Одгукі
Одгукі Артыкул Аўтар: Алесь Гарун 1918 Крыніца: «Вольная Беларусь», 1918, №1, 7 студз. |
Не мяркуючы з тым, што да гэтага часу рабіла Вялікая беларуская рада, Першы Усебеларускі з’езд у Мінску выклікаў одгук з боку мясцовых расійскіх і польскіх газет. Расійскія, злашча54 с.-р-скія газеты спачатку трымаліся бальшавіцкага тону, а пасля разгону з’езду далучылі свой голас да агульнаграмадскага пратэсту проціў бальшавіцкага прыгону. Адна з іх, як газета «Соц. Революціонер», была нават закрыта.
Але наогул расійскія газеты нават сацыялістычныя і нават федэралістаў (с.-р.) мала пра нас пішуць. Мабыць, натта ўжо затурбованы «большой» палітыкай і пагарджаюць нашым маленькім краёвым «колокольным патриотизмом». Мусіць, у іх, як і ў «комиссаров западной области» да беларускага руху, «без радости любовь».
Затое з польскага боку «гарачая і моцная любоў» так і рвецца на свет, і відаць, што тут «разлука» прынясе шмат каму вялікую «печаль». Праўда, сацыялістычныя польскія газеты аб нас маўчаць, бо, мусіць, не ведаюць нічога,— апроч органу мінскіх «народных камісараў». «Польска Правда», каторая, баронячы свае моцныя пазіцыі каля «советского пирога», вымысляе на нас усялякія небыліцы. Але нас цікавіць тая «любоў», якую выяўляе другая частка польскай прэсы — буржуазная. Найлепшы паказчык гэтага падае «Дзённік Мінскі» ў стацці п. К. П. аб Усебеларускім з’ездзе і ў пекнай патрыятычнай дэкламацыі п. Ал. Ляс. «З-над Эссы» (№ 147).
«Даганяючы, не нацалавацца»,— уздыхае п. К. П., зазначыўшы, што беларусы гостра адварачываюцца ад іх і лепей слухаюць праф. Карскага і іншых, што пужаюць іх польскімі легіонамі і настроіваюць на антыпольскі лад. Але з часам,— пацяшае сябе надзеяй п. К. П.,— «калі заспакоіцца гарачая эканамічная справа (зямельная.— А. П.), хаця мы і заплацім за гэта вялікія кошты», «пераканаюцца людзі, што за гэтым нас нічога не раздзяляе, бо самі сабою знікнуць антаганізмы: рэлігійны і нацыянальны». Гэта што датычыцца народу. А як любяць яны нашую зямельку, трэба паслухаць п. Ал. Ляс., гэтага гарусніка «культурнай» працы з-над Эссы (Барыс. павет). «Над Эссай» малюецца яму як праўдзівы закутак Божы. Добрая, сплаўная рэчка; лясочкі, каторыя лёгка даюцца да загранічнага сплаву; «хлопі бялоруске» — быўшыя вуніяты, а ў засценках і асобных сялібах «людносць польска і католіцка», надта прывязаная да польскасці і касцёлу, працавітая і заможная і, нягледзячы на царскі ўціск, захаваўшая традыцыі, веру, звычаі і зямлю. Толькі «обыватэльство» (памешчыкі) нікуды нягоднае, нічым не цікавіцца, забылася аб Польшчы і, пэўне, з маскалямі б здружылася, каб не некалькі «дзеячоў з Польшчы», каторых занесла над Эссу выгнанне. І, дзякуючы ім, «обыватэльство» ўваскрэсла. Завязаліся стасункі з Польскаю Радаю ў Мінску, адчыніліся ў некаторых пунктах польскія школы і г. д. Але ўсё гэта рушылася, як прыйшоў «хлоп бялорускі» і паразганяў тых, што рабілі тут «культурную працу» і завязвалі стасункі з Польскай Радай у Мінску. Прыйшлося ўцякаць з-над Эссы.
П. Ал. Ляс. скарыўся і з хрысціянскім смірэнствам упэўняе: «Няхай падаюць на нас цяжкія ўдары, але мы не кінем нашага краю, не аддамо гэтае зямлі, гэтае найдаражэйшае спадшчыны па бацькох,— будзем бараніць яе дастатку. Няхай няшчасце зробіць нас шляхетнейшымі, няхай узмоцніць злучанасць нашага далёкага кутка з усім польскім краем». А калі няшчасце абудзіць чуласць «обыватэльства» да Польшчы, то п. Ал. Ляс. гатоў благаславіць гэтае няшчасце.
Слухайце, пане К. П., і разумейце, што не праф. Карскі з іншымі настроіваюць проціў вас народ беларускі. Зразумейце, што калі слова «прыгоншчык» зрабілася адназначным слову «паляк», то тут вашая віна перад польскім народам, і праз гэтае народ беларускі ніколі не пацалуецца з вамі, хоць бы вы даганялі яго з усіх сіл. Як вольны з вольным, роўны з роўным, пойдзе ён, працоўны беларускі народ, поруч з другімі народамі, а ў тым ліку і з польскім, але не з вамі, прыхваснямі польскага імперыялізму, хоць бы вы былі і тутэйшымі здраднікамі і перакінчыкамі, забыўшымі бацьку і мацяр сваю.
