Перайсці да зместу

Новая зямля (1923)/XXVIII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XXVII. Па дарозе ў Вільню XXVIII. Дзядзька ў Вільні
Паэма
Аўтар: Якуб Колас
1923 год
XXIX. На Замкавай гары

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XXVIII.

ДЗЯДЗЬКА Ў ВІЛЬНІ.

І ня спынілася машына,
А ўжо пайшла, мітусяніна:
Хватаюць клумкі пасажыры,
Пад рукі б’юць зайцы-праныры,
Паны складаюць чамаданы,
Лубкі-каробкі, дзе схаваны
Паненак розныя прыпасы
Для завіваньня, для падкрасы,
Каб трохі зьменшыць перашкоды,
Пахібкі матухны-прыроды.
Срэдзь люду рознага і панства
І між усякага убранства,
Відна і дзядзькава апратка,
Пільчак і шапачка-аладка.
Машына стала. Валіць валам
Люд у тунэлі пад вакзалам,
А з ім і дзядзька цісьне збоку
Ад шэрых сьвіт непадалёку.
Яшчэ ніколі дзядзька зроду
Ня бачыў гэтулькі народу,
Паноў, чыноўнікаў багатых,
Такіх таўшчэразных, пузатых,
Што можа-б сьмела зьесьці булку,
Каб абыйсьці гэту качулку;
І выступаюць такім тузам,
Ідуць, ня бачаць ног за пузам,
Аж дол каменны чуць ня гнецца,
Як студзень, карк яго трасецца.
«Ото паноў! о, божа мілы!
Якія гладкія іх рылы!
Якія вусы і бароды!
Паставіць-бы іх у гароды —
Ні вераб’і і ні вароны
Ня сьмелі-б сесьці на загоны!
І працьмата-ж іх тут якая!»
У мысьлях дзядзька разважае:
«А морды зьяюць, як пад лакам,
Відаць, жывуць яны са смакам.
А ўзяць паненак — ажно зьяюць
І ходзяць — долу не чапаюць:
Так лёгка, плытка, далікатна,
Як-бы матыль той, акуратна.
Ды што рабіць дачушкам бруку?
У гэтым іх уся навука.
Растуць, як краскі, ў добрай долі,
Ня трэба йсьці з сярпом на поле,
Дзе праца ўсю красу зьнімае,
А ржышча ногі прабівае.
Ідзе наш дзядзька і баіцца,
Каб часам як не памыліцца
І ня ступіць каму на ногі
І каб ня зьбіць каго з дарогі.
А боты, падлы, ну, відочна,
Ня так, як людзі, йдуць нарочна:
На ўвесь вакзал грымяць насамі,
Як конь па току капытамі.
Дзівіўся дзядзька тут нямала,
Йдучы тунэлем да вакзала.
Як хітра, мудра збудавана!
Як чыста, хораша прыбрана!
А колькі вулачак і ходаў,
Палітурованых усходаў!
Там угары над галавою
Ідуць вагоны чарадою!..
О, хітры сьвет, на штукі здаўся!
Тунэль тымчасам разьдзяляўся,
І вал сярмяжнага народу
Ідзе да правага праходу.
Паны налева важна садзяць,
Дзе іх сярмяжнікі ня здрадзяць
Ні пахам дзёгцю, ні карчагі,
Ні відам латанай сярмягі.
Як выйшаў дзяцзька наш з вакзалу,
Яму аж моташна нейк стала:
Такое пекла — шум страшэнны,
Застой паветру і дух дрэнны;
Народ таўчэцца, каля конкі,
Па бруку б’юць падковы звонка,
Грымяць павозкі, буды, колы,
Аж проста глушаць балаголы —
І гэта процьма ўсякіх зыкаў
Зьлілася ў гул адзін вялікі,
Дзе з няпрывычкі вуху цяжка,
Дзе б’юць па сэрцы яны важка,
Снуе народ, як на пажары,
Пад ім аж гнуцца тратуары.
Эй, божы люд! Якая сіла,
Цябе віхрамі закруціла?
Куды ты йдзеш? чаго шукаеш?
Які ты ў сэрцы смутак маеш?
Куды вядзе твая дарога?
Чаму задума і трывога,
Пячаць на твар твой палажыла?
Чаго глядзіш ты так няміла?
Няма ў тваіх вачох прывету,
Як-бы ня рады сонцу, сьвету.
Ідзе народ, як хвалі мора,
Як хмары ў небе на прасторы,
Адны другім усе чужыя.
Ідуць старыя і малыя,
Ідуць-шнуруюць чарадою,
Заняты кожны сам сабою.
І дзядзька з гэтым людам зьліўся,
Як зерне ў зернях, загубіўся.
