Перайсці да зместу

Пан Тадэвуш (Міцкевіч/Тарашкевіч)/Быліца дзясятая

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Быліца дзявятая Пан Тадэвуш
Паэмы
Аўтар: Адам Міцкевіч
1834
Арыгінальная назва: Pan Tadeusz
Пераклад: Браніслаў Тарашкевіч
Быліца адзінаццатая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Быліца дзясятая
ЭМІГРАЦЫЯ. ЯЦКА

ЗМЕСТ:
Нарада аб забяспечанні лёсу пераможнікаў. — Умова з Рыкавым. — Развітанне. — Важнае адкрыццё. — Надзея.


А гэныя раннія, зразу рассеяны тучкі
вышэй узляталі на неба, як чорныя птушкі,
й збіраліся ў кучу. Ледзь сонца з палудня схадзіла,
як іхнае стада паўнеба зусюль аблажыла
вагромністай хмарай, каторая з ветрам ляцела
шпарчэй і шпарчэй, абціскалася, болей гусцела,
аж бокам адным напалову ад неба аддзёрта
і выпята ім да зямлі, ў шырыню распрасцёрта,
як парус вялізны, вятры ўсе ў абоймы хапала,
з палудня на захад па небе разгоніста гнала.

Мамент цішыні. Анямелі паднебны разлогі.
Глухое паветра замоўкла, казаў бы з трывогі.
І збожжа, што перш да зямлі прылягала сцібламі
ды зноў угару залатымі трасло каласамі,
кіпела, як хвалі,— паставу цяпер нерухому
прымае, ўзіраецца ў неба й чапура салому.
І то ж пры дарозе зялёныя вербы й таполі,
што перш, бытта плачкі-жанкі пры хаўтурным пры доле,
хіляліся часам, круцілі даўгімі рукамі,
махалі па ветры пасрэбранымі валасамі,
цяпер, як памёршыя, з выразам немым жалобы,
стаяць, моў бы статуі тыя сыпільскай Ніобы[1].
Асіна дрыгуча адна толькі лісцем шамоча.

Тавар, што дахаты звычайна ідзе неахвоча,
цяпер жа натоўпам бяжыць, пастыроў не чакае,
пакінуўшы пасьбу, дахаты хутчэй уцякае.
Бугай капытамі й рагамі капае і рые,
пужаючы стала, раве гэтак дзіка, як вые;
карова да неба ўздымае вялікае вока,
губу адкрывае здзіўлена, ўздыхае глыбока;
няўрымстуе кнур, замарудзіўшы ў тыле, скрыгоча,
крадзе снапы збожжа й сабе на запас іх валоча.

Схаваліся птушкі пад стрэхі, ў лясы, між кустамі;
і толькі вароны, ставы абступіўшы стадамі,
сабе прахаджаюцца вагам, спакойна ідучы,
кіруючы чорныя вочы на чорныя тучы,
з сухога шырокага горла язык выстаўляюць,
тапурачы крылле, дажджовай купелі чакаюць.
Да й тыя, збаяўшыся лішне вялікае буры,
у лес пацягнулі, падобна ўзлятаючай хмуры.
Апошняя з птушак, зухвала сваёй быстрынёю,
то ластаўка, чорную тучу прашыўшы стралою,
урэшце спадае, як куля.

Якраз у тым часе
бітва між Масквою і шляхтай к канцу давялася.
Хаваюцца турмам пад стрэхі і гэтыя й тыя,
кідаюць пляц бою, дзе хутка страшныя стыхіі
ўжо схопяцца біцца.

На захад зямля яшчэ сонцам была залачона
й панура свяцілася, неяк жаўтава-чырвона;
ўжо хмура суценне, падобна да сеці, кідае
і лове астаткі святла, а за сонцам спяшае,
казаў бы, хацела яго захапіць прад заходам.
Ўжо колькі віхроў раз за разам прасвіснула сподам;
адзін за другім летуны, сыпяць каплі дажджысты,
буйныя, і круглыя, й ясны, як град, так зярністы.

Віхры во самкнуліся накрыжкі моцна і шчыльна,
змагаюцца ў дольках і круцяцца, як матавільна[2],
са свістам, да дна у ставох скаламучуюць воды.
Успалі на лозы, на луг, патаптаўшы гароды.
Ламаюцца лозаў галіны, пракосаў завівы
на вецер лятуць, моў бы рваныя жменямі грывы,
змяшаныя з кудрамі сноп’яў. Вятры усё выюць,
зваліўшыся ў дол на раллю, там качаюцца, рыюць
і рвуць: віхру трэцяму робяць праход, а страшному,
каторы рвануўся з раллі, моў бы, стоўб чарназёму,
лабом сваім круце зямлю і паветра мароча,
нагамі ж пяском засыпае аж зоркам у вочы,
таўсцее, шырэйшым канцом падпіраючы хмуру,
й агромнай сваею трубою атрублюе буру.
З тым цэлым хаосам вады, курапылу, былінаў,
саломы, лістоў і травы, наламаных галінаў
віхры удараюць у лес і па нетрах у пушчы
равуць ведзмядзямі.

Тым часам з дажджыстае гушчы
плюшчаць ужо каплі, як з сіта. Грымнуў срэбнарунны
пярун раз за разам. Зліваюцца каплі у струны
і звязуюць неба з зямлёю даўгімі касамі
ды ўраз, як з вядра, яны бухаюць шумна пластамі.
Ужо і зусім так закрыліся неба з зямлёю,
іх бура і ноч ачапілі заслонай густою.
Аж трэсне часамі на неякай неба старонцы,
і буры арханел, як бы аграмнястае сонца,
рассвеціцца тварам ды йзноў за нябесным разломам
схаваецца, хмурныя дзверы затрэснуўшы громам.
Ізноў узмагаецца бура, шалее навальна,
а цёмнасць таўсцее, гусцее, маўляў, датыкальна.
Зноў шум і грымоты прыціхнуць хвілінкай малою,
то йзноў загрыміць, зашуміць, як бы хлюсне вадою.
Заціхла ў канцы. Толькі чуцен шум ліп каля дому
і шэмранне лісця, і рэха далёкага грому.

Патрэбны быў час найбурнейшы са справай такою;
бо так навальніца, у цёмнасць укрыўшы пляц бою,
масты на рацэ пазрывала, дарогі размыла,
з фальварку зусім недаступную крэпасць зрабіла.
Таму аб падзеях крывавых устане Сапліцы
шчэ весць не магла разысціся па ўсёй акаліцы,
а лёс пераможнікаў, шляхты, завіс ад тайніцы.

Ў пакоі Суддзі дужа важная рада. Там бедны
Чарвяк ужо ў ложку ляжыць; акрываўлены, бледны,
замучаны, але на розуме поўна здаровы,
загадуе; брат выпаўняе ягоныя словы.
Казаў Падкамора і Ключніка после прасіці
і Рыкава ўвесці, ды дзверы затым зачыніці.
Трывалі праз цэлу гадзіну таемныя рады,
аж Рыкаў прарваў іх славамі такімі, без звады,
ды важка, на стол адкідаючы мех з дукатамі:
«Эх вы, паны ляхі, такая ўжо гадка між вамі:
што рускі — то злодзей! Скажэце ж цяпер вы, паны-та,
што зналі і вы аднаго маскаля — то Мікіта
Мікатавіч Рыкаў, каторы быў ротны, меў восем
медаляў і тры жа храсты — то запамятаць просім:
медаль за Ачакаў, а гэты во за Ізмаілаў,
за бітву пад Нові, а гэты во за Прэйсіш-Ілаў[3],
той за адступленне з Карсакавым і за адвагу —
з-пад Цюрыха; маю таксама за храбрасць і шпагу;
к таму ад Суворава маю чатыры падзякі,
а нат ад цара дзве пахвалы, чатыры адзнакі,
усё на пісьме...»

