Ноч расла, як горны сон
Ноч расла, як горны сон Верш Аўтар: Змітрок Бядуля Крыніца: http://biadulia.ru/stories/254.htm |
Спусціўся вечар смуглай кветкай,
Памчаўся вецер на кані.
І зор рубінавая сетка
Кідала мгненні з вышыні.
Спляліся разам блізі, далі
У цёмна-сіні парасон.
І шэпты горныя паўсталі,
І ноч расла, як горны сон.
Падняўся першы клік шакала,
Пад морам слалася імгла.
І хваля хвалю паласкала,
І ноч, як ціхі звон, плыла.
І куст кізіла гнуў галіны,
Хіліў да самай да зямлі.
І за хвілінамі хвіліны,
Як слімакі, удаль паўзлі…