я нешча́сная?

АҐАТА (/ту́лючы к сабе́ Паўлі́нку, праз сьлё́зы/). Ці́ха, мае дзе́ткі, ці́ха. Не гару́й, не марко́цься, мі́ленькая, ве́льмі. Не́як-жэ ды бу́дзе. Бог Найвышэ́йшы, тудэ́ма-сюдэма, міласэ́рны, і аб твае́й тут ця́жэнькай до́лі не забу́дзецца.

ПАЎЛІНКА (/я́кбы збудзі́ўшыся/). А ніха́й сабе́ бу́дзе, што ма́е быць, — я свайго́ такі́ дабью́ся, або́ згі́ну, каб і сьле́ду не астало́ся.

АҐАТА. А ўсё́-ж такі́ скажы́ мне, дзе́ткі, чаму́ так твой та́та на яго́ зае́ўся?

ПАЎЛІНКА. Бо, бо Які́м з мужыко́ў.


ЗЬЯВА XII-ая.

ПАЎЛІНКА - АҐАТА - СЬЦЕПАН - ПРАНЦІСЬ.


ПРАНЦІСЬ (/за дзьвяры́ма/). Ґлу́пство, вось-цо-да. Ня дзе падзе́лася. Я зна́ю, со́бственно, дамо́ў уцекла́, па́не добрудзе́ю.

СЬЦЕПАН (/ухо́дзючы ў ха́ту, а за ім - Пранцісь/). І трэ́бало-ж сва́ту так дрэ́нна яе́ прывяза́ць, ды ў гэ́ткую ешчэ́ це́мру.

АҐАТА (/усхапі́ўшыся/). Каго́ прывяза́ць?

ПРАНЦІСЬ. Кабы́лу, кабы́лу, па́не добрудзе́ю. Ўжо́ж не цябе́, вось-цо-да.

АҐАТА. Дык дзе-ж кабы́ла.

ПРАНЦІСЬ (/дастаючы́ фля́шку/). Со́бственно, німа́ кабы́лы, дзе была́, вось-цо-да, па́недобрудзе́ю.

АҐАТА (/падбега́ючы к Пранцісю́ с кулака́мі/). Дык чаго-ж ты, тудэ́ма-сюдэ́ма, несьвянцо́ная ко́стка, разсе́ўся, як у свае́й ха́це.

ПРАНЦІСЬ (/паця́гваючы з бутэ́лькі/). Глу́пство, ґлу́пство, вось-цо-да. Пасьве́ньцім, со́бственно, па́не добрудзе́ю, калі́ несьвянцо́ная.

АҐАТА (/хо́чэ вы́рваць фля́шку, Пранці́сь не дае́/). Вот я цябе́ за́раз, тудэ́ма-сюдэ́ма, як вы́сьвенчу гэ́тай фля́шкай па галаве́, дык і сваі́х не пазна́еш, нешча́сны ты "вось-цо-да". /Гало́сючы/. А Бо́жэ-ж мой, ба́цюхна мой! На што мяне́ пакара́ў гэ́тай, тудэ́ма-сюдэ́ма, пья́ніцай, гэ́тый недарэ́кай, гэ́тай куксамо́рдай, гэ́тай... гэ́тай...


ЗЬЯВА XIII-ая.

ТЫЯ-ж і АЛЬЖБЕТА.


АЛЬЖБЕТА (/ўбега́е, трыма́ючы ў руцэ́ кліно́к с твараго́м/). Што гэта ў вас тут парабі́лося, мае́ мі́ленькіе?

ПАЎЛІНКА. Кабы́ла дзя́дзькава ўцекла́, ці хто зкра́ў. /Ідзе́, садзі́цца на ло́жку і шы́е/.

АЛЬЖБЕТА (/да Пранціся́/). Дык чаго́-ж, сва́тка, цэка́еце? Бяжы́це скарэ́й дамо́ў, - пэ́ўне там; гэ́та-ж её не першыня́.

АҐАТА. Ці-ж гэ́ту, тудэ́ма-сюдэ́ма, трухля́вую кало́ду зру́шыш з ме́йсца. Сядзі́ць-жэ вось анцы́хрыст, каб яму́ моль пя́ты пабі́ла, і з ме́йсца не скране́цца.

СЬЦЕПАН (/заку́рываючы лю́льку/). Супако́йцеся, сва́цьця. Ня дзе яна́ дзе́нецца. Каха́ненькая, ро́дненькая, яна́ до́ма, напэўна до́ма.

АҐАТА. А сват, тудэ́ма-сюдэ́ма, ня су́нься с сваі́м но́сам туды́, куды́ цябе́ ня про́сюць. /Да Пранціся́/. Ідзе́м! Чу́еш, ці не!..

ПРАНЦІСЬ (/устаючы́/). Ґлу́пство, па́не добрудзе́ю, ґлу́пство. Мае́ мазгі́ спры́тные. На табе́, вось-цо-да, пае́ду, со́бственно, дамо́ў.

АҐАТА (/выво́дзючы Пранціся́/). Быва́йце здаро́вы! Пахвалё́ны Е́зус!.. Па́дла гэ́ты, лама́ка нарабі́ў рабо́ты. /Выхо́дзю́ць, за і́мі - Альжбе́та с клінко́м/.


ЗЬЯВА XIV-ая.

ПАЎЛІНКА - СЬЦЕПАН.


СЬЦЕПАН. Ох, і даю́цца-ж гэ́тые сваякі́ ў зна́кі. А́ле, дзя́куй Бо́гу, дзьве дзю́ркі ў но́се і скончыло́ся, - ўжо́ пазбы́ўся.

ПАЎЛІНКА. А дауно́ гэ́та та́ткаў гняды́ ўцё́к з Лужа́нкі, і та́тка дамо́ў пехато́й прытрэпа́ў.

СЬЦЕПАН. Што было́, то́е сплыло́ і бо́лей, каха́ненькая, ро́дненькая, ня бу́дзе, як ка́жуць лю́дзі.

ПАЎЛІНКА. Паглядзі́м. За́ўтра кірма́ш.

СЬЦЕПАН. Ня бо́йся, каха́ненькая, ро́дненькая. Я кабы́лу злаўлю́, а́ле і ты глядзі́, каб мне таго́ зя́ця злаві́ла, аб які́м я табе́ сяго́ння гавары́ў.

ПАЎЛІНКА. Што ён конь, ці вол, каб я яго́ ешчэ́ ме́ла лаві́ць.

СЬЦЕПАН. Ні конь і ні вол, ата́к сабе́ до́йная жывё́ліна.

ПАЎЛІНКА. Дык та́тка яго́ і до́йце, калі́ ён для вас такі́ до́йны, а я і ня ду́маю.

СЬЦЕПАН. Нічагу́тэнькі, каха́ненькая, ро́дненькая. Наду́маешся, ва́ша, як пакармлю́ бяро́завай ка́шай. Вось то́лькі, каб паго́да была́ до́брая, а то каза́ў ён, што на кірма́ш не пае́дзе, калі́ бу́дзе дождж ісьці́.

ПАЎЛІНКА. Лі́ха ня во́зьме! Гэ́ткі цу́кер не размо́кне.

СЬЦЕПАН. Каха́ненькая, ро́дненькая, як скажу́, так і бу́дзе; дзьве дзю́ркі ў но́се і сконьчыло́ся. Вось то́лькі трэ́ба даве́дацца, ці бу́дзе напэ́ўна за́ўтра паго́да. Купі́ў я сяго́ння календа́р - не́йкі белару́скі, як ка́жэ кра́мнік. Пыта́ўся ў яго́, ці пі́шэ аб паго́дзе, дык кра́мнік гаво́рэ мне, што аб паго́дзе напісана ў ім бо́лей, як аб чым другі́м. Зна́чыцца, паглядзі́м пра́ўды. /Ідзе́ і дастае́ з-за абраза́ календа́р, атку́ль ва́ліцца на зямлю́ фатагра́фія. Паўлінка, саско́чыушы з ло́жка, падбега́е падня́ць яе́, а́ле не усьпева́е/.

СЬЦЕПАН (/падыма́ючы фатагра́фію/). А гэ́та што тако́е?

ПАЎЛІНКА (/хо́чучы адабра́ць/). Гэ́та маё́. Адда́йце мне, та́та!

СЬЦЕПАН. Я пата́юся - хто гэ́та?

ПАЎЛІНКА. Ці-ж, та́та, не бачыце?

СЬЦЕПАН (/са зло́снай насьме́шкай/). Ха-ха-ха! Які́м... Хай-жэ ён прападзе́ саўсі́м. /Хо́чэ рваць, Паўлі́нка адбіра́е/.

ПАЎЛІНКА (/скрозь сьлё́зы/). Адда́йце, та́тачка, адда́йце, ня рві́це! Ня зьдзе́квайцеся над ім.

СЬЦЕПАН (/атпіргну́ўшы ад сябе́ Паўлі́нку/). Адчапі́ся ад мяне́, гіцлё́ўка. Я вам тут наразво́джу ша́шняў... /Сту́кат у се́нцах. Ухо́дзюць: Пранці́сь, Аґа́та, а за і́мі - Альжбе́та. Паўлі́нка стаі́ць пату́піўшыся, глыта́ючы сьлё́зы, і скубе́ць па́льцамі фарту́х/.


ЗЬЯВА XV-ая.

ПАЎЛІНКА - СЬЦЕПАН - АЛЬЖБЕТА - ПРАНЦІСЬ - АҐА́ТА.


ПРАНЦІСЬ. Ґлу́пство, па́не добрудзе́ю. Я, вось-цо-да, каза́ў, со́бственно, ня дзе падзе́ніцца.

АҐАТА (/дражнючы/). Вось-цо-да, вось-цо-да! Сам кабы́лу, тудэ́ма-сюдэ́ма, паста́віў у вас пат паве́ткай, а шука́е за пло́там. Да́рма то́лькі по́ўзалі і сьлядо́ў прыгледа́ліся.

АЛЬЖБЕТА. Ну, дзя́куй Бо́гу, што хоць нашла́ся. /Да Сьцепа́на/. Што ты там кру́ціш у рука́х?

СЬЦЕПАН (/ты́каючы фатагра́фіей у твар Альжбе́це/). На, на! любу́йся, які́е прэзэ́нты атрымлі́вае твая́ дачу́шка.

АЛЬЖБЕТА (/закрыва́ючы руко́й твар/). Чаго́ суе́шся… Така́я яна́ і твая́, як мая́.

СЬЦЕПАН. Лжэш! Каб яна́ была́ мая́, то была́-б така́я, як і я.

ПРАНЦІСЬ. Пакажы́, пакажы́, па́не добрудзе́ю, што гэ́та за пту́шка?

СЬЦЕПАН (/пака́зываючы/). На, глядзі́, свато́к! Павіншу́й мяне́ с тако́й дачу́шкай і з гэ́тым, з гэ́тым гарэ́тыкам.

