Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік/Прадмова

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова
Публіцыстыка
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1924 год
Слоўнік

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА.

Слова, гэта ня умоўны знак для выражэньня мысьлі, але мастацкі абраз, вызваны найжывейшымі пачуваньнямі, якія прырода і жыцьцё выклікалі ў первабытным чалавеку. Яно знаходзіцца ў цесным зьвязку з народным бытам, яго сьветаглядам, гісторыяй, звычаямі і абычаямі, а дзеля гэтага мова ёсьць вялікай нацыянальнай легендай і скарбніцай, сьвятой спадчынай, каторая пераходзіць з пакаленьня ў пакаленьне, з дзядоў, на ўнукаў. Ўвесь сьветагляд і паэзія нашых прадзедаў замыкаліся ў мове. Кождае слова было легендай-пагудкай, мітам; было поўнае зьместу і паэзіі: бо міт асновываўся на легендзе, а легенда замыкалася ў слове. Слова ёсьць творчасьцю ўсяго народу; формы слова шліфаваліся многімі пакаленьнямі і сталецьцямі, пакуль сталіся тым, чым яны сягоньня ёсьць.

Гэтую цэльнасьць і гармонію народнага слова парушыла чужая граматнасьць і чужыя панаваньні над народам. Прычым граматнасьць наагул ўжывае слова толькі як знадабьбя для перадачы мысьлі, злашча прыйшоўшая да нас хрысьціянская граматнасьць, якая сьвядома старалася зацерці зьмест народных слоў чужымі словамі, запазычанымі ад другіх народаў, для выражэньня новых хрысціянскіх паняцьцяў, або словамі, перакладзенымі з чужых моў, ўложаныя ў якія паняцьці ня мелі ўжо нічога супольнага з народным сьветаглядам.

Мовай хрысьціянскай царквы і граматнасьці сталася ў нас мова баўгарская. Гэта было выгодна для духавенства, якое старалася зацерці ўсякую памяць ў народзе аб яго даўным да хрысьціянскім жыцьці, аб яго папярэднім „паганскім“, знача нячыстым, сьветаглядзе. А гэты „нячысты“ сьветагляд прабіваўся з кожнага слова народнага, згэтуль той разьдзел паміж мовай народнай і кніжнай.

Дзяржаўная ўлада і царква з яе „сьвятой“ граматнасьцю ішлі рука ў руку, ўзаемна падпіраючыся.

Узгадаванае на візантыйскім дэспотызме хрысьціянства акружала пануючых блескам; пануючыя, наўзаем, акружалі духавенства дабрабытам. Чужая народу мова царквы сталася мовай і ўраду. І толькі, калі ў саміx пануючых клясах была ўтрачана зьвязь мовы са старымі „нячыстымі“ традыціямі, пачынае народны элемэнт пранікаць ў кнігy, якая ў першых пачатках была толькі рэлігійнага зьместу. Вось чым тлумачыцца той страшэнны консэрватызм царквы і сьляпое трыманьнеся ею чужой мовы. Але ў даўныя часы гэты консэрватызм меў прынамні апраўданьне ў боязьні, што народ можа зьвярнуцца да старых паняцьцяў, цяперашні-ж, пад гэтым узглядам консэрватызм царквы, гаворыць толькі адно, што яна зьяўляецца слугой адзіна сільных гэтага сьвету.

Гэткім чынам, мова граматнасьці, ў самых першых пачатках, сарвала ў нас лучнасьць з мовай народнай. Тысячалетняе панаваньне царкоўнай славяншчыны, вытваранай на грунце баўгарскай мовы і прасычанай візантыйскімі паняцьцямі, палажыла глыбокі сьлед. Яна, асобную мову крыўскага племя, зблізіла з мовамі іншых усходне-славянскіх плямён. Асымілятарскі тысячалетні ўплыў баўгаршчыны значна аддаліў нашу мову ад яе першапачатковых форм і занячысьціў нескладнымі, чужымі духу і традыціям нашага народа словамі.

Другім, чародным, наслаеньнем у нашай мове ёсьць ўплывы гоцка-нямецкія, якія прыйшлі да нас яшчэ ў дахрысьціянскія часы шляхам заваяваньняў славянскіх плямён Вapaгамі. Арганізаваная імі дзяржаўная гоцкая ўлада накінула народу шмат чаго з вайсковай і дзяржаўна-кіравецкай тэрміналёгіі (полк-folk, князь—könig і г. д.). У пазьнейшыя часы ішлі нямецкія словы да нас праз таргоўцаў—немцаў, якія вялі таргоўлю па Дзьвіне, Дняпры і Прыпяці. Праз Польшу ішлі словы чэскія, лацінскія, а пазьней французкія. Праз Maсковію пранікалі татарскія, фінскія і нова-нямецкія словы.