«Капітане,— цяжкімі славамі
Чарвяк перабіў,— ну, а што тады станецца з намі,
калі не захочаш згадзіцца? То ж даў нам ты слова
ўсю справу замяць».

«Праўда, слова даю вам нанова, —
адказуе Рыкаў, — бо што мне па вашай тут згубе.
Мікіта, ён чэсны салдат, ну — і вас крыху любе,
што людзі вясёлыя вы і ахвочы к папойцы,
прытым жа адважныя людзі ды спраўныя ў бойцы.
А кажа і прыказка: хто на вазе паязджае,
не раз пад вазом пабывае; хто сёння уперад,
то заўтра узад ці у нерат; б’еш ты па каўнеры
сягоння, а заўтра цябе; так жывуць і жаўнеры.
Хіба ж чалавека ўжо злосць, як іржа, бы заела,
злавацца за пройгрыш! Ну, ачакоўскае дзела
было раскрывава, пад Цюрыхам збілі пяхоту,
таксама пад Аўстэрліц цэлую страціў я роту;
а перш ваш Касцюшка калісь-то пад Рацлавіцамі—
шаржантам я быў шчэ — пасек увесь звод мой касамі.
Ну, што із таго? Я за тое ля Мацеявіцаў
уласным штыком закалоў двух важнецкіх шляхціцаў.
Адзін Макраноўскі ішоў перад фронтам з касою
й адсек кананьеру запал із трымаўшай рукою.
Ой! Ляхі вы, ляхі! Айчызна! ўсё гэта я чую,
я, Рыкаў; цар кажа, а я вас, ей богу, шкадую.
Ды што нам да ляхаў? Масква для маскоўцаў уроча,
а Польшча для ляхаў; ды што ж? калі цар патароча!»
Суддзя яму кажа: «Паслухай мяне, Капітане!
Што ты чалавек найчаснейшы, няма сумлявання!
Цябе ж наўкола усе і расхвалююць дужа.
За гэты наш дар не загневайся, добры наш дружа,
пакрыўдзіць цябе не хацелі; а гэты дукаты
пасмелі злажыці, бо ты ж чалавек не багаты».

«Ах, егры! — злаваў капітан,— уся рота скалота
дармо! А усё то Плутова нягоднасць, дурнота!
Ну, ён камандзір, прад царом і адкажа за гэта.
А грошы сабе забірайце, нашто мне манета?
То ж маю я свой капітанскі аклад абыякі,
а хопіць жа мне і на пунчык і люльку табакі.
А вас жа люблю я, бо з вамі пап’ю, пагуляю,
паем сабе й пагаманю і так час праваджаю.
Ну, вас таму й абараню, і, як будзе дазнанне,
дык чэснае слова, што дам я за вас паказанне.
Ну, скажам, што мы прыхадзілі з візытаю, елі,
пілі і скакалі, і крышку сабе ахмялелі.
Плут неяк прыпадкам агню закамандаваў даці,
бітва! і прышлося увесь батальён змарнаваці.
А вы толькі следства падмазуйце звонкай манетай,
то будзе круціцца. Цяпер жа скажу і аб гэтай
бядзе (ўжо казаў таму пану, што доўгую мае
рапіру): Маёр тутка першую скрыпку іграе;
застаўся жывы, а то хітрая штучка, дык можа
загнуць вам такога кручка, што ніхто не паможа;
бумажкаў таму не шкадуйце вы з гэткім задзірай.
Ну, што, пане шляхціц, ты з гэтай даўжэзнай рапірай,
ці быў у Плута, ці усё з ім, як трэба, наладзіў?»

Гярваз азірнуўся і лысіну звольна пагладзіў,
рукою нядбала кіўнуў, бы даваў гэтым знаці,
што скончана ўсё. — Але Рыкаў пачаў налягаці:
«Ну што, ці Плут будзе маўчаць, а ці словам заруча?»
Злы Ключнік, што Рыкаў яго так пытаннямі муча,
паважна свой палец вялікі к зямлі нагінае,
махае рукой, бы пытанняў тых ніць рассякае,
і кажа: «Клятву на Цызорык магу вам злажыці,
не выдасць нас Плут, бо не будзе ні з кім гаварыці!»
Далоні спусціў тут і пальцамі хрумснуў траскуча,
казаў бы, так тайну із рук сваіх вытрас рашуча.
А цёмны той жэст слухачы, зразумеўшы, стаялі
ў здзіўленні й адзін на другога адно спаглядалі;
панура трывала так колькі мінут застаноўка.
Аж Рыкаў сказаў: «Насіў воўк, паняслі жа і воўка!»
«Ну, што ж? requiescat in pace»[4], — дадаў Падкаморы.
«І аман! — закончыў Суддзя,—не памогуць дакоры!
Аб тым я не ведаў, не вінен крыві тэй пралітай».

Чарвяк усарваўся з падушак, сядзеў, як прыбіты,
упёр свае вочы ў Гярваза, як вострыя пікі,
і кажа: «Забіці палоннага грэх то вялікі!
Хрыстос нат і ворагу мсціць забаронюе строга!
Ай, Ключнік! дастанеш ты цяжка за гэта ад бога.
Адзін толькі вынятак ёсць із святога закона:
не собская помста, а толькі pro publico bono»[5].
Гярваз галавой і паднятай рукою ківае,
вачмі толькі лыпае і сказ той усё паўтарае:
«Pro publico bono».

Затым супынілі гаворку зусім аб Маёры.
Назаўтра шукалі яго па гумне, па аборы,
усюды, дармо вызначалі за труп нагароду,
бясследна так згінуў Маёр, бы ўваліўся у воду.
А што запраўды прылучылася, розна казалі,
ды толькі ж ніколі наверна аб тым не празналі.
Дармо раздражнялі пытаннямі Ключніка болькі:
тры словы: « pro publico bono» адказваў толькі.
Хоць Войскі і ведаў ту тайну, за слова узяты,
маўчаў ганарова стары, што, казаў бы, закляты.

Як Рыкаў выходзіў з пакою, зрабіўшы умову,
Чарвяк загадаў тады клікнуць і шляхту баёву,
а к ёй Падкамор прамаўляе уважліва дужа:
«Браточкі! Шчаслівае сёння вось наша аружжа,
ды мушу Вацпанству сказаць без утайкі напраснай,
што вынікі будуць благія з бітвы несвойчаснай.
Памылка! й ніхто з нас не можа сказаць, што не вінны:
Чарвяк, што рухліва занадта пашырыў навіны,
а Ключнік і шляхта не так зразумелі, прызнацца.
З Расеяй вайна йшчэ не будзе так хутка, відацца,
тым часам, хто біўся найболей тут бойка і збройна,
ніяк у Літве заставацца не можа спакойна;
дык гэтакі кожны хіба ўжо у Княства папхнецца,
і так, імяніта: Мацей, што Хрысціцель завецца,
і Брытва, і Конна, й Тадэй хай уносяць галовы
за Нёман, дзе ўсіх іх чакае мундзір лег’яновы.
Мы звалім віну тады ўсеньку на вас, на адсутных,
а з тым на Маёра і так уратуем прысутных.
Хіба не надоўга паедзеце, ёсць бо надзея,
што разам з вясной нам свабоды зара заяснее;
Літва ўцекачамі цяперака вас выпраўляе,
ды, можа, як збаўцаў сваіх пераможных спаткае.
Суддзя прыгатове усенька для вас на дарогу,
а я грашыма, колькі здолею, дам дапамогу».