ПРАНЦІСЬ (/разгледа́ючы/). Эгэ́! Гэ́та, гэ́ты разу́мненькі, вучо́ны, грамаце́й… Со́бственно, Саро́ка, вось-цо-да.

СЬЦЕПАН. Але́-ж, але́! Які́м Саро́ка.

АҐАТА (/да Сьцепа́на/). Тудэ́ма-сюдэ́ма, пакажы́це і мне, сва́тка.

ПРАНЦІСЬ (/да Аґа́ты/). Ты па́не добрудзе́ю, баба, ня лезь сюды́ с ціка́вым но́сам. Со́бственно, пілну́й свае́й спадні́цы і панчо́хаў, вось-цо-да. А мы суд, суд зро́бім… пра́вы і ско́ры.

ПАЎЛІНКА (/патхо́дзючы да Альжбе́ты, ла́скава/). Ма́мачка, адбярэ́це яе́ ў та́ткі.

АЛЬЖБЕТА. Што я з ім, дзе́ткі зраблю́? Ешчэ́ бі́цца бу́дзе.

СЬЦЕПАН (/да Пранціся́/). А до́бра, сва́тка, ка́жыш. Зро́бім суд, перасу́д до́брым скла́дам над гэ́тым га́дам. А які?

ПРАНЦІСЬ. А такі́, па́не добрудзе́ю: стра́жнікаў паклі́каць, спра́ўніку данясьці́. Со́бственно, інквізы́тарскі суд зрабі́ць — па палаві́не шась! і гато́ва, вось-цо-да.

ПАЎЛІНКА (/кіда́ючыся к Сьцепа́ну і цалу́ючы яму́ ру́кі, скрозь сьлё́зы/). Та́тачка, адда́йце. Ня зьдзе́кавайцеся над ім!.. Ён-жэ вам нічо́га благо́га не зрабі́ў.

СЬЦЕПАН (/са зло́сьцю/). Спаць, спаць пашла, калі гэткаго нашла́! Спаць! /Рве фатагра́фію/.

ПАЎЛІНКА (/с пла́чэм апуска́ючыся на ла́ву/). Та́тка згубі́ць мяне́ хочэ́це… ґва́лтам с ха́ты вы́гнаць.

ПРАНЦІСЬ (/дастаючы́ фля́шку/). А цяпе́р, со́бственно, вы́пьем хаўту́рнага, вось-цо-да. /Пье/.

ПАЎЛІНКА (/ўсхапі́ушыся з ла́вы кіда́ецца к Пранцісю́/). Па кабы́ле свае́й пі хаўту́рнаго, а не па чэлаве́ку, като́раго і падно́скаў не варт! /Вырыва́ючы і разбіва́ючы аб зямлю́ фля́шку/. Вось-цо-да.

ПРАНЦІСЬ (/разьве́сіўшы ру́кі, зьдзі́ўлены, як і ўсе́/). О-о-о!!.


Засло́на.


АКТ II - гі

- - - - -


Та́я-ж са́мая — што ў пе́ршым а́кце — сьвятлі́ца. За стало́м седзя́ць: Сьцепа́н, Альжбе́та і го́сьці — тры хло́пцы і тры дзяўчы́ны. Мужчы́ны седзя́ць з аднаго́ канца́ стала́, а кабе́ты /жанкі́/ — з друго́га. Пьюць гарба́ту, наліва́ючы на спо́дкі; заку́сываюць. Дзяцюкі́ з дзеўча́тамі жарту́юць, перакі́дываючыся кро́шкамі ад хле́ба. З ле́вай стараны́ /гле́дзючы ад пу́блікі/ пры сьцяне́ ад бако́ўкі — седзя́ць два музы́кі і, зво́дзючы інструмэ́нты, сьці́ха перэгава́рываюцца між сабо́й. Ля дзьвярэ́й ад се́нцаў, у канцы́ ку́фра, на табарэ́це стаі́ць самава́р. Паўлі́нка прыбра́ўшыся па сьвято́чнаму увіха́ецца каля́ гасьце́й. Тро́хі ў тва́ры зьмяні́ўшыся; час-ад-ча́су ўздыха́е і не ў знак пагледа́е ў вакно́; адно́, стара́ецца быць с усі́мі вясё́лай і бо́йкай. Як падыйма́ецца засло́на — Паўлі́нка нясе́ гарба́ту.


- - - - - -


ЗЬЯВА I-ая.

ПАЎЛІНКА — СЬЦЕПАН — АЛЬЖБЕТА — ГОСЬЦІ — МУЗЫКІ.


ПАЎЛІНКА (/стаўля́ючы гарба́ту пе́рэд Сьцепа́нам/). Што-ж гэ́та не́шта та́таваго зя́ця так по́зна ні слу́ху, ні ду́ху? Ці ня зню́хаў ён, што ў мяне́ паса́гу німа́шака.

СЬЦЕПАН. Каха́ненькая, ро́дненькая не бяду́й. Ня бу́дзе Гі́рша, бу́дзе чорт і́ншы.

ПАЎЛІНКА (/насьме́шліва/). Ма́ла што бу́дзе… Але́-ж, калі́ мяне́ ўжо́ не́як, як цмо́кам, ста́ло цягну́ць к гэ́таму Бык.. Бычку… Ах, як яго́?..

СЬЦЕПАН (/з наці́скам/). Быко́ўскаму.

ПАЎЛІНКА (/падыхо́дзючы к друго́му канцу́ стала́/). Мо́жэ Адэ́льцэ ешчэ́ шкля́начку?

АДЭЛЬКА (/го́сьця/). Дзя́куй. Ўжо́ напіла́ся.

АЛЬЖБЕТА. Ды бяры́! Што там пыта́ешся! Па́нна Адэ́ля то́лькі дзьве вы́піла.

АДЭЛЬКА. Калі́-ж бо́лей ня хо́чэцца.

АДЗІН З ГАСЬЦЕ́Й. Хай пане́нцэ захо́чэцца для мае́й кумпа́ніі.

ПАЎЛІНКА (/забіра́ючы шкля́нку/). Вы́пьеш, вы́пьеш, Адэ́лька, — зьме́сьціцца.

АЛЬЖБЕТА (/падсо́вываючы гасьця́м яду́/). Стара́йцеся, го́сьцікі, стара́йцеся. Вось — сыр, ма́сла, ванглі́на! Такі́-ж сяго́ння тро́хі папрацава́лі каля по́лькі і ляво́ніхі.

КО́ЛЬКІ ГАЛАСО́Ў (/перажо́вуючы і сё́рбаючы/). Дзя́куй, дзякуй! Мы стара́емся.

СЬЦЕПАН. Чым ха́та бага́та — тым ра́ды. Хлеб на стале́ — ру́кі свае́. Выбача́йце то́лькі, каха́ненькіе, ро́дненькіе, што гарэ́лкі німа́. А́ле я ў гэ́тым не вінава́т. Хаце́ў ўзя́ць ў Міха́лішка, дык, як на лі́ха, манапо́лька цэ́лы дзень была́ закры́та.

МУЗЫ́КА (/ў старану́ да друго́га/). Каб не салга́ў, дык-бы і ня жыў. Я сам ба́чыў, як пры́сьля́ імшы́ адбыва́ўся з фля́шкамі пры манапо́льцэ не́шпар.

ДРУГІ́ МУЗЫ́КА. Слу́хаць. Скнэ́ра і больш нічо́га.

ПАЎЛІНКА (/паста́віўшы Адэ́лі шкля́нку, к аднаму́ з гасьце́й/). Мо́жэ, пан Вінцу́сь, ешчэ́ вы́пье?..

ВІНЦУСЬ — госьць (/уціра́ючы канцо́м насто́льніка гу́бы і лоб/). Яно́-б то было́ ўжо́ і до́сіць, а́ле, калі́ па́нна Паўлі́нка так пе́кна про́сіць, дык мо́жна ешчэ́ са шкля́начку.

ПАЎЛІНКА (/ідучы́ са шкля́нкай, у старану́ пу́блікі/). Гэты ужо́ дык пя́тую шкля́нку бабо́хае. Наро́біць себе кло́пату, каб я так жыла́.

СЬЦЕПАН (/да Альжбе́ты/). Ці добра хаця́ ты прасі́ла Пустарэ́вічаў. Чаму́ іх так до́ўга німа?

АЛЬЖБЕТА. Каб і не прасі́ла, то прые́дуць. /З насьме́шкай/. Пэ́ўне, со́бственно, кабы́ла заблудзі́ла.

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ. Штось сяго́ння на кірма́шы Які́ма Саро́кі не было́. А то, быва́ла, такі́м фра́нтам паха́джывае, што куды́ мяне́ не вядзе́ш, пусьці́ мяне чо́рту.

ПАЎЛІНКА (/стаўля́ючы гарба́ту/). А па́ну Банадысю́ за́йздрасьць, што так прыадзе́цца не патра́піш, хоць мо’ і мае за што.

ГОСЬЦЬ. Чы́мся гро́шы тра́ціць на адзе́жу, я ле́пей іх каму́ пажы́чу.

ПАЎЛІНКА (/садзючы́ся на ло́жку/). І працэ́нцік до́бры злуплю́, каб аж у пя́ты друго́му закало́ла.

ГОСЬЦЬ (/самадаво́льна/). Хе-хе-хе! А па́нне Паўлі́нцэ злосьць ешчэ́ не адышла́, што калі́сь гэ́таму егамо́сьці Саро́цэ ні за які́ працэ́нт не пажы́чыў.

ПАЎЛІНКА. Ве́льмі-ж яму́ гэ́тым і не пашко́дзілі. Нашлі́ся лю́дзі, што і без працэ́нтаў пажы́чылі і да́лі яму́ магчы́масьць пае́хаць на вучы́цельскіе ку́рсы. Цяпе́р нічые́й ла́скі не патрабу́е.

АДНА З ГАСЬЦЕЙ. Пэ́ўне, што не! Такі́ чэлаве́к нідзе́ не прападзе́.

СЬЦЕПАН (/прыслу́хіваючыся дагэ́туль гу́тарцэ аб Саро́цэ/). Каха́ненькіе, ро́дненькіе, кі́ньце аб гэ́тым сьвінапа́се гавары́ць. Прые́лася ўжо мне гу́тарка аб ім горш го́ркай рэ́дзькі. І ці гамані́це аб ім, ці не гамані́це — ўсё́ ро́ўна нічо́га ня вы́йдзе Я ўжо́ яму́ даў даго́гу.

ПАЎЛІНКА (/неспако́йна/). Яку́ю даро́гу?

СЬЦЕПАН. А ты, каха́ненькая, ро́дненькая, ня слу́хай вушы разьве́сіўшы, ды ле́пей гасьцей глядзі́. Дзьве дзю́ркі ў но́се і скончыло́ся. /Не́йкую хвілі́ну ці́ха. Паўлінка падхо́дзе браць шкля́нкі, а́ле ўсе́ атка́зываюцца/.