Быў дзядзька ў пушчах, у барох
І расчытаць іх голас мог,
І з старасьвецкімі дубамі
Каротка знаўся, як з сябрамі.
А тут — адзін, бо ўсе чужыя,
Ня знаеш, хто яны такія,
І сам для іх ты чужаніца.
На камяніцы камяніца,
Ня згледзіш неба край за імі
І ціснуць сьценамі сваімі.
Ідзе так дзядзька і па бруку
Адзін за дзесяць робіць груку.
А дзе-ж той банк? — карціць пытаньне,
Так правандруеш да зьмярканьня,
А сам туды не пападзеш
І толькі дзень дарма зьвядзеш.
Ды дзядзьку страшна прыступіцца,
Спытаць людзей ён тут баіцца,
Бо ўсе такія падзіманы,
І хоць-бы твар адзін рахманы,
Або свой брат, мужык-трудзяга —
Нідзе ня сьвеціцца сярмяга.
І дзядзька наш стаў прыглядацца,
Ў каго б дарогі запытацца,
Бо ён зрабіў адну ўжо спробу,
Спытаў чумазую асобу,
Ды тая так яму сказала,
Што лепш-бы ёй няхай зарвала!
Тут дзядзька кроку падбаўляе
І пана з цэшкай наганяе:
Ступіў яшчэ ён колькі крокаў,
Да пана коціцца ён бокам;
А пан ня бачыць ці ня хоча
Глядзець, як дзядзька наш клапоча,
І ў ім патрэбу дужа мае,
Ідзе і палачкай махае.
Тут дзядзька трошачкі прыгнуўся,
Рукою пана дакрануўся.
— Скажы, паночку, як далёка,
Зямельны банк? — Пан кінуў вока,
На дзядзьку скрыва так і строга.
— Спытай аб тым гарадавога! —
Сказаў і кроку пан прыбавіў,
Як-бы пытаньнем абясславіў
Яго наш дзядзька прад панамі,
Прад тымі, вось, капялюшамі,
«Ото завіў, настроіў лыжы,
Як-бы чарцяка той ад крыжа»,
Антось сабе сам усьміхнуўся
І на ўсе бокі азірнуўся,
Як-бы хацеў сказаць: «Глядзеце,
Якая цаца зьяе ў сьмецьці!»
Памалу стаў ён разглядацца.
Э, што! няма чаго баяцца!
Ідзе вальней, глядзіць сьмялей,
На сэрцы стала весялей,
І трохі карк ён падымае,
На крамах вывескі чытае —
Нядарма-ж дзядзька быў у школе,
Навуку ведаў ён даволі.
Ды перабраў тут дзядзька меру:
На слуп узьбіўся, на халеру,
Ды так аб падлу штурхануўся,
Што сьвет яму перавярнуўся,
На брук зьляцеў ён з тратуару,
Перакруціўся разоў пару
І так у брук бядак загасіў,
Траха манеркі не расквасіў.
Ды дзядзька борзьдзенька схваціўся,
Зьнячэўку ён ашаламіўся,
Як той шчупак, папаўшы ў нерат:
Ня знае ён — дзе зад, дзе перад.
«Бадай цябе агні спалілі!
На які чорт слупоў набілі?» —
Гаворыць дзядзька сам з сабою,
Пыл абіваючы рукою,
І тут ня толькі азірнуўся,
Глядзіць — у кут глухі упхнуўся,
Сьцяна прад ім і сьцены збоку,
Ўпярод ня ступіш ані кроку —
Прапала вуліца ды годзе!
Таўчэцца дзядзька, як у бродзе
Той сом, прыціснуты плытамі,
Што ў букце век жыў пад карчамі.
«Бадай ты спрахла! дзе-ж дарога?
Нагвалт крычы гарадавога!
Куды нялёгкая загнала!»
Аж проста дзядзьку страшна стала,
І з перавулачку глухога
Ідзе шукаць гарадавога,
Ідзе і горад праклінае;
Падшыбла злосьць яго такая,
Што каб прымеў-бы, ўзяў саломы
Ды падпаліў-бы ўсе харомы,
Бо ўсе дарогі загрузілі
І сьвет яму тут зачынілі.
Мінут праз колькі з перавулку
На сьвет ён выбіўся, дзе гулка
Нясьліся зноў страшэнна зыкі,
Дзе горад гуў многаязыкі.
Цяпер наш дзядзька ня чытае,
А больш пад ногі паглядае
Ды кіне вока, ці ня блісьне
«Жаданы шнур, ды далей цісьне.
Шукае дзядзька наш, як бога,
Ў людзкой галдзе гарадавога.
А вось і ён! стаіць, плячысты
І погляд кідае празрысты;
Стаіць, як той пастух над стадкам,
І паглядае за парадкам —
Натое-ж горад і губэрня.
