Перайсці да зместу

Пасланьне да Філіпянаў сьв. ап. Паўлы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пасланьне да Эфэсцаў сьв. ап. Паўлы Пасланьне да Філіпянаў сьв. ап. Паўлы
Аўтар: Апостал Паўла
Пераклад: Лука Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч
Пасланьне да Каласянаў сьв. ап. Паўлы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Разьдзе́л 1

[правіць]

1 Паўла і Цімахве́й, слугі Ісуса Хрыста, усім сьвятым у Хрысьце́ Ісусе, што ў Філіпах, з япіскапамі і дыяканамі:

2 ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

3 Дзякую Богу майму пры ўсякім успаміне аб вас,

4 (заўсёды ў кожнай малітве мае́й за ўсіх вас молячыся з радасьцяй,)

5 за вашае ўчасьце ў дабраве́шчаньні ад пе́ршага дня аж дагэтуль,

6 перакананы ў тым, што той, хто пачаў у вас добрае дзе́ла, будзе завяршаць ажно па дзе́нь Ісуса Хрыста,

7 як і справядліва мне́ думаць аб усіх вас, бо я ма́ю вас у сэрцы, у путах маіх і ў абароне і ўмацаваньні Эвангельля, вас, якія ўсе́ — супольнікі маі ў ласцы.

8 Бо Бог мне́ сьве́дка, што я люблю вас у любві Ісуса Хрыста;

9 і малюся аб тое, каб любоў вашая яшчэ бале́й і бале́й узрастала ў пазнаньні і ўсякім пачуцьці,

10 каб пазнаць вам ле́пшае, каб вы былі чыстымі і неспаткнуўшыміся ў дзе́нь Хрыстовы,

11 напоўненымі пладамі праведнасьці праз Ісуса Хрыста на славу й пахвалу Божую.

12 Хачу, браты, каб вы ве́далі, што тое, што са мной (сталася), служыла бале́й на пасьпе́х Эвангельля,

13 бо путы маі ў Хрысьце́ сталіся вядомымі ўсе́й прэторыі і ўсім іншым,

14 і большая частка братоў у Госпадзе, перакананыя путамі маімі, яшчэ бале́й адважыліся бяз страху апавядаць Слова.

15 А некаторыя праз зайздрасьць і перакорлівасьць, іншыя-ж з добрай думкай абвяшчаюць Хрыста:

16 тыя, што праз непакорлівасьць, абвяшчаюць Хрыста ня чыста, думаючы дадаць гора путам маім;

17 тыя-ж, што з любві, ве́даючы, што дзе́ля абароны Эвангельля ляжу.

18 Дык што? Так, ці сяк, дзеля віду, ці праўдзіва, Хрыстос абвяшчаецца, і я з гэтага це́шуся і буду це́шыцца,

19 бо я ве́даю, што гэта паслужыць мне́ на збаўле́ньне праз вашу малітву, з дапамогай Духа Ісуса Хрыста,

20 водле спадзяваньня і надзе́і мае́й, што я ні ў чым ня буду асаромлены, а з усе́нькай адвагай, як заўсёды, гэтак і цяпе́р, узьвялічаны будзе Хрыстос у це́ле маім, ці то жыцьцём, ці сьме́рцяй.

21 Бо для мяне́ жыцьцё —Хрыстос, і сьме́рць — набытак.

22 А як жыцьцё водле це́ла — гэта мне́ плод дзе́ла, дык і ня ве́даю, што выбраць.

23 Цягне тое і другое: ма́ю жаданьне разьвязацца і быць з Хрыстом, бо гэта шмат ле́пшае,

24 але аставацца ў це́ле патрабне́й дзеля вас.

25 І я напэўна ве́даю, што астануся і перабуду з усімі вамі на вашу карысьць і радасьць ве́ры,

26 каб пахвала вашая ў Хрысьце́ Ісусе павялічылася праз мяне́ пры маім паўторным да вас прыходзе.

27 Толькі жыве́це дастойна Эвангельля Хрыстовага, каб мне́, ці прыду і ўгле́джу вас, ці ня прыду, чуць аб вас, што вы стаіцё ў адным духу, змагаючыся аднадушна за ве́ру Эвангельскую

28 і ані не палохаючыся супраціўнікаў; гэтае для іх ёсьць знак пагібелі, а для вас — збаўле́ньня, і яно ад Бога;

29 бо вам дадзена дзеля Хрыста ня толькі ве́рыць у Яго, але і мучыцца за Яго,

30 вядучы тую-ж барацьбу, якую вы бачылі ў-ва мне́ і цяпе́р чуеце аба мне́.

Разьдзе́л 2

[правіць]

1 Дык, калі ёсьць якое пацяшэньне ў Хрысьце́, калі ёсьць якая патоля любві, калі ёсьць якая лучнасьць духа, калі ёсьць якое міласэрдзе і спачуваньне,

2 то дапоўніце маю радасьць: каб тое самае думалі, тую-ж любоў ме́лі, былі аднадушныя і аднадумныя;

3 нічога (не рабе́це) праз спрэчкі ці дзеля пустое пахвальбы, але ціхой мудрасьцяй лічыце адзін аднаго вышэйшым за сябе́.