АЛЬЖБЕТА. Што-ж, выбача́йце, го́сьцікі. Не хаце́лі піць і е́сьці, пасьля́ са́мі бу́дзеце жале́ць.

СЬЦЕПАН. Выбача́йце, выбача́йце, каха́ненькіе, ро́дненькіе, адно́ не скажы́це, што ўсяго́ было́ ў даво́ль, то́лькі прыну́кі не было́.

КО́ЛЬКІ ГАЛАСО́Ў (/устаючы́ з-за стала́/). Дзя́куем, дзя́куем па́ну гаспада́ру́ і па́ні гаспады́ні. Падмацава́ліся, хвала Бо́гу, як ле́пей ня трэ́ба.

ПАЎЛІНКА (/ўстаючы́ з ло́жка/). Про́ша пане́нак сюды́ прысе́сьці, а паны́-кавале́ры вазьмі́це сабе́ табарэ́цікі ды вось тут падся́дзьце, а я тым ча́сам пачасту́ю гарба́тай на́шых музы́каў.

СЬЦЕПАН і АЛЬЖБЕТА (/выла́зючы з-за стала́/). А як-жэ — трэ́ба, трэ́ба! /Дзеўча́ты садзя́цца на ло́жку, хло́пцы каля́ іх — на табурэ́тах; жарту́юць між сабо́й/.

АЛЬЖБЕТА (/падхо́дзючы к музы́кам/). Хадзе́це, мі́ленькіе, вы́піце са шкля́начку гарба́ты.

МУЗЫКІ. Дзя́куем па́ні! Мы ўжо сяго́ння пі́лі.

АЛЬЖБЕТА. Ма́ла што калі́ было́, а цяпе́р трэ́ба ешчэ́ падмацава́цца. /Забіра́е інструмэ́нты і кладзе́ іх на ку́фар, са́дзіць музы́каў за стол і сама́ садзі́цца. Да Паўлі́нкі/. А ты, дзе́ткі, налм́ музы́кам гарба́ты!

СЬЦЕПАН (/заку́рываючы лю́льку/). Выбача́йце то́лькі, каха́ненькіе, ро́дненькіе, што гарэ́лкі німа́.

МУЗЫКІ. І бяз гэ́тых кро́пель бу́дзем жы́вы. /Чува́ць сту́кат у се́нцах/.

СЬЦЕПАН. А бач, не́хта такі́ хоць нарэ́шце зьяві́ўся. Трэ́ба ісьці́ ды гля́нуць, а то ешчэ́ ў дзьве́ры ня лу́чэ. /Ідзе́/.

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ. Нясі́, Бо́жэ, не жэна́таго ды бага́таго!

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ. Жані́ць бу́дзем!

ПАЎЛІНКА (/стаўля́е музы́кам гарба́ту, падхо́дзе і глядзі́ць у вакно́. Ў старану́/). Ах, як-жэ цё́мненька!

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ. Каго́ так, па́нна Паўлі́нка, выгледа́еце?

ПАЎЛІНКА. Таго́-ж — нежэна́таго ды бага́таго.


ЗЬЯВА II-ая.

ТЫЕ-Ж і АДО́ЛЬФ БЫКОЎСКІ.


СЬЦЕПАН (/спатыка́ючы Адо́льфа ў дзьвера́х/). А-а! Нарэ́шце зьяві́ўся дарагі́ го́сьцік! Што-ж гэ́та, каха́ненькі, ро́дненькі, так до́ўга чэка́ць на сябе́ нас заста́віў?

АДОЛЬФ (/ве́шаючы пальто́ на сьцяне́ каля́ паро́га/). Пахвалё́ны ў ха́ту!

КО́ЛЬКІ ГАЛАСО́Ў. На ве́кі! На векі!

АДОЛЬФ (/віта́ючыся са Сьцепа́нам/). Выбача́йце, што тро́хі прыпазьні́ўся. А́ле гэ́та вінава́т мой жарабе́ц. Як панё́с з гары́, што каля́ Прыты́каў, і мяне́ вы́кінуў, і вось злама́ў, так што аж му́сіў другу́ю калама́шку ўзя́ць; праз то́е і замару́дзіў.

АДЗІН З МУЗЫКАЎ (/у старану́ да друго́га/). Каб ён то́лькі ды́хаў. Які́ яго́ чорт нёс! Прыста́ў конь, ды ўсё́ тут.

ДРУГІ МУЗЫКА. Ня ўжо́-ж што. Ў мае́ во́чы заплаці́ў вясно́й за не́йкую здыхля́ціну тры́ццаць рублё́ў, і та́я ўжо́ скарэ́й яго́ панясе́.

СЬЦЕПАН (/да Адо́льфа/). Про́ша-ж, про́ далей, сюды́, дзе бліжэ́й кут і дзе ўсе́ тут.

АДОЛЬФ. Дзя́кую, дзя́кую, вашэці. Про́ша са мной кло́пату не рабі́ць. /Ідзе́ і с усі́мі віта́ецца; Альжбе́ту цалу́е ў руку́, сто́ючы к ей бо́кам і не згіна́ючыся/.

АЛЬЖБЕ́ТА. Про́ша, па́на Адо́льфа, про́ша за стол! Мо́жэ вы́піце гарба́ты і чаго́ заку́сіце? /Да Паўлі́нкі/. Паўл́нка, налі па́ну Быко́ўскаму гарба́ты!

АДОЛЬФ (/садзючы́ся за стол з друго́га канца́ ад музы́каў і заку́рываючы паперо́ску/). А што-ж у васпа́нства до́браго чува́ць?

СЬЦЕПАН (/прыса́джываючыся к сталу́/). Ды што ў нас чува́ць? — Стара́я ба́ба ня хо́чэ здыха́ць, а малада́я за́муж ісьці́.

АДОЛЬФ (/самадаво́льна/). Хе-хе-хе! Стару́ю трэ́ба пшыду́сіць, а маладу́ю пшыму́сіць.

АЛЬЖБЕТА (/да Сьцепа́на/). А ва́ша схадзі́ паглядзі́, ці до́брв прывя́заны конь па́на Быко́ўскаго.

АДОЛЬФ. Не турбу́йцеся. Я яго́ до́бра прывяза́ў.

СЬЦЕПАН. Каха́ненькі, ро́дненькі, хоць і прывяза́ў, а́ле се́на пэ́ўне не да́ў. У нас так: госьць, як папа́ла, а жывё́ліну дык трэ́ба до́бра дагле́дзіць. /Выхо́дзе/.


ЗЬЯВА III-ая.

ТЫЕ-Ж без СЬЦЕПАНА.


ПАЎЛІНКА (/стаўля́ючы пе́рэд Адо́льфам гарба́ту і сама́ садзючы́ся апо́даль/). Што-ж гэ́та па́на Адо́льфа конь хаце́ў разнясьці́?

АДОЛЬФ. А як-жэ! Тры со́тні вясно́й заплаці́ў, і то́лькі кло́пату нажы́ў. А́ле ў мяне́ ўсё́ так! Каро́вы мае́ ко́жная ва́рта па яко́й со́тні рублё́ў; як загілю́юць ле́там, дык і на до́брым кані́ іх ня ўго́ніш.

ПАЎЛІНКА (/хітрава́та/). Пэ́ўне і аве́чкі ў па́на Адо́льфа так са́ма гілю́юць?

АДОЛЬФ. А так, так! Ма́ю пятна́ццаць стары́х і два́ццаць малады́х. Як уда́рэ гарачыня́, дык яны́ чуць ня ўсе́ чы́ста кру́цяцца на адным ме́йсцы.

ПАЎЛІНКА (/ідучы́ па гарба́ту для сябе́, ў старану́ пу́блікі/). Маты́ліцы аве́чак му́чаць, як і сам тут /Пака́зываючы па́льцам на сваю́ галаву́/ Матылі́ ма́е, а ду́мае, што яны́ зыгу́юць.

АЛЬЖБЕТА. Які́е-ж сё́лета ўраджа́і ў па́на Адо́льфа?

АДОЛЬФ. А нішто́ сабе́. /Ві́дам лгучы́/. Жы́та нажа́ў коп са две́сьці, аўса́ так са́ма — са две́сьці, ячме́ню — з со́тню.

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ. А ко́лькі-ж у па́на зямлі́?

АДОЛЬФ. Вало́кі с паўтары́ до́брые бу́дзе.

ГОСЬЦЬ. І лес ёсьць?

АДОЛЬФ (/абціра́ючы ху́стачкай лоб/). А як-жэ — ёсьць: с паўвало́кі, калі ня болей. Сосна ў сасо́нку!

ГОСЬЦЬ. І сенажа́ць ёсьць?

АДОЛЬФ. Ёсьць, ёсьць! Над са́май рэ́чкай, так са́ма с паўвало́чку. Муро́г, як шафра́н.

МУЗЫКА. Дык у па́на ўсяго́ с паўвало́чку во́рнай зямлі́?

АДОЛЬФ. Н-нуу так! С до́брую паўвало́чку.

АЛЬЖБЕТА. У нас во́рнай зямлі́ му́сіць і са тры вало́кі бу́дзе, і то мы сто́лькі не нажа́лі.

ПАЎЛІНКА (/се́ўшы з гарба́тай пры стале́/). Пан А́дольф ле́пшы, віда́ць за нас гаспада́р.

АДОЛЬФ. О, ў мяне́ гаспада́рка ні ў чым ня зблы́шэ. Ў мяне́ жо́нка і то бу́дзе ле́пшая, як у ва ўсі́х.

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ. Каб то́лькі не ўдала́ся нараві́стая.

ПАЎЛІНКА. Ціка́васьць, ці пан Адо́льф ужо́ затаргава́ў сабе́ яку́ю?

АДОЛЬФ. Гэ́та, паку́ль што — сэ́крэт.

ПАЎЛІНКА. А мне пан Адо́льф ска́жэ?

АДОЛЬФ. Так. А́ле перш та́ту і ма́ме, а пасьля́ ўжо́ і васпа́нні на са́мае ву́шка.

ПАЎЛІНКА (/бяручы́ ў яго́ шкля́нку/). До́бра, до́бра! Пан Адо́льф, як ве́даў, што я тро́хі глухава́та.

АДОЛЬФ. Глухава́та!..

ПАЎЛІНКА (/ідучы́ па гарба́ту, ў старану́ пу́блікі/). Трэ́ба шэ́ршня за нос павадзі́ць, каб і дзеся́таму заказа́ў, як жо́нкі купля́ць.

АЛЬЖБЕТА. Пан Быко́ўскі, здае́цца, ў нас пе́ршы раз?

АДОЛЬФ. А так — першы!

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ. Дык па́ну трэ́ба даць пацалава́ць стару́ю ба́бу.

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ. Пан А́дольф то́лькі да малады́х ды бага́тых лас, а стары́е ў яго́ ў раху́нак ня йду́ць.

