Падарожжа на Новую Зямлю (1929)/І балоты маюць свой прастор
← Гістарычнае мінулае Новай Зямлі | І балоты маюць свой прастор Нарыс Аўтар: Міхась Зарэцкі 1929 год |
Дарога, пажар, каналы і віка з аўсом → |
І балоты маюць свой прастор.
Мы праехалі праз бярозавую арку — такую дзіўную, наіўна-ўрачыстую і сьмешную тут, сярод глухога балота. Яшчэ цягнецца некаторы час убогі хмызьняк — з калекамі-бярозкамі, з лазой, з алешнікам, потым усё гэта зьнікае, і мы бачым перад сабой шырокі разгонны прастор.
І балоты маюць свой прастор…
Мне першы раз давялося ўбачыць такую шырокую, такую бязьмежную плошчу балота. Яно разаслалася перад намі роўнай, як паверхня вады, пяленкай — шурпатае, купкаватае, зрытае, як паверхня вады пад непакойным ветрам. Яно разаслалася ў далеч, аж пакуль вокам хапіць, і здаецца, што пашло яно так без канца-краю, што разгарнулася яно ў цэлы сьвет — дзікі і магутны — у дзікую неабсяжную пустыню.
І — дзіва дзіўнае! — пачуў я ў гэтых балотных абшарах, у гэтым панурым бясплодзьдзі магутную фатальную сілу Беларусі, сілу, якая вырасьце некалі з гэтай бруднай твані, з гэтай багны, якая парве некалі путы трагічнага свайго акамяненьня і паўстане перад вачмі асалапелага сьвету ў грознай сваёй непарушнасьці.
Перад намі ляжала Новая Зямля. Перад намі ляжала 8.000 гектараў зямлі, за якую людзі, сотні людзей, тысячы людзей, уся грамада, уся маладая задорная БССР вядзе зацятую барацьбу з стыхіяй, з якой людзі хочуць вырваць і вырвуць, вядома, усе захаваныя ў ёй сокі жыцьця, усю тую дзікую фатальную сілу.
Якая жорсткая, якая магутная карціна!
Так, і балоты маюць свой шырокі вольны прастор…