Пасланьне да Рымлянаў сьв. ап. Паўлы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Саборнае пасланьне сьвятога Апостала Юды Пасланьне да Рымлянаў сьв. ап. Паўлы
Аўтар: Апостал Паўла
Пераклад: Лука Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч
Пе́ршае Пасланьне да Карыньцянаў сьв. ап. Паўлы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Разьдзе́л 1[правіць]

1 Паўла, раб Ісуса Хрыста, пакліканы Апостал, выбраны дзеля абвяшча́ньня Эвангельля Божага,

2 (якое Бог напе́рад абяцаў праз прарокаў Сваіх, у сьвятых пісаньнях,)

3 аб Сыне Яго, (які це́лам радзіўся ад насе́ньня Давідавага па це́лу

4 і адкрыўся, як Сын Божы, у сіле, духам сьвятасьці праз уваскрасе́ньне з мёртвых) аб Ісусе Хрысьце́, Госпадзе нашым,

5 (праз Якога мы атрымалі ласку й апостальства, каб у імя Яго прыдбаць дзеля ве́ры ўсе́ народы,

6 між якімі і вы, сягоньня Ісусам Хрыстом пакліканыя),

7 усім, што ёсьць у Рыме, улюбленым Богам, пакліканым сьвятым: ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

8 Найпе́рш дзякую Богу майму праз Ісуса Хрыста за ўсіх вас, што ве́ра ваша абвяшчаецца па ўсім сьве́це;

9 сьве́дка мне́ Бог, якому служу духам маім у дабраве́шчаньні Сына Яго, што ўсьцяж успамінаю аб вас,

10 заўсёды просячы ў малітвах маіх, каб калі-не́будзь давялося мне́ прыйсьці да вас паводле волі Божае.

11 Бо я ве́льмі жадаю ўгле́дзіць вас, каб даць вам не́йкі падарунак духоўны дзеля ўмацаваньня вашага,

12 ці то парадавацца з вамі супольнаю ве́раю вашаю і мае́ю.

13 Не хачу, браты, пакінуць вас у няве́даньні, што я часта думаў прыйсьці да вас (ды сустракаў перашкоды яжно па сягоньняшні дзе́нь), каб ме́ць не́йкі плод і ў вас, як і ў іншых народаў.

14 Я даўжнік і Грэкам, і барбарам, мудрым і неразумным;

15 дык, што да мяне́, я гатоў абвяшчаць Эвангельле і вам, каторыя ў Рыме.

16 Бо ня стыдаюся Эвангельля Хрыстова́га, бо сіла Божая ёсьць на збаўле́ньне кожнаму, хто ве́руе, сьпярша Жыду́, а потым і Грэку.

17 Бо ў ім адкрываецца праўда Божая ад ве́ры да ве́ры, як напісана: праведны жыць будзе ве́раю (Авак. 2, 4).

18 Бо адкрываецца гне́ў Божы з не́ба на ўсякую бязбожнасьць і няпраўду людзе́й, што маюць праўду ў няпраўдзе.

19 Бо, што́ можна ве́даць пра Бога, яўна для іх, бо Бог выявіў ім;

20 бо нявідомае Яго, ве́чная сіла Яго і Божства ад стварэньня сьве́ту праз разважаньне аб творах відомым робіцца, каб быць ім без апраўданьня

21 за тое, што яны, пазнаўшы Бога, не як Бога славілі Яго ці дзякавалі, але марным займаліся ў разважаньнях сваіх, і прыцьмілася неразумнае сэрца іх:

22 кажучы аб сабе́, што яны мудрыя, яны адурэлі

23 і славу нятле́ннага Бога замянілі на ўзор абраза тле́ннага чалаве́ка і птушак, і чацьвёраногіх, і га́даў.

24 Дык і аддаў іх Бог у пажаданьнях сэрцаў іх нячыстасьці, каб яны апаганілі це́лы свае́ міжы сабою.

25 Яны замянілі праўду Божую на ілжу і пакланіліся і служылі стварэньню заме́ст стварыцеля, які багаслаўлены наве́кі, амін.

26 Дзеля гэтага аддаў іх Бог цярпе́ць ганьбу: бо жанчыны іх замянілі прыроднае карыстаньне на проціпрыроднае.

27 Гэтак сама і мужчыны, пакінуўшы прыроднае карыстаньне з жаночага полу, распаляліся пажадлівасьцяй адзін да аднаго, мужчыны на мужчынах сорам робячы і атрымліваючы ў самых сабе́ нале́жную адплату за свой блуд.

28 І, як яны ня рупіліся ме́ць Бога ў розуме, дык аддаў іх Бог ілжываму розуму рабіць непатрэбшчыну,

29 і яны напоўнены ўсякай няпраўдаю, распустай, крывадушнасьцяй, прагавітасьцяй, злосьцяй, напоўнены зайздрасьцяй, забойствам, сваркай, ашуканствам, благімі абычаямі;

30 яны зьвяглівыя манюкі, боганенавісьнікі, крыўдзіцелі, самахвалы, гардуны, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацьком,

31 неразумныя, вераломныя, пазбаўленыя любві, непагодлівыя, неміласэрныя.

32 Яны ве́даюць праведны прысуд Божы, што тыя, хто гэткае робіць, варты сьме́рці; аднак, яны ня толькі гэта робяць, але й пахваляюць тых, хто робіць.

Разьдзе́л 2[правіць]

1 Дык няма выбачэньня табе́, кожны чалаве́ча, каторы асуджаеш; бо, чым судзіш другога, асуджаеш сябе́: бо робіш тое самае, асуджаючы.

2 А мы ве́даем, што запраўды суд Божы на тых, што гэткае робяць.

3 Няўжо-ж думаеш ты, чалаве́ча, што ўцячэш ад суда Божага, асуджаючы тых, якія гэткае робяць, ды сам робячы тое-ж?

4 Або багацьцем дабраты, лагоднасьці і доўгацярплівасьці Божае пагарджаеш, не разуме́ючы, што дабрата Божая вядзе́ цябе́ да пакаяньня?

5 Але, праз упартасьць тваю і нераскаянае сэрца, ты сам сабе́ зьбіраеш гне́ў на дзе́нь гне́ву і адкрыцьця праведнага суда ад Бога,

6 Які уздасьць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных:

7 тым, што ста́ласьцяй у добрым дзе́ле шукаюць славы, чэсьці й нятле́ннасьці, — ве́чнае жыцьцё;

8 а тым, што ўпіраюцца і не пакараюцца праўдзе, але аддаюцца няпраўдзе, —яра́сьць і гне́ў.

9 Сум і уціск кожнай душы чалаве́ка, каторы робіць благое, пе́рш Юдэя, дый Грэка!

10 Слава-ж і чэсьць і мір усякаму, хто робіць дабро, пе́рш Юдэю, дый Грэку!

11 Бо няма ў Бога ўзіраньня на аблічча.

12 Якія без закону саграшылі, без закону й загінуць, а тыя, якія ў законе саграшылі, законам засуджаны будуць

13 (бо ня тыя, што слухаюць закон, праведныя перад Богам, але тыя, што выпаўняюць, апраўданы будуць;

14 бо, калі пагане, ня маючы закону, па прыродзе робяць законнае, то, ня маючы закону, яны самі сабе́ закон:

15 яны паказваюць дзе́ла закону, у сэрцах у іх напісанае, аб чым сьве́дчыць сумле́ньне іх і думкі іх, то абвінавачваючыя, то апраўдываючыя адна адну) —

16 у дзе́нь, калі Бог судзіць будзе тайныя ўчынкі людзе́й, водле дабраве́шчаньня майго, праз Ісуса Хрыста.

17 Вось ты заве́шся Юдэем і супакойваеш сябе́ законам, і хвалішся Богам,

18 і ве́даеш волю Яго, і разуме́еш ле́пшае, навучаючыся з закону,

19 і пэўны аб сабе́, што ты павадыр сьляпых, сьвятло тых, што ў це́мры,

20 настаўнік няве́тных, вучыцель малале́тніх, маючы ў законе прыклад ве́даньня і праўды:

21 як жа ты, вучачы другога, ня вучыш сябе́ самога?

