Перайсці да зместу

О Крыўская зямля…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пішы… О Крыўская зямля…
Верш
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1924 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1 (7), студзень-сакавік 1924 г., б. 2-3
Да…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




О Крыўская зямля…



Чаму зьняслаўлена,
свабоды любае
здавён пазбаўлена,
О, Крыўская зямля!
Чаму ты поішся
сьлязмі гаручымі?
чаму ты поўнішся.
бядой пякучаю?…
Бо Ты,
зямля-крыві,
не валадарная
і не магутная,
раба бяздомная,
раба пакутная…
Раба,
не валадарная!…
Дык, вось, чаму твой лік
загіджаны, красы пазбаўлены;
дык, вось, чаму Ты, ясная,
зьняслаўлена!
Зьняслаўлена, пакрыўджана,
ў Славян сямьі паніжана…

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Крывёй сыноў Тваіх
куплялі славу гучную
на Грунвальду палёх.
Ад дзікае арды баронячы Заход
Тваіх байцоў касьцісты
вал палёг!
Безыменнаю, а ўсё-ж Тваей крывёй
паліты Хоціма даліны;
і панад Калкаю ракой
Маскальскія нізіны…
Арошаны крывёй Тваіх сыноў
Іпранскі край,
Само-Сьерра, Рэйн, Аара, По,
Сівы Дунай!…
О, так, гаротныя Крыўцы
ламалі косьці за чужую справу;
сваей крывёй і мазалём
ішлі купляць чужынцам славу!
Сабе-ж? Ды што сабе
жадаці мог правечны раб
чужое думкі!?
Найбольш, хіба,
прыгону лепшыя варункі…
Бо, што-ж, калі прывык
чужых багоў
ў чужацкай мове славіць,
з чужыны браць чужацкі полер
і чціць чужы на сьцягах колер!
Нясьці свае чужынцам думы
адзетыя ў чужацку шату
і верным быць сваёму кату…
Раба,
не валадарная!…
Дык вось чаму крывец
кару яловую у хлеб мяшаў!
Чужыя-ж каланісты
чысьцейшае зярно
стругамі гналі ў Рыгу…
А нам то што? Дармо.
Паном іх панскі Бог спрыяе…
У нас свайго німа…—
А Дзедзка-Дамавік,
той штось гуляе…

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

О, Крыўская зямля!
О, волатаў нашчадкі!…