Падарожжа на Новую Зямлю (1929)/На люстраным улоньні

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Некалькі слоў пра туземцаў На люстраным улоньні
Нарыс
Аўтар: Міхась Зарэцкі
1929 год
Пра магутных жалезных зьвяроў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




На люстраным улоньні.

Я буду пісаць цяпер пра раку Арасу, якую я ўяўляў спачатку троху большай за нашу менскую Сьвіслач і якая потым глыбока зьдзівіла і ўсьцешыла мяне сваёй надзвычайнай веліччу і хараством.

Калі вы бачылі ў Магілеве Дняпро або нават у Віцебску Заходнюю Дзьвіну, вы па іх можаце ўявіць сабе шырыню Арасы. Так, гэта шырокая раздольная рэчка, павольная ў сваім руху, зграбная і грацыёзная, як казачная прынцэса. У ёй ёсьць адна толькі загана: яна мае няроўную глыбіню. Па ёй многа сустракаецца перамелаў, многа ёсьць такіх месц, дзе можна перайсьці яе ўсю, закасаўшы ногі. Яна абсолютна несудаходная.

Гэта — пакуль-што, бо якая будзе Араса праз некалькі год, цяпер нават трудна ўявіць.

Цёплым сонечным надвячоркам прыехалі мы на Арасу. На беразе нас чакалі дзьве лодкі — вузкія, даўгія, востраносыя — чыста індзейскія пірогі. Яны былі поўна набіты саломай — у іх цяжка было толькі ўлезьці, а ехаць было зусім добра. Нават праваднічыя нашы казалі, што ў іх можна далёка заехаць і ня вывернуцца. Хто іх ведае, можа яны і праўду казалі…

Мы ехалі страляць дзікіх качак. Гэта было досыць кур’ёзнае паляваньне, бо на ўсіх нас была адна толькі стрэльба. Па праву старэйшага паляўнічага ёй заўладаў Зьмітро Халімонавіч, і я ў думках быў шчыра ўдзячны яму: вялікі клопат ехаць са стрэльбай, асабліва калі яна з набоямі. Апрача таго, як потым выявілася, адна стрэльба бяз іншага аружжа (вёслы, палкі і інш.) зусім няпэўная штука ў паляваньні на качак.

«Пірогі» ішлі з мяккай бязгучнай шпаркасьцю. Перадвячэрняе сонца аскрава серабрыла паверхню ракі — «пірогі» з маўклівай бязуважнасьцю рэзалі гэта пышнае серабро, і на іхных разьбежна-дрыготных сьлядох серабро мітусілася ў дзікіх адчайных скоках.

Ня гледзячы на тое, што было зусім ня горача, ў паветры стаяла густая нейкая млосьць — яна троху цяжарыла, наганяла ціхі спакой і лятуценнасьць. Я вальготна ўзьлёгся на груд сьвежай саломы і цалком аддаўся спакойнаму назіраньню вакольнага хараства. Мая фантазія пачала вырабляць свае дзівосныя мудрагельствы — мне здавалася, што я перанёсься ў нейкую чароўную экзотычную краіну, у нейкае казачнае дзікунскае царства. Карціны прыроды, якая нас абкружала, дзіўна спрыялі гэтаму ўяўленьню. Нізкія, ледзь узьнятыя над вадой берагі Арасы былі пакрыты густымі зарасьлямі чароту і лазьняку — яны былі для мяне непраходнымі джунглямі, поўнымі розных драпежных зьвяроў, а высокія стагі сена, сям-там раскіданыя па берагох, здаваліся мне таемнымі вігвамамі дзікіх індзейцаў. Я наўмысьля ўзмацняў у сабе гэтае вострае адчуваньне, і я дасягаў таго, што сярод зарасьляў лазьняку паказваўся мне чырвоны твар індзейца, а з-за высокіх сьцяблоў чароту тырчэлі пруткія, нацягнутыя на цяціву, стрэлы.

… На Арасе я першы раз у поўнай меры пачуў моцны, напружаны шопат чароту. Пад ціхім, амаль-што зусім няпрыметным подыхам ветрыку ён пачынаў хістацца з асаблівай нейкай падатнасьцю, быццам — абясьсілены, змардаваны — прасіў у некага літасьці, прасіў ратунку. І шаптаў…

Уявеце чалавека, працятага мукай і роспаччу, які хоча крычаць, хоча гукаць на ратунак, і ня мае голасу, і можа крычаць толькі шопатам.