22 Навучаючы ня красьці, крадзе́ш? кажучы: не займайся распустай, — сам распусны. Брыдзячыся ідаламі, сьвятое крадзе́ш?

23 Хвалішся законам, а пераступаньнем закону Бога зьнявяжаеш?

24 Бо праз вас імя Божае зьняважаецца ў паганаў, як напісана (Ісая 52, 5; Езэк. 36, 20).

25 Абразаньне карысна, калі выпаўняеш закон; а калі ты праступнік закону, то абрэзаньне твае́ сталася не́абрэзаньнем.

26 Дык, калі не́абрэзаны выпаўняе пастановы закону, то ці не залічыцца яму яго не́абрэзаньне за абрэзаньне?

27 І не́абрэзаны па прыродзе, выпаўняючы закон, ці не асудзіць цябе́, праступніка закону пры пісаньні і абрэзаньні?

28 Бо ня той Юдэй, хто (гэтакі) напаказ, і ня тое абрэзаньне, якое напаказ на це́ле;

29 але хто ўнутры Юдэй, і абрэзаньне ў сэрцы, па духу, а не па напісаньні; яму й пахвала не ад людзе́й, але ад Бога.

Разьдзе́л 3[правіць]

1 Дык якое пяршынства Юдэя, ці якая карысьць ад абрэзаньня?

2 Вялікае ў-ва ўсіх адносінах, а перадусім у тым, што ім даве́рана слова Божае.

3 Бо што-ж? калі некаторыя і ня ўве́равалі, дык ці няве́ра іх зьнішчыць ве́ру Божую?

4 Няхай ня ста́нецца! Бог ве́рны, а ўсякі чалаве́к ілжывы, як напісана: Каб ты апраўдаўся ў словах Тваіх і перамог-бы, як суджаны будзеш (Псал. 50, 6).

5 Калі-ж няпраўда нашая адкрывае праўду Божую, дык што скажам? няўжо-ж Бог несправядлівы, калі выяўляе гне́ў? — кажу па чалаве́чаму.

6 Хай ня ста́нецца! Бо як жа Богу судзіць сьве́т?

7 Бо, калі праўда Божая мае́ю няпраўдаю на славу Божую ўзвышаецца, за што-ж яшчэ мяне́ судзіць, як грэшніка?

8 І ці не рабіць нам благое, каб вышла дабро, як некаторыя абмаўляюць нас і кажуць, быццам мы гэтак вучым? Праведны суд на такіх!

9 Дык што-ж? ці маем перавагу? Зусім не́: бо мы ўжо даказалі, што і Юдэі, і Грэкі — усе́ пад грэхам,

10 як напісана: няма праведніка ніводнага;

11 няма разуме́ючага; няма нікога, хто шукаў-бы Бога;

12 усе́ зьбіліся з дарогі, усе́ разам нягодныя; няма, хто-б рабіў дабро, няма да адзінага (Псал. 13,1—3).

13 Горла ў іх — адчыненая магіла; языкамі сваімі зводзяць. Яд зьме́яў на вуснах іхніх (Псал. 5, 10; 139,3);

14 Рот у іх поўны абмовы й гарчыні (Псал. 9, 28).

15 Ногі ў іх хуткія на праліцьцё крыві;

16 зьнішчэньне і загуба на шляхох іхніх;

17 шляху міру яны не пазналі (Прып. 1, 16; Ісая59,7—8).

18 Няма страху Божага перад вачыма іх (Псал. 35, 2).

19 Мы-ж ве́даем, што закон, калі што гаворыць, гаворыць да тых, якія пад законам, каб кожны рот быў загароджаны, і ўве́сь сьве́т каб вінаватым стаўся перад Богам,

20 бо спра́вамі закону не апраўдаецца перад Ім ніякае це́ла; бо праз закон пазнае́цца грэх.

21 Але сягоньня, незале́жна ад закону, выявілася праўда Божая, аб якой сьве́дчаць закон і прарокі.

22 Праўда-ж Божая праз ве́ру ў Ісуса Хрыста для ўсіх і на ўсіх ве́руючых; бо няма розьніцы,

23 бо ўсе́ саграшылі і пазбаўлены славы Божае,

24 апраўдываныя дарма ласкай Ягонай, адкупле́ньнем, што́ ў Хрысьце́ Ісусе,

25 Якога Бог аддаў на ахвяру зьмілавальную праз ве́ру, у крыві Ягонай, дзеля выяўле́ньня праўды Яго ў дараваньні грахоў, учыненых ране́й,

26 у час доўгацярплівасьці Божае, на выяўле́ньне праўды Яго ў цяпе́рашні час, каб зьявіўся Ён праведным і апраўдываючым ве́руючага ў Ісуса.

27 Гдзе́-ж тое, чым бы хваліцца? Выключана. Якім законам? законам учынкаў? Не, але законам ве́ры.

28 Бо мы прызнае́м, што чалаве́к апраўдываецца ве́раю, незале́жна ад учынкаў закону.

29 Няўжо-ж Бог ёсьць Бог Юдэяў толькі, а не паганаў таксама? Ве́дама, і паганаў,

30 бо адзін ёсьць Бог, які апраўдывае абрэзаньне з ве́ры і не́абрэзаньне праз ве́ру.

31 Дык мы зьніштажаем закон ве́раю? Няхай ня станецца! але ўзмацняем закон.

Разьдзе́л 4[правіць]

1 Што-ж, скажам, Аўраам, бацька наш, знайшоў па це́лу?

2 Калі Аўраам апраўдаўся ўчынкамі, ён мае пахвалу, але не перад Богам.

3 Бо што кажа пісаньне? Паве́рыў Аўраам Богу, і гэта залічана яму за праведнасьць (Быт. 15, 6).

4 Таму, хто робіць, заплата ня з ласкі залічаецца, але з павіннасьці;

5 хто-ж ня робіць, але ве́руе ў Таго, Хто апраўдывае бязбожніка, ве́ра яго залічаецца за праведнасьць.

6 Гэтак і Давід называе шчасьлівым чалаве́ка, якому Бог залічае праведнасьць незалежна ад учынкаў:

7 Шчасьлівыя, чые́ беззаконнасьці дарованы і чые́ грахі пакрыты;

8 шчасьлівы чалаве́к, якому Бог не палічыць грэху (Пс. 31, 1-2).

9 Ці шчаснасьць гэтая датычыцца абрэзаньня, ці і не́абрэзаньня? Мы кажам, што Аўрааму ве́ра палічана за праведнасьць.

10 Калі палічана? па абрэзаньні, ці да абрэзаньня? Не пасьля абрэзаньня, але да абрэзаньня.

11 І знак абрэзаньня ён атрымаў, як пячатку праведнасьці праз ве́ру, якую ме́ў у не́абрэзаньні, так што ён ста́ўся айцом усіх ве́руючых у не́абрэзаньні, каб і ім залічана была праведнасьць,

12 і айцом абрэзаных ня толькі прыняўшых абрэзаньне, але і ходзячых па сьлядох ве́ры айца нашага Аўраама, якую ён ме́ў у не́абрэзаньні.

13 Бо Аўрааму, ці насе́ньню яго, не законам да́дзена абяцаньне, што ён будзе насьле́днікам сьве́ту, але праведнасьцяй ве́ры.

14 Бо, калі насьле́днікі тыя, што́ з закону, дык апусьце́е ве́ра, зьнішчыцца абяцаньне;

15 бо закон робіць гне́ў, бо гдзе́ няма закону, няма й праступку.

16 Дзеля гэтага з ве́ры, каб было водле ласкі, каб абяцаньне было нязьме́нным для ўсяго насе́ньня, ня толькі для таго, што́ з закону, але й для таго, што́ з ве́ры Аўраама, які ёсьць аце́ц усім нам, —

17 (як напісана: Я паставіў цябе́ айцом многіх народаў), — перад Богам, якому ён паве́рыў, ажыўляючым паме́ршых і называючым няістнуючае, як істнуючае (Быт. 17, 5).