Наша гістарычная літэратурная мова, на якой пісаліся кнігі і дакуманты XV-XVII ст. ст., зьяўляючыся запраўды мовай тэй, якой гаварылі нашы вышэйшыя клясы, носіць на сабе азнакі ўcіx гэтых ўплываў, памяшаных з мовай народнай. Жыла яна датуль, пакуль істнавала у нас свая інтэлігенцкая кляса, але калі наша баярства і арыстакрація capвала, з народам, і, адкінуўшыся ад свайго народу, здэнаціялізавалася, то й мова іx занікла. У XIX ст. народ у нас гаварыў сваей, пракавечнай „простай“, не інтэлігенцкай мовай, а інтэлігенція разьбілася на два абозы: адны пайшлі на служэнне Маскве, другія — Варшаве.

Наша старая мова, вытвараная духавенствам і пануючымі клясамі, незразумела народу так сама, як незразумела народу мова расійская ці польская. Гэна старая мова ніколі ўжо не ўваскрэсьне, як не ўваскрэснуць тыя пакаленьні, якія традыціі яе будаваньня ўзялі з сабой ў магілы. Яна выяўляе цяпер толькі нязьмерна цікавы аб‘ект для нашых моваведаў, якія могуць з яе яшчэ многае адкапаць, што ўтрачана народам, бо сьцісла бяручы, гэта ёсьць адна з нашых гутарак, ужо адумершая.

Трэба сказаць, што ў цяперашнія часы пагражае нам тая-ж небясьпека, як і ў гістарычнай мінуўшчыне: наша інтэлігенція, па прыкладу расійцаў і палякаў, а найболей расійцаў, ахвотна перапаўняе адраджаючуюся крыўскую літэратуру чужаземскімі словамі. Калі здарыцца ў нашай гісторыі такое-ж адарваньнеся інтэлігенціі ад народу, як то было, то гэта занячышчаная мова ізноў астанецца толькі цікавым помнікам гістарычнай мінуўшчыны, але нязможа стацца патужным правадніком культуры, якім яна павінна быць. Мова перапоўненая чужаземскімі словамі, зьяўляецца ізолятарам культуры ад народных масаў.

У старадаўныя часы няволі народных масс так і думалі, што граматнасьць і культура не павінны быць удзелам народных нізoў. Яшчэ ў 1860-х гадах, ў Pacіі, былі людзі, якія падтрымлівалі погляд што: „кнігі пішуцца не для мужыкоў“ (Головацкі).

Дык цяпер, калі адраджаецца сама народная масса, нельга павадыром гэтай массы паўтараць старыя памылкі. Адроджаная наша мова павінна стацца добрым правадніком культуры, а гэткай яна зможа быць толькі тады, калі ў ей будзе найменш чужых слоў, калі кождае паняцьце будзе перакладзена згодна псыхіцы нашай мовы; калі формы слоў і будова сказаў будуць адпавядаць законам гармоніі, пераказаным нам ад нашых прапрашчураў.

Мова, гэта аблічча душы народу, і гэтае аблічча народнай душы нельга брыдзіць прылепкамі і наклейкамі, а наадварот, чым яно будзе чысьцейшым, тым прыгажэйшым і здаравейшым. Мы не павінны ісьці сьледам палякаў, якіх аўтары (Навачынскі) могуць пісаць „старапольскія“ повесьці, ўжываючы на сто чужых слоў, адно польскае.

Маючы на ўвазе вышэйсказанае, я, ў гэтай малой сваёй працы, стараўся даць, паводле сіл сваіх, тлумачэньне чужаземскіх слоў на родныя паняцьці. Але мова наша занячышчалася сотнямі гадоў, дык і праца па ачыстцы яе не можа быць зроблена высілкамі адзіночнага чалавека: над гэтым павінны доўгія дзесяцілецьці працаваць вучоныя аб‘яднаньні і ўстановы.

