Пад родным небам (1922)/З году ў год/Пад няволяй

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларусь Пад няволяй
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1922 год
Паходні
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пад няволяй.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАД НЯВОЛЯЙ.

I.

Шмат коп маладзікоў, лік ветахаў такі
На бірцы векавой адзначана, крывёю.
Ішлі-плылі гады і совалісь вякі,
Аблокам зьдзек вісеў над роднаю зямлёю.

І розныя арлы і розныя крукі
Мянялі сьцягаў цьвет, краіна, над табою.
Гудзеў страшны бізун бязьлітаснай рукі,
Замоўк наш вешчы дух у бою, ці бяз бою.

Як спадчыну для нас тут кожны пан свой сьлед
На глебе пакідаў у выглядзе руінаў.
У вогнішчы, ў крыві купаліся даліны.

Пазьнішчаны лясы. Абшар, як лысы дзед,
І рэчкі высахлі на многа-многа лет,
І жудасьці стаяць над хатай селяніна.

II.

Палонілі ратая гожым, хлусным словам,
Згібалі яго карк цярплівы да зямлі.
Аддаў народ наш моц агідным, ночным совам,
Якія Беларусь, як хмары, абляглі.

На вечна стары лад пад новым зычным зовам
Няведама куды багацьці нашы йшлі.
Народ цярпеў-маўчаў: пад гартаваным ковам
Ён гадаваў свае ад працы мазалі.

Гасьцінны беларус карміў цьму дармаедаў,
іх выпраўляў ў сьвет на рынкі гандляваць,
Дзе налаўчылісь край за грошы прадаваць.

Там ладзілі дзяльбу, як хто хацеў, як ведаў,
Стуль саранчой плыла да нас чужая раць,
Аж плакалі званы над могліцай Рагнеды.

1922 г.