Міхал вайшоў у хату злосны.
— Ах, ты, вар‘яце бязьлітосны!
За што ты лаеш? за што хаеш?
Што да мяне ты, скажы, маеш?
Чаго чапляешся слатою,
Каб ты ня ведаў век спакою!
А прападзі ты, гад шалёны!
І доўга сыпалісь праклёны,
Пакуль Міхал свой гнеў ня выліў.
— Але-ж і я яго зажыліў!
І зразу змоўк, сабачча, морда! —
Міхал прамовіў досыць горда: —
Прагоніць вон — хай праганяе,
А служба знойдзецца такая:
Мяне сам князь ў замку знае!
— І маладзец, — гаворыць жонка: —
Ды трэба больш было насыпаць,
Каб аж пашла, калоць пад кіпець,
Каб зьзелянеў ён, як зялёнка.
Прагнаць! за, што? Украў ці што ты?
За лес спраўляеш сабе боты?
Ці прапіваў дабро скарбова?
Ня будзе гнаць цябе за слова:
Няма прычын. А папусьціся,
Тады ідзі ды хоць тапіся.
— Ото-ж зарава! от халера!
От дачакалі сабе зьвера!
Прыпільнаваць бы дзе, брыду, — За, «гітал», падлу, ды ў ваду!
Парваць-бы ноздры качарэжкай,
Або глузды адбіць даўбешкай;
І ня было-б табе граху:
Забіў, як вош або блаху! —
І дзядзька моцна абурыўся
І разважаць яшчэ пусьціўся:
Ці быў-бы грэх, ці грэх ня быў,
Калі-б падлоўчага забіў?
Міхал, сказаць, крыху баяўся:
Размовы з ім ён спадзяваўся.
А што, як скажа выбірацца?..
Такі пабайваўся, прызнацца.
Бо што-ж? няма дзе разгарнуцца,
Няма, дзе, брат, табе прыткнуцца.
Ды ў той-жа дзень наказ быў даны
Ісьці Міхалу пад буданы
Сачыць ваўкоў. Ну, значыць, квіта!
Прайшла, гарачка і нябыта.
І праўда: ўсё сышло, ні слова.
І нават з ім была, размова,
І гаварыць з сабой даваўся —
Ня тым, зусім ня тым здаваўся!
І ўсе згрызоты нейк адселі,
І ўсе тут йзноў павесялелі
Ды йзноў рабілі свае справы
І для карысьці і для славы.
Цяпер дазвольце вы ўжо мне
Сказаць аб дзедавым чаўне.
Калі казаць пра човен дзедаў,
То трэба ўжо, каб кожны ведаў
Пра, дзеда Юрку хоць-бы змала.
Перш-на-перш Юрка — цесьць Міхала,
А стала быць яго сваяк;
Затым — дзед Юрка быў рыбак.
Ды рыбакі ня ўсе аднакі —
Свае ў іх густы і адзнакі.
Дзед меў да сецей нахіленьне,
А вудзіць — не: ня меў цярпеньня
І ня любіў наогул вуды
І гэтай вудавай маруды,
Бо вуду любяць больш паны І, выбачайце, сьвістуны;
Хоць, праўда, хлеб ядуць і з вуды,
Але ня ўсе і не заўсюды.
Вось невад — о! другая справа —
Тут, брат, ня вуда, тут — аблава!
І волак можна пахваліць:
Ім можна здорава лавіць.
А лепш за ўсё, мае браткі…
Сказаць вам? венцер, нераткі!
Ды толькі трэба мець знароўку,
Каб не страляць у саракоўку,
Бо трэба ведаць, дзе паставіць
Ды ўмець і венцер добры справіць.
Мастак быў дзед на ўсё на гэта:
Лавіў ня мала ён за лета:
Былі ліны, язі і плоткі —
Лузаў дзед добра сабе злоткі:
Было за што кручок загнуць,
Было і ў краму з чым зірнуць.
І любяць дзеда Юрку ўнукі,
Яны цалуюць яму рукі,
А дзед у плечы іх цалуе
І абаранкам патрактуе.
Цукеркі дзеду — не, ня любы,
Няхай іх качкі: псуюць зубы,
Дык лепш ня зваць іх, ну іх к ляду,
Гэту дзявочую прынаду!
Звычайна дзед быў вельмі ціхі,
Не падымаў нідзе шуміхі,
Але быў сталы і разумны,
Такі разважлівы і ўдумны —
Ну, чалавек старога складу,
Калі што скажа, то да ладу.
