Перайсці да зместу

Пасланьне да Эфэсцаў сьв. ап. Паўлы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пасланьне да Галятаў сьв. ап. Паўлы Пасланьне да Эфэсцаў сьв. ап. Паўлы
Аўтар: Апостал Паўла
Пераклад: Лука Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч
Пасланьне да Філіпянаў сьв. ап. Паўлы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Разьдзе́л 1

[правіць]

1 Паўла, воляй Божай Апостал Ісуса Хрыста, сьвятым, што ў Эфэсе, і верным у Хрысьце Ісусе:

2 ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

3 Багасла́ўлены Бог і Ацец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які пабагаславі́ў нас у Хрысьце́ ўсякім духоўным багаслаўле́ньнем у нябёсах,

4 бо Ён выбраў нас у Ім да стварэньня сьвету, каб быць нам сьвятымі і беззаганнымі перад Ім у любві,

5 празначыўшы нас на ўсынаўле́ньне Сабе́ праз Ісуса Хрыста з ласкавасьці волі Свае́й,

6 на пахвалу славы ласкі Свае́й, Ён абдо́рыў нас у ўмілаваным,

7 у Якім ма́ем адкупле́ньне Крывёю Яго,адпушчэньне грахоў, водле багацьця ласкі Яго,

8 якую Ён размножыў нам у ўсякай мудрасьці і розуме,

9 даўшы нам пазнаць тайну волі Свае́й, праз ласкавасьць Сваю, што ране́й пастанавіў у Сабе́,

10 дзеля ўпарадкаваньня поўні часоў, каб усё было пад галавою Хрыстом, тое, што ў нябёсах, і тое, што на зямлі.

11 У Ім, у Якім мы і сталіся насьле́днікамі, былі мы напе́рад празначаны на гэта празначэньнем Таго, Хто ўсё выпаўняе хаце́ньнем волі Свае́й,

12 каб быць нам на пахвалу славы Яго, нам, што ране́й спадзяваліся на Хрыста;

13 у Ім і вы, пачуўшы слова праўды, Эвангельле вашага збаўленьня, і ўвераваўшы ў Яго, запячатаны Духам Сьвятым прырачэньня,

14 які ёсьць залог спадчыны нашае на выкуп удзелу, на пахвалу славы Яго.

15 Дзеля гэтага і я, пачуўшы аб вашай веры ў Хрыста Ісуса і аб любві да ўсіх сьвятых,

16 няўстанна дзякую за вас Богу , успамінаючы вас у малітвах маіх,

17 каб Бог Госпада нашага Ісуса Хрыста, Ацец славы, даў вам Духа мудрасьці і адкрыцьця на пазнаньне Яго,

18 прасьветленыя вочы сэрца вашага, каб вы пазналі, якая ёсьць надзея пакліканьня Яго, ды якое багацьце слаўнае спадчыны Яго для сьвятых,

19 ды як бязьмерная веліч магутнасьці Яго ў нас, веруючых праз дзеянне магутнае сілы Яго,

20 Якую Ен зьдзеяў у Хрысьце, ускрасіўшы Яго з памершых і пасадзіўшы праваруч сябе на нябёсах,

21 вышэй за ўсякае начальства і ўладу, і сілу, і панаваньне, і ўсякае імя, названае ня толькі ў гэтым ве́ку, але і ў будучым,

22 і ўсё пакарыў пад ногі Яго І даў Яго за галаву над усім у Царкве́,

23 якая ёсьць Яго це́ла, поўня Напаўняючага ўсё ў-ва ўсім.

Разьдзе́л 2

[правіць]

1 І вас, мёртвых праступкамі і граха́мі вашымі,

2 у якіх вы калісь хадзілі па ве́ку ґэтага сьве́ту, па волі князя ўлады паве́транае, духа, што дзе́ець цяпе́р у сынох праціўле́ньня,

3 між якімі і мы ўсе́ жылі калісь у пажаданьнях це́ла нашага, выпаўняючы жаданьні це́ла і думак, і былі па прыродзе дзяцьмі гне́ву, як і другія, —

4 Бог, багаты літасьцяй праз вялікую любоў Сваю, якою палюбіў нас,

5 і нас, мёртвых праступкамі, ажывіў разам з Хрыстом, — ласкай вы выбаўлены, —

6 і ўскрасіў з Ім і пасадзіў на мясцох нябе́сных у Хрысьце́ Ісусе,

7 каб зьявіць у надыходзячых гадох многасьць багацьця ласкі Свае́й у ласкавасьці да нас у Хрысьце́ Ісусе.