Наша мова тады толькі здолее разьвіцца, калі патрапіць выявыць сваю выразна зарысаваную індывідуальнасьць, а гэтым самым дакажа рацію свайго істнаваньня, і калі патрапіць абараніцца ад асымілюючага ўплыву суседніх грамадных народаў: Расійцаў, Палякаў, Украінцаў. Дзеля гэтага трэба памятаць, што кожнае чужое слова занесенае ў мову, асымілюе, зьлівае мову з суседскай, забівае яе асобны характар, а таму трэба, асабліва пішучы, высьцярагацца ўжываць сходныя з суседзкімі словамі, хоць-бы яны і былі ў мове, а браць такія, якіх няма ў чужынцаў, але істнуюць у здаровай нашай народнай стыхіі.

На досьледы нашай мовы многімі вучонымі паложана шмат працы, але аднабока. Прычыны гэтаму дваякія: па першае, ў навуцы дагэтуль пануе рутына і боязьнь новай мысьлі, а такжа мноства асьвячоных часам забабонаў, супроць якіх ніхто не важыцца падняць рукі; па другое, дасьледчыкамі нашай мовы дагэтуль былі людзі чужыя, або свае, пайшоўшыя на ўслугі чужым Дзеля гэтага, немаль усе досьледы над нашай мовай маюць ў аснове сваей фальшывы выхад, што мова крыўская зьяўляецца нейкім злепкам, не маючым сваей індывідуальнасьці, і, прыступаючы з гэткай мысьлю да досьледаў яе, шукалі ў ей ня рысаў яе ўласнай асобнасьці, а, наадварот, сходнасьці з вядомымі ім мовамі, найчасьцей расійскай ці польскай. Згэтуль фальшывы, і, што горш, сьвядома фальшывы, вывад, што мова крыўская (беларуская) зьяўляецца галінай толькі нейкага протатыпу. А затым, сьвядомы ці не сьвадомы, даваўся аргумант у рукі палітыкі, ў рукі пануючых над намі націянальнасьцяў. Дык адраджонаму нашаму моваведу, які прыступае да пазнаньня сваей мовы, трэба дужа крытычна прымаць тыя вывады, якія падсоўваюць у сваіх працах вучоныя нашых суседзяў з Усходу і Захаду.

Значэньне асыміляваньня суседняй мовы даўно зразумелі Расійцы і Палякі, якія абаруч чэрпалі і дагэтуль чэрпаюць з нашай мовы лексычны матэрьял. Прыкладамі могуць служыць Slòwnik języka polskiego Ліндага і Расійскі акадэмічны словарь, ў які цалком унесен слоўнік Насовіча. Аднак народ наш захаваў яшчэ такое вялікае багацьце слоў, зваротаў і выславаў, цалком арыгінальных і ў дадатку нікім дагэтуль не заграбленых, што без вялікіх трудоў можна яшчэ мову нашу збагаціць тысячамі слоў, цалком самаістых, якія могуць лёгка заступіць накінутыя нам чужыя словы, або і нашы, ды ужо з‘асыміляваныя чужынцамі. Патрэбны сілы, і то многія, ды свае ўласныя сілы, ня толькі да зьбіраньня моваведнага матэрьялу, але такжа да ўдзячнай працы над яе лексычным і граматычным развіцьцем, над пазнаньнем законаў гармоніі крыўскага (беларускага) слова.

У надзеі, што новыя сілы, з нашай моладзі якая вучыцца ў краю і заграніцай, зазначаць сябе працай над роднай мовай, я пастараўся замацаваць на паперы тое, што мне ўдалося сабраць за час маей працы на ніве нашага адраджэньня. Нажаль пададзены тут матэрьял я нямог даць з падробнымі вывадамі яго паходжаньня, як гэта вымагаецца навукай. Прычына тая, што калi я пачаў запісываць „цікавыя“ словы, я ня меў на мэце карыстацца гэнымі запісямі ў друку: запісываў іх для сябе самога, а мне асабіста цікава было слова само па сабе і дзеля гэтага я не адмячаў мейсца запісі (калі гэта было з народных вусн), ці кнігі, з якой узяў слова (калі слова узята было з друкаваных песень, казак і інш.). Ад 1902 году да сёлетняга ў мяне сабралася вялікая сколькасьць, запісаў, якіх я няздолеў яшчэ ўсіх выкарыстаць пішучы гэты слоўнік, таму, раз што ўсіх матэрьялаў гэтых ня меў цяпер пад рукамі, а падругое, што выкарыстаньне ўсяго матэрьялу вымагала бы апрацоўкі шмат большай кнігі, а на гэта не пазвалялі ні жыцьцёвыя, ні матэрьяльныя варункі.