Але дзе крыўда і махлярства,
Тады дзед меў адно лякарства —
Не паглядзіць ён, хто такі ты:
Хоць чорт, хоць д‘ябал знамяніты,
Пляваць яму на тваю масьць,
Але ўжо чапаласу дасьць.
Адзін на ўсіх пайсьці гатовы,
Без разважаньня, без размовы!
Ну, а калі дзед падгуляе, Тады ён йзноў адменнасьць мае,
Тады ён нават і бушуе
І трохі сына памуштруе;
Але пад гэтым бушаваньнем
Хавае гумар з насьмяханьнем:
Больш жарты строіць, чым ваюе.
— Язэп, ўставай! — крычыць ён сыну: —
Ўставай у гэтую-ж хвіліну! —
Бярэ дзед ноты ценаровы,
Нябыта злосны яго бровы.
— Чаго да хлопца прывязаўся?
Лепш лёг-бы каменем. Набраўся! —
Гаворыць баба і сярдуе,
А дзед яе, як-бы й ня чуе.
— Ўставай, лайдак, маліся богу! —
Язэп варушыцца ў бярлогу,
Ўстае, пачухваецца, плача:
Што то за доля, за бядача!
Ці ён распусьнік? ці ён збойца?
— Ну, кленч!.. хрысьціся! ў імя ойца!. —
Язэпа трохі дзед павучыць
І памуштруе і памучыць,
Бо трэба-ж іх адукаваць
І паслушэнству навучаць.
Яшчэ на дзеда паглядзеце,
Калі дзед вып‘е на банкеце.
У дзеда шчокі румянеюць,
У дзеда вочы весялеюць,
Гарохам дзедаў сьмех якоча,
А сэрца руху, шуму хоча.
„Ешча-шчышча! Ешча-шчышча!“
Тут дзед і цмокае і сьвішча
Салаўём й сіваваронкай
Ды як зальлецца песьняй звонкай!..
Не! дзеду трэба болей руху,
І дзеду цесна ў тым кажуху.
Кажух на лаву дзед скідае
І бубен-рэшата хватае,
Бубніць у вечка, чым папала,
Ды як прышчолкне! ды прыўдала!
Тут вам і полька і мазурка…
Такі быў дзед, нябожчык Юрка! І дзядзька быў рыбак выдатны,
Хоць больш урыўкавы, прыватны,
Але лавіў такі ня мала,
І дзядзьку ў рыбе шанцавала.
Бывала пострыжні прыправіць,
На шчупакоў нясе і ставіць.
Глядзіш — о, добрая мінута! —
Шнур з вілак спушчан, палка ўгнута,
Схапіў жыўца шчупак і сьвішча,
Дастаў — ў два локці шчупачышча!
І з вудай дзядзька шчасьце мае:
Язёў ванадзіць і келзае;
Язі ў тры хунты і ў чатыры!
Агледзіць дзядзька букты, віры,
Картофель зварыць і гароху
І надзіць рыбу ён, патроху.
Лавіў наш дзядзька нераткамі
І венцярамі і сачкамі,
Ды аднаго ўсё-ж бракавала:
У дзядзькі чоўна не ставала.
Каля адрынкі пад страхою
У дзеда Юркі сіратою
Валяўся човен так, бяз дзела,
На сонцы сохла яго цела,
І човен, праўда, ўжо ня новы.
Дзед Юрка быў рыбак скарбовы,
Скарбовай чайкай карыстаўся,
А ўласны човен так валяўся,
Як-бы ў адстаўцы той сэнатар,
Хоць на чаўны дзед быў аматар.
Дзед Юрка дзядзьку паважае
І да яго прыхільнасьць мае:
Антось ня знае такой моды
Рабіць у рыбе перашкоды
І глупства ён рабіць ня стане
І ў венцер дзедаў не загляне.
— Бяры, Антось, ты човен гэты.
Рассохся трохі ён за лета
І сям-там нават пакалоўся,
І шашаль, можа, дзе завёўся,
Але, агледзіўшы, нічога:
Яшчэ паслужыць мала-многа. — Антось, як сонца, засьвяціўся:
Даўно аб чоўне ён смуціўся.
Да дому дзядзька ехаў лёсы,
Кладзе ён човен на калёсы,
І едзе наш Антось вясёлы,
І з ім падсьмейваюцца й колы.
На рэчку човен ён спускае —
Няхай сабе тут намакае;
А там, управіўшысь з сяўбою,
Зальле Антось яго смалою,
Агледзіць і заканапаціць,
А дзе і бляхаю прыхваціць.
«Засьвішча човен мой стралою!»
Так думаў дзядзька сам з сабою.