Пара зразумець, што вашага «стану посядання» на Беларусі няма і не можа быць. Гэты стан пасядання трымаўся на зямельнай уласнасці, каторая павінна перайсці да яе праўдзівага, адвечнага гаспадара — «хлопа бялорускего», як вы яшчэ і цяпер называеце гаспадароў зямлі беларускай. Грунтуючыся на забранай у нас зямельнай уласнасці, вы заводзілі тут свае польскія «пляцоўкі», забеспячаючы сабе лягчэйшую абарону «стану посядання». Вы перарабляеце «людносць католіцкую» на «народ польскі», паслугуючыся ўплывам на народ вашых духоўнікаў і працаю школ «Мацержы», у якіх дзетак беларускага сялянства першым чынам навучаюць здрадніцтву і на пытанне «хто ты?» адказваць, што — «поляк». Супольна з братамі сваімі з Маскоўскага боку, панасаджанымі на шыю нашую расійскім самадзяржавіем, вы загналі народ наш на самы дол, даючы яму заміж хлеба камень, заміж свету — цемру, заміж нацыянальнай свядомасці — здрадніцтва і рэнегацтва. Але гэта скончылася!..
Вуснамі пана Ал. Ляс. вы запэўняеце, што будзеце бараніць свае землі... Ось гэта і падае нам думку, што вашыя легіоны за дапамогаю... трымаюцца на нашых Беларускіх абшарах дзеля акупацыі.
Зямлю нашую вы называеце «найдаражэйшаю спадшчынаю па бацькох»,— дык хіба ж селянін Беларусі, хіба ж народ беларускі, гэты спрадвечны яе насельнік,— хіба ён ваш бацька?.. Вы дамагаецеся большай спаяльнасці Беларусі з «Польскім краем»,— а ці запыталі вы ў народу беларускага, пачом абышлася яму гэтая спаяльнасць? Ці ведаеце вы, што гэтыя падсуседзі з Польшчай і Маскоўшчынай сталі яму косткай у горлі? Што гэтае падсуседства абдзёрла, абгалаціла яго і пазбавіла мення і ўласнага імені?
Не,— Масква і Варшава не святы*, а страшны выраз для беларуса, і не Расію і Польшчу назаве ён маткаю сваею! Маткаю народу Беларускага будзе яго «тутэйшая», Беларуская зямля, вольная, незалежная Народная Беларусь. А калі вы, калі «обыватэльству» вашаму так жадаецца «святоі спаяльнасці», дык можаце саўсім зліцца з кім ахвота вашая будзе, але зямельку натую, каторую вы з такім запалам збіраецеся бараніць (ад каго і якім спосабам?), мусіце пакінуць народу. Вы пакепліваеце з нас, што мы так заняты зямельным пытаннем. Так,— бо зямельнае пытанне — частка нашага нацыянальнага пытання, бо народ наш да гэтага часу быў у аблозі. Навокал яго сядзелі ворагі і з усіх бакоў будавалі «пляцоўкі» — у грамадскіх установах — маскоўскія, у дварох — польскія. Зруйнаваць гэтыя пляцоўкі — гэта першы крок у бок аслабанення нашага народу ад усякага ўціску: і матэрыяльнага і культурнага. З гэтага павінна пачацца нашае з вамі паквітанне... А потым? Потым прыходзьце і служыце народу нашаму. Іншага шляху для вас мы не бачым, бо яго няма.
На Беларусі, сярод сялянства, мяшчанства і засцянковай шляхты палякаў няма, апроч тых, каторым вы сваею «культурнай працаю» задурылі галаву і закруцілі мазгі. Калі ж нам даводзяць праціўнае, то гэта сведчыць толькі, што там моцна прышчэплена тая навука бескрывавых забораў, да якіх так здольны нямецкія імперыялісты. Што гэта так — пра гэта даводзіць нам той запал, з якім вы трымаецеся за свае пляцоўкі, як, напр., у касцелі, адкуль праганяеце ксяндзоў беларусаў і беларускую мову,— той запал, з якім вы выстаўляеце свае культурныя заслугі, і той паспех, з якім збіраеце сваё войска на нашай зямлі — проціў каго? Проціў Германіі? Цэнтральных дзяржаваў? Ваш пратэст проці ІІІ украінскага універсалу, дэлегацыя «обыватэльства Літвы і Беларусі» ў Берлін аб прылучэнні Літвы і Беларусі да Польшчы — даюць ясны адказ, дзеля якой мэты арганізуеце вы на нашай зямлі польскія легіоны.
Але не будзе гэтага!..
А. Прушынскі