Патрыятычны малітвеннік

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Патрыятычны малітвеннік
эсэ
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1926


Выданне гэктаграфаванае, без азначання часу і месца друку

Наша патрыятычна-агітацыйная пісьменнасць у параўнанні з гэтага роду пісьменнасцю другіх, суседніх нам народаў, вельмі малая, дзеля гэтага трэба вітаць кожную спробу ў гэтым кірунку, асабліва калі яна мае на мэце чыстыя крыніцы, г. зн. суверэннасць крывічанскага (беларускага) народа на крывічанскіх землях. Амаўляная брашура адпавядае вышэй пастаўленым вымогам у поўнай меры. У дадатку з’яўляецца цікавай спробай перафразоўкі штодзённых малітваў на патрыятычны лад, што для чытача з народа з’яўляецца пацягаючым аргументам. Гэткага роду спробы патрыятычнай агітацыі — не навіна. У свой час гэткага роду пісьменнасць працвітала ў палякаў (у апрацоўцы А. Міцкевіча), былі вельмі папулярны патрыятычныя малітвы і катэхізмы ў ірландцаў. Амаўленая намі брашура з’яўляецца саўсім арыгінальнай перафразоўкай малітваў. Дзеля таго, што гектаграфаванае выданне зазвычай агранічаецца некалькімі дзесяткамі адзінцоў, а сама брашура цікавая і ў поўнай меры вартая шырокага распашырання, то мы, для азнаямлення шырэйшых кругоў, у большасці яе перадрукоўваем.

«У імя крыўскага (беларускага) народа, за яго славу, шчасце і свабоду. Станься.

Ойча наш, каторы ёсць у небе, вярні нам волю і валадарства на зямлі нашай, даўно і цяжка паярэмленай. Хай не адымаюць чужынцы хлеб штодзённы ад вусн нашых дзяцей. Адпусці грахі нашым продкам, каторыя не ўмелі абараніць сваёй і свайго патомства свабоды. Не ўводзь нас у пакусу ўлегласці тым, што паярэмілі нас, але збаў нас ад чужацкай апекі. Станься.

Вітай, Крывічанская зямелька, потам і крывёй нашаю палітая, праўда з табою. Благаслаўлена ты паміж усімі краінамі свету, і благаслаўлен плод лона твайго, Крывіч. Святая зямелька, Маці наша! табе ў ахвяру складаем мы ўсе сілы свае цяпер і ў момант смерці нашай.

Веру ў Бацькаўшчыну нашу Крывію (Беларусь) і ў Народ наш, сына яе адзінага, каторы на свет прыйшоў свабодным, радзіўся з волі нікім не паярэмленай. Замучаны быў маскалямі і палякамі, загнаны ў прыгонную няволю, памёр як дзяржаўны народ, цяпер падзелены на часці. Але хутка ўваскрэсне з мёртвых, узойдзе на пасад свабоды і будзе, магутны, паводле заслуг судзіць сваіх ворагаў і крыўдзіцеляў. Веру ў творчасць Духа народнага, у лучнасць нашых сіл грамадскіх, у аб’яднанне ўсіх крывічанскіх зямель у адну свабодную дзяржаву і ў шчаснасць векавечную. Станься.

Слава Крывічанскаму Народу ва ўсіх яго гістарычных імёнах — Крывіі, Літвы, Беларусі, — як была справеку, так цяпер і на векі вечныя. Станься. Святая свабода, выражаная дзяржаўнай самаістасцю Крывічанскага Народа, ты наша пацяшыцелька і надзея, адзіная Мэта і Праўда наша, прыйдзі, усяліся ў нас і ачысці нас ад усякага рабства і збаў нас ад няволі. Станься».

Дзесяць загадаў народных

«Я, Крывічанскі народ, замучаны, распяты і падзелены, клічу да цябе:

  1. Не спадзявайся, што хто-колечы з чужакоў высвабадзіць мяне з няволі.
  2. Ніякага самаўрада не называй яшчэ незалежнасцю.
  3. Памятай выслаўляць дзень, каторы дасць нам поўнае вызваленне.
  4. Паважай тых, каторыя змагаюцца за маю лепшую будучыну.
  5. Не забівай на славе тых, каторыя працуюць для мяне.
  6. Не злучай сябе звязкамі жанімства з чужынцамі.
  7. Не вер чужынцам.
  8. Не траць веры ў народную справу.
  9. Не перасаджай чужых культур на грунт свой народны.
  10. Ні мовы чужой, ні паэзіі, ні грамадскіх форм, ні звычаяў, ні абычаяў, нічога, што не вырасла з народнага духу, акром тэхнічнай веды, якая з’яўляецца выразам агульначалавецкага генія.

Любі народ і край свой Крывічанскі ўсім сэрцам, усёй душой, усімі мыслямі, думкамі і подумкамі сваімі!

Любі свабоду і змагайся за свабоду, як за ўласнае жыццё і шчасце!»

Напачатку была Свабода, і Свабода была ў руках Народа, і Народ быў свабодны. Свабода была напачатку ў руках Народа. Праз Народ усё сталася, і без яго нічога не сталася. Народ быў незалежны, а свабода і незалежнасць былі радасцю людзей. І памяць аб утрачанай намі свабодзе свеціць нам у паняволенні нашым, і няволя не пагасіла ў нас жадання свабоды.

[1926]