Уцяміла шляхта, што мудра казаў Падкаморы,
бо ведама: з рускім царом хто хоць раз быў у споры,
то ўжо аніколі із ім не пагодзіцца шчыра
і змушаны будзе ці біцца, ці гніць у Сібіры.
Дык моўчкі яны па сабе толькі сумна зірнулі,
ўздыхнулі й галовамі вольна на згоду кіўнулі.

Паляк, хоць паміжы народамі з гэтага слаўны,
што любіць барджэй ад жыцця ён свой край старадаўны,
гатоў заўсягды яго кінуць, пусціцца край света
і жыць у галечы, ў загоне даўжэнныя лета,
змагацца з людзьмі і з нядоляй, пакуль сярод буры
світае надзея, што краю будуе падмуры.

Зрабілі заяву, што ехаць хоць зараз гатовы;
анно не згаджаецца Бухман, наморшчуе бровы.
Ну, ён, чалавек растаропны, ў бітву не мяшаўся,
ды чуе, што радзяцца: галасаваць паспяшаўся.
Праект гэты добрым знашоў, ды хацеў перайначыць,
развіць яго падрабней і ясней растлумачыць,
перш-наперш на тое легальна камісью назначыць,
яка б эміграцыі мэты разважыла строга,
і спосабы, й сродкі, і іншых абставінаў многа.
На жаль! тады часу на гэта зусім не хапала,
і Бухмана ўчоная рада дармо так прапала.
Збіраецца шляхта ў дарогу, пакуль разаднее.

Суддзя затрымаў у пакоі аднак жа Тадэя.
«Пара ўжо сказаць і Табе,— да ксяндза ён гавора,—
аб чым я і сам жа даведаўся толькі учора,
што нашы Тадэй закаханы і шчыра у Зосі.
Няхай жа цяпер прад ад’ездам рукі яе просіць.
Я сам гаварыў з Таліменай: няма перашкоды;
а й Зося ўжо апекуном не адмовіла згоды.
Як пары мы шлюбам не можам сягоння вянчыці,
то хоць бы і так, пане браце, цяпер заручыці
ўжо перад ад’ездам. Дзяцюк малады падарожны,
сам ведаеш добра, спаткае спакусы там розны;
а ўсё ж, калі вокам зірне на заручны пярсцёнік,
юнак тады ўспомне сабе, што ўжо ён заручоннік,
і зараз гарачка спакусаў у ім астыгае.
Павер мне, пярсцёнік, вялікую сілу ён мае.

Я сам жа, гадкоў таму трыццаць, меў сэрца да Марты,
яна узаемна: любіліся мы не на жарты!
Былі заручыўшыся. Бог, мо за нейку правіну,
не даў пажаніцца: пакінуў мяне сіраціну,
узяўшы да вечнай хвалы маю мілу Вайшчанку,
а добрага друга харошу дачку, Грачашанку.
А мне засталося адно толькі памятка гэта,
пярсцёнічак во залаты, што на пальцы адзеты.
Як толькі у вочы ад персня блісне залатога,
яна прад вачмі, як жывая, і так з ласкі бога
сваей нарачонай застаўся я верны дасюль жа,
цяперака стары ўдавец, хоць не быўшы і мужам,
хоць Войскі другую дачку меў, харошу даволі
й падобную: Марты забыцца не мог я ніколі!»

Гаворачы, чула на персцень Суддзя спазірае,
рукою адвернутай слёзы з ваччу абцірае:
«Дык, браце, — закончыў,— што мысліш? Зрабіць заручыны?
Ён любе, а маю ўжо слова і цёткі й дзяўчыны».

Тадэвуш, падбегшы, душу раскрывае прастачу:
«А чым жа я, міленькі дзядзька, табе адудзячу
за тое, што дбаеш аб шчасці маім пастаянна.
Я быў бы з людзей найшчаслівейшы, так нечакана,
каб Зося сягоння была заручона са мною,
каб ведаў, што ў будучым будзе і жонкай маёю.
А толькі скажу вам адкрыта: цяпер заручыны
адбыцца не могуць, бо ёсцека розны прычыны...
Балей не пытайся... Як Зося ласкава чакаці,
мо' хутка я лепшым пры ей апынуся у хаці,
мо’ сталасцю і на яе узаемнасць зароблю,
мо’ крышачку славай імя я сваё прыаздоблю,
мо’ вернемся хутка ў радзімую мілу старонку,
тады, мілы дзядзька, успомню пра будучу жонку,
тады на каленках і Зосю сваю прывітаю,
калі ж будзе вольная, то і рукі запытаю.
Цяпер жа я мушу надоўга з Літвою расстацца,
мо’ Зосі тым часам патрапе другі спадабацца:
вязаць яе волі не буду; прасіць узаемнасць
зусім незаслужана, гэта была бы нікчэмнасць».

Калі з пачуццём гаварыў так юнак счамярэлы,
бліснулі ў яго, моў бы дзве велічэзныя пэрлы,
на зрэнках блакітных дзве слёзы гаручы, буйныя
й скаціліся шыбка праз шчокі румяна-жывыя.

А Зося, цікавая вельмі, з глыбокай альковы
лавіла праз шчэліну тайнае гутаркі словы;
Тадэй як каханне сваё там папросту і смела
расказваў, чула, і сэрца ў яе задрыжэла,
і бачыла ў зрэнках ягоныя слёзы буйныя.
Не ўсе ж разумела тэй гутаркі словы дзіўныя:
чаму так яе палюбіў? а чаму пакідае?
дзе едзе? ад’езд нечаканы яе засмучае.
Вялікую новасць пачула із вусн маладзёна
ў жыцці першы раз, што любіла, й сама — улюбёна.
Пабегла туды, дзе маленькі быў хатні алтарык,
і выняла стуль абразочак і рэліквіярык[6],
на гэтай малой маляванцы свята Генавэфа,
а ў тэй жа рэліквіі сукня святога Юзэфа,
заручанай моладзі добрага бацькі, патрона.
З такімі дарамі ўваходзе ў пакой засмучона.

«Так хутка, панок, ад’язджаеце. Я на дарогу
дам Пану малы абразочак, а з тым перасцярогу:
хай Пан заўсягды із сабою рэліквіі носіць
і гэты абразік і хай не запомне аб Зосі.
Сам бог у здароўі і шчасцейку Пана хай водзе
і як найхутчэй ды шчасліва да нас тут прыводзе».
Замоўкла й спусціла галоўку. Ледзь вочы блакітны
стуліла, пасыпалісь слёзы, як росы ракітны,
І Зося маўчала, раняючы слёзаў брылянты
на шчок сваіх свежыя розы і губ амаранты.
Тадэвуш, узяўшы астаткі з іконкай маленькай,
і апора: «Ах, Пані! Пара развітацца з Паненкай;
Здаровая будзь! аба мне не запомні! часамі
і пацеры... Зося!..» Сказаць больш не можа славамі.