Вось так шэпча чарот. Так крычыць чарот. І ў гэтым шопатным крыку яго поўна глыбокага смутку, поўна журбы, поўна балючае крыўды. Ён кліча, ён просіць літасьці, просіць ратунку. Яго здушаны голас мае дзіўную выразнасьць — у ім чуваць жывыя чалавечыя словы:

— Ратуйце! Я гіну… Ратуйце!

А калі мацней падыхне ветрык, крык чароту пераходзіць у жудасны лямант, і тады чамусьці здаецца, што ня толькі крыўдай і смуткам поўніцца гэты лямант, што чуваць у ім цьвёрдыя ноткі злавеснага гневу, гневу, роджанага апошнім напружаньнем гора і роспачы, гневу, якому мяжа — сьмерць.

Я слухаў шопат чароту, і чуў у ім здушаны горам і роспаччу крык Беларусі, многапакутнай краіны, над якой бязьмерным цяжарам вісіць спадчына векавога прыгнёту, якой, так трудна ісьці да сьветлае будучыні.

Я ўспамінаў нашага Чарота, нашага любага слаўнага Міхася, і думаў: які ён шчасьлівы, што сваю звонкую буяную творчасьць здолеў зьвязаць адзіным магутным, поўным нацыянальнае самабытнасьці, вобразам шумлівага чароту!

Нас засьпеў на вадзе шэры вячэрні змрок. Мы разлучыліся. Лодка, на якой быў Зьмітро Халімонавіч Прышчэпаў, асталася адзаду — адтуль яшчэ чуваць былі глухія стрэлы — мы сваю быстраходную «пірогу» пусьцілі нацянькі, праз новае рэчышча, якое зрабіла сабе Араса з невялічкае, выкапанае рыбакамі, канавы.

Лодка ішла ціха-ціха, толькі мэлёдычна хліпалі, сьцякаючы з вёслаў, кроплі вады, ды пад носам ціхамірна курлыкала нявідная хваля. Чарот і той сьціх — спаў ужо мусіць, змораны дзенным сваім мятушэньнем.

Узышоў на небе сьвежы чысьценькі месяц, рассыпаў па вадзе яснае халоднае серабро.

Далёка-далёка засьпявалі дзяўчаты. Потым мы пад’яжджалі бліжэй і галасы іх мацнелі, рабіліся ўсё больш і больш выразнымі. Пелі нейкую цягучую сумную песьню. Я доўга прыслухваўся, стараючыся ўлавіць хоць некалькі слоў, і, нарэшце, мне гэта ўдалося. Я пачуў:

„Нічаво мне ў міры не нада“…

Так. Гэта была старая знаёмая песьня. Яны сьпявалі, праўда, яе на зусім інакшы мотыў, яна асымілявалася тут, набыла ўсе рысы сумнае беларускае мэлёдыі, але я ўсёроўна пазнаў яе, я адразу пазнаў гэты старадаўны мяшчанскі романс:

„Чудный месяц плывет над рекою“…

Я ўспомніў, як некалькі дзён таму назад на колфондзе спявалі дзяўчаты, з якой тупой стараннасьцю выводзілі яны «Накину плащ», «Ах, зачем эта ночь» і іншую дрэнь.

Мне стала сумна-сумна. Я падумаў: дакуль мы будзем жыць гэтым пазадзьдзем чужой культуры, якое з тупым салдацкім самадавольствам «преподносили» нам нашы суседзі і якое мы прымалі, як чыстае збожжа? Дакуль мы будзем зьбіраць з чужога стала ўбогія брудныя аб’едкі, аддаючы сваё дабро на агульную пагарду і зругу?

Яшчэ я падумаў: як часта і цяпер у наша мастацтва — у літаратуру, у тэатр, у кіно — пападае замест праўдзівых дасягненьняў братняй культуры пустое бруднае пазадзьдзе, і мы з рабскай пакорай прымаем яго, мы яго ўзвышаем, мы кідаем пад ногі яму праўдзівыя пэрлы сваіх уласных дасягненьняў. (Хіба можа быць што-небудзь добрае з Назарэта!). І знаходзяцца яшчэ ішакі (аслы), якія, вульгарызуючы і профануючы праўдзівыя думкі правадыроў, у тупой абмежаванасьці сваёй заяўляюць, што гэта ёсьць наша правільная орыентацыя!