Нягоды твой не зменяць крок…
Выгляд
Нягоды твой не зменяць крок… Верш Аўтар: Уладзімір Жылка Крыніца: http://bk.knihi.com/zylka/zylka1.html |
* * *
Нягоды твой не зменяць крок,
І ты пяшчотная ўсё тая ж,
І радасці жыцця ў вянок,
Як і калісьці, завіваеш.
Я ж лёсу не асіліў жудзь
І небыцця спужаўся плоймы,
І страшны, палахнечы пуць
Мяне вядзе ў твае абоймы.
Прыходжу, як даўней, к табе,
Але ўжо з іншым, горкім сказам,
А ты уваж маёй жальбе
І пасядзі са мною разам.
Кажу, а голас мой, як брэх, —
Ну што, мы толькі снім аб шчасці,
Звініць дачасны рады смех,
Каб абарвацца і прапасці.
І мой жа праз вякі цяжар,
І свет нікім не перайначан,
І кожны новы людскі твар
Пячаткаю трагічнай значан.
А ты кажы, што любы хвор
Ці нейкім чорным спален сонцам,
І што адвечна ззянне зор,
І б’е жыццё цурком бясконцым.
(?)