18 Каторы, апроч надзе́і, паве́рыў з надзе́яй, праз што стаўся айцом многіх народаў, водле сказанага: Гэтак будзе насе́ньне твае́ (Быт. 15, 5).

19 І, не зьнямогшыся ў ве́ры, ён ня думаў, што це́ла яго, амаль стогадовае, ужо амярцьве́ла, і нутро Сары заме́ршае;

20 ня ймаў сумліву ў абяцаньні Божым няве́раю, але ўзмацаваўся ў ве́ры, аддаўшы хвалу Богу

21 і зусім пэўны, што Ён дуж і выпаўніць абяцанае.

22 Дзеля гэтага й залічана яму за праведнасьць.

23 Дый не ў адношаньні да яго аднаго напісана, што залічана яму,

24 але й у адношаньні да нас: залічана будзе й нам, ве́руючым у Таго, Хто ўскрасіў з паме́ршых Ісуса, Госпада нашага,

25 Які быў выданы за грахі нашыя і ўваскрос дзеля апраўданьня нашага.

Разьдзе́л 5[правіць]

1 Дык, апраўдаўшыся ве́раю, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,

2 праз Якога й дасталі мы ве́раю доступ да тае́ ласкі, у якой стаімо́ і хві́алімся надзе́яй славы Божай.

3 Дый не адным тым, але хвалімся й горам, ве́даючы, што гора робіць цярплівасьць,

4 цярплівасьць жа дасьве́дчаньне, дасьве́дчаньне надзе́ю,

5 а надзе́я ня ганьбіць, бо́ любоў Божая вылілася ў сэрны нашыя Духам сьвятым, які нам да́ны.

6 Бо Хрыстос, калі мы былі яшчэ слабымі, у азначаны час памёр за бязбожных.

7 Бо ці-ж памрэ хто за праведнага? Хіба за дабрачынцу мо хто й наважыцца паме́рці.

8 Але Бог Сваю любоў да нас даводзіць тым, што Хрыстос памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі,

9 дык тым бале́й цяпе́р, калі мы апраўданы Крывёю Яго, збаўлены будзем праз Яго ад гне́ву.

10 Бо, калі, будучы ворагамі, мы пагадзіліся з Богам праз сьме́рць Сына Яго, дык шмат бале́й, пагадзіўшыся, уратуемся ў жыцьці Ягоным.

11 Дый не адно гэтае, але й хвалімся Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз Якога мы атрымалі сягоньня прымірэньне.

12 Дзеля гэтага, як праз аднаго чалаве́ка ўвайшоў у сьве́т грэх і праз грэх — сьме́рць, гэтак і сьме́рць перайшла праз усіх людзе́й, бо ў ім усе́ саграшылі.

13 Бо і да закону грэх быў на сьве́це; але грэх не залічаецца, калі няма закону.

14 Аднак, сьме́рць панавала ад Адама да Майсе́я і над тымі, што́ не саграшылі падобна праступку Адама, які ёсьць узор будучага.

15 Але ня гэтак, як праступак, і дар з ласкі. Бо, калі цераз праступак аднаго паме́рлі многія, дык шмат бале́й ласка Божая, ды з ласкі аднаго чалаве́ка, Ісуса Хрыста, хватае для многіх.

16 І дар не́ як за аднаго саграшыўшага; бо суд за адзін праступак на асуджэньне, а з ласкі на апраўданьне ад многіх.

17 Бо калі ад праступку аднаго сьме́рць запанавала праз аднаго, дык шмат бале́й прымаючыя церазме́рнасьць ласкі і дар праведнасьці панаваць будуць у жыцьці праз аднаго Ісуса Хрыста.

18 Дык вось, як цераз праступак аднаго ўсім людзям асуджэньне, гэтак цераз праведнасьць аднаго ўсім людзям апраўданьне на жыцьцё.

19 Бо, як непаслухмянасьцяй аднаго чалаве́ка многія зрабіліся грэшнымі, так і паслухмянасьцяй аднаго многія зробяцца праведнымі.

20 Закон жа прыйшоў пасьля і такім чынам памно́жыўся праступак. А калі памножыўся грэх, церазме́рна памножылася ласка,

21 каб, як грэх панаваў у сьме́рці, так і ласка запанавала праз праведнасьць на жыцьцё ве́чнае, праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага.

Разьдзе́л 6[правіць]

1 Што-ж скажам? ці аставацца нам у грэсе, каб памнажалася ласка? Няхай ня станецца!

2 Мы, якія паме́рлі для грэху, як жа будзем жыць у ім?

3 Няўжо-ж ня ве́даеце, што ўсе́ мы, якія ахрысьціліся ў Хрыста Ісуса, у сьме́рць Яго ахрысьціліся?

4 Дык мы пахавалі сябе́ з Ім хрышчэньнем у сьме́рць, каб, як Хрыстос уваскрос з паме́ршых цераз славу Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцьці.

5 Бо, калі мы злучаны з Ім падабе́нствам сьме́рці Яго, дык павінны быць злучаны і падабе́нствам ускрасе́ньня,

6 ве́даючы тое, што адве́чны наш чалаве́к раскрыжаваны з Ім разам, каб зьніштожана было грэшнае це́ла, каб нам ня быць ужо слугамі грэху;

7 бо хто памёр, той вызваліўся ад грэху,

8 Калі-ж мы паме́рлі з Хрыстом, дык ве́рым, што й жыць будзем з ім разам,

9 ве́даючы, што Хрыстос, уваскросшы з паме́ршых, ужо ня ўмірае: сьме́рць ня мае ўжо ўлады над Ім.

10 Бо, што Ён паме́р, дык памёр раз дзеля грэху, а што жыве́, то жыве́ дзеля Бога.

11 Гэтак і вы лічыце сябе́ памёршымі дзеля грэху, жывымі-ж дзеля Бога ў Хрысьце́ Ісусе, Госпадзе нашым.

12 Дык няхай не пануе грэх у сьмяротным вашым це́ле, каб вам кары́цца прад ім у пажадлівасьці яго;

13 і не аддавайце грэху чле́ны вашыя, як прылады няпраўды, але Богу аддайце сябе́, як ажыўшых з мёртвых, і Богу вашыя чле́ны, як прылады праведнасьці.

14 Няхай грэх не пануе над вамі, бо вы не пад законам, але пад ласкаю.

15 Дык што? ці пачне́м грашыць, бо мы не пад законам. а пад ласкаю? Няхай ня станецца!

16 Няўжо-ж вы ня ве́даеце, што, каму вы аддаецё сябе́ за слугі на паслухмянасьць, таго вы і слугі, каго хлухаеце: ці грэху на сьме́рць, ці паслухмянасьці на праведнасьць.

17 Дзякуй Богу, што вы, быўшы раней слугамі грэху, ад сэрца паслухалі таго тыпу навукі, якому аддалі сябе́.

18 Вызваліўшыся-ж ад грэху, вы сталіся слугамі праўды.

19 Палюдзку гавару дзеля слабасьці це́ла вашага. Бо, як аддавалі вы чле́ны вашыя за слугі нячыстасьці й беззаконнасьці на беззаконнасьць, гэтак сягоньня аддайце чле́ны вашыя за слугі праўдзе на сьвятасьць.

20 Бо, калі вы былі слугамі грэху, былі вы вольнымі ад праўды.

21 Які-ж плод ме́лі вы тагды, што цяпе́р гэтага сароміцеся? Бо кане́ц гэтага — сьме́рць.

22 Але цяпе́р, вызваліўшыся ад грэху і стаўшыся рабамі Бога, маеце плод свой на сьвятасьць, а кане́ц — жыцьцё ве́чнае.

23 Бо заплата за грэх — сьме́рць, а дар Божы —жыцьцё ве́чнае ў Хрысьце́ Ісусе, Госпадзе нашым.

Разьдзе́л 7[правіць]

1 Ці-ж вы ня ве́даеце, браты (бо кажу да ве́даючых закон), што закон мае ўладу над чалаве́кам, пакуль той жыве́?