Выпушчаючы ў сьвет гэты слоўнік, я цікаваў галоўным чынам практычную мэту і даў „Расійска—Крыўскі слоўнік“ дзеля таго, што, мне думаецца, карыстацца ім будуць больш тыя, якія добра ведаюць мову расійскую, але слаба сваю — крыўскую, бо кожды наш інтэлігент вучыўся расійскай мовы ў школах, а сваю найчасьцей знае толькі з наслыху.

Назваў я гэты слоўнік „Расійска-Крыўскім“, бо як гісторыя сьведчыць, нашае сапраўднае племянное і націянальнае найменьне ёсьць Крывічы. Зьмены імён народаў цесна звязаны з гістарычнымі рэволюціямі перажыванымі народамі. У нашым гістарычным жыцьці на працягу тысячалецьця было некалькі такіх рэволюцій, якія складаюць пэрыёды нашай гісторыі.

На зарані гістарычных часаў наш народ выступае, як сарганізаванае цэлае націянальнае і палітычнае пад найменьнем Крывічы. Але ўжо ў X стагодзьдзі адбываецца вялікага гістарычнага значэньня рэволюція: замена старой праславянскай веры новай верай — хрысьціянскай. Хрысьціянства шырылі панаваўшыя, над падбітымі славянскімі плямёнамі, Варагі-Русь. І вось у пэрыёд, ад прыняцьця хрысьціянства да запанаваньня новай, літоўскай дынастыі, наступае замяшаньне ў паняцьцях: народ Крывічы, якім яго ўсе кругом называюць, хочучы адзначыць сваю прыналежнасьць да хрысьціянства ўсходняга абрадку, мянуе сябе, — па веры і па тыпу перайшоўшай да нас з Візанціі і Баўгарыі, праз Варагаў, культуры, — Русамі, Русьсю. Гэты пэрыёд ёсьць Крыўска-Рускі, і трывае ён ад X да XIII ст.

Другі пэрыод наступае са зьменай старой крыўска-рускай дынастыі, якую замяшчае дынастыя літоўская, м. б., ў XIII ст. З упадкам дынастыі, пачынае сыходзіць найменьне Крывічы ў значэньні дзяржаўным: яго заступае найменьне Літва. дзяржава Альгерда, як і Жыгімонта-Аўгуста была адналітнай Літвой, а толькі ў гэтай дзяржаве быў вельмі значны лік грамадзян, якія трымаліся веры, зашчэпленай ім Русамі, і дзеля гэтага яны па веры называлі сябе: Русь, русіны. Калі літоўская дынастыя прыняла каталіцтва, найменьне Русь злучае ўсіх вызнаўцоў грэцкага абрадку і абыймае ўсе землі, дзе жылі вызнаўцы гэтай веры, ад Карпат да Окі. У гэтым другім пэрыодзе, які трываў немаль да канца XVIII ст., мы фігуравалі пад найменнем Літва-Русь. Дзяржаўна — Літва, па веравызнаньню — Русь. Па гэтай старой памяці ў палуднёвых і ўсходніх паветах, — дзе наш народ стыкаўся з такіміж праваслаўнымі ці уніятамі, як ён сам, — дагэтуль народ наш называе сябе Літвінамі (прыкл. у Чарнігаўшчыне, ў усх. Могілёўшчыне і Смаленшчыне).

Трэці пэрыёд, які пачаўся ад уніі з Польшчай ў 1386 годзе і быў перарваны падзелам Польшчы, кіраваўся да ператварэньня нашага народу ў палякаў. На нашае шчасьце, „народам“ лічылася ў тыя часы толькі шляхта, дык і гэты гістарычны працэс меў уплыў не на ўвесь народ, а толькі адзіна шляхэцкі стан, які пераходзячы праз каталіцтва, прыймаў лаціна-польскую культуру. Гэты пэрыёд у гісторыі нашага баярства, — якое было добрымі патрыётамі літоўскімі (у значэньні дзяржаўным), а па культуры і веры мела сябе за палякаў, — адзначыўся разьдзелам народных мас з яго гістарычнымі вярхамі, і, слушна можа быць названы Літоўска-Польскім.

Прыходзіць урэшце расійскае панаваньне, і наступае чацьверты пэрыёд расійска-беларускі. З прыходам расійскай ўлады ўцісканае пад Польшчай праваслаўнае духавенства, пагалоўна перакідаецца ў маскоўскі абоз, парываючы ўсякую зьвязь з народам; за духавенствам ідзе праваслаўная шляхта, якая яшчэ была застаўшыся ад разгрому пад Польшчай. Падае, працавіта створаная Польшчай, унія. І, ў выніку, ад народу адпадаюць рэшта грамадзкіх вярхоў, тонучы ў расійскай вялікадзяржаўнасьці і называючы сябе, без ўсякіх засьцярог, „рускими“, праз два „с“. Гэты пэрыёд замацаваў яшчэ адно найменьне—Беларусы.