АДОЛЬФ. А пра́ўда, пра́ўда! Я то́лькі да малады́х ма́ю імпэ́т.

АЛЬЖБЕТА (/ў старану́/). І дурны́-ж ён, як віда́ць.

ПАЎЛІНКА (/падаючы́ гарба́ту Адо́льфу/). Да каго́ гэ́та ма́еце такі́ і́мпэт: да дарагі́х каро́ў, ці да дарагі́х кабы́л?

АЛЬЖБЕТА. Ды не! Пан Быко́ўскі ма́е і́мпэт то́лькі да малады́х дзеўча́т.

АДОЛЬФ (/пьючы́ гарба́ту/). Але́-ж, але́. То́лькі да малады́х дзеўча́т.

ПАЎЛІНКА. А кільчака́ ча́сам з гэ́таго не наго́ніце на язы́к?

АЛЬЖБЕТА. Што ты?! Ці-ж пан Быко́ўскі конь?

МУЗЫКА (/ў старану́ да друго́га/). Конь, ня конь, а як віда́ць, дык быдлё́ пара́дашнае.

АДОЛЬФ (/да Паўлі́нкі/). Па́нна Паўлі́нка, дык усё́ мне камплімэ́нты гаво́рэ.

ПАЎЛІНКА (/разсе́янна/). Ага́! Камплімэ́нты. /Да музы́каў/. Мацу́йцеся, мацу́йцеся, музыка́нькікі. А то ўжо́ но́гі чэ́шуцца. Так і хо́чэцца с па́нам Адо́льфам сы́пнуць ляво́ніху.

АДОЛЬФ. Фі! Я такі́х мужы́цкіх та́нцаў не гуля́ю.

МУЗЫКІ (/да Паўлі́нкі/). Дзя́куем! Ужо́, як нале́жыць сабра́ліся; цяпе́р мо́жэм і рэ́знуць што-ко́лечы для пане́нкі. /Садзя́цца на свае ме́йсцы і зво́дзюць інструмэ́нты/.

ПАЎЛІНКА (/да Адо́льфа/). А які́е-ж вы та́нцы гуля́еце?

АДОЛЬФ. Гэрц-по́льку, падзі́-спаць, манчы́з, падзі́-ква́рту. /Выла́зючы з-за стала́, цалу́е Альжбе́ту ў руку́, да Паўлі́нкі/. Ну, што-ж? Мо́жэ мы с пане́нкай папро́буем?

ПАЎЛІНКА. Калі-ж я гэ́тых му́дрых та́нцаў ня то́лькі што ня ўме́ю, а́ле ні́колі на́ват іх і не ба́чыла.

АДОЛЬФ. Ня бо́йцеся! Я на ўсе́ лады́ вы́ўчу пане́нку скака́ць. /Бярэ́ Паўлі́нку — як да та́нцу, да музы́каў/. Зайгра́йце нам гэрц-по́льку!

МУЗЫКА. Мы гэ́таго ня ўме́ем.

АДОЛЬФ. Ну, дык падзі́-спаць!

МУЗЫКА. Пе́ршы раз чу́ем.

АДОЛЬФ. А мо́жэ падзі́-ква́рту зна́еце?

МУЗЫКА. І гэ́та пе́ршы раз чу́ем.

ПАЎЛІНКА (/як-бы бяду́ючы/). А-ей-е́й! Вось табе́ і на! Так і не наўчу́ся гэ́тых па́нскіх та́нцаў.

АДОЛЬФ. Не бяду́йце ве́льмі. Я бу́ду вытылі́нгіваць на язы́к, а васпа́нна то́лькі прыслухо́вайся ды вырабля́й нага́мі так, як і я.

ПАЎЛІНКА. Зна́чыцца, бу́дзем гуля́ць пад язы́к. /Сьмех. Адо́льф ігра́е на язы́к і бяз то́лку выкру́чываецца с Паўлі́нкай/.

АДОЛЬФ (/пака́зываючы/). Вось так, вось так! Пра́вую нагу́ сюды́, а ле́вую туды́. Галаву́ ў ле́вы бок, а за́дам пад паро́г, ды вось так!.. Раз, два, тры, то на пра́ва, то на ле́ва… /Ўсе́ прыгледа́юцца ім і сьмяю́цца/.


ЗЬЯВА IV-ая.

ТЫЕ-Ж і ПРАНЦІСЬ — АҐАТА — СЬЦЕПАН.


ПРАНЦІСЬ (/пья́ны/). Пахвалё́ны Е́зус. Вось-цо-да, па́не добрудзе́ю.

КО́ЛЬКІ ГАЛАСО́Ў. На ве́кі! На ве́кі!

ПРАНЦІСЬ (/гля́нуўшы на Паўлі́нку і Адо́льфа/). А гэ́та што такі́е, со́бственно, за выкрута́сы, як у цы́рку, ці ў сумашэ́дшым до́ме?

АДЗІ́Н З ГАСЬЦЕ́Й. Гэ́та пан Быко́ўскі абуча́е па́нну Паўлі́нку навамо́дных та́нцаў. /Пранці́сь і Аґа́та распрана́юцца/.

ПРАНЦІСЬ. Мо́жна, мо́жна да́лей круці́цца, як у хваро́бе сьвято́га Лявэ́нтаго. Да́лей, да́лей! Раз, два, тры, вось-цо-да!

АДОЛЬФ (/да́лей пака́зываючы Паўлі́нцэ/). Вось як, вось так! То на пра́ва, то на ле́ва. Раз, два, тры! То туды́, то сюды́, но́жка ў но́жку, раз, два, тры!

ПАЎЛІ́НКА (/вырыва́ючыся/). Не, такі́ нічо́га ня вы́йдзе. Ня ке́мкая я да наву́кі.

АДОЛЬФ (/са́дзючы Паўлі́нку/). Гэ́та то́лькі тру́дна пе́ршы раз, а по́сьле по́йдзе ўсё́ гла́дка, як пу́гай вы́смаліць! /Хо́дзе па ха́це, маха́ючы каля́ тва́ру ху́стачкай. Пранці́сь, Аґа́та і Сьцепа́н садзя́цаа за стол; Альжбе́та падае́ ім гарба́ту/.

ПРАНЦІСЬ (/заку́рываючы лю́льку з Сьцепа́нам/). Со́бственно, па́не добрудзе́ю, кабы́ла заблудзі́ла і праз то́е тро́хі спазні́ліся. А́ле гэ́та ґлу́пство, ґлу́пство! Ешчэ́ паро́й бу́дзе, вось-цо-да.

АҐАТА. Яко́е чо́рта заблудзі́ла! Паку́ль аб'е́хаў, тудэ́ма-сюдэ́ма, ўсю ако́ліцу, як пагарэ́лец, дык і по́ўнач чуць не агарну́ла. Тудэ́ма-сюдэ́ма, ўсё́ га́ры тэй сабе́ шука́ў.

ПРАНЦІСЬ. Ты, ба́ба, со́бственно, маўчы́, вось-цо-да! Ты нічо́га ніко́лі ня ке́міш, а я ма́ю ро́зум спры́тны. Я па́не добрудзе́ю, Барнашо́ў, Барнашо́ў, дзе пашо́ў, там і прашо́ў. /Да гасьце́й/. А вы, маладзічкі́, не зважа́йце, вось-цо-да, ды танцу́йце, па́не добрудзе́ю, паку́ль казіцец ня ўбі́ўся ў но́гі.

ПАЎЛІНКА. А пра́ўду дзя́дзька ка́жэ. Бу́дземо гуля́ць; на што да́рма час марнава́ць! /Да музы́каў /. Зайгра́йце, калі́ ла́ска, по́льку, а́ле таку́ю, як ве́даеце... каб аж сьвет хадыро́м пашо́у!

МУЗЫКА. До́бра, до́бра! Мы для пане́нкі пастара́емся. /Ігра́юць по́льку; ўсе́, апрача́ стары́х, танцу́юць: Адо́льф с Паўлі́нкай, астальны́е го́сьці — хто с кім. За стало́м Пранці́сь з Сьцепа́нам часту́юцца гарэ́лкай с фля́шкі, като́рую пе́ршы прынё́с с сабо́ю/.

АДОЛЬФ (/танцу́ючы прыпева́е/).

Танцава́ла ры́ба з ра́кем,
А петру́шка с пастарна́кем,
А цыбу́лу дзівова́ла,
Цо петру́шка танцова́ла.

ПАЎЛІНКА (/атпева́ючы/).

А на пе́чы, на лучы́не
Дзе́ўкі гро́шы палічы́лі;
Налічы́лі паўтале́ра,
Дый купі́лі кавале́ра.

АДОЛЬФ.

Дзеўчынэ́чка су́ха, бля́да,
Я да це́бе ў госьці я́да,
І коні́коў не жалу́ю,

Ўшы́стку но́чку машыру́ю.

ПАЎЛІНКА.

У гаро́дзе ячме́нь ро́дзіць,
А да мяне́ Які́м хо́дзіць.
Радзі́, радзі́, ячме́нь, гусьце́й, —
Хадзі́, хадзі́, Які́м, часьце́й!

АДОЛЬФ.

Сядзі́ць го́луб на галі́не,
Салаве́й на ве́тке;
С аднэ́й дзе́вушкай ґуля́ю,
Друґа́я в прыме́тке.

ПАЎЛІНКА.

Ажані́ся, не ляні́ся, —
Бу́дзеш панава́ці:
З аднэ́й бу́дзеш сьві́нне па́сьвіць,
З другой — заганя́ці.

АДОЛЬФ.

На́шэ по́ле камяні́сто —
Ні прае́хаць, ні прайсьці́;
На́шы дзе́вачкі фарсі́сты —
Не́льга к ім і падыйсьці́.

ПАЎЛІНКА.

Я фарсу́ха, ты като́лік;
Ня руш мяне́ за падо́лік, —
Мой падо́лік шо́ўкам шы́ты,

Хто пале́зе, бу́дзе бі́ты!

СЬЦЕПАН (/як сьці́хла гульня́/). Бра́во, бра́во, пан А́дольф! Скла́дзен да та́нцаў, як, не раўну́ючы, закрыстыя́н да ружа́нцаў.

ПРАНЦІСЬ (/паця́гіваючы с фля́шкі/). Ґлу́пство, ґлу́пство, вось-цо-да! Со́бственно, хоць у кішані́ пу́ста, за то́е но́гі сы́пюць гу́ста. Каб яму́ ешчэ́ ды мой ро́зум растро́пны, дык зусі́м было́-б до́бра, па́не добрудзе́ю.

АҐАТА. Кінь ты ўжо́, тудэ́ма-сюдэ́ма, пля́ўзгаць, як лата́к у млы́не! Гуля́ць — неха́й гуля́ючь; ты сваі́мі качэ́ргамі так не патра́піш.

