Перайсці да зместу

Паленьне кніг на Беларусі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Паленьне кніг на Беларусі
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1924 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1 (7), студзень-сакавік 1924 г., б. 59-62

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




В—СТ.

Паленьне кніг на Беларусі.

Ў кірунку дасльледаваньня нашай мінуўшчыны дагэтуль нязьмерна мала зроблена. Працы расійскіх вучоных, за даволі рэдкімі выняткамі, дасьледуючы гісторыю Крыўска-Беларускіх зямель, мелі заўсёды на мэце пераканаць чытача, хоцьбы сабе падтасоўкай фактаў, што гэта землі „ісконі рускія“. Згэтуль немаль ва ўсіх працах расійскіх вучоных тон полемічны. Працы польскіх вучоных яшчэ менш сумленна абходзіліся з нашай гісторыяй: паводле гэтых апошніх, тут да прыходу палякаў, было памяшаньне вод з зямлёй, дзіч, і толькі палякі унясьлі сюды эўропэйскую цывілізацію. Гэта характэрная азнака ўсіх дэмагогаў, якія маюць звычай цьвердзіць, што толькі ад іх „пачаўся сьвет“.

Да цікавых момантаў нашай гісторыі належыць вайна з кнігамі. Першая гістарычная вядомасьць аб гэтым захавалася з XVI ст, ў лісьце, які перадрукаваў Т. Нарбут (Teodora Narbuta pomniejsze pisma historyczne. Wilno 1856). Адбылося паленьне кніг у Вільні, 1581 г, перад самым Вялікадням. Ачавідзец так апісуе гэту барбарскую апэрацію.