8 Бо ласкай вы выбаўлены праз ве́ру; і гэта не ад вас — Божы дар:

9 не ад дзе́л, каб ніхто не хваліўся.

10 Бо мы — Яго стварэньне, створаныя ў Хрысьце́ Ісусе на добрыя ўчынкі, якія Бог загадзя празначыў, каб мы ў іх хадзілі.

11 Дык памятайце, што вы, калісь пагане це́лам, называныя неабрэзаньнем ад такзванага абрэзаньня ў це́ле, рукатворнага,

12 што вы былі ў час гэны бяз Хрыста, прызнаваныя чужакамі ад грамадзянства Ізраільскага і чужыя запаве́там прырачэньня, ня маючы надзе́і і бяз Бога ў сьве́це;

13 а цяпе́р у Хрысьце́ Ісусе вы, што былі калісь далёка, сталіся блізкімі крывёю Хрыстоваю.

14 Бо Ён ёсьць мір наш, што́ ўчыніў з абодвух адно і разбурыў стаяўшую пасярэдзіне за́гарадку,

15 зьніштожыўшы варожасьць Це́лам Сваім, а закон за́паведзяў навукай, каб з двох стварыць у Сабе́ аднаго новага чалаве́ка, ладзячы мір,

16 і ў адным це́ле пагадзіць абодвух з Богам праз крыж, забіўшы на ім варожасьць;

17 і, прыйшоўшы, абвясьціў мір вам, далёкім і блізкім,

18 бо праз Яго абое маем доступ да Айца ў адным Духу.

19 Дык вы ўжо ня чужыя і ня прыходні, але суграмадзяне сьвятым і хатнія ў Бога,

20 збудаваныя на падваліне Апосталаў і Прарокаў, маючы Самога Ісуса Хрыста за кутні камень,

21 на якім уся будыніна, разам змацаваная, расьце́ ў сьвяты храм у Госпадзе,

22 на якім і вы разам будуецеся на жыльлё Божае Духам.

Разьдзе́л 3

[правіць]

1 Дзеля гэтага вось я, Паўла, вязень Ісуса Хрыста за вас паганаў.

2 Калі-ж вы чулі аб распарадкаваньні ласкі Божае, да́дзенае мне́ для вас,

3 што мне́ праз адкрыцьце абявілася тайна, (Як я коратка і пісаў вышэй,

4 з чаго, чытаючы, можаце пазнаць маё разуме́ньне тайны Хрыстовай),

5 якая ня была пазна́на сынамі чалаве́чымі у іншых родах, як цяпе́р адкрыта сьвятым Апосталам Яго і прарокам у Духу,

6 каб і паганам быць насьле́днікамі і адным це́лам і супольнікамі прырачэньня Яго ў Хрысьце́ Ісусе праз Эвангельле,

7 слугой якога стаўся я праз дар ласкі Божае, дадзенае дзе́яньнем сілы Яго.

8 Мне́, найме́ншаму з усіх сьвятых, дадзена ласка гэтая —абвяшчаць паганам добрую ве́сьць аб недасьле́дным багацьці Хрыстовым

9 і адкрыць усім, якая ёсьць супольнасьць тайны, што захоўваецца ад вякоў у Богу, стварыўшым усё праз Ісуса Хрыста,

10 каб цяпе́р сталася ве́дамаю праз Царкву ўладам і сілам на нябёсах рознастайная мудрасьць Божая,

11 паводле адве́чнае пастановы, якую Ён зрабіў у Хрысьце́ Ісусе, Госпадзе нашым,

12 у Якім маем адвагу і доступ у надзе́і праз ве́ру ў Яго.

13 Дык прашу вас не сумаваць мае́й аб вас тугою, якая ёсьць вашая слава.