Пакуль Антось канчаў работу,
На рэчцы човен меў турботу:
Як толькі добра сонца ўгрэе,
Кастусь у чоўне ўжо дурэе
Без нагавіц ў ваднэй кашулі,
І хоць за ногі мыцкі тнулі
І запускалі як-бы сьпіцы,
Але скідаў ён нагавіцы,
Бо так спрытней быць каля чоўна,
І нагавіцы — рэч умоўна.
Зазнаў тут бедны човен гора:
Каламі Костусь яго пора,
І ва ўсе бокі яго круціць
І толькі воду каламуціць,
Бо тут гразі больш, чым вады,
І мулу, рознае брыды.
Бубніць тут човен, ходзіць рэха —
Такая хлопцу з ім пацеха!
Антось на човен свой як гляне —
І весялей на сэрцы стане:
Які-б ні быў, а ўсё чаўнок
І шчылін мала, як намок.
Тымчасам дзядзька ненарокам
Глядзеў на човен добрым вокам.
Дзянёк ён выбраў больш-менш вольны,
Ідзе вясёлы і давольны.
На бераг човен выцягаюць,
Алесь і Костусь памагаюць. — На бок вярнеце, дном у гору!
Палечым зараз, наш ты хворы! —
Да, чоўна дзядзька так зьвярнуўся
І каля яго ён завінуўся.
— Бярэце пакульле і сьпіцы…
Памчымся мы на ніз крыніцы,
Аж толькі вецер засьвідруе! —
Язду ўжо дзядзька тут смакуе.
— Вы шчыльна, шчыльна затыкайце!
Што наймацней, брат, забівайце!
Ды дружна, борзда канапаціць,
Каб час ня зводзіць і ня траціць.
Стары ўжо, падла, і трухлявы:
Увесь, як рэшата, дзіравы. —
Гаворыць дзядзька ў час работы,
Сабе, другім дае ахвоты.
Ідзе работа і размова —
І канапачаньне гатова.
Смалою трохі засмалілі
І на ваду чаўнок спусьцілі.
Але тут цесна, вады мала,
І дно аб землю шаравала.
А дзядзька хоча дзеля спробы
Дальш з гэтай выбрацца трушчобы:
Там, далей, рэчка не такая
І глыбіні даволі мае.
Праз плот чаўнок гуртом куляюць,
На ніз паволі прапіхаюць,
А дзядзька сам садзіцца ў човен.
«Плыве човен, вады повен,
Ды ўсё — хлюп! хлюп! хлюп!»
Сьпяваюць хлопцы і жартуюць
І дзядзьку з чоўнам дальш шыбуюць.
А дзядзька важны выгляд мае;
Замест вясла, прысок трымае,
А твар яго, як сонца, ясны,
Бо гэты човен — яго ўласны
І не цячэ ён а ні-ні;
Чаўнок, куды ні павярні.
І трэба ўсё-такі зазначыць —
Такой працэсьсі вам ня бачыць:
Алесь і Костусь човен пхаюць, Падол кашуль ў зубох трымаюць,
А дзядзька ў чоўне — сонца ў коле!
Тымчасам човен і на волі,
Бо тут глыбока рэчка грае,
І хлопцам пуп вада, мінае.
— Ну, годзе, хлопцы, досыць вам:
А ну-ткаль спробую я сам! —
І дзядзька ўжо тут адразэчку
Пачуў, што выехаў на рэчку,
І гэта яснасьць сходзіць з твару.
Бярэ ён прыс, ён повен жару,
Рашучасьць думкі, сьмеласьць руху, —
Эх, колькі сілы, колькі духу!
Зусім істота ў ім другая!
На прыс ён разам налягае
Ды на нагах калі прыгнецца!
Тут човен раптам як рванецца,
Бы той спалоханы шчупак!
Гэрой наш дзядьзка, наш рыбак,
Адразу ў дзьве бяды папаўся:
Перш-на-перш прыс у гразь вагнаўся,
А човен носам — трах у дрэва!
А дзядзька раптам — гоп налева!
І ногі ў портках адмысловых —
Ня проста ў зрэбных — шарачковых
Адно ў паветры бурканулі!
Ды ў воду ў момант баўтанулі!
Ўсхапіўся дзядзька мокры, брудны,
А вынік спробы тэй паскудны:
Чаўнок — ня човен, а карыта,
І нос і частка дна адбіта;
Прысок тырчыць, як струп на плеху,
А хлопцы поўзаюць ад сьмеху,
А дзядзька сам — цар без кароны
І выгляд — мокрае вароны!
|