А ў бары, а ў бары стаіць гуд.
Шэпты граюць па струнах-галінах.
Апранаюцца ў месячны цуд
Іглы-пні на пуховых купінах.
Кожны цень, кожны цень наўскос
Каля пня дрэмле-сьпіць кволай плямай,
Убіраецца ў пацеркі рос.
Мох вакол — аксамітавай рамай.
Чуеш сьпеў, чуеш сьпеў з глыбыні,
Што плыве з лясуновых прысадаў;
Чырванеюцца макі-агні;
Ня ідзі ты да іх — гэта здрада.
— Да мяне, да мяне ў мой шацёр! —
Пад карчамі праменіць альтанка…
Ашчасьлівішся музыкай зор
Усю ноч — аж да самай заранкі.
Будзеш сьніць, будзеш сьніць дзіўны сон,
Зацалуеш русалчыны губкі;
Закрасуецца кветкай твой стогн
На грудзёх у дзяўчыны-галубкі.
— Ой, ня йдзі, ой, ня йдзі да яе,
Бо зацягне злы дух у балота;
Заварожаны кур запяе
Над чароўным, над чулым чаротам.
Ціхі сказ, ціхі сказ-загавор
Затуманіць цябе шэптам-хмелем;
Закалышыцца ўпоўначы бор
Над тваім над таёмным вясельлем.
Дзень за днём, дзень за днём рыне ў шлях,
Ночка пойдзе імглістай хадзьбою;
Зажалобіцца жудасны страх,
Будзе крыжам вісець над табою.
Тваю кроў, тваю кроў вып’е здань,
Выжме з жылаў яе да крапінкі.
Сьмелым вокам на бор гэты глянь
І ня йдзі да русалкі-дзяўчынкі!
|