14 Дзеля гэтага схіляю кале́ні мае́ перад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста,

15 ад Якога ма́е назоў усякае бацькоўства на нябёсах і на зямлі, –

16 каб даў вам, водле багацьця славы Свае́й, сілай умацавацца праз Духа Яго ў унутраным чалаве́ку,

17 каб Хрыстос пасяліўся праз ве́ру ў сэрцах вашых,

18 каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любві, здолелі зразуме́ць з усімі сьвятымі, што́ шырыня і даўжыня, і глыбіня і высокасьць,

19 ды пазнаць любоў Хрыстову, што вышэй за разуме́ньне, каб вам напоўніцца ўсе́ю поўняй Божаю.

20 А Таму, Хто дзе́ючаю ў нас сілаю можа зрабіць шмат бале́й за ўсё, чаго мы просім або ў думках маем,

21 Таму слава ў Царкве́ ў Хрысьце́ Ісусе, на ўсе́ роды на ве́к вяко́ў. Амін.

Разьдзе́л 4

[правіць]

1 Дык я, вязень у Госпадзе, малю вас паступаць дастойна закліку, якім вы пакліканы,

2 з усе́нькай мудрасьцяй пакоры і ціхасьцяй, з доўгацярплівасьцяй, це́рпячы адзін аднаго ў любві,

3 стараючыся захаваць е́днасьць духа ў саюзе міру.

4 Адно це́ла і адзін дух, як вы і пакліканы да аднае́ надзе́і -вашага закліканьня:

5 Адзін Госпад, адна ве́ра, адно хрышчэньне,

6 Адзін Бог і Аце́ц усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ў-ва ўсіх нас.

7 Кожнаму-ж з нас дадзена ласка водле ме́ры дару Хрыстовага.

8 Дзеля гэтага і кажа: Узыйшоўшы на вышыню, паланіў палон і даў дары людзям (Псал. 67, 19).

9 (А “узыйшоўшы” што́ ёсьць, як ня тое, што ён пе́рш і зыходзіў у прадонныя ме́сцы зямлі?

10 Зыйшоўшы, Ён ёсьць І той, што ўзыйшоў вышэй за ўсе́ нябёсы, каб споўніць усё.)

11 І Ён паставіў адных Апосталамі, другіх прарокамі, іншых эвангелістамі, іншых па́стырамі і вучыцялямі

12 дзеля збудаваньня сьвятых, на дзе́ла служэньня, на будаваньне Це́ла Хрыстовага,

13 дакуль усе́ дойдзем да е́днасьці ве́ры і пазнаньня Сына Бо́жага, да мужа дасканалага, да ме́ры ўзрашчэньня поўні Хрыстовае;

14 каб мы ня былі бале́й дзяцьмі, зыбаючыміся і захаплянымі ўсякім ве́трам навукі, у хітрыках чалаве́чых, у подступе дзеля хітрага збаламучаньня,

15 але праўдзіваю любоўю ўсё памнажалі бы ў Таго, Які ёсьць Галава, Хрыстос,

16 з якога ўсё це́ла, складзенае і злучанае ўсякімі вязямі змацаваньня, праз дзе́йнасьць у (сваю) ме́ру кожнага чле́на, прырост робіць дзеля будаваньня самога сябе́ ў любві.

17 Дык кажу гэта і сьве́дчу ў Госпадзе, каб вы бале́й не хадзілі, як другія пагане ходзяць, у марнасьці розуму свайго,

18 з зацьміўшыміся думкамі, адцураўшыся ад жыцьця Божага праз няве́даньне іх, праз закамяне́ньне сэрца іх;

19 яны, стаўшыся нячулымі, аддаліся распусьце, каб рабіць усякі бруд у прагавітасьці.

20 Але вы ня гэтак пазналі Хрыста,

21 калі чулі Яго і ў Ім навучыліся, — бо праўда ў Ісусе, —

22 каб адкінуць вам — па ране́йшаму жыцьцю — старога чалаве́ка, які тле́е ў манлівых пажаданьнях,

23 а абнавіцца духам розуму вашага

24 і апрануцца ў новага чалаве́ка, створанага па Богу, у праведнасьці і сьвятасьці праўды.

