Перайсці да зместу

Паварот да Горадна (Краўцоў)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Паварот да Горадна
Аўтар: Макар Краўцоў
Крыніца: http://knihi.com/Makar_Kraucou/Pavarot_da_Horadna.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Ізноў я тут. Цябе вітаю,
Мой родны Горадзен стары!
Ізноў па вуліцах лятаю
Да самай позняе пары.

З цябе нацешыцца няможна
Пасля разлукі ў тры гады!
Як міла плітачка тут кожна,
Дамы, бульварчыкі, сады.

Хрыбты мастоў пераламаных.
Ахвяры скончанай вайны,
Шкада мне вас, параскіданых,
Ўдалыя Нёмнавы сыны!

І ты — нямога пасяджэння
Магутны замак — як жывеш?
Праб’е часіна адраджэння —
Ізноў ты, мілы, загудзеш!

А ты… ты — Нёман бела-сіні…
Ой, як харошы, дарагі!
Старыя хвоі, як багіні,
Твае бароняць берагі.

Цяпер нядоляй пілігрыма
Сюды загнаны незнарок,
Твой быстры бег лаўлю вачыма,
Гляджу і ўдоўж, і ўпапярок.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Вітай жа, Горадзен, дзяціну
Тваіх муроў, твае раллі,
Хоць ты прытулішчам будзь сыну —
Выгнанцу роднае зямлі!