Перайсці да зместу

Пад родным небам (1922)/З году ў год/Паходні

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пад няволяй Паходні
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1922 год
Араты
Іншыя публікацыі гэтага твора: Паходні.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАХОДНІ.

На плітах алатырных залатых вякоў,
На сочнай глебе сказаў з княжацкіх учынаў,
На красках простых сьпеваў простых мужыкоў,
Над плоймай струнных гукаў гучных адпачынаў
Агнеюцца паходні.

Іх водблескі рунеюць многа соткаў лет,
Квітнеюць, як лілеі казачнай крыніцы.
А кожная з паходняў — сонца-сяміцьвет,
Якое мкнецца ўвышку, з яркай зараніцай
Спрачаецца удодні.

Адвечныя скрыжалі роднае зямлі
Хаваюць нашы скарбы, носяцца над краем,
Паказываюць жыва, як дзяды жылі,
Гавораць нам яскрава, што мы мелі, маем
Ад песьняроў-прарокаў:

Баянаў сын-насьледнік, — Ігара гусьляр, —
Пакінуў нам на славу песьні залатыя.
Праз восем праз сталецьцяў з краю ценяў, мар
Прышлі да нас, як госьці, птахі-гусьлі тыя,
Бы зьяньне праз аблокі.

Пад попелам пад пылам манастырскіх крат
Знайшлі стары паргамэнт песьняў пад заховай.
Народы і плямёны, кожны на свой лад,
Гардзіліся знаходкай Ігарава Слова,
Явангельлем славянаў.

Пад месяцам, пад сонцам Полацкіх капліц,
Пад сьпеўнымі званамі залачоных вежаў,
Пад паляўнічым рогам ў явах таямніц
Зьявіўся наш Скарына кветкай родных межаў,
Вясёлкай з-пад туману.

На мове паспалітай простых пастыроў
Тлумачыў ён прарокаў сказы-сьвятапісы.
Жыў твор яго ў народзе, нібы ў жылах кроў,
Праменіўся над краем сонечнаю рысай,
Аздобаю нябёснай.

Пад замкам Гэдыміна над ракой Вільлёй
Яшчэ адзін тастамант славіў нашу долю:
То быў Літоўскі Статут. Праўдаю сьвятой,
Імпэтнаю Пагоняй мкнуўся ён па полі
І па даліне роснай.

Яшчэ было паходняў па дарозе шмат,
Якія нам сьвяцілі ў цемры доўгай ночы:
Вянок народных песьняў хварбамі багат:
І хмеліць сэрца, душу, зьяньнем сьлепіць вочы,
Вянок наш мятарутны.

Ці помніце вы песьні аб сваіх дзядох?
Ці бачыце паходні, родныя саколы?
Ці пойдзеце наперад па сьвятых сьлядох?
Ці будзеце сьвяціцца ў родным творчым коле?
Ці будзеце магутны?

1922 г.