2 Замужняя жанчына прывязана законам да жывога мужа; а калі муж памрэ, яна звальняецца ад мужа.

3 Дзеля гэтага, калі пры жывым мужу будзе другога, блудніцай называцца будзе; калі-ж памрэ муж, яна вольная ад закону і ня будзе блудніцай, выйшаўшы за другога мужа.

4 Гэтак і вы, браты маі, паме́рлі для закону праз Це́ла Хрыстовае, каб нале́жаць другому, уваскросшаму з мёртвых, каб прынасіць плод Богу.

5 Бо, калі мы былі ў це́ле, тады юрлівасьць грахоўная, што праз закон, дзе́яла ў чле́нах вашых, каб даваць плод сьме́рці;

6 цяпе́р жа, паме́ршы для закону, якім былі зьвязаны, мы вызваліліся ад яго, каб нам служыць у абнаўле́ньні духа, а не па старой літары.

7 Што-ж скажам? Закон — грэх? Няхай ня станецца! але я не пазнаў грэху, толькі праз закон, бо я ня ве́даў-бы й пажаданьня, калі-б закон не гаварыў: не пажадай (Вых. 20, 16—17).

8 Але грэх, які ўзяўся праз запаведзь, выклікаў у мяне́ ўсякае пажаданьне; бо без закону грэх мёртвы.

9 Я жыў калісь без закону; але, калі прыйшла запаведзь, дык грэх ажыў,

10 а я памёр; і мной было знойдзена, што запаведзь, якая на жыцьцё, яна на сьме́рць,

11 бо грэх, які ўзяўся праз запаведзь, зьвёў мяне́ і забіў е́ю;

12 дзеля гэтага закон сьвят, і запаведзь сьвятая і праведная і добрая.

13 Дык няўжо-ж добрае сталася мне́ сьме́рцяй? Няхай ня станецца! Але грэх, каб зьявіўся грэхам, праз добрае робіць мне́ сьме́рць, каб грэх быў пераз ме́ру грэшным праз запаведзь.

14 Бо мы ве́даем, што закон духоўны, а я цяле́сны, адданы пад грэх.

15 Бо не разуме́ю, што ро́блю, бо ня тое ро́блю, што хачу, але, што ненавіджу, тое ро́блю.

16 Калі-ж ро́блю тое, чаго не хачу, то згаджаюся з законам, што ён добры,

17 і цяпе́рака ўжо ня я ро́блю, але грэх, што жыве́ ў-ва мне́.

18 Бо ве́даю, што ня жыве́ ў-ва мне́ (гэта ёсьць у це́ле маім) добрае; бо жаданьне ёсьць у-ва мне́, але каб зрабіць добрае, таго не знаходжу.

19 Бо добрага, што хачу, ня ро́блю, а благое, якога не хачу, ро́блю.

20 Калі-ж ро́блю тое, чаго не ха́чу, ужо ня я ро́блю гэта, але грэх, што жыве́ ў-ва мне́.

21 І вось я знаходжу закон, што, калі хачу рабіць добрае, ляжыць прада мною благое.

22 Бо, водле нутрано́га чалаве́ка, знаходжу здавале́ньне ў законе Божым;

23 але ў чле́нах маіх бачу другі закон, што змагаецца з законам розуму майго і робіць мяне́ рабом закону грэху, які ёсьць у чле́нах маіх.

24 Нешчасьлівы я чалаве́к! Хто вызваліць мяне́ ад гэтага це́ла сьме́рці?

25 Дзякую Богу праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага. Дык жа сам я розумам маім служу закону Божаму, а це́лам закону грэху.

Разьдзе́л 8[правіць]

1 Дык вось няма цяпе́р ніякага асуджэньня тым, што́ ў Хрысьце́ Ісусе не паводле це́ла, але паводле духа ходзяць,

2 бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце́ Ісусе звольніў мяне́ ад закону грэху й сьме́рці.

3 Як закон, аслаблены це́лам, быў бяссільны, дык Бог, паслаўшы Сына Свайго ў кшталце це́ла грахоўнага і дзеля грэху, асудзіў грэх у це́ле,

4 каб апраўданьне закону выпаўнілася ў нас, каторыя ня водле це́ла, але водле духа ходзім.

5 Бо тыя, што водле це́ла жывуць, аб цяле́сным думаюць; а тыя, што водле духа, — аб духоўным.

6 Бо думкі цяле́сныя ёсьць сьме́рць, а думкі духоўныя — жыцьцё і мір,

7 бо цяле́сныя думкі ёсьць варожасьць да Бога: бо не пакараюцца закону Божаму дый ня могуць.

8 Тыя-ж, што жывуць водле це́ла, Богу дагадзіць ня могуць.

9 Але вы ня ў це́ле, а ў духу, калі толькі Дух Божы жыве́ ў вас. Калі-ж хто Духа Хрыстовага ня мае, той і не Ягоны.

10 Калі-ж у вас Хрыстос, дык це́ла мёртва дзеля грэху, а дух жывы дзеля праведнасьці.

11 Калі-ж Дух Таго, Хто ўскрасіў із мёртвых Ісуса, жыве́ ў вас, дык Той, Хто ўскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і вашы сьмяротныя це́лы Духам Сваім, што жыве́ ў вас.

12 Дык вось, браты, мы даўжнікі ня це́ла, каб жыць водле це́ла;

13 бо, калі жывецё водле це́ла, то памрэцё; а калі духам цяле́сныя ўчынкі забіваеце, жыць будзеце.

14 Бо ўсе́, Духам Божым ве́дзеныя, ёсьць Сыны Божыя;

15 бо вы ня прынялі духа няволі ізноў на страх, але прынялі Духа ўсынаўле́ньня, у якім і клічам: Авва, Ойча!

16 Гэты самы Дух сьве́дчыць духу нашаму, што мы дзе́ці Божыя,

17 а калі дзе́ці, дык і насьле́днікі: насьле́днікі Божыя, насьле́днікі супольне з Хрыстом, калі і це́рпім з Ім мукі, дык каб з Ім і ўславіцца.

18 Бо думаю, што мукі цяпе́рашняга часу недастойныя тае́ славы, што мае выявіцца ў нас.

19 Бо надзея стварэньня чакае адкрыцьця сыноў Божых,

20 бо стварэньне пакарылася марнасьці не самахоць, але па волі пакарыўшага, у надзе́і,

21 што й само стварэньне вызвалена будзе з няволі тле́ньня на волю славы дзяце́й Божых.

22 Бо ве́даем, што ўсё стварэньне разам стогне й мучыцца дагэтуль,

23 дый ня толькі яно, але й мы самі, што маем зачатак Духа, і мы ў сабе́ стогнем, ждучы ўсынаўле́ньня, выкупленьня це́ла нашага.

24 Бо мы вызвалены надзе́яй. Надзе́я-ж бачаная ня ёсьць надзе́я; бо калі хто бачыць, дык чаго яму й спадзявацца?

25 Але, калі спадзяе́мся таго, чаго ня бачым, дык чакаем цярпліва.

26 Гэтак сама й Дух дапамагае ў слабасьцях нашых; бо мы ня ве́даем, аб чым маліцца, як трэба, але Сам Дух стараецца за нас стагнаньнямі нявымоўнымі.

27 Хто-ж выве́дывае сэрцы, Той ве́дае, якая думка ў Духа, бо Ён стараецца за сьвятых па волі Божай.

28 Дый ве́даем, што тым, хто любіць Бога, пакліканым па Яго пастанове, усё памагае на дабро;

29 бо, каго Ён напе́рад пазнаў, тым напе́рад і празначыў быць падо́бнымі да абраза Сына Свайго, каб Ён быў першако́м між многімі братамі;

30 а каго напе́рад празначыў, тых і паклікаў; а каго паклікаў, тых і апраўдаў; а каго апраўдаў, тых і уславіў.

31 Дык што-ж скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супраць нас?

32 Той, які Сына Свайго пе пашкадаваў, але аддаў Яго за ўсіх нас, як не даруе і нам з Ім усяго?

33 Хто будзе абвінавачваць выбраных Божых? Бог, які апраўдывае.