4 Не аб сабе́ толькі кожны клапо́цься, але і аб другіх,

5 бо няхай тое ў вас думаецца, што і ў Хрысьце́ Ісусе:

6 Які, будучы ў паста́ці Боскай, ня лічыў захопам быць роўным Богу;

7 але панізіў Сябе́ Самога, прыняўшы абра́з раба́, стаўшыся на падабе́нства людзе́й і здаўшыся выглядам, як чалаве́к,

8 зьняважыў Сябе́, будучы паслухмяным ажно да сьме́рці і сьме́рці крыжовай.

9 Дзеля гэтага і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усякае імя,

10 каб перад іме́ньнем Ісуса сукланілася ўсякае кале́на нябе́сных, зямных і падзе́мных,

11 і каб усякі язык вызнаваў, што Госпад — Ісус Хрыстос, у славу Бога Айца.

12 Дык вось, умілаваныя маі, як вы заўсёды слухалі ня толькі ў бытнасьць маю, але шмат бале́й цяпе́р, у час нябытнасьці мае́й, са страхам і дрыжэньнем аб збаўле́ньне свае́ старайцеся,

13 бо Бог ёсьць той, што робіць у вас і жаданьне і дзе́яньне з зычлівасьці Свае́й.

14 Усё рабе́це без нараканьня і сумляваньня,

15 каб вам быць бязьвіннымі і чыстымі, дзяцьмі Божымі беззаганнымі сярод перакорлівага і распуснага роду, між якім вы зьяеце, як сьве́тачы на сьве́це,

16 маючы слова жыцьця, на пахвалу маю́ ў дзе́нь Хрыстовы, што я не надарма хадзіў і не надарма працаваў.

17 Але, калі я й ро́блюся ахвяраю за жэртву й служэньне ве́ры вашай, я це́шуся і це́шуся супольна з вамі;

18 з гэтага самага і вы це́шцеся і це́шцеся супольна са мною.

19 Спадзяюся-ж у Госпадзе Ісусе хутка паслаць вам Цімахве́я, каб і я, даве́даўшыся аб вас, уце́шыўся духам.

20 Бо ня маю нікога роўнага душою, хто гэтак шчыра рупіўся-б аб вас;

21 бо ўсе́ шукаюць свайго, а не Ісуса-Хрыстовага.

22 А яго дасьве́дчаньне ве́даеце, бо ён, як сын бацьку, служыў мне́ ў дабраве́шчаньні.

23 Дык я спадзяюся паслаць яго зараз-жа, як толькі даве́даюся, што́ будзе са мною.

24 Бо я пэўны ў Госпадзе, што й сам хутка прыду.

25 Я палічыў патрэбным паслаць да вас Эпафрадзіта, брата і супрацо́ўніка і супольніка майго ў барацьбе́, а вашага пасланца і служку ў патрэбе маёй,

26 бо ён жадаў бачыць усіх вас і цяжка тужыў, што вы дачуліся аб хваробе яго.

27 Бо ён быў хворы траха́ не сьмяротна; але Бог зьлітаваўся над ім, дый не над ім толькі, але і нада мною, каб ня ме́ў я суму да суму.

28 Дык я хутчэй паслаў Яго, каб вы, угле́дзіўшы яго ізноў, уце́шыліся, дый каб я быў ме́нш сумны.

29 Прыме́це-ж яго ў Госпадзе з усякай радасьцяй і гэтакіх у чэсьці ме́йце,

30 бо ён за справу Хрыстовую быў блізкі да сьме́рці, ня дбаючы аб жыцьці, каб папоўніць нястачу служэньня вашага мне́.

Разьдзе́л 3

[правіць]

1 Урэшце, браты маі, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам аб тым самым для мяне́ ня цяжка, а для вас цьвёрда.

2 Сьцеражыцеся сабак, сьцеражыцеся благіх працаўніко́ў, сьцеражыцеся абрэзаньня,

3 бо абрэзаньне — мы, што служым Богу духам і пахваляемся ў Хрысьце́ Ісусе, і ня ў це́ле ма́ем спадзяваньне:

4 хоць і я спадзяюся і на це́ла. Калі хто іншы думае спадзявацца на це́ла, дык бале́й я,

5 абрэзаны ў восмы дзе́нь, з роду Ізраілявага, з кале́на Бэніямінавага, Жыд з Жыдоў, водле закону Фарысэй,

6 які праз руплівасьць перасьле́даваў Царкву, водле праведнасьці законнай — беззаганны.

7 Але, што́ для мяне́ было набыткам, тое дзеля Хрыста лічыў я за страту.

8 Дый усё лічу стратай для вышэйшага пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго, дзеля Якога я ўсё ўтраціў і ўсё лічу за сьмяцьцё, каб Хрыста прыдбаць

9 і апынуцца ў Ім, маючы не маю́ праведнасьць, што з закону, але тую, што праз ве́ру ў Хрыста, праведнасьць ад Бога на падставе ве́ры,

10 каб пазнаць Яго і сілу ўваскрасе́ньня Яго, і ўчасьце ў муках Яго, упадабляючыся сьме́рці Яго,

11 каб толькі дасягнуць ускрасе́ньня мёртвых.