АЛЬЖБЕТА (/да Пранціся́/). Мо́жэ-б чаго́, сва́тка закусі́лі?

ПРАНЦІСЬ. Ґлу́пство, вось-цо-да! Со́бственно, закушу́, закушу́. /Да гасьце́й/. А вы, па́не добрудзе́ю, забаўля́йцеся, паку́ль гаспада́р вон с ха́ты ня го́не, вось-цо-да.

ПАЎЛІНКА (/да Адо́льфа/). Можэ́, пан Адо́льф спяіцё́ нам што ко́лечы? Я чу́ла, што ве́льмі пе́кны го́лас ма́еце.

АДОЛЬФ (/астана́ўліваючыся/). Э-э! які́ там пе́кны! Ось так сабе́! Кане́шне, ле́пшы, як у другі́х.

КО́ЛЬКІ ГАЛАСО́Ў. Дык про́ша сьпець. Мы ўсе́ про́сімо.

АДОЛЬФ. Калі́ ўжо ́ так пе́кна про́сіце, дык мо́жна. А яку́ю-ж бы па́нна Паўлі́нка хаце́ла?

ПАЎЛІНКА. А ўсё́ ро́ўна, хоць яку́ю! Ну, якая ле́пей у па́на Адо́льфа выхо́дзе.

АДОЛЬФ (/пяе́ нескла́дна, маха́ючы ху́стачкай па тва́ру/).

Плыва́ё ґолэ́мбі,
Лета́ё лабэ́ндзі;
З нашэ́ґо коха́ння
Пэ́ўна ніц не бэ́ндзеі.

ПАЎЛІНКА. А такі́-ж нічо́га ня бу́дзе.

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ. Ці-ж гэ́та ґолэ́мбі плыва́юць, а лабэ́ндзі лета́юць?!

АДОЛЬФ. Ну, калі́ перэбіва́еце, дык саўсі́м ня бу́ду пець.

АЛЬЖБЕТА. Хай пан Быко́ўскі на іх не зважа́е, ды пяе́; ве́дама блазно́та, што яны́ зна́юць!

ПАЎЛІНКА (/паглядзе́ўшы ў вакно́/). Выбача́йце, пан Адо́льф! У мяне ня ўмы́сьле вы́ляцело слаўцо́.

КО́ЛЬКІ ГАЛАСО́Ў. Выбача́йце, выбача́йце! Про́сім, про́сім. Бо́льш ня бу́дзем!

ПРАНЦІСЬ. Со́бственно, па́не добрудзе́ю, завядзі́ ешчэ́ сваю шарма́нку: яна́ ў цябе́, прост, як грамафо́н, вось-цо-да, тру́біць.

АДОЛЬФ. Ну, ўжо́ бу́ду! А́ле калі́ ешчэ́ хоць раз перапы́ніце, тады́ загне́ваюся і саўсі́м кі́ну пець. Пе́йце тады́ самі!

КО́ЛЬКІ ГАЛАСО́Ў. Не, не! Ня бу́дзем!

АДОЛЬФ (/пяе́/).

Гляджу́ я без то́лку на хла́дную шаль,
І чо́рную ду́шу церза́е печа́ль.

ПАЎЛІНКА (/ду́шучыся ад сьме́ху/). Ці-ж у па́на Адо́льфа чо́рная душа́?

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ. На што-ж пан глядзі́ш на яе́ бяз то́лку?

АДОЛЬФ (/насу́піўшыся/). Бо́лей пець вам ня бу́ду, хоць на кале́нях прасі́це. Пе́йце сабе́ са́мі, калі́ такі́е разу́мные! /Садзі́цца/.

ПАЎЛІНКА. Дык і сьпяё́м, калі пан Адо́льф такі́ ня ке́мкі, што на́ват жа́ртаў не разуме́е. /Ў старану́/. Эх, скарэ́й-бы ўсё́ гэта ко́нчылося!

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ. А такі́-ж сьпяё́м, і ўсе́ ра́зам.

ПАЎЛІНКА (/да Адо́льфа, хітрава́та/). А пан Адо́льф нам памо́жэ?

АДОЛЬФ. Ані ду́маў.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ. А што мы сьпяё́м?

ПАЎЛІНКА. «Дый куды́-ж ты, дуб зялё́ны, пахіна́ешся»?..

АДОЛЬФ. Фі, мужы́цкая!

ПАЎЛІНКА. А пан Адо́льф мо́жэ-б хаце́ў, каб завялі́ яко́га манчы́за?!

ПРАНЦІСЬ. Со́бственно, вось-цо-да, калі́ тако́й па́нскай нату́ры, дык пазатыка́й кудзе́ляй ву́шы, па́не добрудзе́ю.

СЬЦЕПАН (/да Пранціся́, сьці́ха/). Каха́ненькі, ро́дненькі, не кра́тайце яго́! Ён, ба́чыш, як я ўжо́ і каза́ў, масьці́цца к маей Паўлі́нцэ. Як бу́дзеш яму́ наруга́цца, дык гато́ў ешчэ́ адбі́цца, а я яго́ стара́юся прыручы́ць.

ПАЎЛІНКА. Ну, ды што? — зго́да на гэ́ту?

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ. Зго́да, зго́да!! А пасьля́ другу́ю.

ПАЎЛІНКА. То́лькі не збіва́цца с то́лку. Глядзе́ць, як я бу́ду рука́мі та́хты адбіва́ць.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ. До́бра, до́бра!

/Пяю́ць. Паўлі́нка су́мна ўсьмеха́ючыся дырыґу́е. Пасьля́ і Пранці́сь падхо́дзе і фля́шкай адма́хівае та́хты; музы́кі та́кжэ сваей ігро́й памага́юць/.

Дый куды́-ж ты, дуб зялё́ны,
        Пахінаешся?

Дый чаго́-ж ты, мой міле́нькі,
        Задумля́ешся?

ПРАНЦІСЬ (/як перэста́лі пець/). А цяпе́р, вось-цо-да, "Як-жэ мне ня пець", па́не добрудзе́ю.

АДОЛЬФ. Ізно́ў мужы́цкую!

ПРАНЦІСЬ. Але́! мужы́цкую, але́, вось-цо-да. А ва́спан, со́бственно, сваю́ па́нскую схава́й сьвіня́м на сьнеда́нне.

АҐАТА (/падхо́дзіць і ця́гне Пранціся́ за по́лы/). Кінь ты ўжо, тудэ́ма-сюдэ́ма, с по́ля схо́дзіць!

ПРАНЦІСЬ. Вось-цо-да, атчапі́ся ат мяне́, па́не добрудзе́ю!

ПАЎЛІНКА. Ну бу́дзем пець "Як-жэ мне ня пець, як-жэ не гудзе́ць"?.. /Пяюць, як пе́ршую/.

ПРАНЦІСЬ (/як ско́нчылі/). А цяпе́р, со́бственно, "Чачо́тачку", па́не добрудзе́ю!

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ. Чачо́тачку. Чачо́тачку! /Пяю́ць чачо́тачку/.

Спарадзі́ла чачо́тачка се́мера дачо́к,
Спарадзі́ла невялі́чкіх се́мера малы́х.

АЛЬЖБЕТА (/як сьці́хлі/). Аддыхні́це, міле́нькіе, хоць тро́хі, а то замары́ліся ду́жэ. /Да Пранціся́/. Хадзе́це, свато́к, за стол, ды мо́жэ чаго́ заку́сіце. бо і ты-ж памага́ў.

ПРАНЦІСЬ (/садзючы́ся/). Со́бственно, ґлу́пство, вось-цо-да. Малады́м трэ́ба паказа́ць, паказа́ць, па́не добрудзе́ю, а яны́ ўсё́ патра́пюць... пра́вільна то́лькі навучы́ць іх. /Прапіва́ючы с фля́шкі да Сьцепа́на/. А ты, сват, трыма́йся, вось-цо-да. Ім не дам, яны́ маладзічкі́ ешчэ́, пасьпе́юць.

СЬЦЕПАН. А пра́ўда, пра́ўда, сва́тка! Ешчэ́ іх пара́ не ўцекла́. /Выпіса́е/.

ПАЎЛІНКА (/каля́ гасьце́й/). А што-ж мы цяпе́р бу́дзем рабі́ць. Ужо́ напе́ліся, дык мо́жэ ізно́ў пагуля́емо?

ПРАНЦІСЬ (/заку́сываючы/). Со́бственно, пачэка́йце; я за́рах скама́ндую, па́не добрудзе́ю, за што і як узя́цца, бо мой ро́зум растро́пны, а вы нічо́га ня ве́даеце.

ПАЎЛІНКА. Ну до́бра, пачэка́ем. /Да Адо́льфа/. Што-ж гэ́та, пан Адо́льф, наду́ўся, як мыш на кру́пы, або́, як апо́шняе ў печ усы́паўшы.

АДНА́ З ГАСЬЦЕ́Й. Пан Адо́льф, віда́ць, закаха́ўся.

АДОЛЬФ. Ну, дык што, калі́ закаха́ўся?

ПРАНЦІСЬ (/перажо́вуючы яду́/). Со́бственно, цяпе́р, вось-цо-да, по́йдзем ляво́ніху, па́не добрудзе́ю!

ЎСЕ. Ляво́ніху! Ляво́ніху!

АДОЛЬФ. Ізно́ў мужы́цкае!

ПАЎЛІНКА (/да Адо́льфа, прыпадхле́бываючыся/). А мы с па́нам Адо́льфам сы́пнем ляво́ніху, сапра́ўды, сы́пнем! Адпусьці́цеся на мяне́ грэ́шную; бо́лей ці ўда́сца так ве́села з ва́мі паскакаць.

АДОЛЬФ. Ды я ўжо́ ве́льмі ня гне́ваюся. Калі́ ўжо́ так хо́чэцца, дык по́йдзем; што-ж там на́дто тако́е?!.

ПРАНЦІСЬ (/да музы́каў/). Со́бственно рэ́жце, па́не добрудзе́ю! /Да Альжбе́ты/. А мы з сва́цем ту́пнем, вось-цо-да!.

СЬЦЕПАН (/да Аґа́ты/). А мы з сва́цей, каха́ненькая, ро́дненькая! /Музы́кі ігра́юць ляво́ніху. Кабе́ты тро́хі упіра́юцца, а́ле пасьля́ ідуць; за і́мі астальны́е го́сьці. Паўлі́нка — з Адо́льфам/.

ПРАНЦІСЬ (/прыпева́е/).

О, Ляво́ніха Сымо́ніха была́,
О, Ляво́ну хле́ба, со́лі не дала́!
О, Ляво́ніха Сымо́ніха, а-ей!
Не хадзі́ лама́ць капу́сткі мае́й!

АЛЬЖБЕТА.

Хоць капу́ста зарасла́ лебядо́ю,
Не пайду́ яе́ пало́ць за табо́ю.

