Перайсці да зместу

Падарожжа на Новую Зямлю (1929)/Гістарычнае мінулае Новай Зямлі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На парозе Новай Зямлі Гістарычнае мінулае Новай Зямлі
Нарыс
Аўтар: Міхась Зарэцкі
1929 год
І балоты маюць свой прастор

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Гістарычнае мінулае Новай Зямлі.

Праз Любаньскі раён Бабруйшчыны і далей, на Мазыршчыну, цячэ вялікая і прыгожая рака Араса. Пойма гэтай ракі, як і ўсіх рэк Палесься, мае да дзесяці і больш таго вёрст шырыні. А ў іншых мясцох яна ўдаецца ў бок глыбокім — вёрст у дваццаць — мяшком, утвараючы суцэльны балотны масыў. Адзін з гэткіх масываў — плошчай у 8.000 гектараў, — які ляжыць на правым беразе Арасы, завецца Мар’я.

Нам растлумачылі, адкуль узялася гэтая назва. Даўней балота гэта належала нейкаму багатаму пану, а ў гэтага пана была дачка Мар’я. У гонар свае дачкі пан празваў усю гэту мясцовасьць — Мар’іна.

Вось нядаўны, зусім нядаўны, учорашні малюнак Мар’іна:

Вясной, калі красуня-Араса, лёгка і плаўна высьлізнуўшы з нізкіх сваіх берагоў, разьбягаецца па бязьмежнаму раздольлю палескіх нізін — Мар’іна цалком хаваецца пад вадой. Возера ў 8.000 гектараў, роўнае неабсяжнае возера, на якім сям-там узьнімаюцца кудлатыя груды залесеных выспаў, на якім сям-там тырчаць панурыя шкілеты адзінотных недалужных дрэў, — вось што робіцца з Мар’іна ў вясновыя паводкі. Вада — адзіны ўладар тады гэтых прастораў, вада ў гульлівай давольнасьці спраўляе тады шырокае сьвята свайго панаваньня.

Вада і неба, — як у легендарным біблейскім хаосе…

На лета вада сходзіць, астаецца грузкае непраходнае балота. Улетку па пояс у брудзе калупаюцца тут сяляне, выкошваючы пруткую драцяную асаку. Вывезьці сена з балота няможна — яго складаюць у стагі і пакідаюць тут на зіму, каб потым прывезьці па саннай дарозе.

Наогул, толькі ўзімку, толькі тады, як мароз скамяніць гэту мокрую грузкую роўнядзь, як сьнег засьцеле яе густым пуховым пластом, толькі тады робіцца Мар’іна даступным для коннай сувязі. Улетку, каб пераехаць з поўначы на поўдзень праз гэта балота, трэба рабіць аб’езд у 35–40 вёрст.

Дзе-ні-дзе на балоце, на ўскрайнах балота, жывуць сяляне. Яны выбіраюць выгодную сухую выспу, насьпех, дзеля-гадзіся раскарчоўваюць патрэбную плошчу зямлі, сяк-так ускалупваюць яе і засяваюць. Тут-жа будуецца мізэрная ўбогая хатка з яшчэ больш убогімі гаспадарчымі будынкамі.

Так на выспах, сярод дзікіх прастораў балота і лесу жывуць гэтыя самотныя пасяленцы. Іншыя з іх толькі ўзімку выяжджаюць, каб зрабіць у бліжэйшым мястэчку свае гадавыя справункі (першае — купіць солі), і потым круглы год сядзяць нявыходна ў сваёй мярлозе, ня маючы ніякай сувязі з надворным сьветам.

Яны жывуць у беспрасьветнай цемры, у брудзе, да іх не даходзяць павевы людзкой культуры. А тымчасам шмат хто з гэтых дзікуноў жыве з матэрыяльнага боку ня дрэнна. Адабраная ў лесу зямля дае добрыя ўраджаі, а вакольныя балоты зьяўляюцца багатым папасам. Некаторыя заводзяць многа сваёй жывёлы, некаторыя бяруць на пракорм чужую, галоўным чынам — валоў. Але і маючы нават матэрыяльны збытак, паляшукі ўсёроўна жывуць цёмна, брудна, жывуць так, што жудасьць бярэ, калі блізка зазірнеш у іхнае жыцьцё.

Гэта — карціна Палесься. Гэта — карціна нядаўнага, учорашняга жыцьця Мар’іна.

Гэта — карціна ўчорашняга.