„Ад самай раніцы звазілі смалістыя дровы і аблітыя смалой кулі саломы на рынак, гэты матэрыялы акружала гарадзкая варта і нікога ў сярэдзіну не пушчала. Пазьней прышлі два драбіністыя вазы, кожды паркай коні запрэжаны, а на вазах навалена кніг друкаваных, рукапісвых кніг, і рожных актаў. Замковыя галябарднікі сьцісла пільнавалі гэтыя вазы. Гаварылі ў народзе, што гэта кнігі не каталіцкія, выклятыя, зганеныя індэксамі св. офіціі і каталіцкімі рымскімі багасловамі, ды на зьнішчаньне агнём аддадзеныя; што, бытцам няб. Яго Мсьць Князь Біскуп Валерыян (Протасевіч) гэну пастанову пацьвердзіў, але на пісьме гэтага не асталося, бо і не было ніколі; толькі так паны Езуіты ўмовіць хацелі, і на памершага віну ськінуць. Дык выкапалі на рынку яму, на супроць вісельніцы, нет ведама якой глыбіні, бо ўсю гэту орхандрыю акружалі жаўнеры і служачая ратушовыя, нікога блізка не дапушчалі. Пачаўшы ад дна гэнай ямы, злажылі груду кніг, перакладаючы дравамі і саломай, вышыня якой груды, над роўняй рынковага пляцу, мела прыблізна да трох локцяў, а шырыня ў квадрат шмат большая. Пачалі зьбягацца людзі. Кожды пытае, што гэта? Як адны так і другія нешта шэмруць. Каля груды, кружаць невядомыя фігуры ў доўгіх чорных бурках, агромнымі капішонамі маючы абліччы і галовы закрытыя. Тут і кат адміністратар юстыціі і некалькі пар манахаў, рожнай барвы. А гадзіне дзесятай прыбыў інстыгатар і ўраднікі. Загудзелі трубы і бубны што трывала даволі доўга. Пасьля гэтага стуку-грому Ягомасьць ксёндз Фердынандус Капэцкі S. J. узыйшоў на груд… аж тут бабы семярніцы (што прадаюць насеньне), перакупкі, перапечайкі, (што прадаюць печыва) і іх племя, як пачнуць крычаць, як пачнуць прычытаць: што ксяндза будуць паліць на грудзе: і толькі па доўгім акліканьню і пантомінах самога Reverendissima, даліся устаткавацца. Пасьля ён сказаў прыгожае казаньне, тлумачучы аб што справа ідзе. Народ маўчаў, бо няведаў што рабіць, здзіўлены навіной здарэньня. Не відаць было ўсёж-такі вясёласьці, як гэта бывае, калі публічна што дзеецца паводле сардэчнага хаценьня публікі; шмат хто сьціскаў плячыма. Ня доўга pater гаварыў, знаць баючыся, каб не паляцеў на яго град каменьня, бо да гэтага было блізка ад рожнаверцаў якія тут стаялі. Illustrissimus у акружаньні вышэйшага клеру і старшых манахаў, глядзеў на гэты спэктакль з зялезнага ганку на паверсе камяніцы Новакуньскай. Воеводы не было ў Вільні: ксёндз Пётр Рэктар (Скарга) абложна хворы ляжыць ў палацыку на Рыбаках. І толькі калі прамоўца зышоў з шафоту, прынясьлі гаручую паходню, якую паблагаславіў нейкі экзорцыста, дамініканін. Паходню ўзяўшы у рукі пан майстар (кат) Ігнат з Сабачай вуліцы (цяпер вуліца Субач у Вільні), пасьля некатарых цэрамоній свайго мастацтва, падпаліў гэны нешчасныя bustum: полымя сьпярша крэпка шугнула, але нябаўна зьнізілася і пачаў выбівацца чорны, густы дым, выдаючы нясьцерпны сморад, які вецер гнаў ў адзін бок; народ што там стаяў, павінен быў адыйсьці, а што ганак, з якога клер прыглядаўся ласьне прасьцюсенька быў супроць ветру, дык раптам зьніклі spectatores; на іх шчасьце ў пару, бо незадоўга, як змоцніўся агонь на грудзе і прыбыло ветру, то і гэты ганак, і перакупніцкія будкі, што былі пад ім, агарнула полымя. Добра яшчэ, што начыньні з вадой былі пад рукой, іначай-бы пайшла і камяніца in flagorem, а за ей хто ведае што яшчэ. Тыя, што стаялі ex oposito а злашча што глядзелі з вокнаў на паверхах, бачылі нешна цудоўнае і паны нававерцы, што заўзяліся ў цуды няверыць, аб нейкім цудзе яўна гаварылі. Я замаўчу, бо нічога сам няўгледзіў, хоць маю пару здаровых вачэй; першыя-ж гамонкі часта бываюць плёткі. Аб чым Вашмасьці не рада-бы я пераказываў. Выйшаў і верш насьмешлівы: „Дзьябал з Лютрам і Кальвінам, паляцелі сабе з дымам“ і т. д. Пэўна яго ўжо маеце, бо паня Падчашніца Карсаковая павязла з сабой. Але гаворачы аб здарэньні: certistissima veritas etc. што кнігі забраныя per vim (сілай), або benevole (дабравольна) аддадзеныя, або якколечы іначы дабытыя, само сабой гэрэтыцкія, або гэрэтыкамі і гэрэзіярхамі пісаныя, а знача грэшныя, ці не прыемныя, агулам злажыліся на гэну гэтакомбу. Кажуць, што значная часьць бібліатэкі па няб. ксяндзу Суфрагану Юрым, якая ляжала ў Сьвятаянскай калегіі, асобна ў скрыні спакаваная, пашла на спаленьне. Бытцам стары ксёндз Рэктар не ахвотня пазволіў на гэта і каб не хварэў пэўне-бы не дайшло да гэтага. Пан Станіслаў мне гэта апавядаў, а ён добра ведае і ацэняе грамадную шкоду, якую гісторыя дазнала ў гэтай загубе рукапісаў, пільна і старэнна зьбіраных нябошчыкам суфраганам. Гэты mente captus (варьят) аб якім сказаў я на пачатку гэтай рэляціі, сабраў усе кнігі бяз выбару і даў спаліць. Груд доўга гарэў, а пад вечар просты народ, нет ведама як і кім падбураны, ударыў ў званы на спалох! грамадзіўся на рынку выкрыкаючы супроць рожнаверцаў жадаючы іх маемасьць і іх саміх падобным спосабам спаліць. Igne probayut aurum! шаўцы і дзягцяры выкрыкалі. Ужо пачалі груды дроў знасіць на рынак, каб паліць гэрэтыкаў, ужо паходні і лучніцы пылалі, якімі мелі падпаліць іх малельні і дамы. На шчасьце, каля захаду сонца, паліў густы дождж, а дзейнасьць местовай і замковай варты рэшта таўпы разагнала. Назаўтрае забаронена было зьбірацца, пазачынялі местовыя брамы, загразілі шыбеніцай людзём выкрыкаючым гэны лацінскі сказ і гэтак мала памалу замятня уляглася, бо падсковуючых саміх pavor panicus агарнуў“.