Прападзі́ ты із капу́стай свае́й,
Не сушы́ ты маладо́сьці мае́й!

СЬЦЕПАН.

О, Ляво́ніха, ты жо́нка мая́,
Дый ня мы́тую саро́чку дала́;
Ні кача́ную, нямы́тую,
То́лькі шо́ўкам абашы́тую.

АҐАТА.

А мой та́тка, дзевяру́сенька,
Вядзі́ мяне́ памалю́сеньку;
Не вядзі́ мяне́ па по́жынцэ,
Вядзі́ мяне́ па даро́жынцэ;
На по́жынцэ мае́ но́жкі ня йду́ць,
Па даро́жынцэ дык са́мі бягу́ць.

АДОЛЬФ.

Як я бе́гаў, дык і бе́гаў,
Абы мі́лую праве́даў;
Як каціўся, дык каціўся,
Абы́ к мі́лай пахілі́ўся;
Як і ско́к, так і ско́к,
Абы́ к мі́ленькай пад бо́к!

АДОЛЬФ.

А калі́-ж я у мату́лькі жыла́,
Як ві́шанька у садо́чку, цвіла́;

Даста́лася зло́му ду́ху — мужы́ку, —
Ссушы́ў мяне́, як лі́пінку у духу́.

АДОЛЬФ.

Ты бяро́зачка, бяро́зка мая́,
Ты бяро́зка не цярэ́бляная;
Тваё́ лі́сьце не сярэ́браное,
На́шы дзе́ўкі не пасе́длівые.

ПАЎЛІНКА.

Не вядзі́ мяне́ ні ў лес, ані́ ў сад, —
Завядзі́ мяне́ к тату́льку наза́д;
Не вядзі́ мяне́ ні ў лес, ані́ ў бор, —
Завядзі́ мяне́ к тату́льку на двор!

ПРАНЦІСЬ (/як перэста́лі гульню́, да СЬцепа́на/). Со́бственно, і дале́-ж твая́ ба́ба мне ды́хту, вось-цо-да. Аж лы́дкі трасу́цца, па́не добрудзе́ю.

СЬЦЕПАН. І твая́, каха́ненькі, ро́дненькі, не адста́ла, аж дыхаві́цу чуць мне не нагна́ла.

АҐАТА. Або́два вы кавалё́вые мяхі́, тудэ́ма-сюдэ́ма, непаваро́тлівые, дык і здае́цца, што не́хта вам ды́хту не́йкаго дава́ў.

АЛЬЖБЕТА. А пра́ўда, сва́цейка, пра́ўда. Ім то́лькі каля́ фля́шкі круці́цца, а не з дарэ́чнымі жанкамі Ляво́ніху ісьці́.

ПРАНЦІСЬ. Ага́, со́бственно, до́бра, што сва́цейка, па́не добрудзе́ю, успо́мніла! /Дастае́ фля́шку і часту́ецца з Сьцепа́нам/.

ПАЎЛІНКА (/да Адо́льфа/). Ну, як-жэ па́ну Адо́льфу спадаба́ўся наш мужы́цкі та́нец? Як я ўважа́ю, дык ле́пей у вас ляво́ніха выхо́дзе, чы́мся то́е не́йкае "падзі́-ква́рта". І прыпе́ўкі скла́дные зна́еце!

АДОЛЬФ (/ні́бы скро́мна/). А тро́хі-ж не́йкіх наўчы́ўся калісь.

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ. Пара́ нам і чесьць знаць! Пэ́ўне ўжо́ каля́ по́ўначы мата́ецца.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ. Так, так, час ру́хацца дамо́ў!

ПАЎЛІНКА (/з аблягчэ́ннем, у старану́/). Дзя́куй Бо́гу!.. /Да гасьце́й/. А мо́жэ-б ешчэ́ пагуля́лі?

АЛЬЖБЕТА. Каму́ далё́ка, то яно́ так, а каму́ блі́зка, дык ня шко́дзіць ешчэ́ пазабаўля́цца.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ. Не! Не! Ўжо́ час і пара́!

ПАЎЛІНКА. Ну, дык хай музы́кі на адхо́днае хоць ма́рша сыгра́юць, каб весяле́й усім сьні́лося, і каб мо́цна, моцна ўсім спа́лося.

СЬЦЕПАН. А гэ́та ня шко́дзе! /Да музы́каў/. Штож, каха́ненькіе, ро́дненькіе, сыгра́йце, калі́ ла́ска, ешчэ́ што-ко́лечы на атхо́днае дарагі́м го́сьцікам, а там дзьве дзю́ркі ў но́се і кончыло́ся. /Музы́кі ігра́юць марш. Го́сьці адзева́юцца, прашча́юцца і выхо́дзюць, за і́мі — музы́кі/.


ЗЬЯВА V-ая.

ПАЎЛІНКА — АДОЛЬФ — СЬЦЕПАН — АЛЬЖБЕТА — ПРАНЦІСЬ і АҐАТА.


СЬЦЕПАН. Вось і пацішэ́ла тро́хі ў на́шай ха́це, німа́ ўжо́ каму́ скака́ці.

ПРАНЦІСЬ. Со́бственно, ґлу́пство, вось-цо-да. Было́ шу́мна, па́не добрудзе́ю, ібу́дзе шу́мна!

АҐАТА. А так, так, тудэ́ма-сюдэ́ма, як бу́дзе вясе́льле ў Паўлі́нкі.

ПАЎЛІНКА. Э-э! Майго́ вясе́льля ніко́лі ня бу́дзе, зна́чыцца, і шу́мна ня бу́дзе.

АДОЛЬФ. Ці-ж у бацько́ў маладо́га, пане́нка, ду́маеце, не хва́це на вясе́льле?

ПАЎЛІНКА. Хва́це, не хва́це, а такі́ вясе́льля майго́ ніхто́ не уба́чэ.

СЬЦЕПАН. Гэ́та, каха́ненькая, ро́дненькая, паба́чым. Ешчэ́ я на то́е ё́сьць, і ў свае́й ха́це — гаспада́р, а ня го́сьць! Жы́та по́вен ару́д і са́ла не адзі́н пуд.

ПРАНЦІСЬ. Со́бственно, ґлу́пство, вось-цо-да. Ча́сам ці вясе́льле, ці паве́сіў — адно́ на друго́е, пане добрудзе́ю, выходзе.

АҐАТА. А ты, вось-цо-да, прыкусі́ свой язы́к і ня ты́цкайся, тудэ́ма-сюдэ́ма, туды́, куды́ цябе́ ня про́сюць. Напі́ўся, нае́ўся, дык і маўчы́!

АЛЬЖБЕТА (/да Аґа́ты/). Што-ж там, сва́цейка, тако́е. Сват-жэ нічо́га благо́га не ка́же. /Да Паўлі́нкі/. Прыбіра́й ты ўжо, дзе́ткі, са стала́!

ПРАНЦІСЬ. Со́бственно, ці сьві́ні е́лі, ці шля́хта папа́сывалася — гэ́так, вось-цо-да, стол выгледа́е, па́не добрудзе́ю.

ПАЎЛІНКА. До́бра, ма́мка, за́раз. /Да Адо́льфа/. А пан Адо́льф мне памо́жэ?

АДОЛЬФ. Калі́ патра́плю, дык чаму́-ж не? /Прыбіра́юць са стала́; начы́не стауля́юць на табурэ́це каля самава́ру/.

АЛЬЖБЕТА. Вы-ж бы, дзе́ткі, занясьлі́ пасу́дак на ту́ю палаві́ну.

ПАЎЛІНКА. Ўсё́ ро́ўна; я по́сьле занясу́ сама́, а цяпе́р... /Пагледа́ючы плутава́та на Адо́льфа/ я баю́ся с па́нам Адо́льфам ісьці́ адна́ на ту́ю палаві́ну: ён такі́ да ўсяго́ ма́е і́мпэт...

АДОЛЬФ (/нясучы́ пасу́дак у старану́ пу́блікі/). Віда́ць, дзе́ўка улялю́скалася ў мяне́ па са́мую шыю.

ПАЎЛІНКА (/ідучы́ к сталу́, ў старану́ пу́блікі/). І со́біла-ж Бо́гу ствары́ць гэ́ткую чапялу́ недарэ́чную!

ПРАНЦІСЬ (/да Паўлі́нкі/). А пра́ўда, со́бственно, лепш старо́жэ, як варо́жэ, па́не добрудзе́ю.

АҐАТА (/да Пранціся́/). А ты, "старо́жэ", не мялі́ по́пусту, а ду́май, як да ха́ты ісьці́.

ПРАНЦІСЬ. Па́не добрудзе́ю, дык і по́йдзем; што-ж там со́бственно, тако́е. /Прашча́юцца або́е і выхо́дзюць. Альжбе́та памага́е прыбіра́ць са стала́/.


ЗЬЯВА VI-ая.

ПАЎЛІНКА — АДОЛЬФ — СЬЦЕПАН — АЛЬЖБЕТА.


ПАЎЛІНКА. Не так, пан Адо́льф, бярэ́ш шкля́нкі; трэ́ба вось як: /Пака́зывае/. Ну і згра́бны-ж! не раўну́ючы — як вол да карэ́ты.

АДОЛЬФ. А па́нна Паўлі́нка ўсё́ камплімэ́нты мне гаво́рэ.

ПАЎЛІНКА (/ў старану́ пу́блікі/). Ду́рню плюнь у во́чы, а ен ска́жэ: дождж ідзе!

АЛЬЖБЕТА (/да Сьцепа́на, като́ры клюе́ но́сам за стало́м/). Што ты таба́ку ва́жыш. Ідзі́ ды кладзі́ся спаць. Гэ́та-ж табе́ тут не карчма́.

СЬЦЕПАН (/со́нна/). Каха́ненькая, ро́дненькая, я нава́жу, а ты ку́піш. Сон ня ке́пская рэч. Для чаго́ Каля́дкі — до́брыя сьвя́ткі, што пад'еў ды на пала́ткі. /Выла́зючы з-за стала́, да Адо́льфа/. Каха́ненькі, ро́дненькі, выбача́й... Забаўля́йся тут с Паўлі́нкай, а я прыкархну́ тро́хі... Сяго́ння ешчэ́ до́сьвета мяне́ мая́ успаро́ла. /Адво́дзючы Адо́льфа ў старану́/. Ну што? Як мая́ Паўлі́на... падышла́ пад мы́сьль?

АДОЛЬФ. О, ва́жная маладзі́ца. Хоць сяго́ння гато́ў з е́ю жані́цца.

СЬЦЕПАН. Ну, так ту́пай каля́ яе́; то́лькі сьме́ла: яна́ дзеўка пада́тлівая, хоць мо́жэ і ма́е тро́хі які́х му́хаў у но́се.

АДОЛЬФ. Хэ-хэ-хэ! Я к уся́кай патра́плю падліза́цца.