Тут Граф з Таліменаю, вышаўшы неспадзявана,
на сэрцаў тых двух маладых уважаў развітанне,
узрушыўся й кажа, звярнуўшы паглёд к Талімене:
«Ах, колькі то ёсць хараства, хоць бы ў простай во сцэне,
калі так пастырку прыгожу з ваякам панурым
разлучуе лёс, як ту лодку із лайбай у буры.
Нішто гэтак палка у сэрцы чуцця не распале,
як то, калі нештачка сэрца ад сэрца аддале.
Бо час — гэта вецер: маленькую свечачку здмухне,
вялікі ж пажар, ён ад ветру мацней яшчэ бухне.
І сэрца маё, наймацней яно любе здалёку.
Ну, Пане Тадэй! За спаборніка меў вас на воку.
Адна то з прычынаў і сумнай завады, знявагі.
Памылка! бо ты прыкукобіўся, бачу, к пастырцы,
а я тэй харошай вун Німфе аддаў сваё сэрца.
Няхай у варожай крыві расплывецца та звада,
а нам жа забойчым жалезам пароцца не нада;
няхай жа іначай развяжацца спор наш залётны:
пабачым, каторы ў каханні з нас болей ахвотны.
Пакінуўшы сэрцаў сваіх дарагія прадметы,
абодва хадзема на пікі, мячы і штылеты;
спаборымся сталасцю міжы сабой і тугою,
а ворагаў нашых дасцігуйма мужнай рукою».
Сказаў і глядзіць на Тальмену, а пані Тальмена
на гэта ні слова, яна бо здзіўлёна страшэнна.

«Мой Графе,— Суддзя перабіў,— а чаго так канечне
табе выязджаць? Э, сядзі у маёнтках бяспечне.
Ну, бедную шляхту то могуць хвастаць і абдзерці,
а Граф — застанецца цалюсенькі, смела паверце.
Пам Граф жа багаты, дык справа такога тут роду,
адкупішся з турмаў, і лёгка, паловай даходу».

«Нязгодна,— адказуе Граф, — то з маею натурай!
Не змог быць каханкам, дык буду геройскай фігурай;
ў любоўных згрызотах на ўцеху я славу паклічу,
як сэрцам убогі, праслаўлю руку ваяўнічу».
Тальмена пытала: «Якая ж то шкодзе прычына
любіць, быць шчаслівым?!» — «Такая мая ўжо судзьбіна, —
Граф кажа, — прачуцце бо цёмнае рукам патайным
ірве у старонкі чужыя, к дзялам надзвычайным.
Прызнаюся, сёння я славіць хацеў Талімену
і дзеля яе запаліці агні ўжо Гімену[7],
ды гэты ж юнак даў прыклад так харошы й пахвальны,
вянец дабравольна зрываючы свой заручальны,
йдучы прабаваць свайго сэрца у розных прашкодах
адменнага лёсу, ў крывавых ваенных прыгодах.
Сягоння і мне адкрываецца нова эпоха!
Грымела ў аружжы маім бо та Бірбантэ-рокка:
каб гэтае рэха шырока па Польшчы лунала!»
Закончыў і ўдарыў па ручцы ад шпагі удала.
«Ну, што ж,— барнадын адказаў,— трудна ганіць ахвоту;
як едзеш, вазьмі толькі грошай, а выставіш роту;
Ўладзімер Патоцкі здзівіў і французаў шчадротай,
аддаўшы на скарб міліён; тож сваёю ахвотай
і князь Дамінік Радзівіл два палкі там паставіў
адборнае конніцы, хоць і маёнткі заставіў.
Дык едзь з грашыма, бо у Княстве то рук да палаша
хапае, ды грошай замала; бывай ужо, Ваша!»

Тальмена на Графа тут сумны паглёды кідае
і кажа: «На жаль, анічога цябе не стрымае!
О, віцязю мой! Калі ўступіш у рыцарскі шранкі[8],
звярні тады чулы паглёд і на колер каханкі!
(Тут, стужку ад сукні сабе адарваўшы, зрабіла
какарду і Графу на грудзі яе прышпіліла.)
Няхай гэты колер вядзе на гарматы вагністы,
на пікі бліскучыя і на дажджы на сярчысты,
калі ж прад Табою палягуць усе мінатаўры,
калі прыхарошаць ужо несмяротныя ляўры
шышак твой крывавы й шалом перамогаю гарды:
й тады яшчэ вока звярні ты да гэтай какарды,
успомні руку, прышпіліўшую колер ваенны!»
Руку падала тут,— Пан Графіч прыпаў на калены,
цалуе; тут хустку Тальмена прыткнула да вока,
а вокам другім спаглядае на Графа звысока,
што быў дужа моцна праняты такімі славамі.
Яна уздыхала і ціскала толькі плячамі.
Аж кажа Суддзя: «Пане Графе, спяшайся, бо позна».
Чарвяк жа: «Ну, гэтага годзе! — загадуе грозна,—
спяшайся ўжо, Ваша». Загад тую сцэнку спыняе,
раздзелюе чулую пару, з ізбы выганяе.

Тым часам Тадэй абнімаў да са слёзамі стрыя
і пацалаваў барнадыну у рукі старыя.
Чарвяк, да грудзей сваіх хлопца прыціснуўшы скроні
і на галаву яму накрыж злажыўшы далоні,
да неба зірнуў і прамовіў: «Сыночку, ну – з богам!»
Заплакаў... Тадэвуш тым часам ужо за парогам.
«А як то? — пытае Суддзя,— ну, няўжо, брат, не скажаш
цяпер, прад ад’ездам? І тайны чаму не развяжаш
між намі траймі хоць?»— Ксёндз кажа: «А нават між намі,
(і, плачучы доўга, свой твар закрываў ён рукамі).
Нашто бо ён, бедны, і ведаці меў бы аб гэтым,
што бацька, як злодзей, разбойнік, схаваўся прад светам?
Хацеў бы! ды богу ахвяру я з гэтай пацехі
зраблю за старыя грахі і за сына паспехі».

«Ну ,— кажа Суддзя,— час падумаць а ўласнай асобе.
Разваж, чалавек жа у веку тваім, у хваробе
і з іншымі разам не здолеў бы эмігравацца;
казаў ты, што маеш дамочак, дзе перахавацца;
кажы тады, дзе? Паспяшайма, ўжо коні гатовы.
А можа, найлепей у пушчы, у дом лесніковы?»

Чарвяк, галавою ківаючы, кажа: «Шчэ рана,
да заўтра йшчэ час. А тым часам пашлі па клябана,
каб як найхутчэй тут прыбыў бы з святымі дарамі;
няхай усе выйдуць; застаньцеся з Ключнікам самі.
А дзверы запрыце!»

Суддзя выпаўняе прыказы
ксяндза і сядае на ложку пры ім; а Гярвазы
стаіць, на мяча галаўні адзін локаць трымае;
чало прыпахілена на далані апірае.

Ксёндз, перш чым пачаць гаварыць, у Гярвазавы вочы
упёр свой паглёд, бытта быў гаварыць неахвочы.
І як той хірург дакранаецца перш мягкай рукою
да хворага цела, чым возьмецца рэзаць чаргою,
Чарвяк так вачэй сваіх быстрых паглёд алагодзіў
і доўга па твары Гярвазага імі йшчэ водзіў,
а ўрэшце, бы хочачы трапіць наслепа ударам,
скрыў вочы рукою і вымавіў голасна, з жарам:

«Я — Яцка Сашліце...»