12 Не затым, што я ўжо дасягнуў, ці ўжо стаўся дасканалым, а імкнуся, ці не дасягну й я таго, за што і мяне́ дасягнуў Хрыстос Ісус.

13 Браты, я ня думаю аб сабе́, што дасягнуў, а толькі, забываючыся аб мінулым і пнучыся да таго, што напе́радзе,

14 імкнуся да мэты, да чэсьці вышэйшага прызваньня Божага ў Хрысьце́ Ісусе.

15 Дык хто з нас дасканалы, ду́майма гэтак; калі-ж вы аб чым іначай думаеце, дык і гэтае вам Бог адкрые.

16 Па-за гэтым, чаго мы дасягнулі, (ёсьць:) тым жа законам жыці, тое-ж думаці.

17 Насьлядуйце, браты, мяне́ і ўзірайцеся на тых, хто гэтак паступае, па ўзору, які маеце ў нас.

18 Бо многія, аб якіх я часта гаварыў вам, а цяпе́р і са сьлязьмі кажу, паступаюць, як ворагі Хрыстовага крыжа, —

19 якіх кане́ц — загуба, якіх бог — чэрава, і слава якіх у сораме іх, тых, што думаюць аб зямны́м.

20 Нашае-ж жыцьцё — на нябёсах, адкуль мы чакаем і Збавіцеля, Госпада Ісуса Хрыста,

21 Які ператворыць це́ла зьнявагі нашае, каб яно сталася падобным да це́ла славы Яго, сілаю, якою Ён дуж і пакарыць Сабе́ ўсё.

Разьдзе́л 4

[правіць]

1 Гэтак, браты мае́ ўмілаваныя і пажаданыя, радасьць і вяне́ц мой, стойце так у Госпадзе, любыя.

2 Прашу Яўводзію, прашу і Сынтыхе́ю думаць гэтак сама ў Госпадзе;

3 ды прашу й цябе́, шчыры супрацоўніку, дапамагай ім, тым, што працавалі ў дабраве́шчаньні разам са мною і з Клімантам і з рэштай супрацоўнікаў маіх, імёны якіх у кнізе жыцьця.

4 Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе; і йзноў кажу: радуйцеся!

5 Ціхасьць ваша няхай пазнана будзе ўсімі людзьмі. Госпад блізка.

6 Ня турбуйцеся ні аб чым, але заўсёды ў малітве і благаньні падзякай няхай адкрываюцца просьбы вашыя перад Богам, —

7 і мір Божы, які вышэй за ўсякі розум, няхай захавае сэрцы вашыя і мысьлі вашыя ў Хрысьце́ Ісусе.

8 Накане́ц, браты, што ёсьць праўдзівае, што чэснае, што справядлівае, што чыстае, што ласкавае, што хвале́бнае, калі ёсьць якая цната́ і якая пахвала, — аб гэтым думайце.

9 І чаго вы навучыліся, і што прынялі і чулі і бачылі ў-ва мне́, тое рабе́це, — і Бог міру будзе з вамі.

10 Я ве́льмі ўце́шыўся ў Госпадзе, што вы ўжо калісь пачалі думаць аба мне́, аб якім і ране́й думалі, ды ня было нагоды.

11 Кажу не як дзеля нястачы, бо я навучыўся быць здаволеным тым, што ў мяне́ ёсьць:

12 бо ўме́ю і ў паніжэньні быць, уме́ю і ў дастатках; навучыўся ўсяго і ў-ва ўсім, і насычацца і галадаваць, і ме́ць дастаткі і недастатак,

13 Усё магу ў Хрысьце́, які ўзмацняе мяне́.

14 Па-за гэтым вы добра зрабілі, дзе́лячы са мною мой сум.

15 Ве́даеце і вы, Філіпяне, што напачатку дабраве́шчаньня, калі выйшаў я з Македоніі, ні адна царква́ не далучылася да мяне́ праз дораньне і гасьціну, апрача вас адных.

16 Вы і ў Фесалоніку і раз, і два прысылалі мне́ ў патрэбе.

17 Ня тое, каб я шукаў падарунку, але шукаю плоду, які памнажаецца на вашу карысьць.

18 Я дастаў усё і маю дастаткі; я напоўнены, атрымаўшы ад Эпафрадзіта пасланае вамі, пахі салодкія, ахвяру прые́мную, Богу любую.

19 Бог мой няхай напоўніць усякую нястачу вашую паводле багацьця Свайго ў славе, у Хрысьце́ Ісусе.

20 Богу-ж і Айцу нашаму слава на ве́кі вякоў. Амін.

21 Прывітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце́ Ісусе. Вітаюць вас браты, што са мною.

22 Вітаюць вас усе́ сьвятыя, а найбольш тыя, што з ке́саравага дому. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін. Да Філіпянаў пісана з Рыму праз Эпафрадзіта.