Гэта было першае, здаецца, і даволі нясьмелае выступленьне каталікоў. Раней каталікоў нішчылі кнігі кальвіны, соціяне і ўсякія сэктанты сярэдзіны і канца XVI ст, а што гэта рабілася рожнаверцамі на шырокую нагу, паказуе лік перанятых імі сьвятынь. Век XVII, век калі большасьць нашых гістарычных магнацкіх фамілій прыймала новую веру, азначыўся добравольным паленьнем старых кніг, як знакам шчырасьці сваей да новага абрадку і выславам поўнага разбрату са старым. Але побач з гэтым ішло і арганізаванае зьбіраньне старых кірыліцкіх кніг і іх паленьне. Галоўна вызначаліся на гэтым полі Езуіты, Дамініканцы і часьцю Васільяне.

Сколькі, якіх кніг, якой гістарычнай цэннасьці было, за гэты дзьвесьце гадоў спалена, ніхто няведае.

Аднак паленьне кніг на Беларусі не спынілася на XVI, XVII і XVIII ст. Пасьля далучэньня Беларусі да Рассіі, пачаўся нанова паход супроць кнігі. Раней каталікі і уніяты шукалі кнігі праваслаўныя, кальвінскія і друг., у XIX ст. наадварот, праваслаўныя вышуківалі кнігі уніяцкія і іх палілі. Яшчэ у 1860 гаду ў біскупствах Віленскім, Менскім, Вітабскім, Валынскім і Падольскім выдаваліся указы, каб паліць уніяцкія кнігі выданьня уніяцкага, якія „дагэтуль гніюць у званніцах“ у некатарых месяцах краю.

Болей, у 1890-х гадах, ў часе абьезду біскупіі, віленскім праваслаўным біскупам, была спалена ў Шкунціках, Дзіс. пав. цэлая шафа старых кніг, якія прыпадкова выкрыў сам біскуп у цэркве. Акром кніг, палілі, праз ўвесь цяг, часу ад XVI ст, да канца XIX ст. абразы, царкоўныя вопраткі, харугві і інш. З аднэй стараны рабілі гэта каталікі, асабліва пасьля 1860-х гадоў, — калі за знайдзены ў касьцеле абраз ці рэч якую з азнакамі усх. абраду адбіралі касьцёл на цэркву. З другой стараны праваслаўныя вынішчалі ўсякую мясцовую старыну, якая не была падобнай па стылю да прынятых ў Масковіі.

Каб ня быць галаслоўным прывяду некалькі фактаў. У м. Гарманавічах (Дзіс. п.) у 1880-х гадах быў кс. Плошчэўскі, які спаліў усе абразы, і рэчы зьвезеныя ў гэты касьцёл з суседніх уніяцкіх царквей, перад іх пераробкай на праваслаўныя. У 1890-х гадах у новым Пагосьце, было падобнае паленьне кніг і рэчаў пры кс. Урбановічу. Тое-ж самае адбылося ў 1860-х ў Дзісьне і Друі. Думаю, старыя людзі памятаюць падобныя факты з другіх аколіц краю.

Думаю, што гэткіх і падобных фактаў нішчаньня мясцовай культуры можна набраць сотні.

І, запраўды, трэба дзівіцца якім спосабам захавалася яшчэ тое, што захавалася з нашай старасьвеччыны, асабліва калі прыняць пад увагу, што нішчаньне кніг і дакумантаў мела на мэце не адно фанатычнае прававерства таго ці іншага абрадку, але яшчэ і мэты політычныя: зацерці, зьнішчыць мясцовую Крыўска-Беларускую гісторыю, а на яе мейсца прышчапіць сваю, новую. Гэта адзін са спосабаў практыкаваны ўсімі заваёўнікамі ва ўсе часы. Гэты спосаб у нас шырока практыкаваўся, асабліва ў XIX ст., палякамі і расійцамі.

Рабілася гэта — ў 99 здарэньнях на сто — ціха, скрытна. Аб гэтых злачынах маўчаць кронікі нашых культуртрэгераў, але мы павінны, гэты абураючыя факты нішчаньня культуры, выцягнуць ня сьвет Божы, павінны выказаць перад сьветам „заслугі“ нашых няпрошаных апякуноў, якіх ўжо ў XVI ст. называлі ў нас: „Не прасьвяціцелямі а гасіцелямі“ культуры.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.