Падарожжа на Новую Зямлю (1929)/Мы выехалі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мы выехалі
Нарыс
Аўтар: Міхась Зарэцкі
1929 год
Мы едзем

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мы выехалі.

Даўней Амэрыкі і іншыя новыя краіны «адчынялі» такім парадкам. Садзіўся які-небўдзь Колюмб або Васко-дэ-Гама ў човен, настаўляў парусы і плыў, куды вочы глядзяць, аж датуль, пакуль човен не ўразаўся ў сухую зямлю. Тады ён выскакваў з чоўна, ставіў адпаведны сьцяг і пачынаў біць туземцаў… Краіна лічылася «адчыненай».

Цяпер падобныя справы робяцца іначай… Але трэба ўсё па парадку; трэба пачынаць так, як пачынае кожны прыстойны журналісты.

Мы выехалі і г. д.

Вось некалькі слоў пра поезд. Нічога няма больш сымпатычнага, больш прыемнага, больш лагоднага, больш прытульнага, больш спакойнага, як пасажырны поезд на слуцкай лініі. Калі я еду на ім, мне заўсёды здаецца, што я еду на добрай старой шаўлюжцы, і мне страшэнна хочацца саскочыць нахаду і прабегчы трушком, трымаючыся аднэй рукой за яе сівую аблезлую грыву. Як я першы раз садзіўся на гэты поезд, дык страшэнна сьпяшаўся, баючыся, каб не астацца. Адзін спрактыкаваны грамадзянін тады ахаладзіў быў мяне пагардліва-горкай заўвагай:

— Ня турбуйцеся! Пакуль ня мінуў сэмафор — заўсёды дагоніце…

Ціхае, мяккае восенскае раньне. Старое ласкавае сонца, павучыньне, пажоўклае поле (яшчэ дзе-ні-дзе непажаты авёс), яснасьць, празрыстасьць наўкола. На мізэрных станцыях прадаюць з вазоў дулі і, хоць іх страшна ўкусіць, але мне ўсёроўна здаецца, што гэта славутыя слуцкія бэры. На станцыях публіка вылазіць з вагонаў, купляе дулі, шлындае па пэрону, заходзіць нават у станцыйны лясок (старая шаўлюжка не ўцячэ!); чуваць млявая яшчэ санлівая гутарка. Мы таксама ходзім, адгадваем у аспалых жаночых тварах слуцкіх красунь, расчароўваемся.

Ціша і спакой…

Склад нашай экспэдыцыі такі: Зьмітро Халімонавіч Прышчэпаў і я. На ст. Урэчча нас чакае любаньскі катафалк (у любаньскім РВК чамусьці завуць яго «брычка»), мы ўзлазім на катафалк і важна грымім са станцыі пад пачцівымі і злоснымі поглядамі мясцовых рамізьнікаў.

Пачынаюцца назіраньні і ўражаньні.