Тут з тратуару дзядзька верне,
Ідзе, за брыль здалёк бярэцца,
«Дзень-добры» кажа, як вядзецца,
Яшчэ крок бліжай падступае,
Аладку-шапку падымае.
— Скажэце, як мне ў банк папасьці?
Мне па зямельнай трэба часьці.
— А вось як пойдзеш, чалавеча,
Таму касьцёлу насустрэчу,
Там будзе вуліца направа, —
Пачаў казаць служака бравы: —
Ты правай вуліцы трымайся,
А там другога запытайся,
І скора банк той будзе блізка. —
Скланіўся дзядзька яму нізка,
Бо надта-ж добрым паказаўся,
І так ён дзядзьку ўспадабаўся,
Што калі будзе ўсё шчасьліва,
То вып‘е з ім хоць пару піва
І зьесьць з ім разам кусок сала;
І весялей зноў дзядзьку стала.
Зрабіўшы два-тры павароты,
Людзей спытаўшы раз мо’ ў соты,
Спыніўся дзядзька каля банку,
Дзе ўсходы чыстыя, як шклянка,
Шырокі крок яго стрымалі
І ў душу страх яму нагналі.
Стаіць наш дзядзька ў задуменьні,
Ня сьмее ўзьняцца на ступені:
Баіцца ён мужычым ботам,
Прапахлым дзёгцем, здорам, потам
Тут насьлядзіць або напляміць,
Лепш іх ня знаць, няхай іх цяміць!
Ступі ня так, падымуць сварку
Ды на барыш дадуць па карку.
І гэта «іх», як здань ліхая,
Спакой ад дзядзькі адганяе;
«Іх» — нешта злое, цемень-сіла,
Што душу дзядзькаву муціла;
«Іх» — гэта тое, што варожа,
І ў рог барані сагнуць можа.
Ды дзядзька страх перамагае,
Ён шапку загадзя зьнімае,
Па ўсходах чыстых як мурашка,
Паўзе ўгару, ступае цяжка, —
Забіты дух яго вякамі
Ўжо чуе страх перад панамі.
Ў прасторнай, чыстай, сьветлай салі
Паны туды сюды снавалі,
Равьвязна, моцна гаманілі,
Цыгары доўгія курылі,
А дзе каторы шарганецца,
Каля яго прыслужнік трэцца
І падае яму адзеньне,
А сам — пакора і жычэньне;
А пан той руку ткне ў кішэню,
Яму «дзесёнтку» суне ў жменю;
Прыслужнік, ну, чуць ня прысядзе, —
Аж сьмех бярэ, на гэта глядзя.
Але й паны ня ўсе тут роўны:
Адны з іх круглыя, як броўны,
Ідуць спаважна, ў перавалку;
Другія выпетрылі ў палку;
Адны трымаюць нос высока,
Другія ў дол спускаюць вока.
Апроч паноў, у гэтай салі
І мужыкі ў куткох стаялі,
І людзі простага больш званьня
Таўкліся ў банку ўжо ад раньня;
Між імі гоман ціха вісьне,
Туды і дзядзька Антось цісьне.
Прыйшоў, суседзей зьмерыў вокам
І да сьцяны прыпёрся бокам.
— Сядай, мой мілы, мой харошы,
Бо за «пастой» ня плацяць грошы, —
Сказаў сярмяжнік дабрадушна.
На лаўку дзядзька сеў паслужна,
Ўздыхнуў, падзякаваў суседу,
Ўжо пажылому, чуць ня дзеду.
Пайшлі пытаць адзін другога,
Хто ён, адкуль, сяла якога,
Губэрні, воласьці, павету.
— Прыехаў я сюды з-за сьвету,
З пад самых Стоўпцаў — чулі можа?
— Не, не здаралася, нябожа.
— А самі скуль вы? — Я з-пад Ліды,
З сяла Вялікія Дзяміды
(Ён Грышкам Верасам назваўся);
Яшчэ са ўчора затрымаўся.
Пустая справа, ды і тую
Не давядзеш ты да ладу —
Гадоў са два яе вяду,
Як тут ні ладжу, ні мяркую…
Эх, мілы мой ты! за панамі
Няма прадыху. Хто з грашамі,
І мажа збоку, — той і едзе,
Так вось і робіцца, суседзе. —
Ён знаў чыноўніцкія сеці —
Ня дарма-ж соваўся па сьвеце,
Зямлі шукаючы з сябрамі,
І добра знаўся з пісарамі.
— Вам трэба з банку разрашэньне,
Пішэце, мілы мой, прашэньне;
І калі хочаце, параю:
Пісарчука такога знаю,
Што вам прашэнейка за злоты
Напіша з мілаю ахвотай.