Гярвазы на гэтака слова
збялеў, пахіліўся наперад і цела паловай
нагнуты, звісаў на аднэй так назе, бы злапаны,
як камень, з гары летуны, на пуці затрыманы.
І вытрашчыў вочы, і губы шырока расшырыў,
і грозна зубамі бліснуў, і вусы натапырыў;
рапіру упушчану з рук пры зямлі ён трымае
каленамі, правай рукой галаўню абнімае
і цісне; даўгое хвасцішча рапіры тырчэла
ад тылу й хісталася ў розны бакі адзічэла.
Сам Ключнік падобны да ранена рыся, што скочыць
маніцца во з дрэва аблаўніку проста у вочы,
бурчыць і клубком выдымаецца, зрэнкі крывава
іскрыць, вус чапура і трэпе хвасцішчам рухава.

«А, Пане Рубайла, — ксёндз кажа, — мяне не трывожа
людскі цяпер гнеў, бо ужо пад рукою я божай.
Цябе ж заклінаю я ў імя таго, што свет збавіў,
каторы забойцам сваім на крыжы благаславіў
і выслухаў просьбу разбойніка, каб ты цярпліва
паслухаў таго, што хачу расказаць справядліва.
Я сам жа прызнаўся; хачу для палёгкі сумлення
дастаць ад цябе, а прынамсі прасіць прабачэння.
Паслухай жа споведзі; после, што хочаш, са мною
то й зробіш». І тутка злажыў ён руку із рукою,
да пацераў моў бы. Гярваз адступіў, кулакамі
у лоб удараў сабе толькі і ціскаў плячамі.

А ксёндз распачаў гаварыць пра сваё сябраванне
старое з Гарэшкай, з ягонай дачкою каханне
і з гэтага поваду з Стольнікам злую нязгоду.
Казаў жа няскладна, падмешываў рознага роду
жальбы, нараканні, а часта зусім прыпыняўся,
бы скончыўшы, после ізноў жа прадоўжыць стараўся.
А Ключнік, што ведаў гістор’ю Гарэшкаў дакладна,
усю тую повесць, хоць зблутану гэтак бязладна,
дапоўніць умеў, выклікаючы ўсенка на памяць.
Суддзя толькі многа з тых рэчаў не мог сабе ўцяміць.
Ды слухалі ўважна абодва, схіліўшы галовы;
што раз, то вальнейшы рабіліся Яцкавы словы
і часта зрываліся.


  • *


«Успомні, Гярвазы, як часта я быў запрашаны
к бяседам да Стольніка й тамака віватаваны;
крычаў ён не раз, падымаючы кверху шкляніцу,
што лепшага друга не мае за Янку Сапліцу;
а як абнімаў мяне! Кожны, хто чуў яго словы,
казаў бы, што Стольнік са мной падзяліцца гатовы
душою. Прыяцель?! Ох, ведаў ён, ведаў і добра,
што ў дубках маіх, у душы...


  • *


Тым часам аб гэтым шаптала ужо вакаліца,
не гэты, то гэны казаў мне: «Эй, Пане Сапліца!
Дармо там стараешся, браце! вяльможны парогі
залішне высокі на Яцка падчашыца ногі».
А я прыпыняўся вясёлым, смяяўся з магнатаў
і з іхных дачок, што не дбаю пра арыстакратаў;
калі ж і бываю, адно праз сяброўства прычыну,
за жонку ж вазьму толькі роўну з сабою дзяўчыну.
Аднак да жыўца мне ўсе гэтыя жарты калолі:
быў молад, адважны, мне свет быў адкрыты да волі
у краі, дзе ведама добра, што шляхціц раджоны
раўня із вяльможамі, ёсць кандыдат да кароны!
Калісьці ж Танчынскі жадаў з каралеўскага дому
дачкі, і кароль не адмовіў жаданню такому.
Сапліцаў хвала ад Танчынскіх не менш знамяніта
крывёю, гярбом, вернай службай для Рэчпаспалітай!


  • *


Ах, шчасце другім сапсаваці уміг чалавеку
так лёгка, паправіць — не хопе і цэлага веку!
Адно толькі Стольніка слова, і гэтак былі б мы
шчаслівы! Хто ведае, мо’ і дагэтуль жылі б мы;
бо, можа, і ён пры сваім пры любімым дзіцяці,
пры Эве прыгожай сваёй, пры ўдзячным пры зяці
спакойна старэў бы і быў бы ўнукоў калыхаўшы
малых! А цяперака што? Ах, каб гэта ён знаўшы!
Згубіў нас абое... І сам... і забойства... й наступкі
забойства усе, і усе мае беды й праступкі.
Ну я, як забойца, і жаліцца права не маю;
хоць шчыра з усенькага сэрца яму прабачаю,
аднак жа ж і ён…


  • *


Няхай бы ў канцы мне адкрыта ўжо раз адказаў бы,
бо нашыя знаў пачуцці; а няхай не прымаў бы
адведзін маіх; то хто ведае? мо’ б, зазлаваны
і гнеўны ад’ехаў бы, і час загаіў бы мне раны.
Ды ён жа з гарчы па-новаму дай ухітрыцца:
казаў бы, яму ў галаву не магло нат прыбіцца,
каб я мог старацца з ягонай дачкой ажаніцца!
А быў я патрэбны яму йшчэ, бо меў паважанне
у шляхты, любілі мяне вакалічны дваране.
Дык ён, у каханні маім бы й зусім не спазнаўся,
прымаў па-старому мяне, нават сам дамагаўся,
каб я прыязджаў бы часцей; а як толькі мы самі
былі, тады бачачы вочы заплыўшы слязамі,
прапоўнены грудзі ўжо выбухнуць зараз гатовы,
ён, хітры стары, закідаў сабетацкія словы
аб сейміках, мовах, працэсах...


  • *


Не раз пры кілішках, калі ў пачуццёх расплываўся,
мяне абымаў і ў дружбе ка мне завяраўся,
каб крэску ці шаблю маю пры сабе захаваці,
а я узаемна прымушаны быў абымаці
яго, тады злосць да такая мяне забірала,
што зразу рука ўжо за шаблю пры боку хапала,
і брала ахвота пляваць на тэй дружбы абрыду.
Ды Эва, са ўзроку майго і усенькага віду,
дагадвалась, што у мяне да за ліха сядзела,
ўзіралася з просьбай, усенька на твары бляднела.
А гэтак галубка прыгожа яна і лагодна!
узрокам такая прыхільна, такая пагодна!
анельская! што ўжо не меў я ніякай адвагі
яе затрывожыць і гэтак маўчаў на знявагі,
І я, на Літве усей ведам, шалавіла заўзяты,
прад кім і вялікшыя нават дрыжэлі магнаты,
што дня не пражыў без бітвы, што не даўся бы ў гневе
не толькі што Стольніку скрыўдзіць, а нат каралеві[9],
якога у шал увадзіла найменшая спрэчка,
то я тады, злы і п’яны, а маўчаў, як авечка!
Казаў бы, Sanctissimum бачыў!