25 Дзеля гэтага, адкінуўшы ілжу, гаварыце кожны праўду бліжняму свайму, бо мы чле́ны адзін аднаму.

26 Гне́вайцеся, ды не грашыце: няхай сонца не зайдзе́ ў гне́ве вашым;

27 і не давайце ме́сца д’яблу.

28 Хто краў, дале́й не крадзі, а ле́пей працуй, робячы сваімі рукамі карыснае, каб было з чаго аддзяліць таму, хто ма́е патрэбу.

29 Жаднае гнілое слова няхай ня выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае дзеля збудаваньня ў ве́ры, каб ласку давала тым, што слухаюць.

30 І ня смуціце Сьвятога Духа Божага, Якім вы запячатаны на дзе́нь адкупле́ньня.

31 Усякая горыч, і ярасьць, і гне́ў, і крык, і лаянка няхай будуць адда́лены ад вас — разам з усім благім;

32 будзьце-ж адзін да аднаго добрымі, спагадлівымі, выбачаючымі адзін аднаму, як і Бог у Хрысьце́ выбачыў вам.

Разьдзе́л 5

[правіць]

1 Дык будзьце насьлядоўцамі Бога, як умілаваныя дзе́ці,

2 і хадзе́це ў любві, як і Хрыстос палюбіў нас і выдаў Сябе́ за нас, як дар і ахвяру Богу, на пах прые́мны.

3 А блуд і ўсякая нячыстасьць або прагавітасьць няхай і не ўспамінаюцца ў вас, як і гожа сьвятым;

4 ані агідныя і благія словы або жарты і няпрыстойнасьці; але ле́пш падзяка.

5 Бо ве́дайце, што ніякі блудзень, ці нячысты, ці хцівец, які хваліць ідалаў, ня мае спадчыны ў Царстве Хрыста і Бога.

6 Няхай ніхто ня зводзіць вас пустымі словамі, бо за гэтае прыходзіць гне́ў Божы на сыноў спраціўле́ньня.

7 Дык ня будзьце супольнікамі іх.

8 Вы былі калісь це́мрай, а цяпе́р — сьвятло́ ў Госпадзе: паступайце-ж, як дзе́ці сьвятла́,

9 бо плод Духа ёсьць у ўсякай дабраце́ і праведнасьці і праўдзе;

10 выпрабоўвайце, што ўгодна Богу,

11 і ня прыймайце ўчасьця ў бясплодных дзе́яньнях це́мры, а ле́пш дакарайце.

12 Бо аб тым, што робіцца імі тайна, сорамна й гаварыць.

13 Усякі-ж дакор робіцца яўным ад сьвятла́, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло;

14 дык і кажа: устань, сьпячы, і ўскрэсьні з ме́ртвых, і асьве́ціць цябе́ Хрыстос.

15 Дык глядзе́це, паступайце асьцярожна, не як бязглуздыя, але як мудрыя,

16 выкупляючы час, бо дні хітрыя.

17 Дзеля гэтага ня будзьце неразважлівымі, але пазнавайце, што́ ёсьць Воля Божая.

18 І ня ўпівайцеся віном, бо ў ім распуста, але напаўняйцеся Духам,

19 гаворачы ад сябе́ псальмамі і гымнамі і пе́сьнямі духоўнымі, пяючы і іграючы Госпаду ў сэрцах вашых,

20 дзякуючы заўсёды і за ўсё Богу і Айцу ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста,

21 пакараючыся сабе́ ўзае́мна ў страху Божым.

22 Жанчыны, пакарайцеся сваім мужом, як Госпаду,

23 бо муж ёсьць галава жаны, як і Хрыстос галава Царквы, і Ён жа збавіцель це́ла;

24 але, як царква́ пакараецца Хрысту, гэтак і жонкі сваім мужом у-ва ўсім.

25 Мужы, любе́це жонкі свае́, як і Хрыстос палюбіў Царкву і выдаў Сябе́ за яе́,

26 каб асьвяціць яе́, ачысьціўшы купальняй воднаю у слове;

27 каб паставіць яе́ Сабе́ слаўнаю, Царкву гэную, бяз плямы ці заганы ці чаго гэткага, але каб яна была сьвятая і беззаганная.