34 Хто асуджае? Хрыстос, які памёр, але-ж і ўваскрос. Ён і праваруч Бога, Ён і просіць за нас.

35 Хто адлучыць нас ад любві Божае? Гора, ці ўціск, ці перасьле́даваньне, ці голад, ці нагата́, ці небясьпе́ка, ці ме́ч? Водле напісанага:

36 За Цябе́ забіваюць нас кожны дзе́нь; лічаць нас за аве́чкі, ахвяраваныя на зарэз (Псал. 43, 23).

37 Але ўсё гэтае перамагаем праз Палюбіўшага нас.

38 Бо я пэўны, што ні сьме́рць, ні жыцьцё, ні ангелы, ні ўлады, ні сілы, ні цяпе́рашняе, ні будучае,

39 ні вышыня, ні глыбіня, ні другое якое стварэньне ня можа адлучыць нас ад любві Божае, што́ ў Хрысьце́ Ісусе, Госпадзе нашым.

Разьдзе́л 9[правіць]

1 Праўду кажу ў Хрысьце́, не маню, сьве́дчыць мне́ сумле́ньне мае́ ў Духу Сьвятым,

2 што вялікі для мяне́ сум і мука няўстанная сэрцу майму:

3 бо я хаце́ў бы сам быць адлучаным ад Хрыста за братоў маіх, родных мне́ це́лам,

4 якія ёсьць Ізраільцяне, каторых ёсьць усынаўле́ньне, і слава, і запаведзі, і да́ньне законаў, і служэньне, і прырачэньні,

5 каторых і айцы, ды з іх Хрыстос це́лам, Каторы ёсьць над усімі Бог, багаслаўлены наве́кі, амін.

6 Але ня тое, каб слова Божае ня выпаўнілася. Бо ня ўсе́ тыя Ізраільцяне, што́ ад Ізраіля,

7 і ня ўсе́ дзе́ці затым, што яны ад насе́ньня Аўраамавага, але (сказана): у Ізааку назаве́цца насе́ньне табе́ (Быт. 21, 12).

8 Гэта значыць: не цяле́сныя дзе́ці ёсьць дзе́ці Божыя, але дзе́ці прырачэньня прызнаюцца за насе́ньне.

9 А слова прырачэньня гэткае: у той жа час прыду, і ў Сары будзе сын (Быт. 18, 10).

10 І не адно гэтае, але й Равэка, што зачала за адзін раз ад Ізаака, айца нашага;

11 бо, калі яны яшчэ не нарадзіліся іне зрабілі́ нічога добрага ці благога (каб пастанова Божая ў выбраньні аставалася не з учынкаў, але ад Таго, Хто кліча),

12 сказана было ёй: большы будзе ў няволі ў ме́ншага (Быт. 25, 23),

13 як і напісана: Якуба я палюбіў, а Ізава зьне́навідзеў (Малах. 1, 2—3).

14 Што-ж скажам? Няўжо-ж няпраўда ў Бога? Няхай ня станецца!

15 Бо Ён кажа Майсе́ю: памілую, каго мілую, і зьлітуюся, над кім літуюся (Вых. 33, 19).

16 Дык не ад таго, хто жадае, і не ад таго, хто бяжыць, але ад Бога, Які мілуе.

17 Бо Пісаньне кажа Фараону: дзеля таго самага Я й паставіў цябе́, каб паказаць у табе́ сілу Маю, і каб імя Мае́ было абвяшча́на па ўсе́й зямлі (Вых. 9,16).

18 Дык над кім хоча, зьмілуецца, а каго хоча, жорсткім робіць.

19 Ты скажаш мне́: За штож яшчэ вінаваціць? бо хто стане насупраць волі Ягонае?

20 А ты хто, чалаве́ча, што спрачаешся з Богам? Ці скажа зробленае зрабіўшаму: на што ты мяне́ гэтак зрабіў?

21 Ці ня ўладны ганчар пад глінаю, каб з таго-ж ме́сіва зрабіць адно начыньне дзеля пашаннасьці, а другое дзеля не́пашаннасьці?

22 Што-ж, калі Бог, хочучы паказаць гне́ў і выявіць магутнасьць Сваю, з вялікай доўгацярплівасьцяй ашчаджаў начыньні гне́ву, гатовыя на загубу,

23 каб разам зьявіць багацьце славы Свае́й над начыньнямі міласэрдзя, якія Ён прыпас на славу,

24 дый над намі, якіх паклікаў ня толькі з Юдэяў, але й із паганаў?

25 Як і ў Осіі кажа: Ня мой народ назаву Маім народам, і нялюбую — умілаванай (Осія 2, 23);

26 і станецца, што на ме́сцы, гдзе́ сказана Ім: вы ня мой народ, — там сынамі Бога Жывога названы будуць (Осія 1, 10).

27 А Ісая кліча аб Ізраілю: Хаця-б лічба сыноў Ізраілявых была, як пясок у моры, (толькі) астача спасе́цца:

28 бо, канчаючы слова і прысьпяшаючы справядлівасьць, хутка зьдзе́йсьніць Госпад слова на зямлі (Ісая 10, 22—23).

29 І, як прапрарочыў Ісая: калі-б Госпад Саваоф не пакінуў нам насе́ньня, то мы былі-б, як Садом, і падобнымі сталіся-б да Гамо́ры (Ісая1, 9).

30 Што-ж скажам? Пагане, якія ня шукалі праведнасьці, атрымалі праведнасьць, праведнасьць ад ве́ры.

31 А Ізраіль, шукаючы закону праведнасьці, не дасягнуў закону праведнасьці.

32 Чаму? бо ня з ве́ры, а з дзе́л закону; бо спаткнуліся аб камень спаткне́ньня,

33 як напісана: вось кладу ў Сыоне камень спаткненьня і камень спакусы; але кожны, хто ве́руе ў Яго, ня будзе асаромлены (Ісая 28, 16; 8, 14).

Разьдзе́л 10[правіць]

1 Браты! жаданьне майго сэрца і малітва да Бога аб Ізраілю на збаўле́ньне.

2 Бо сьве́дчу ім, што маюць руплівасьць Божую, ды не па розуму.

3 Бо, не разуме́ючы праведнасьці Божае і стараючыся паставіць уласную праведнасьць, яны не пакарыліся праведнасьці Божай;

4 бо кане́ц закону — Хрытос, дзеля праведнасьці кожнаму ве́руючаму.

5 Майсей піша аб праведнасьці, што ад закону: выпаўніўшы яго, чалаве́к жыць ім будзе (Ляв. 18, 5).

6 А праведнасьць з ве́ры гэтак кажа: не гавары ў сэрцы тваім: Хто ўзыйдзе на не́ба? — гэта ёсьць Хрыста зьвясьці ўніз; (Другаз. 30, 12)

7 або: хто зыйдзе ў бяздоньне? — гэта ёсьць Хрыста з мёртвых узьвясьці ўве́рх (Другазак. 30, 13).

8 Але што кажа Пісаньне? Блізка да цябе́ слова, у вуснах тваіх і ў сэрцы тваім,— гэта ёсьць слова ве́ры, якое абвяшчаем (Другаз. 30, 14),

9 каб ты, як вуснамі тваімі будзеш вызнаваць Ісуса Госпадам і ў сэрцы тваім ве́рыць, што Бог ускрасіў яго з мёртвых, быў бы спасён,

10 бо сэрцам ве́рыцца дзеля праведнасьці, а вуснамі вызнае́цца дзеля збаўле́ньня.

11 Бо Пісаньне кажа: Кожын, хто ве́руе ў Яго, ня будзе асаромлены (Ісая 28, 16).

12 Тут няма розьніцы між Юдэем і Грэкам, бо Ён Госпад усіх, багаты для ўсіх, што клічуць Яго.

13 Бо кожын, хто пакліча імя Госпада, спасён будзе (Іяіль 2, 32).

14 Але як клікаць Таго, у Каго ня ўве́равалі? Як ве́рыць у Таго, аб Кім ня чулі? Як чуць без абвяшчаючага?