  • *


І колькі ж разоў я хацеў яму сэрца адкрыці,
а нават гатоў быў пакорнаю просьбай маліці,
Ў вачох яго бачачы толькі ж паглёд так халодны,
як лёд, я саромеўся сам за жаданні бясплодны!
Спяшаўся ізноў як мага найзімней распраўляці
аб справах, аб сойміках, нават із ім жартаваці!
Усё гэта, праўда, із пыхі, ўсё, каб не зневажацца
прад панам-вяльможай, з Сапліцаў імём не ўніжацца
напраснаю просьбаю, каб не дастаці адмовы.
Якія ж былі б тады міжы шляхтай размовы,
каб ведалі тое, што Янка Сапліца...



Гарэшкі Сапліцы ў дзяўчыне сваёй адказалі,
што Яцку яны чорнай поліўкай пачаставалі!
Ў канцы ўжо і сам я не ведаў, а як сабе радзіць;
надумаў са шляхты малы сабе полк нат зграмадзіць,
пакінуў назаўсягды сваю родну старонку,
ісці у Масковію ці на татар уздагонку,
вайну распачаць. З развітаннем да Стольніка еду
ў надзеі, што быў яму верным сябром не без следу,
(пра шчырасць маю і адданасць ён добра жа ведаў!)
Як, думаю, ўбача таго, з кім праз доўгія лета
ён піў, ваяваў, выязджаючы недзе край света,
цяперака — можа й старога душа ўскалыхнецца
й пакажа аднак жа хоць крышку людскога мне сэрца,
як рожкі той смоўжык!
О, хто хоць іскру пачуцця для прыяцеля мае
на дне свайго сэрца, то, лёс калі іх разлучае,
дабудзецца гэтая іскрачка пры развітанні,
казаў бы, апошні агеньчык жыцця пры скананні!
І раз той апошні крануўшыся друга далонняў,
слязу найзімнейшае вока, бывае, уроне!


  • *


Пачуўшы пра мой жа ад’езд, пабялеўшы стаяла
яна без прытомнасці, мала што трупам не пала,
ні слова прамовіць, ні слёзаў стрымаць сваіх сілы
не мела — пазнаў тады, як для яе я быў мілы!


  • *


Ах, помню, ў жыцці першы раз я слязамі заліўся,
ад радасці й гора-адчаю, шалеў, пазабыўся,
хацеў ужо пасці прад бацькам яе на калены,
ўючыся, бы вуж той, прасіці: не муч так страшэнна,
за сына вазьмі ці забі! Аж тут ён, як ніколі
пануры, хоць ветлы, як бы стоўп які солі,
гаворку пачаў, і аб чым? аб вяселлі ўжо Эвы?
у гэткай хвіліне! Ах, Ключнік! то ж сэрца не з дрэва
ты маеш! паймі!
...кажа Стольнік: «А, Пане Сапліца,
парай, з кашталяніча сватам мне як абхадзіцца:
якраз во прыехаў. Ты ж друг мой, прыяцель, дык, можа,
што скажаш на гэта. Ну, Эва багата, прыгожа:
а віцебскі то ж Кашталян! То не жарт! у сенаце
займае ён крэсла! Ну што мне параіш ты, браце?
Хіба што нічога яму не сказаў я на здзекі
такія — скікнуў на каня і патоў наўцекі!»


  • *


«Ой, Яцка! — Гярвазы гавора, — ты мудры прычыны
знаходзіш; аднак не змяншаюць тваёй яны віны!
А ведама гэта, не раз бо на свеце бывала,
каму каралеўска дзіця ці вяльможы прыпала
да сэрца, той гвалтам стараўся здабыць, выкрадаці,
адкрыта імсціць — але хітра вось так забіваці
паляка у Польшчы, з маскоўкамі ў змове, знянацца!»
«Не быў я у змове! — із жалем адказуе Яцка,—
А гвалтам схапіць? хіба змог бы; з-за крат і з-за клямак
яе адабраў бы, разбіў бы у пух яго замак!
То ж меў за сабою Дабрын і чатыры засценкі.
Ах, каб жа яна да была бы, як нашы паненкі,
здаровая, сільная! каб не збаялася дужа
уцечкі, здагонкі і лязгату ў боі аружжа!
Ды бедная! Так жа яе то бацькі распясцілі,
страхлівая, слабая! быў чарвячок то матыллі
вясенні, так кволы! І гэтаку гвалтам схапіці,
аружнай рукой дакрануцца — раўно што забіці.
Не мог я, ніколі!

Адкрыта ж імсціць, разнясці яго двор, як пярыну —
то сорам! Сказалі б, што Яцка імсціў за дзяўчыну!
Гярваз, тваё простае сэрца паняць не умее,
ў абражанай гордасці пекла якое шалее!

Чорт гордасці лепшыя планы пачаў тады раіць:
памсціцца крывава, прычыну ж тэй помсты затаіць,
у замку балей не бываць, а кахання пазбыцца,
нат вырваць аб Эве ўспаміны, з другой ажаніцца,
а после, ўжо после знайсці там якую зачэпку,
памсціцца.

І зразу здавалася мне, што ўжо сэрцам змяніўся,
і рады быў выдумцы тэй, а тады — ажаніўся
я з першай спатканай дзяўчынай, шляхцянкай убогай.
Ды, блага зрабіўшы, быў пакараны—-як строга!
А беднае маці Тадэя, прызнаюся гэта,
зусім не любіў, хоць пасцівая вельмі кабета,
ды ў сецях старога кахання і ў злосці я рваўся
і быў, як шалёны; дармо сябе змусіць стараўся
заняцца сваёй гаспадаркай або інтарэсам;
напрасна усенечка! Помсты апутаны бесам,
агрызлівы, злы, я на свеце пацехі ніводнай
не мог адшукаць, пападаў у грахі так чародна.
Пачаў тады піць.

І так незадоўга і жонка ад жалю памерла,
дзіця засталося, а гора мяне усё жорла!


  • *


А моцна ж я мусіў кахаць ту любіму кабету...
Гадоў колькі! і дзе я не быў! а дагэтуль
запомніць не мог: яе мілая постаць ціхая
ўстае праца мной і цяперака, як бы жывая!
Хоць піў, але памяць заліць жа не мог на хвіліну,
пазбыцца не мог, хоць прабег не адну я краіну!
Й цяпер у манаскім габіце і з божае волі
слабы, у крыві — а аб ей гавару я найболей!
У гэткай хвіліне пра гэта?.. Хай бог выбачае!
Ды мусіце бачыць, у жалі якім і адчаі
зрабіў то...