— Ах, калі ласка, пане Верас!
Скажу вам дзякую яшчэ раз,
Бо покі сам чаго даб’ешся,
То і жыцьця свайго зрачэшся.
— Ну, то хадзі! — Ўстаюць, выходзяць
І па панох вачамі водзяць
І каля століка пустога —
Там ня было цяпер нікога,
Апроч бутэлечкі чарніла,
З шырокім донечкам бяз рыла —
Сябры спыніліся маўкліва.
— Вам што? — пытае іх пачціва
Сам пісарчук. Ён стараваты
І росту нізкага, кашлаты,
І вынік ён перад сябрамі,
Як тая порхаўка часамі
Па цёплым дожджыку з зямлі.
А вось да вас якраз прыйшлі —
Тут дзядзька ўперад выступае
І просьбу ціха выкладае.
— Пастойце-ж трошкі, пачакайце,
А вось вам крэселка, сядайце! —
З стала ён вынуў ліст паперу,
І ўсю пісарскўю манеру
Ён перад дзядзькам выяўляе:
З за вуха ручку выцягае,
Рукою водзіць, нібы піша
І трэ свой лоб ды носам чмыша.
Паразважаўшы, для прыкрасы
Пайшоў выводзіць выкрунтасы;
Уважна дзядзька пазірае,
У жмені злот даўно трымае.
— Ну, вось прашэньне і гатова,
Прашэньне — «рэхт!», ну, адно слова!…
Вы, можа, граматны часамі?
— А так, — расьпішамся і самі.
І дзядзька пальцы разгібае,
Бярэ ён ручку і мачае;
Ды граблі-пальцы, як чужыя,
Ці як калочкі дзервяныя,
Пяро трымаюць бокам, крыва
І водзяць ручку баязьліва;
І покі дзядзька расьпісаўся,
На лбе буйны пот паказаўся
Бы дзядзька летняю парою
Прайшоў па купінах з касою.
— Цяпер ідзеце ў тыя дзьверы
Зрабіць адметку на паперы —
Ківае пісар галавою.
І дзядзька дробнаю ступою
Падходзіць к дзьверам, адчыняе,
Прашэньне ў скрутачку трымае.
А там, за доўгімі сталамі,
У стол уткнуўшыся насамі,
Сядзяць пісцы, як гною кучкі,
Скрыпяць іх пёрцы, ходзяць ручкі,
Трашчаць, як конікі на сене
Ці тыя шашалі ў палене, —
Заняты кожны сваім дзелам.
Ступіў наш дзядзька крокам сьмелым,
Ідзе к сталу, што быў пабліжай.
Да барады з чырвона-рыжай —
І перад тэю барадою
Схіліўся нізка галавою.
Чыноўнік буркнуў штось сярдзіта,
Як той япрук каля карыта,
Але прашэньне ён прыймае,
Насупіў бровы і чытае.
— Ідзі ў той стол, налева трэці! —
Махнуў чыноўнік барадою,
Як саламянаю мятлою.
«Адкуль яны бяруцца, чэрці?»
Прамармытаў руды пісака.
Пайшоў наш дзядзька-небарака,
На стол паказаны трапляе
Ды йзноў там голаву скланяе
І перад новым палупанкам
Стаіць, прыгнуўся абаранкам.
Чыноўнік толькі лыпнуў вокам
І павярнуўся к дзядзьку бокам
Ды водзіць пёрцам па «бумазе»
(Ужо такі пачот сярмязе!).
Стаіць наш дзядзька, не адходзіць.
«Ну, што-ж? няхай пяром паводзіць:
Не на дажджы я, часу маю,
Ня пан я, трохі пачакаю».
Чыноўнік лыпнуў зноў вачыма,
Як-бы на цешчу ці айчыма,
Зноў у паперы ён уткнуўся,
А дзядзька наш ні зварухнуўся.
Злаваць чыноўнік пачынае,
Што дзядзька вытрыманасьць мае.
Чыноўнік злосны ня стрымаўся.
— Табе чаго тут? — запытаўся,
Сярдзіты, поўны нецярпеньня.
— На-конт зямлі: вось і прашэньне, —
Гаворыць дзядзька так салодка,
Як толькі можа, ды каротка
Яго чыноўнік злы спыняе:
— Ня важна справа, пачакае;
Прыйдзі сюды праз тры гадзіны! —
Ўздыхнуў Антось ад тэй навіны.
«Ось дзе выжыга! ось бізун,
Бадай цябе забіў пярун!
Чакай дабра ты ад хамулы,
Няхай табе дасьць бог тры скулы!
Няхай цябе водзяць сьляпога,
Як водзіш ты за нос другога!»
І як ні кляў ён гэту п’яўку,
Ды мусіў даць рубля за спраўку.