Гэтак вярхі нашага націянальнага дрэва, пэрыёд за пэрыёдам, засыхалі і адпадалі ад народнага пня. Ці яны аджывуць і прырастуць нанова, трудна згадаць. Хутчэй за ўсё што не. Пераход іх прадзедаў у чужы абоз варункаваўся, пераважна, не ідэалістычнымі, а чыста матэрьяльнымі матывамі дык мала надзеі на тое каб унукі, выракліся з занятага іхнімі бацькамі і прадзедамі палажэньня сярод чужынцаў і вярнуліся да свайго народу нясьці, разам з ім, ланцугі няволі і нядолі.

Цяперашняе націянальнае адраджэньне нашае пачалося не са старых абсохшых галін, а з каранёў народных.

Пачалося і будуецца не дынастыяй, не рэлігіяй, не шляхтай, а самім крыўскім народам.

І дзеля гэтага, шануючы перажытую гісторыю, не выракаючыся культурных здабыткаў, прыдбаных у нашу націянальную скарбніцу пад найменьнем „Русь“, „Літва“ ці іншым якім, мы, хочучы быць самаістым славянскім народам, выносім з гісторыі нашай і з нашага народу на сьвет прастарае племянное і націянальнае сваё найменьне — Крывічы.

Мы Крывічы па крыві, па роду племені, але засяляем землі балотныя і лясістыя, дзеля гэтага, каторыя з нашага племя жылі на дрыгве-балоце, па гэтай азнацы звалі іх Дрыгвічамі, а каторыя жылі ў лясах-дрэвах — зваліся Дрэўлянамі, каторыя жылі на горках — зваліся Гаранамі. Адна галіна Крывічоў, пад кірункам радавых старшын Радзіма і Вяткі, перасялілася з захаду на ўсход, з Ляшскага пагранічча ў парэчча Сожа і тут размножылася. Дзеля гэтага і Дрэўляне, і Дрыгвічы, і Гаране, і Радзімічы і Вяцічы адно Кыўскае племя, адзін, як даўней казалі, язык.

Мы Крывічы, а ня Русь Літоўская, Варажская ці Маскоўская, Белая ці Чорная; мы асобны славянскі народ, не провінціянальная чыясь адмена.

Мы Крывічы, славянскае асобнае племя, са сваей асобнай мовай, гісторыяй, народным характарам, звычаямі і абычаямі; племя, якое тысячу з лішнім лет засяляе сваю крывічанскую зямлю.

Мы Крывічы, гэта знача, што мы па доўгім, цяжкім сне прабуджаемся вольнымі душой, як вольнымі пачувалі сябе нашы прашчуры на вечах старэтных.

Наша мінуўшчына, гэта блуканьнеся па раздарожах і муках, а мы цяпер ізноў пры крыніцах гаючае і жывучае вады, пры сваім народзе крывічанскім, і, разам з ім, адбудовываемо вольную Крывію!

Калісь Манголы заваявалі Кітай і на той знак, што Кітайцы сталіся рабамі, накінулі ім абавязак насіць косы. З тых часаў мінула немаль тры тысячы гадоў; кітайцы даўно ўжо высвабадзіліся з мангольскай няволі, але косы, знак мангольскага рабства, і сягоньня носяць. Ня будзем жа мы падобны кітайцам! Адкіньмо ад сябе з пагардай ўсякія патлы гістарычнай залежнасьці, асабліва калі гэта залежнасьць, як таўро ганьбы, кладзецца на нашае націянальнае імя.

Гэткія былі мае думкі, калі я клаў агаловок „Крыўскі“ на гэту кніжыцу. Пытаньне гэта вялікай гістарычнай вагі, якое, на маю думку, рашыць ці суджана нам быць націяй, ці не: яно ляжыць на сумленьні павадыроў нашага адраджэньня і імі павінна быць вырашана. Я, з горсткай аднадумцаў, зважыўшы ўсе данныя, паставілі гэтае пытаньне на кон, хай цяпер абмяркуюць усе тыя, хто арэ і скародзіць крыўскія адлогі.

Затым кнігу гэту дабрароднай зычлівасьці чытачоў паручаю.

Аўтор.