  • *


Якраз гэта хутка было па яе заручынах.
Усе гаманілі адно аб яе заручынах;
казалі, што Эва, як брала пярсцёнік-абручку
із рук ваяводы, самлела, упала ў гаручку,
што мае пачаткі сухотаў, няўпынна рыдае;
і згадвалі: пэўне, што некага тайна кахае.
А Стольнік жа, як заўсягды, быў вясёлы, спакойны,
з сябрамі у замку бяседы устроіваў гойны.
Мяне ж не прасіў — бо нашто ж яму то і патрэбна?
Бязладдзе у хаце, бяда і прывычка ганебна
мяне падалі на пагарду і смех перад светам!
Мяне, што калісьці усенечкім трос я паветам,
каго Радзівіл называў: мой каханку, Яцэнку!
мяне, што калі выязджаў із свайго я засценку,
вялікша за княжу дружына са мною ляцела,
як шаблю дастаў, колькі тысячаў шабляў блішчэла,
наводзячы страх і на панскія замкі ў павеце!
А после смяялісь з мяне нат сялянскія дзеці:
ў вачох бо людскіх я зрабіўся так раптам нікчэмны!
Я, Яцка Сапліца!—Хто голас пыхі патаемны...»
І тут барнадын, аслабеўшы, зваліўся на ложа;
а Ключнік усклікнуў: «Вялікі суды твае, божа!
І праўда то! праўда! Так ты гэта, ты гэта Яцка
Сапліца? і пад каптуром? і ты жыў так жабрацка!
А помню цябе, калі шляхціц чырвоны, прыгожы,
здаровы, калі дагаджалі табе нат вяльможы,
калі за табою шалелі кабеты... Вусалю!
Не так то й даўно, а ты так пастарэўшы ад жалю!
І як жа цябе не пазнаў я па гэным то стрэле?
То ж іншы ніхто ў ведзмядзя гэтак мэтна не ўцэле!
Стральца над цябе бо не мела Літва уся наша;
а першым ты тож па Мацеі старым да палаша!
Пяялі калісь аб табе ж то шляхцянкі-паненкі:
«Ўжо Яцка пакручуе вусы, трасуцца засценкі,
каму ж на вусе на сваім ён вузельчык завяжа,
то той задрыжыць, хоць бы сам Радзівіл гэта княжа».
Ах так! завязаў ты вузельчык і Стольніку пану,
няшчасны! І ты гэта? ты — і да гэтага стану?
Каб Яцка Вусаль квастаром?! О, суды, твае, божа!
Ад кары ж цябе ўратаваць нават гэта не зможа,
бо я прысягнуў, што Гарэшкі крыві не дарую...»
Ксёндз, сеўшы на ложку, прадоўжыў ано весць страшную:
«Кружыў я ля замку, ад болю зусім, як шалёны.
А бесаў у сэрцы і ў думках рады незлічоны.
То ж Стольнік дачку забівае! мяне ўжо аграбіў
із шчасця! — Пад’ехаў я к браме: ну, чорт туды звабіў!
Пабач, вун штодзённа у замку піятыка, гулі,
святло, ну, а музыкі гэткай даўно і не чулі!
І на галаву яго лысу не зваліцца замак?
Падумай аб помсце, то чорт табе зразу напрамак
пакажа і спосаб: той момант маскоўцы напалі
на замак. Ты ведаеш, як маскалі штурмавалі.


  • *


Брахня бо, што я з маскалямі меў змову, рахункі.


  • *


Глядзеў. Ў галаве ж маёй розны круціліся думкі.
Спачатку глядзеў, як дурное дзіця на парады,
пажары — з усмешкай; пасля ж, як разбойнік, быў рады,
чакаючы, хутка пачне ўсё гарэць і валіцца;
часамі прыходзіла думка: а што, як Сапліца
ўратуе дзяўчыну, нат бацьку.


  • *


І вы бараніліся — ведаеш — спраўна, хоць самі,
і трупамі слалі маскоўцаў наўкола пры браме.
Нягоднікі, блага стралялі. Тут мною варожа
зноў злосць страсянула.— А, Стольнік ізноў пераможа!
І гэтак усенька на свеце яму удаецца,
і з гэтай страшэннай напасці адно пасмяецца?!
І я ад’язджаў.— А было ужо раніцай гэта.
Аж бачу, пазнаў. Ён выходзе на ганак адзеты,
брылянтавай шпількай мігучай на сонцы матае,
пакручуе вусы і гордым паглёдам кідае;
й здавалася мне, што найгорай з мяне наругаўся,
пазнаўшы, й паднятай рукою ка мне адгражаўся.
У момант рука карабін маскалю адбірае,
ледзь толькі злажыўся, здаецца, не мерыў — страляе!
Ну, ведаеш!
Пракляты аружны агонь! Хто мячом забівае,
той мусе складацца, затым адбівае, махае,
і ворага можа раззброіць і сам устрымацца;
аружжа вагністае ж, тут... за замок толькі ўзяцца,
хвілінка, адна толькі іскрачка...


  • *


А ці ж уцякаў я, калі у мяне ты злажыўся?
Вачмі я у дулы тваёй дубальтоўкі упіўся,
адчаем і жалем к зямлі як прыбіты, знямелы!
Чаму тады, Ключнік, ты хібіў мяне сваім стрэлам?
А ласку зрабіў бы! Відаць, на пакуту, скаранне
за грэх трэ’ было...»
Тут ізноў не хапіла дыхання.
«На жаль,— кажа Ключнік,— хоць шчыра стараўся з прыцэлам.
Бо колькі ж праліў ты крыві тым адным сваім стрэлам,
з таго ж і на нас і на вас розных бедаў навала,
а ўсё праз тваю то віну столькі злыдняў напала!
Аднак, калі сёння стральцы пана Графа ўжо мелі
на мэце, з Гарэшкаў апошняга, хоць па кудзелі,
то ты засланіў, а маскаль і мяне палажыўшы
ўжо быў бы таксама, каб ног ты маіх не падбіўшы.
Як праўда, што ты у духоўным цяперака стане,
то пэўне манаха Цызорык ужо не дастане.
Бывайце! больш вашага не праступлю ўжо парогу.
Так з намі ўсё квіта — судзіць жа пакіньма ўжо богу».

Тут Яцка руку працягнуў — адхіліўся Гярвазы,
гаворачы: «Не, не магу без шляхецтва абразы
рукі дакрануцца, што гэткім забойствам сплямёна
з прыватнае помсты адно, не «pro publico bono»!»

А Яцка з падушкаў на ложа апаў аслабелы,
звярнуўся к Суддзі, станавіўся ўсё болей збялелы,
пытаў неспакойна ужо пра ксяндза пра клябана
і Ключніка клікаў: «Прашу, заклікаю Васпана,
застанься; ўжо зараз я скончу, ледзь хопе мне мочы
закончыць — паслухай — Гярвазы — памру ужо ўночы!»

«Што, браце? — ускрыкнуў Суддзя, — невялікая ж рана,
я бачыў. Ну, што ты гаворыш? Няўжо па клябана?
А мо перавязана блага — па доктара, рац’я!
ў аптэчцы...» А той перабіў: «Не, пара ужо, браце!
І меў я даўнейшы пастрэл, атрыманы пад Іенай,
нядобра загоены, зноў тут задзёрла — гангрэна,
па ранах я знаюся: кроў во так чорна, як сажа.
І што тут мне доктар? Ды гэта ж і мала ўжо важа!
Бо раз паміраем: сягоння ці заўтра аддаці
душу… А даруеш мне, Ключнік, я мушу канчаці!


  • *


Лічыў я заслугай і то: бараніць сваёй чэсці,
хоць цэлы народ цябе здраднікам крыўдна абвесце!
Тым болей, хто гордасць, як я, так вялікую мае.