СЬЦЕПАН. Ну, дык падлі́зывайся, каха́ненькі, ро́дненькі. /Прашча́ецца і ідзе́ ў бако́ўку/.


ЗЬЯВА VII-ая.

ПАЎЛІНКА — АДОЛЬФ — АЛЬЖБЕТА.


АЛЬЖБЕТА (/сьціра́ючы стол/). А ты, Паўлі́нка, мо́жэ ў ка́рты пайга́е е па́нам Адо́льфам.

АДОЛЬФ (/заку́рываючы/). Ды і мне ўжо трэ́ба зьбіра́цца дамо́ў.

ПАЎЛІНКА. Ці-ж пан Адо́льф разсы́паўся, што маніцё́ся забіра́цца? Зае́дзеце ешчэ́; каня́-ж ма́еце не жартачкі!..

АДОЛЬФ. О, конь мой добры!

АЛЬЖБЕТА. Ну, дык і чаго́-ж сьпеша́цца?.. Нам стары́м, як той ка́жэ, така́я рэч: пад'е́ў ды на пе́ч.

ПАЎЛІНКА (/ў старану́/). Чаго́ до́браго — заначу́е, вот бу́дзе беда́. /Пагледа́ючы ў вакно́/. І це́мра-ж страшэ́нная! /Ў слух/. А паго́да сяго́ння ня дрэ́нная. На́ват ме́сяц сьве́це, што рэ́дка на Пакро́вы. Бу́дзе до́бра для па́на Адо́льфа дамо́ў е́хаць.

АДОЛЬФ. А хоць-бы і дрэ́нная, дык мне блі́зка; жарабе́ц мой у мо́мэнт дамчы́ць.

АЛЬЖБЕТА (/да Паўлі́нкі/). Ну, дык паглядзі́-ж ты, дзе ка́рты, ды пазабаўля́йцеся ешчэ́ тро́хі с па́нам Адо́льфам, ба я му́сіць зраблю́ сьле́дам за дзе́дам. Тро́хі-ж сяго́ння такі́ нату́палася.

АДОЛЬФ. Про́ша, про́ша, па́нечка! На нас маладых не зважа́йце.

АЛЬЖБЕТА. А ўжо́-ж я такі́ і пайду́.

АДОЛЬФ (/цалу́ючы ў руку́ Альжбе́ту/). Ху́тка і я пае́ду, вось то́лькі дам аднаго́ гаспадара́ па́нне Паўлі́нцэ.

ПАЎЛІНКА. Паглядзі́м — хто каму́?! /Шука́е карт. Альжбета выходзе ў бако́ўку/.


ЗЬЯВА VIII-ая.

ПАЎЛІНКА — АДОЛЬФ.


АДОЛЬФ. Чаго́, пане́нка, шукае?

ПАЎЛІНКА. Таго́, чаго́ ешчэ не ма́ю. Карт.

АДОЛЬФ (/гля́нуўшы на вакно́/). А вось яны? — на вакне.

ПАЎЛІНКА (/ў старану́/). Ду́мала, што не ўба́чыць; скарэ́й-бы мо́жэ с ха́ты вы́пхнула, не нашо́ўгы карт. /Да Адо́льфа/. Ну, калі ёсьць, дык бу́дзем ігра́ць. /Паглядзе́ўшы ў вакно́/. А ў што?

АДОЛЬФ. У гаспадара́.

ПАЎЛІНКА. Гэ́та, зна́чыцца, ў ду́рня?

АДОЛЬФ. Ну, гэ́та то́лькі мужыкі́ так гаво́руць. /Раздае́ ка́рты/.

ПАЎЛІНКА. А як пан Адо́льф ду́маў, хто мы? То-ж так са́ма мужы́цкаго ро́ду.

АДОЛЬФ. Пе́ршы раз чу́ю!

ПАЎЛІНКА. Ды і пан Адо́льф так са́ма мужы́цкаго ро́ду. /Ігра́юць у ка́рты/.

АДОЛЬФ (/здзі́ўлены/). І я?!.

ПАЎЛІНКА. Але́, але́! Калі́сь былі ўсе мужыкі́, ну, дык цяпе́р кожны чэлаве́к мужы́цкаго ро́ду, хоць като́ры і прыкі́дываецца па́нам, ці гра́фам. Ды і што гавары́ць. Ада́м і Э́ва і то былі́ мужыка́мі.

АДОЛЬФ (/здзі́ўлены/). Ада́м і Эва́?!.

ПАЎЛІНКА. І Ной і Е́зус…

АДОЛЬФ. Што я чу́ю?. Атку́ль гэ́та, па́нна Паўлі́нка, ўсё́ ве́даеце?

ПАЎЛІНКА. Ого́, не скажу́!

АДОЛЬФ (/про́сючы/). Про́ша сказа́ць.

ПАЎЛІНКА. Ня тэй бьіцё́! Вот салапя́ка!

АДОЛЬФ (/папра́віўшыся/). Ды скажэ́це!

ПАЎЛІНКА (/нецярплі́ва/). Ну, до́бра. Запыта́йцеся у Які́ма Саро́кі: ён усё́ вам раска́жэ. /Адо́льф праі́грывае/. Ду́рэнь, пан! Ду́рэнь, пан!

АДОЛЬФ (/папраўля́ючы/). Гаспада́р. /Раздае́ ка́рты/.

ПАЎЛІНКА (/ў старану́/). Які́ чо́рта гаспада́р, калі́ ду́рэнь?!

АДОЛЬФ. Што па́нна Паўлі́нка ка́жэ?

ПАЎЛІНКА. Кажу́: але́ гаспада́р. /Хві́лю маўча́ць. Паўлі́нка ў старану́/. Што тут гавары́ць з гэ́тай вандзо́нкай. І трыма́е-ж яго́ нядо́брае! /Да Адо́льфа/. А ці пан Адо́льф жані́цца хочэце?

АДОЛЬФ. Ой, страшэ́нна хачу́. А па́нне Паўлі́нцэ за́муж хо́чэцца?

ПАЎЛІНКА. Ого́, ешчэ́ і як хо́чэцца!.. Калі ўда́сца, дык ешчэ́ і сяго́ння мо́жэ пайду́.

АДОЛЬФ. А я-ж ешче́ с та́ткам і ма́мкай ва́шымі нічо́га аб гэ́тым не гавары́ў.

ПАЎЛІНКА. Аб чым — аб гэтым?

АДОЛЬФ. Ну, аб тым, як я жані́цца бу́ду, а па́нна Паўлі́нка за́муж ісьці́. /Праі́грывае/.

ПАЎЛІНКА. Ізно́ў пан ду́рнем! Ізно́ў ду́рнем!

АДОЛЬФ. Гаспадаро́м... /Раздае́ ка́рты/.

ПАЎЛІНКА. А мо́жэ ўжо бу́дзе? Не́шта спаць я́кбы хо́чэцца. /Зева́е, ўстае́ і пагляда́е ў вакно́. Ў старану́/. А што, калі́ не прышо́ў?

АДОЛЬФ (/не разслу́хаўшы/). Хто не пашо́ў?

ПАЎЛІНКА. Я кажу́, каб хаця́ дождж не пашо́ў. /З удава́най жа́ласьцю/. Я так жале́ю, так жале́ю па́на Адо́льфа, каб не замо́к, што аж тут не́шта трасе́цца. /Паказывае на гру́дзі/.

АДОЛЬФ. І я так са́ма па́нну Паўлі́нку жале́ю і цяпе́р, і по́тым.

ПАЎЛІНКА. Калі́ гэ́та?— по́тым? Як пан Адо́льф ешчэ́ ду́рня во́зьме?

АДОЛЬФ. Ды не! Тады́, як бу́дзем... як бу́дзем... ну, як гэ́та сказаць?

ПАЎЛІНКА. Ізно́ў скруці́ў! /Папраўля́е/. Вось гэ́так бы́ло, гэ́так біць трэ́ба, а з гэ́тай хаджу́, і па́на Адо́льфа ізно́ў ду́рэнь, ду́рэнь, ду́рэнь!

АДОЛЬФ. Гаспада́р!

ПАЎЛІНКА. Ўсё́ ро́ўна, хоць гаспада́р, а́ле, як ка́рты пака́зываюць, дык ду́рэнь!

АДОЛЬФ. Хай сабе́ бу́дзе і так! Цяпе́р за то́е што па́нна Паўлі́нка мяне́ гэ́так абыгра́ла, вазьму́ ды пае́ду. /Устае́/.

ПАЎЛІНКА (/з аблягчэ́ннем, у старану́/). Сабра́ўся такі́ накане́ц.

АДОЛЬФ. Дабра́нач па́нне Паўлі́нцэ! Про́ша чэка́ць, — я прые́ду па канча́так.

ПАЎЛІНКА. Забяры́це ле́пей яго́ цяпе́р!

АДОЛЬФ. Каго?

ПАЎЛІНКА. Ды канча́так той.

АДОЛЬФ. А па́нна Паўлі́нка ўсё́ жарту́е. /Прашча́ецца. Выхо́дзючы, ў старану́ пу́блікі/. Во́т так на ўсе́ бакі́ дзе́ўка! Адны́м сло́вам, як сторублё́вая кабы́ла. Гэ́ткая — дыхт для мяне́ жо́нка!


ЗЬЯВА IX-ая.

ПАЎЛІНКА /адна́/.


ПАЎЛІНКА (/неспако́йна/). А той мо́жэ, хай-бы ле́пей і не прышо́ў! Так усё́ неяк у сярэ́дзіне трасе́цца... І на што гэ́та я яму́ абеца́ла? Ле́пей было́-б пачэка́ць. Што тут рабі́ць? /Хо́дзе ад вакна́ к вакну́ і пагледа́е/. Падшахну́ла-ж мяне́ нядо́брае на зго́ду прыста́ць! /Су́мна-ве́села/. А мо́жэ ня пры́дзе. /Су́мна/. А калі́ ня пры́дзе, то зна́чыцца, ён ужо́ мяне́ ня лю́біць бо́лей. Не, ніха́й пры́дзе ле́пей, а там, што бу́дзе, то бу́дзе. Трэ́ба паваражы́ць. /Сту́кае ў па́льцы/. Пры́дзе, ня пры́дзе, пры́дзе, ня пры́дзе, пры́дзе. /Ве́села/. Пры́дзе, пры́дзе! А цяпе́р — лю́біць, ці ня лю́біць? Ну, гэ́та трэ́ба на ка́рты паваражы́ць. /Бярэ́ і перэкіда́е ка́рты/. Лю́біць, ня лю́біць, к сэ́рцу прыжме́, к чо́рту пашле́; лю́біць, ня лю́біць, к сэ́рцу прыжме́... /Ве́села/. Так, так, лю́біць, к сэ́рцу прыці́сьне. Ну, раз ка́рты гэ́так паказа́лі, то трэ́ба зьбіра́цца. А́ле му́шу ўпе́рад паслу́хаць, ці сьпяц стары́е. /Ідзе́ і патслу́ховае у дзьвера́х бако́ўкі/. Спяць, ажно́ храпу́ць, я́кбы суко́нкі дра́лі. /Падхо́дзе, глядзі́ць у вакно́, заду́мываецца/. Што тут узя́ць? Ага́, трэ́ба загля́нуць у ку́фар. /Атчыня́е ку́фар, капа́ецца ў ім; дастае́ па́церкі і прымера́е/. Во! гэ́та дык трэ́ба забра́ць — так мне з і́мі да тва́ру ідзе́. Ну, суке́нку но́вую так са́ма трэ́ба узя́ць. Усё́ гэ́та зьвя́жэм у хустку. /Разсьціла́е ху́стку і скла́дывае свае́ рэ́чы/. А-а, і чараві́чкі му́шу забра́ць, бо ў чым-жэ я з ім бе́гаць бу́ду? Шнуро́вачку так-жэ вазьму́, бо хто-ж яе́ бу́дзе тут насі́ць?.. І-і!!. ўжо́ бо́лей, здае́цца, нічо́га. /Звя́зывае і ідзе́ к ло́жку. Чува́ць шо́рах за вакно́м! Паўлі́нка сьці́ха/. Ай, хтось там прышо́ў! /Пагля́дываючы на пу́бліку/. Прышо́ў мой міле́нькі, прышо́ў! Такі́ ка́рты пра́ўду паказа́лі. /Ідзе́ к вакну́/. Хто там?