28 Гэтак павінны мужы любіць сваіх жанок, як це́лы свае́: хто любіць жонку сваю, самога сябе́ любіць.

29 Бо ніхто ніколі ня ме́ў не́навісьці да свайго це́ла, але жывіць і грэець яго, як і Госпад Царкву;

30 бо мы чле́ны це́ла Яго, ад це́ла Яго і ад касьце́й Яго.

31 Дзеля гэтага пакіне чалаве́к айца свайго і матку і прыле́піцца да жонкі свае́й, і будуць двое ў адным це́ле (Быт. 2, 24).

32 Тайна гэтая валікая; я-ж кажу аб Хрысьце́ і Царкве́.

33 Дык і вы, усякі па сабе́, кожны хай любіць жонку сваю як самога сябе́; жонка-ж няхай баіцца мужа свайго.

Разьдзе́л 6

[правіць]

1 Дзе́ці, слухайце бацькоў сваіх у Госпадзе, бо гэта справядліва.

2 Паважай бацьку твайго і матку, — гэта пе́ршая за́паведзь з прырачэньнем:

3 каб было табе́ добра, і быў даўгале́тнім на зямлі. (Вых. 20, 12)

4 І вы, айцы, не дражне́це дзяце́й вашых, але выхоўвайце іх у навуцы і напамінаньні Гасподнім.

5 Рабы, будзьце паслухмянымі паном сваім водле це́ла, з страхам і дрыжэньнем, у прастаце́ сэрца вашага, як-бы Хрысту,

6 не на вачох толькі паслугуючы, як дагаджаючыя чалаве́ку, але як рабы Хрыстовыя, выпаўняючы волю Божую ад душы,

7 са шчырасьцяй паслугуючы Госпаду, а ня людзям,

8 ве́даючы, што кожны, хто зробіць не́шта добрае атрымае тое ад Госпада, ці ён раб, ці свабодны.

9 І вы, гаспадары, тое-ж рабе́це ім, палягчаючы суровасьць, ве́даючы, што й вам самым ёсьць на нябёсах гаспадар, у якога няма ўвагі на аблічча.

10 Накане́ц, браты мае́, крапчэйце ў Госпадзе і ў магутнасьці сілы Яго;

11 апране́цеся ў-ва ўсю зброю Божую, каб здолелі ўстаяць супраць хітрыкаў д’ябальскіх;

12 бо наша барацьба ня супраць крыві й це́ла, але супраць начальства, супраць уладаў, супраць сусьве́тных валадароў це́мры гэтага ве́ку, супраць духаў злосьці паднябе́сных.

13 Дзеля гэтага прыме́це ўсю зброю Божую, каб вы маглі ўстаяці ў ліхі дзе́нь і, усё зрабіўшы, астацца стаяць.

14 Дык стойце-ж, падперазаўшы паясьніцы вашыя праўдаю і апрануўшыся ў зброю праведнасьці,

15 і абуўшы ногі ў гатовасьць абвяшчаць мір;

16 а па-над усё вазьме́це шчыт ве́ры, якім зможаце затушыць усе́ разпаленыя стрэлы крывадушніка;

17 і шало́м збаўле́ньня вазьме́це, і ме́ч духоўны, які ёсьць слова Божае;

18 усякаю малітваю і просьбаю мале́цеся ў-ва ўсякі час духам і таго пілнуйцеся ў усякім цярпе́ньні і мале́ньні за ўсіх сьвятых

19 дый за мяне́, каб мне́ дадзена было слова на адчыняньне вуснаў маіх, каб адважна абвяшчаць тайну Эвангельля,

20 якога я й паслане́ц у путах, каб у ім быў сьме́лы, як мне́ трэба гаварыць.

21 А каб і вы ве́далі аба мне́, што я ро́блю, усё вам раскажа Тыхік, умілаваны брат і ве́рны служка ў Госпадзе,

22 якога я і паслаў да вас дзеля гэтага самага, каб вы даве́даліся аб нашых справах, і каб ён паце́шыў сэрцы вашыя.

23 Мір братом і любоў з ве́раю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста.

24 Ласка з усімі, што любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста ў нятле́ннасьці. Амін. Да Эфэсян пісана з Рыму праз Тыхіка.