  • *


Ймя здрадніка гэтак прыліпла, чума бы якая.
Усе абываталі твар ад мяне адвярталі,
старыя прыяцелі ўсе ад мяне уцякалі;
а хто быў палохліў, здалёку вітаў, стараніўся,
а нават мужык, нават жыд, то хаця й пакланіўся,
ды з боку мяне прабіваў наругаюча ўсмехам.
То «здраднік» гучэла ў вушох, адбівалася рэхам
у хаце, у полі. То слова ад рання да змроку
вілось прада мною, як пляма у хворага воку.
Не быў жа я здраднікам.
Масква за старонніка гвалтам мяне уважала,
Сапліцаў маёнткамі Стольніка нат надзяляла,
хацела й мяне абдарыць Таргавіца пасадам[10].
О, каб захацеў я тады йсці з маскоўскім урадам!
А чорт так і раіў — ўжо быў бы мажны і багаты;
зрабіўся бы маскалём — найпярвейшы магнаты
шукалі бы ласкі, а нават і шляхта, пан-браты,
усенькая шэрань, што лёгка сваіх зневажае,
а тым, што удачліва служаць Маскве, прабачае!
А нашыя рэспубліканцы галоў не уніжаць,
калі прад сваім, а чужому і боты абліжаць.
Я бачыў усенька, аднак жа не мог...




Уцёк нават з краю!
І дзе не бываў! і чаго не цярпеў!


  • *


Аж бог аб’явіў мне лякарства адзінае, з неба:
то найперш самому зусім мне паправіцца трэба
й што можна паправіць…


  • *


А Эва, павезена недзе ў Сібір з сваім мужам,
вайводай, далёка, памерла там молада дужа;
пакінула тутака ў краі дачку, гэту Зосю,
маленькай. Казаў гадаваць.


  • *


Барджэй, як з кахання, то, можа, з шалёнае пыхі
забіў я: пакора таму, і пашоў таму ў мніхі.
І я, што калісьці быў горды, што быў юнаком,
спусціў галаву, ўжо квастар, сябе зваў Чарвяком,
што роўна із тым чарвяком у зямлі...

Нядобры прыклад для Айчызны: прынаду да здрады
стараўся затым адкупіці праз добры прыклады,
крывёю і самапасвячаннем...

Дзе біўся за край? замаўчу. Не для земскай заплаты
хадзіў я і сколькі разоў на мячы, на гарматы.
Мілей спамінаю ж сабе не ваенныя бітвы,
а справы з пажыткам, ціхія, моў тыя малітвы,
таксама страданні, якіх аніхто...

Не раз удавалася мне аж у край прабірацца,
загады важоў прынасіць і вясцей назбірацца,
умовы рабіць.— Добра ведаюць і галічане
каптур мой манаскі — не горай жа й велькапаляне!
А год працаваў я у крэпасці прускай пры тачках;
ад палкаў маскоўскіх спіна — тры разы у балячках,
вялі ужо раз на Сібір; аўстрыякі таксама
ў Шпільбергу мяне закапалі да працы у ямах,
у катаргу— але вось бог захацеў ратаваці
адтуль і дазволіў мне так між сваймі паміраці,
вось тут з сакрамэнтамі.

А можа, і тым саграшыў (няхай будзе прызнанне),
што не па загаду важоў я прыспешыў паўстанне!
Та думка, што дом наш Сапліцаў, на бой найскарэйшы,
паўстанчу Пагоню заткне у Літве найпярвейшы!..
Та думка... здавалася, чыстая...
Ты помсты жадаў? То і маеш! як богам насланы
на кару, сваім ты мячом разрубаў мае планы.
Так доўга снаваная змова так марна прапала!
Вялікую мэту, што ўсенька жыццё мне займала,
апошню зямную прывязанасць, што у сакрэце
кукобіў, як бы наймілейшу дзяціну на свеце,
забіў ты на бацькі вачох, але я ўжо прабачыў!
Ты!..»
«Каб бог табе толькі таксама прабачыці рачыў! —
Гярваз перабіў,— калі маеш прыняці віятык,
ксёндз Яцка, то я ж ані Лютар, ні нейкі сызматык!
Бо хто так слабога прад смерцю засмуце, то грэша.
А нешта скажу, што цябе і напэўне усцеша:
як пан мой нябожчык ад стрэлу ўжо з ранай зваліўся,
а я, на каленкі прыпаўшы, над ім пахіліўся
і кляўся памсціцца, мачаючы меч свой у ране,
то пан галавой страсануў і руку сваю к браме,
ў твой бок, працягнуўшы, крыжа у паветры назначыў:
не мог гаварыць, а даў знак, што прабачыў.
І я зразумеў, але так ашалелы ад болю
і гневу, аб гэтым крыжы не успомніў ніколі».

Гаворку прарвалі тут хворага мукі, страданне,
а з тым наступіла даўгая гадзіна маўчання.
Чакаюць клябана.— Аж во загрымелі падковы,
засопшыся, ў дзверы застукаў рандар Сапліцовы:
з лістом дужа важным, адно толькі Яцку пакажа.
А Яцка даў брату, чытаць тое голасна кажа.
Пісьмо то ад Фішара, што у тым часе быў шэфам
пры штабе у арміі польскай пад князем Юзэфам.
Даносе, што ў імператарскім у патайным кабінеце
прынята вайна; Напальён па усенечкім свеце
яе абвяшчае; сойм вальны у Варшаве сазваны
й канфедэраваныя там мазавецкія станы
ўрачыста абвесцяць затым прылучэнне ўсей Літвы.

А. Яцка, то слухаўшы, ціха адмовіў малітвы,
прыціснуў мацней да грудзей пасвячону грамніцу,
на неба падняў прызатлеўшу надзеяй зраніцу
і, слёзамі шчасця зрасіўшы смяротнае ложа,
прамовіў: «Пусці ўжо спакойна слугу твайго, божа!»
Прыпалі усе на калені; і тут за парогам
азваўся званок: то прыехаў клябан з панам богам.

Схадзіла ўжо ноч. Чырванела на ўсходняй старонцы.
Лятуць ужо першыя з неба касулечкі сонца;
ўляцелі праз шыбіны, як брылянтовыя стрэлы,
адбіліся ад галавы Чарвяка скамянелай
і золатам прыхарашылі аблічча і скроні
яму, што блішчэў, як святы у вагністай кароне.

Зноскі

[правіць]
  1. Ніоба — паводле грэцкіх мігаў і «Іліяды»—абразіла Латону, матку Апалона і Дыяны, залішне пахваляючыся сваімі дзецьмі, за што Апалон і Дыяна забілі дзяцей, а Зявес самую Ніобу абвярнуў у камень на гары Сыпілёс (Б. Т.).
  2. Матавільна — прылада, з якой размахваюцца маткі нітак (Б. Т.).
  3. Мусіць, Прусіш-Эйлаў (А. М.).
  4. Requiescat in pace— няхай адпачывае ў супакоі (Б. Т.).
  5. Pro publico bono — дзеля грамадскага дабра (Б. Т.).
  6. Рэліквіярык — найчасцей у форме крыжыка, у якім хавалася драбнінка «астанкаў» ад нейкага святога, касцей, вопраткі ці нечага іншага (Б. Т.).
  7. Гімен — у грэкаў бажок вяселля; гэтак Граф класічным стылем хоча сказаць, што гатоў бы ажаніцца з Тальменай (Б. Т.).
  8. У сярэднія вякі, у феадальныя часы, рыцары біліся на турнеях; турнеі адбываліся ў мясцох, абгароджаных поручнямі — шранкамі; рыцары прысягалі вернасць колеру дамы свайго сэрца.
    Тальмена патрапляе папасці ў стыль Графа (Б. Т.).
  9. Каралеві — каралю; дав(альны) склон на -еві спатыкаецца ў паўдзённа-заходніх гутарках (Б. Т.).
  10. Здаецца, Стольнік быў забіты каля 1791 года, у часы першай вайны (А. М.).