15 І як абвяшчаць, калі ня будуць пасланыя? Водле напісанага: Як прыгожыя ногі абвяшчаючага мір, прапаве́дываючага добрае! (Ісая 52, 7)

16 Але ня ўсе́ паслухалі Эвангельля, бо Ісая кажа: Госпадзе! Хто паве́рыў чутаму ад нас? (Ісая 53, 1).

17 Дык ве́ра ад слуханьня, а слуханьне ад слова Божага.

18 Але кажу: ці-ж яны ня чулі? Наадварот: на ўсю зямлю разыйшоўся голас іх, і да ме́жаў сусьве́ту словы іх (Псал. 18, 5).

19 Але кажу: ці-ж Ізраіль ня ве́даў? Пе́ршы Майсе́й кажа: я збуджу ў вас рупнасьць не праз народ, узлую вас праз народ бязглузды (Другазак. 32, 21).

20 А Ісая адважыўся ды кажа: Мяне́ знайшлі тыя, што ня шукалі, абявіўся Я тым, што ня пыталіся Мяне́ (Ісая 65, 1).

21 Да Ізраіля-ж кажа: уве́сь дзе́нь працягваў я рукі Мае́ да народу непаслухмянага і ўпартага (Ісая 65, 2).

Разьдзе́л 11[правіць]

1 Дык кажу: няўжо-ж Бог адапхнуў народ Свой? Няхай ня станецца! Бо і я Ізраільцянін ад насе́ньня Аўраамавага, з кале́на Бэніямінавага.

2 Не адапхнуў Бог народу Свайго, які Ён напе́рад ве́даў. Ці ня ве́даеце, што́ кажа Псаньне (у апавяданьні) аб Ільлі? як той скардзіцца Богу на Ізраіля, кажучы:

3 Госпадзе! прарокаў Тваіх пазабівалі, ахвярнікі тваі зруй навалі; астаўся я адзін, і душу маю́ шукаюць (3 Царств. 19, 14).

4 Што-ж кажа яму (Божы) адказ? Я пакінуў Сабе́ сем тысячаў чалаве́каў, што ня ўкле́нчылі перад Ваалам (3 Царств. 19, 18).

5 Вось гэтак і ў цяпе́рашні час, па выбару ласкі, захавалася рэшта.

6 Калі-ж праз ласку, дык не праз учынкі; іначай ласка ня была-б ужо ласкай. А калі праз учынкі, дык гэта ўжо ня ласка: іначай учынак ня ёсьць ужо ўчынак.

7 Што-ж? Ізраіль чаго шукаў, таго не дастаў; выбраныя дасталі, а рэшта разьлютавалася,

8 як напісана: Даў ім Бог духа дрымоты, вочы, якімі ня бачаць, і вушы, які́мі ня чуюць, ажно па сяньняшні дзе́нь (Ісая 29, 10; Другазак. 29, 4).

9 І Давід кажа: Хай будзе ім стол іх се́ткаю і цянётамі, і спакусай і адплатаю;

10 няхай зацьмяцца вочы іх, каб ня бачыць, і хрыбе́т іх няхай будзе сагнуты назаўсёды (Псал. 68, 23—24).

11 Дык кажу: няўжо-ж яны спаткнуліся, каб зусім упасьці? Няхай ня станецца. Але ад іх упадку збаўле́ньне паганам, каб збудзіць у іх рупнасьць.

12 Калі-ж упадак іх — багацьце сьве́ту, і абядне́ньне іх - багацьце паганам, дык колькі-ж бале́й іх поўня?

13 Вам-жа кажу, паганам: як Апостал паганаў, я ўслаўлю служэньне мае́,

14 ці ня збуджу рупнасьці ў сваякоў маіх на це́лу і ці ня збаўлю некаторых з іх?

15 Бо, калі забракаваньне іх — замірэньне сьве́ту, дык што́ прыняцьце, як ня жыцьцё з мёртвых?

16 Калі рашчына сьвятая, дык і ме́сіва; і калі корань сьвят, дык і гальлё.

17 Калі-ж некаторыя з галін адламаліся, а ты-ж, быўшы дзікай аліўкай, прышчапіўся заме́ст іх і стаўся злучом караня й соку аліўкі,

18 дык не вывышшайся перад галінамі; калі-ж вывышшаешся, дык ня ты дзе́ржыш корань, але корань — цябе́.

19 Дык скажаш: галіны адламаліся, каб мне́ прышчапіцца.

20 Добра. Яны адламаліся няве́рыем, а ты дзе́ржышся ве́раю; ня пышайся, але бойся.

21 Бо, калі Бог прыродных галін не пашкадаваў, дык глядзі, ці й цябе́ пашкадуе.

22 Дык бачу дабрату і срогасьць Божую: срогасьць да адпаўшых, а дабрата да цябе́, калі будзеш у дабраце́ (Божай); іначай і ты будзеш адцяты.

23 І тыя, калі не астануцца у няве́рыі, прышчэпяцца, бо Бог дуж ізноў прышчапіць іх.

24 Бо, калі ты адсе́чаны ад дзікое папрыродзе аліўкі і, насупраць прыродзе, прывіўся да добрае аліўкі, колькі-ж бале́й тыя, што́ згодны з прыродай, прышчэпяцца да свае́ аліўкі?

25 Бо не хачу пакінуць вас, браты, у няве́даньні аб гэтай тайне, (каб вы былі мудрымі праз сябе́), — што разьлютаванне сталася ў Ізраілю часткова, да часу, пакуль увойдзе поўная лічба паганаў,

26 ды гэтак уве́сь Ізраіль спасён будзе, як напісана: прыдзе з Сыону Збавіцель і адве́рне бязбожнасьць ад Якуба;

27 і гэта ім ад мяне́ запаве́т, калі зьніму з іх грахі іхнія (Ісая 59, 20—21; 279).

28 Паводле-ж Эвангельля яны ворагі вам; а паводле выбраньня — умілаваныя Божыя дзеля айцоў.

29 Бо дары і прызваньне Божае нязьме́нныя.

30 Як і вы не́калі былі непаслухмянымі, а цяпер памілаваны праз ненаслухмянасьць іхнюю,

31 гэтак і яны цяпе́р непаслухмяныя, каб праз зьмілаваньне над вамі і самі яны памілаваны былі.

32 Бо ўсіх Бог замкнуў у непаслухмянасьць, каб усіх памілаваць.

33 О, глыбіня багацьця і мудрасьці і ве́даньня Божага! Як недасяжныя прысуды Яго і нявысьле́дны шляхі Ягоныя!

34 Бо хто пазнаў розум Госпада? Ці хто быў райцам Яму? (Ісая 40, 13)

35 Ці кто даў Яму напе́рад, каб Ён аддаў яму? (Ісая 40, 13—14)

36 Бо ўсё з Яго і праз Яго і ў Яго. Яму слава наве́кі. Амін.

Разьдзе́л 12[правіць]

1 Вось-жа ве́льмі прашу вас, браты, праз міласэрдзе Божае, аддайце це́лы вашыя на ахвяру жывую, сьвятую, угодную Богу, на разумнае служэньне вашае,

2 і не датарноўвайцеся да ве́ку гэтага, але пераабражайцеся абнаўле́ньнем розуму вашага, каб вам пазнаваць, што ёсьць Воля Божая, добрая, угодная і дасканалая.

3 Бо кажу праз дадзеную мне́ ласку кожнаму сярод вас: ня думайце аб сабе́ больш, чым трэба думаць, але думайце мудра, як Бог кожнага ме́рай ве́ры надзяліў.

4 Бо, як у адным це́ле ў нас многа чле́наў, але ня ўсе́ чле́ны маюць тую-ж работу,

5 гэтак мы многія складаем адно це́ла ў Хрысьце́, а паасобку адзін для аднаго чле́ны.

6 Калі-ж па данай нам ласцы маем розныя здольнасьці, дык, калі прароцтва, прароч па ме́ры ве́ры;

7 калі служэньне, служы; калі навучаеш, вучы;

8 калі напамінаеш, напамінай; калі раздае́ш, дык у прастаце́; калі пастаўлены над другімі, старшынствуй у шчырасьці; калі міласэрны, дык у радасьці.