ГО́ЛАС З-ЗА ВАКНА́ (/прыду́шэны/). Я!.. Я!..

ПАЎЛІНКА (/угледа́ючыся ў вакно́, ў старану́/). Нічагу́тэнькі не віда́ць! Цемната́ страшэ́нная! /Ў вакно́/. Хто — я?

ГО́ЛАС. Я!.. Я!.. Ну, ці-ж не пазна́ла?

ПАЎЛІНКА. Пачэка́й міну́тку. Вось я за́раз. То́лькі паду́шачкі зьвяжу́ і ко́ўдру.

ГОЛАС. Ды мне нічо́га ня трэ́ба!

ПАЎЛІНКА. Ма́ла, што ня трэ́ба, а я вазьму́: мягчэ́й бу́дзе спаць. /Ху́тка ідзе́ к ло́жку, зьвя́зывае паду́шкі і ко́ўдру у пасьці́лку/. Ну, ўжо́ гато́ва! /Атчыня́е вакно́ і выкі́дывае вузлы́/. Перэйма́й, а за́раз — і мяне́! /Да сябе́/. Трэ́ба з бако́ўкі ўзя́ць ве́рхнюю апра́тку і ху́стку, то́лькі-б хаця́-ж стары́е не прабудзі́ліся. /Зніжа́е аго́нь у ля́мпе і ідзе́ ў бако́ўку. Па нея́кім ча́се выхо́дзіць стуль адзе́ўшыся/. А цяпе́р і сябе́ трэ́ба вы́кінуць! /Шы́бка ідзе́ к вакну́. Чува́ць шо́рах у бако́ўцэ/. Ай, нехта ўста́у!


ЗЬЯВА X-ая.

ПАЎЛІНКА — СЬЦЕПАН.


СЬЦЕПАН (/выбега́е з бако́ўкі, ахіну́ўшыся ко́ўдрай/). Хто тут! Хто тут лазе а по́ўначы? Альжбе́та! Альжбе́та! Хутчэ́й сюды! /Паўлі́нка, перэхрысьці́ўшыся, кіда́ецца ў вакно́. Сьцепа́н уба́чыў/. Ґвалт! Зло́дзей! /Бяжы́ць к вакну́ і хвата́е Паўлі́нку за но́гі/. Альжбе́та! Скарэй сюды! Стрэ́льбу хвата́й!!.


ЗЬЯВА XI-ая.

ПАЎЛІНКА — СЬЦЕПАН — АЛЬЖБЕ́ТА.


АЛЬЖБЕТА (/выбега́е — як Сьцепа́н — акры́ўшыся ко́ўдрай; уся́ трасе́цца/). Ма́тачка На́йсьве́нтшая! Што тут ро́біцца?! /Ма́цае па сьцяне́/. За́раз, за́раз нясу́ стрэ́льбу. /Хвата́е за гі́ру ад гадзі́нніка, гадзіннік з ґро́хатам ва́ліцца са сьцяны́ і разьбіва́ецца/. Ай! Што-ж я нарабі́ла!!

СЬЦЕПАН (/трыма́ючы Паўлі́нку за но́гі, да Альжбе́ты/). Куды́ цябе не́мач упё́рла? Паткруці́ хутчэ́й кнот ды памажы́ цягну́ць!..

АЛЬЖБЕТА (/бяжы́ць к ля́мпе/). Ужо́, ужо́!

ПАЎЛІНКА (/пераве́сіўшыся праз вакно́/). Цягні́, бра́тка, ямчэ́й!

АЛЬЖБЕТА (/паткруці́ўшы кно́т і бягучы́ к Сьцепа́ну/). Бо́жухна мой! Гэ́та-ж Паўлі́нка! Скуль ты ўзя́ў таго́ зло́дзея?

СЬЦЕПАН. Каха́ненькая, ро́дненькая, не мялі́ языко́м, ды вось памага́й цягну́ць; там не́йкі гад яе́ за ру́кі трыма́е.

ПАЎЛІНКА. Мацнеа́й, мацнеа́й, брато́к!

АЛЬЖБЕТА (/памага́юячы Сьцепа́ну цягну́ць/). Што ты, дзе́ткі, адурэ́ла, ці што? /Сьця́гіваюць Паўлі́нку з вакна́ на ха́ту/.

СЬЦЕПАН. Ты гэ́та, каха́ненькая, ро́дненькая, куды́ мані́лася ляце́ць?

ПАЎЛІНКА (/апіра́ючыся руко́й аб стол, пату́піўшыся/). Я!.. Я!.. хаце́ла за́муж ісьці́!

СЬЦЕПАН і АЛЬЖБЕТА. Праз вакно́?!

ПАЎЛІНКА. А што-ж, калі́ та́тка і ма́мка праз дзьве́ры не пуска́еце.


ЗЬЯВА XII-ая.

ТЫЕ-Ж і ПРАНЦІСЬ — АДО́ЛЬФ — АҐА́ТА.


ПРАНЦІ́СЬ /без ша́пкі ўва́ліваецца ў ха́ту, трымаю́чы за каўне́р Адо́льфа/. Со́бственно, па́не добрудзе́ю, зло́дзея, зло́дзея злаві́у, вось-цо-да.

АҐАТА (/ця́гнучы́ вузлы́/). А я́кжэ, тудэ́ма-сюдэ́ма, з гэ́тымі като́мкамі каля́ ва́шаго вакна́ капа́ўся.

ПАЎЛІНКА, СЬЦЕПАН і АЛЬЖБЕТА. Пан Быко́ўскі?!.

ПРАНЦІСЬ. А так, так, па́не добрудзе́ю. Адо́льф, Адо́льф! Зло́дзей, со́бственно, вось-цо-да!

СЬЦЕПАН (/да Адо́льфа/). Дык гэ́та ты мне хаце́ў дачку́ ўкра́сьці, зладзю́га, каха́ненькі, ро́дненькі!

АДОЛЬФ (/заіка́ючыся і не разуме́ючы ў чым рэч/). Я… я… зьбі́ўся тут каля́ са́ду з даро́гі, дык хаце́ў у па́нны Паўлі́нкі запыта́цца праз вакно́, кудо́й вы́ехаць.

ПРАНЦІСЬ. Со́бственно, зло́дзей, зло́дзей! Вузлы́ с ха́ты праз вакно́ павыця́гіваў. Мо́жэ і ша́пку маю́ ўкра́ў.

АҐАТА. Ты за́раз, пья́ніца, тудэ́ма-сюдэ́ма, і галаву́ забу́дзешся. Гэ́та-ж аж дамо́ў давало́кся і тады́ то́лькі агле́дзіўся, што ша́пкі забыўся.

ПРАНЦІ́СЬ. Со́бственно, а ба́ба на што, каб усяго́ пільнава́ла. А́ле зло́дзея, па́не добрудзе́ю, злаві́ў, злаві́ў, вось-цо-да.

СЬЦЕПАН (/да Паўлі́нкі/). Дык гэ́та ты, каха́ненькая, ро́дненькая, за яго́ хаце́ла за́муж уцека́ць, як даве́далася, што гэ́наго га́да, гэ́нае плюґа́ўство за афі́шкі арыштава́лі.

ПАЎЛІНКА (/глу́ха/). Бо́жухна мой, Бо́жэ! Які́мку арыштава́лі!!

СЬЦЕПАН (/самадаво́льна/). Хе-хе-хе! Ўжо́ гэ́тае мужы́цкае насе́нне ня бу́дзе бо́льш на́шых сьце́жак пага́ніць.

ПАЎЛІНКА. Які́мку арыштава́лі! Майго́ сако́ліка ненагля́днаго арыштава́лі!

СЬЦЕПАН (/да Адо́льфа/). А ты, каха́ненькі, ро́дненькі, негадзя́й, віру́тнік с-пад цё́мнай ґвя́зды, вон з мае́й ха́ты, каб твая́ і нага́ тут не была́! Ня мог, як трэ́ба, па хрысьція́нску - з сва́там, з за́паведзямі маю́ дачку́ ўзя́ць, а́ле, як зло́дзей, хаце́ў праз вакно́ вы́валачы! Вон! Вон!

АДОЛЬФ. Я... я... то́лькі хаце́ў даро́гі запыта́цца...

ПРАНЦІСЬ (/развя́зываючы вузлы́/). Со́бственно, зло́дзей, па́не добрудзе́ю! Паду́шкі і суке́нкі дзяво́чые праз вакно́ пакра́ў. К ура́дніку, марш! К ура́дніку, гі́цэль, вось-цо-да!

ПАЎЛІНКА. Які́мку арыштава́лі! Маю́ зо́рачку я́сную арыштава́лі! /Дзіка/. Ха-ха-ха! Зьвяры́ сьляпы́е!!! /Як сноп, ва́ліцца на зямлю́. Сумато́ха. Крыкі: вады́! выды!/.

ПРАНЦІ́СЬ. Со́бственно, па́не добрудзе́ю, у мяне ёсьць кро́плі. /Дастае́ с кішані́ фля́шку і пы́рскае ў твар Паўлі́нцэ гарэ́лкай/.

АҐАТА (/кіда́ючыся да Пранціся́/). Тудэ́ма-сюдэ́ма, асшале́ў...

СЬЦЕПАН (/пану́ра/). Каха́ненькіе, родненькіе, дзьве дзю́ркі ў но́се і скончыло́ся!


Заслона.


КАНЕЦ.


Акопы, 3/VI, 1912 г.