Перайсці да зместу

Падарожжа на Новую Зямлю (1929)/Мы едзем

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мы выехалі Мы едзем
Нарыс
Аўтар: Міхась Зарэцкі
1929 год
На парозе Новай Зямлі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мы едзем.

Мы едзем з поўначы на поўдзень па Любаньскаму раёну Бабруйскае акругі. Гэта мясцовасьць, складаўшая акрайную частку ранейшай Случчыны, злучыла ў сабе вольную шырыню слуцкіх стэпаў з бабруйскім бясплодзьдзем і беднасьцю. Спачатку вабіць, узьнімае настрой гэтая лёгкая шырыня, гэты роўны разгон бязьмежных палёў, дзе-ні-дзе перарваны толькі невялічкімі пералескамі (у сьветлай празрыстасьці восені асаблівую радасьць абуджаюць адкрытыя бязьлесныя далі), а потым прыглядаешся, прывыкаеш, і ў вочы ўбівасцца іншае: бачыш убогую пескаватую глебу, бачыш сьляды мізэрных ураджаяў, бачыш змардаваныя, з маладосьці старыя твары мясцовых сялян.

Зьмітро Халімонавіч зьвярнуў маю ўвагу на тое, што тут дужа рэдка сустракаюцца пасяленьні. Сапраўды, мы едзем тры вярсты, пяць вёрст, сем, восем — і навокал адно толькі пустое нуднае поле.

— І гэта ў той час, калі ў нас аграрная перанаселенасьць, калі дзесяткамі, сотнямі выяжджаюць сялянскія сем’і ў Сібір, на Далёкі Ўсход. Унутраная колёнізацыя — вось наша бліжэйшая задача.

І ён тлумачыць мне сутнасьць унутранай колёнізацыі, потым пераходзіць на інтэнсыўнасьць гаспадаркі, на севазвароты, на лубінізацыю. Дзівіцца, чаму нідзе ня відаць лубіну, ў той час калі тут ён можа зрабіць цэлую рэволюцыю. Я таксама выказваю вельмі цікавую думку аб тым, што каб тут разоў у колькі ўзьняць культуру гаспадаркі, каб правесьці ўва ўсе бакі сошы ды абсадзіць іх фруктовымі дрэвамі, каб пабудаваць новыя вёскі — з каменнымі будынкамі, з чырвонымі стрэхамі, з электрычнасьцю, — дык-бы гэтая мясцовасьць была падобна на Нямеччыну…

Праяжджаем праз лес. Што гэта за лес! Яго трэба бачыць — іначай уявіць яго немагчыма. Параўнаць яго можна хіба з валасамі на галаве ў шалудзівага. У гэтым лесе многа пчаліных калод — відаць, бортніцтва тут разьвінута ня слаба. Калоды грузна паўсядалі ў крывое карузлае сучча дрэў і здалёку робяць уражаньне нейкіх дзікіх непамерна-вялікіх пладоў. Калі калода на дубе — здаецца, што гэта вырас на ім такі вялізарны жолуд.

Нудна ў такім недарэчным убогім лесе!

А вось і вёска. Возьнік гаворыць, што ад гэтае вёскі асталося сем вёрст. Ён сказаў праўду, ён толькі забыўся дадаць, што сама гэта вёска цягнецца, мабыць, ня менш як вярсты на дзьве.

Сапраўды, дужа вялікая вёска. Вялікая, брудная і страшэнна бедная, прынамсі, на погляд. Няпрыемная вёска, хоць і жыў тут, як я потым даведаўся, наш поэта Алесь Дудар. Хаткі ў большасьці маленькія, падсьлепаватыя, дзеці худыя, абдзёртыя, жывёла дробная, худая. Завецца гэтая вёска — Таль.

Мой падарожнік штурхае мяне пад бок.

— Глядзі, колькі тут гарбузоў!

І тут, і потым у іншых вёсках мы бачылі цэлыя гароды, засеяныя гарбузамі. Сьпелыя гарбузы, як сытыя парасяты, грэлі на сонцы круглыя залатыя бакі і сваім ціхамірна-давольным выглядам рабілі досыць соліднае ўражаньне. Мы разважалі аб тым, ці ня варта было-б зьвярнуць большую ўвагу на пашырэньне ў Беларусі гэтае непераборлівае ў сэнсе глебы культуры.

(У гэтай мясцовасьці гарбузамі кормяць жывёлу).

Мінулі вёску. Зноў поле, зноў нудная глухая пустэча. Нездалёк ад дарогі нейкае малое скародзіць вузенькую паласу. У яго шырокія даўгія штаны, шырокая і даўгая сарочка, наогул усё шырокае і даўгое. А сам — з клапа. Дужа комічная карцінка. Зьмітро Халімонавіч паказвае мне на гэта стварэньне і дабрадушна сьмяецца.

— Пасяўная кампанія ў поўным разгары…