9 Любоў няхай будзе ў вас некрывадушная; брыдзьцеся зла, прыляпляйцеся да дабра.

10 Братняй любоўю адзін да аднаго пяшчотныя, у пашане адзін аднаго апераджайце;

11 у рупнасьці не слабе́йце; духам палайце; Госпаду служыце.

12 Пацяшайцеся надзе́яй; у горы будзьце цярплівымі, у малітве сталымі;

13 у патрэбах сьвятых бярыце ўдзе́л; рупліва прымайце падарожных;

14 багаслаўце тых, каторыя вас перасьле́дуюць; багаслаўце, а не кляніце.

15 Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача.

16 Будзьце аднадумныя між сабою; ня думайце зашмат аб сабе́, але да пакорных прыхіляйцеся. Ня будзьце мудрымі самі праз сябе́.

17 Нікому не адплачвайце злом за зло, але старайцеся аб добрае перад усімі людзьмі.

18 Калі магчыма з вашага боку, будзьце ў згодзе з усімі людзьмі.

19 Ня мсьціце за сябе́, умілаваныя, але дайце ме́сца (Божаму) гне́ву. Бо напісана: Мне́ помста, Я аддам! кажа Госпад (Другазак. 32, 35).

20 Дык, калі вораг твой галодны, накармі Яго; калі піць хоча, напаі яго: бо, робячы гэтае, зьбярэш яму на галаву вугальле гарачае (Прып. 25, 21 - 22). Ня будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром.

Разьдзе́л 13[правіць]

1 Усякая душа няхай будзе пакорна вышэйшым уладам, бо няма ўлады, каб не ад Бога; істнуючыя-ж улады ад Бога пастаўлены.

2 Дзеля гэтага, хто працівіцца ўладзе, працівіцца Божай пастанове; хто-ж працівіцца, самі на сябе́ прысуд нацягнуць.

3 Бо начальнікі страшныя не для добрых дзе́л, але для благіх. Ці хочаш небаяцца ўлады? Рабі дабро, і атрымаеш пахвалу ад яе́;

4 бо (гэта) ёсьць Божы слуга табе́ на дабро. Калі-ж робіш благое, бойся, бо ён не надарма носіць ме́ч: ён Божы слуга, імсьціцель на гне́ў робячаму благое.

5 Дзеля гэтага трэба слухацца ня толькі з увагі на гне́ў, але й на сумле́ньне.

6 Дзеля гэтага-ж вы й падаткі плаціце; бо яны Божыя служкі, гэтым самым заўсёды занятыя.

7 Дык аддавайце кожнаму нале́жнае: каму падатак, падатак; каму мыта, мыта; каму страх, страх; каму чэсьць, чэсьць.

8 Не аставайцеся віннымі нікому нічога, апрача ўзае́мнай любві; бо, хто любіць другога, выпаўніў закон.

9 Бо запаведзі: ня блудзі, не забівай, не крадзі, ня сьве́дчы крыва, не жадай чужога, і калі ёсьць іншая запаведзь - зьмяшчаюцца ў вось гэтым слове: любі бліжняга твайго, як самога сябе́ (Ляв. 19, 18).

10 Любоў ня робіць благога бліжняму; дык любоў ёсьць выпаўне́ньне закону.

11 І гэтак (рабе́це), ве́даючы час, што прыйшла ўжо гадзіна збудзіцца вам зо-сну. Бо цяпе́р бліжэй да нас выбаўле́ньне, чым калі мы ўве́равалі.

12 Ноч прайшла, а дзе́нь наблізіўся: дык адкінем справы це́мры і апране́мся ў зброю сьвятла́,

13 як у дзе́нь, будзем хадзіць прыстойна, не ў пражорлівасьці ды п’янстве, не ў юрлівасьці ды распусьце, не ў калатні ды зайздрасьці;

14 але апране́цеся Госпадам Ісусам Хрыстом і не дагаджайце це́лу ў пажадлівасьці.

Разьдзе́л 14[правіць]

1 Слабога ў ве́ры прымайце не на спрэчкі аб паглядах.

2 Бо іншы ве́рыць, што (можна) е́сьці ўсё, а слабы е́сьць гародніну.

3 Хто е́сьць, не дакарай таго, хто ня е́сьць; і хто ня е́сьць, не асуджай таго, хто е́сьць: бо Бог прыняў яго.

4 Хто ты, што судзіш чужога слугу? Перад сваім гаспадаром стаіць ён, або па́дае; і ўстаіць, бо Бог дуж паставіць яго.

5 Іншы адрозьнівае дзе́нь ад дня, а іншы судзіць (аднолькава) кожны дзе́нь. Кожны будзь пэўны ў сваім розуме.

6 Хто адрозьнівае дні, дзеля Госпада адрозьнівае; і хто не адрозьнівае дзён, дзеля Госпада не адрозьнівае. Хто е́сьць, дзеля Госпада е́сьць, бо дзякуе Богу. І хто ня е́сьць, дзеля Госпада ня е́сьць, ды дзякуе Богу.

7 Бо ніхто з нас ня жыве́ для сябе́, і ніхто ця ўмірае для сябе́;

8 бо, калі жыве́м, для Госпада жыве́м, калі-ж уміраем — для Госпада ўміраем. І дзеля гэтага — ці жыве́м, ці ўміраем, мы Гасподнія.

9 Бо Хрыстос дзеля таго і памёр, і ўваскрос, і ажыў, каб валадаць і мёртвымі, і жывымі.

10 А ты чаго судзіш брата свайго? Або й ты, што паніжаеш брата свайго? Бо ўсе́ мы станем на суд Хрыстовы.

11 Бо напісана: Я жыву, — кажа Госпад, — перада Мною суклоніцца ўсякае кале́на, і ўсякі язык вызнаваць будзе Бога (Ісая 45, 23).

12 Дык вось кожны з нас за сябе́ дасьць справаздачу Богу.

13 Ня будзем жа бале́й судзіць адзін аднаго, а ле́пей судзіце аб тым, каб як ня класьці брату спаткне́ньня ці спакусы.

14 Я ве́даю і пэўны ў Госпадзе Ісусе, што нішто праз сябе́ не нячыста; толькі таму, кто лічыць што-не́будзь нячыстым, — таму нячыста.

15 Калі-ж цераз страву сумуе брат твой, дык ты ўжо не паводле любві ходзіш; ня губі твае́й страваю таго, за каго паме́р Хрыстос.

16 Дык няхай не зьняважа́ецца вашае добрае.

17 Бо царства Божае ня е́жа і піцьцё, але праведнасьць і мір і радасьці ў Духу Сьвятым.

18 Бо, хто ў гэтым служыць Хрысту, той угодны Богу і паважаны людзьмі.

19 Дык вось будзеш шукаць таго, што служыць дзеля міру і ўзаемнага збудаваньня.

20 Дзеля е́жы ня ні́шчы дзе́ла Божага: усё чыста, але блага чалаве́ку, які е́сьць праз спакусу.

21 Добра ня е́сьці мяса, ня піць віна і не рабіць (такога), ад чаго брат твой спатыкаецца, ці спакушаецца, ці зьнямагае.

22 Ты хмаеш ве́ру? Ме́й сам у сабе́ перад Богам. Шчасьлівы, хто не асуджае сябе́ ў тым, што́ шануе.

23 А хто сумляваецца, калі е́сьць, асуджае сябе́, што не па ве́ры; а ўсё, што не па ве́ры, грэх.

Разьдзе́л 15[правіць]

1 Мы, дужыя, мусім перанасіць не́мачы слабых, а не сабе́ дагаджаць.

2 Бо кожны з нас няхай дагаджае бліжняму на дабро, на збудаваньне.

3 Бо і Хрыстос не сабе́ дагаджаў, але, як напісана: Зьняважаньні зьнязажаючых Цябе́ выпалі на мяне́ (Псал. 68, 10).

4 Бо ўсё, што напісана было ране́й, напісана намі дзеля навукі, каб праз цярплівасьцьі паце́ху пісаньня ме́лі надзе́ю.

