Падарожжа на Новую Зямлю (1929)/Некалькі слоў пра туземцаў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Цікавае вандраваньне Некалькі слоў пра туземцаў
Нарыс
Аўтар: Міхась Зарэцкі
1929 год
На люстраным улоньні

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Некалькі слоў пра туземцаў.

У той самы дзень пасьля паўдня мы езьдзілі ў вёску Кузьмічы, у найвялікшы асяродак Мар’інокіх туземцаў.

Вялікая брудная вёска. Вясной яе залівае вада, а таму ўсё збожжа, увесь корм, уся салома вісіць тут на высокіх азяродах, пастаўленых цэлымі вяткамі на спэцыяльна адведзеных для гэтага гародных пляцоўках.

Цікава пабудаваны тут сялянскія двары. Фактычна двароў — у звычайным значэньні гэтага слова — амаль-што няма. Стаіць убогая хата (вакенцы ня больш, як па кукішу), за хатай гужам, адзін за адным, прытуліліся дворныя будынкі — якія будынкі! — крывыя, дзіравыя, пакалечаныя будкі… Вось і ўсё. Ні платоў, ні варот, ні павецяй.

Мы зайшліся ў адну сялянскую хату. У сенцах нас прывітала ласкавым рохканынем худая сьвіньня і з спакойнай зазвычаенай спрытнасьцю ўціснулася разам з намі ў хату. Там яе чакалі два ці тры ня менш худыя падсьвінкі.

У хаце было цёмна і сыра. Пахла ўсім тым, чым толькі можа пахнуць у супольным жыльлі людзей і жывёлы. На земляной падлозе стаяла нейкая падазроная лужына. Недзе на палу, сярод каравага шмоцьця, капашыліся мурзатыя дзеці, хлопец гадоў у трынаццаць, седзячы на нізенькай калодцы, плёў лапаць, а ў парозе поркалася дзяўчына — невядома, ці зусім маладая, ці зусім старая: тут старэюць не ад гадоў, а ад бядоты.

Халодная жудасьць ахапіла мяне, як нырнуў я ў гэтае чорнае логава. Мне здалося, што я пераступіў парог некалькіх стагодзьдзяў і апынуўся ў царстве старажытнага дзікунства. І мімаволі ў нутры ў мяне шавальнуўся цень трывожнага сумненьня. Ці можна пагадзіць, злучыць у адно той магутны творчы размах, тое шырокае будаўніцтва новага шчасьця з гэтым адвечным жудасным брудам і цемраю?

Тут большасьць сялян яшчэ ня ўжываюць газы, тут большасьць хат — з «грамафонамі». Так іронічна завуць чужынцы мясцовыя лучнікі. Яны сапраўды дужа падобны на трубы ад грамафона, павешаныя шырокім канцом уніз. Пад гэтай трубой на спэцыяльных кратках гараць смалякі, і дым па трубе выходзіць угару, на паветра.

Між іншага, мне сказалі, што тая хата, куды мы зайшліся, яшчэ ня самая горшая ў вёсцы.

Характэрна для жыцьця тутэйшых сялян тое, што яны амаль-што зусім ня ведаюць лазьні. Два разы ў жыцьці як мае быць вымываецца паляшук: тады, як народзіцца, і тады, як памрэ. Гэта — горкі жарт, які зусім недалёка стаіць ад праўды.

Я прыслухваўся да мясцовае мовы, да славутага палескага дыялекту. У ім дзіўна злучаецца выразнае, падкрэсьленае і троху нібы расьцягнутае беларускае аканьне з ня менш выразным украінскім оканьнем. Выходзіць досыць гучна і прыемна. У зрусыфікаваных паляшукоў оканьне значна ўзмацняецца і гутарка іхная робіцца падобнай да гутаркі паўночна-ўсходніх велікарусаў.

Трэба сказаць, што русыфікацыя адчуваецца тут досыць моцна. Я сустрэў некалькіх працаўнікоў сельсаветаў, настаўніцу, студэнтаў горацкай акадэміі, якія знаходзяцца тут на практычнай працы, — усе яны гаварылі жудасна ламанай, страшэнна някультурнай мовай, якая яскрава паказвала на іхную наіўную і недалужную тэндэнцыю гаварыць парасійску. Мне здаецца, што я ані-ні не памылюся, калі скажу, што з гэтага боку вялікі ўплыў на вакольны раён робіць колфонд, асабліва яго кіруючая верхавіна, дзе няма амаль-што ніводнага беларускага спэцыялістага, дзе аб беларусізацыі гавораць тонам адпачываючага пасьля добрага полудню абываталя, дзе гаворыць пабеларуску толькі адзін чалавек — прадстаўнік Навукова-дасьледчага інстытуту.

Мы вярталіся назад позным надвячоркам, калі ў лесе плавалі ўжо таемныя цені, калі з лесу, з балот гналі сяляне «тавар» (так завуць тут скаціну), калі па лесе луналі працяжліва-звонкія галасы маладых пастушкоў і пастушак.

Галасы прыляталі з усіх бакоў, з усіх куткоў глухога змрочнага лесу — і было ў іх столькі мэлёдычнасьці, столькі адвечнага лірызму, столькі бяскрайнага суму, надрыўнасьці і нейкай балючай сэрдэчнасьці, што мімаволі здавалася, быццам не галасы гэта хлопцаў і дзяўчат, а дзівосныя стогны-песьні дзікага Палесься.

Мяне зачаравалі гэтыя галасы, я ў салодкім забыцьці слухаў іх і ўбіраў разам з імі ў нутро цягучыя шчымлівыя хвалі адвечнасьці. З задуменьня вывеў мяне голас Прышчэпава:

— Паглядзі! Вунь нехта месяц запаліў над дрэвамі!

Я азірнуўся. Мы праяжджалі праз невялічкую лагчынку. Навокал панурай грамадой стаяў чорны лес — ён працягваў да нас ні то з пагрозай, ні то з роспаччу свае худыя нярухомыя лапы. У нагах у яго карабаціліся крывыя постаці валасатых карчоў і скрозь іх блішчэлі халодна-срэбныя плямы вады.

Блішчэў месяц на небе, блішчэла вада, бязгучна шапталі аб нечым чорныя панурыя дрэвы…

Эх, ды ці варта пісаць! Усёроўна не апішаш усяго хараства гэтага таемнага чароўнага Палесься…