5 А Бог цярплівасьці і паце́хі няхай дасьць вам аднолькава думаць сярод сябе́ паводле навукі Хрыста Ісуса,

6 каб вы аднадушна, аднымі вуснамі выслаўлялі Бога і Айца Госпада нашага Ісуса Хрыста.

7 Дзеля гэтага прымайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў вас у славу Божую.

8 Кажу-ж, што Ісус Хрыстос стаўся служкаю абрэзаньня — дзеля праўды Божай, каб выпаўніць абяцанае айцоў.

9 А для паганаў з літасьці, каб славілі Бога, як напісана: За гэта буду славіць Цябе́ між паганамі і сьпяваць іме́ньню Твайму (Псал. 17, 50).

10 І яшчэ сказана: Узьвесяліцеся, пагане, з народам Яго! (Другазак. 32, 43)

11 І яшчэ: хвале́це Госпада, усе́ пагане, і слаўце Яго, усе́ народы! (Псал. 116, 1)

12 Ісая таксама кажа: бу́дзе корань Ясе́явы і Той, што́ паўстане, валадаць народамі; на Яго пагане спадзявацца будуць (Ісая 11, 10).

13 Бог жа надзе́і няхай напоўніць вас усякай радасьцяй і мірам у ве́ры, каб вы, сілаю духа Сьвятога, абагаціліся надзе́яй.

14 І сам я перакананы аб вас, браты маі, што і вы поўныя дабраты, напоўненыя усякаю ве́даю і можаце навучаць адзін аднаго.

15 Сьмяле́й жа пісаў я вам, браты, часткова як-бы дзеля напамінаньня вам, праз даную мне́ ад Бога ласку

16 быць мне́ служкаю Ісуса Хрыста сярод паганаў, сьвятарна абвяшчаючы Эвангельле Божае, каб ахвяра паганаў, асьвячоная Духам Сьвятым, была ўгодна Богу.

17 Маю вось пахвалу ў Ісусе Хрысьце́ ў тым, што (датычыцца) Бо́га:

18 бо не адважуся сказаць што-не́будзь, чаго ня зьдзе́яў Хрыстос праз мяне́ на послух паганаў, словам і дзе́лам,

19 сілаю знакоў і цудаў, сілаю Духа Божага; гэтак Эвангельле Хрыстовае пашырана мною ад Ерузаліму і ваколіц да Ілірыка.

20 Гэтак я стараўся абвяшчаць Эвангельле ня тым, гдзе́ ўжо было вядома імя Хрыстовае, каб не будаваць на чужой аснове,

21 але як напісана: Каму не абве́шчана аб Ім, убачаць, і хто ня чуў, даве́даюцца (Ісая 52, 15).

22 Цераз гэтае я шмат разоў і ме́ў перашкоду прыйсьці да вас.

23 Цяпе́р жа, ня маючы больш ме́сца ў гэных краінах, ды з даўных год маючы жаданьне прыйсьці да вас,

24 як толькі пакіруюся ў Гішнанію, прыду да вас. Бо спадзяюся, праходзячы, пабачыцца з вамі, ды што вы правядзецё мяне́ туды, як толькі крыху наце́шуся вамі.

25 Цяпер-жа я йду ў Ерузалім паслужыць сьвятым;

26 бо Македонія і Ахайя надумалі ўдзяліць не́шта бе́дным сьвятым у Ерузаліме. Надумалі, але й вінаватыя ім.

27 Бо, калі пагане зрабіліся ўчасьнікамі ў іх духоўным, дык павінны і ім паслужыць у цяле́сным.

28 Выпаўніўшы вось гэтае і даставіўшы ім пад пячацяй гэты плод, пайду праз вас у Гішпанію.

29 Ве́даю-ж, што, калі прыду да вас, дык прыду ў поўні багаслаўле́ньня Эвангельля Хрыстовага.

30 Малю вас, браты, Госпадам нашым Ісусам Хрыстом і любоўю Духа, памагаць мне́ малітвамі за мяне́ да Бога,

31 каб выбавіцца мне́ ад няве́руючых у Юдэі, і каб служэньне маё для Ерузаліму было ўгодна сьвятым,

32 каб мне́ воляй Бога ў радасьці прыйсьці да вас і супачыць з вамі.

33 Бог жа міру з усімі вамі: Амін.

Разьдзе́л 16[правіць]

1 Даручаю-ж вам Фіву, сястру нашу, слугу кенхрэйскае царквы,

2 каб прынялі яе́ ў Госпадзе, як прыстойна сьвятым, і памаглі ёй, у чым яна будзе ме́ць у вас патрэбу, бо і яна была заступніцай многім дый мне́ самому.

3 Прывітайце Прыскіллу й Акілу, супрацоўнікаў маіх, у Хрысьце́ Ісусе, —

4 (якія галаву сваю пакладалі за маю душу, якім ня я адзін дзякую, але і ўсе́ цэрквы паганаў), — і царкву, што ў іх доме.

5 Прывітайце ўмілаванага майго Эпэнэта, які ёсьць зачаткам Ахайі для Хрыста.

6 Прывітайце Марыю, якая шмат працавала для нас.

7 Прывітайце Андроніка і Юнія, сваякоў маіх і вязьняў са мною, якія ўславіліся між апосталамі і пе́рш за мяне́ ўве́равалі ў Хрыста.

8 Прывітайце Амплія, любага мне́ ў Госпадзе.

9 Прывітайце Урбана, сунрацоўніка нашага ў Хрысьце́, і Стахія, любага мне́.

10 Прывітайце Апэле́са, дазнанага ў Хрысьце́. Прывітайце Арыстабулявых.

11 Прывітайце Ірадые́на, сваяка майго. Прывітайце з Наркізавых тых, што ў Госпадзе.

12 Прывітайце Трыфэну і Трыфосу, што працуюць у Госпадзе. Прывітайце любую Пэрсіду, якая шмат папрацавала ў Госпадзе.

13 Прывітайце Руфа, выбранага ў Госпадзе, ды матку яго і маю.

14 Прывітайце Асінкрыта, Флягонта, Ерма, Патрова, Ермія ды іншых з імі братоў.

15 Прывітайце Філялёга і Юлію, Нэрэя і сястру ягоную, і Алімпана, і ўсіх з імі сьвятых.

16 Прывітайце адзін аднаго ў сьвятым пацалунку. Вітаюць вас Хрыстовыя цэрквы.

17 Малю вас, браты, сьцеражыцеся тых, што́ робяць нязгоду і спакусы супраць навукі, якое вы навучыліся, і ўхіляйцеся ад іх;

18 бо гэткія служаць ня Госпаду нашаму Ісусу Хрысту, а свайму чэраву, ды ласкавасьцяй і красамоўствам зводзяць сэрцы прастадушных.

19 Бо-ж вашая паслухмянасьць ве́ры ве́дама ўсім; дзеля гэтага я це́шуся з вас, але жадаю, каб вы былі мудрыя на дабро і няпрыступныя на зло.

20 Бог жа міру неўзабаве скрышыць шатана пад нагамі вашымі. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амін.

21 Вітаюць вас Цімох, супрацоўнік мой, ды Лукій, Язон і Сасіпатр, сваякі маі.

22 Вітаю вас у Госпадзе і я, Тэртый, што пісаў гэтае пасланьне.

23 Вітае вас Гаій, гасьцінны для падарожных, для мяне́ і для ўсяе́ царквы. Вітае вас Эраст, скарбнік ме́скі, і брат Кварт.

24 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.

25 Таму-ж, хто можа вас умацаваць водле Эвангельля майго і пропаведзі Ісуса Хрыста, водле адкрыцьця тайны, што ад вякоў была ўмаўча́на, прарочыя пісаньні, па загаду адве́чнага Бога, на по́слух ве́ры абве́шчана ўсім народам, —

27 Адзінаму мудраму Богу праз Ісуса Хрыста, Яму наве́кі хвала́. Амін.

28 Пісана да Рымлянаў з Карынту цераз Фіву, служку