Новая зямля (1923)/X

З пляцоўкі Вікікрыніцы
IX. Новы лясьнічы X. На панскай службе
Паэма
Аўтар: Якуб Колас
1923 год
XI. Дзедаў човен

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




X.

НА ПАНСКАЙ СЛУЖБЕ.

У той-жа дзень, праз час каторы,
Прыйшоў сюды Марцін з Каморы,
Лясьнік таксама пры кватэры.
Загады розныя, паперы
Яму ў лясьніцтве даручалі,
Калі з наказам пасылалі.
Яшчэ здалёк, аж каля кліна
Антось заўважыў тут Марціна.
— Ну, прэцца ўжо Марцін з наказам!
Згарэў-бы ты, панок, з ім разам! —
Дабра так пану пажадалі,
Але з цікавасьцю чакалі,
Што ім Марцін тут засьпявае.
— Ну, што нам васпан сказаць мае?
— Наказ прынёс я да васпана!
Наказ такі, каб заўтра зрана
Твой брат Антось йшоў да адбору,
А сам Міхал аб гэту пору
Настройвай лыжы да сялібы —
Падбаць паном на-конта рыбы:
Бяры там невад з рыбакамі,
Паноў парадуй шчупакамі:
Галодны, можа, небаракі,
А мо’ абрыдлі ім прысмакі —
Вяндліны, мяса і катлеты —
Павысыхалі, як шкялеты,
Іх вецер з ног чуць ня скідае! —
Марцін тут жарту падпускае.
— Ну вось, ужо і даў задачу!
— Ты нездаволены, як бачу:
Але пастой, Міхал, даслухай,
Тагды ты ўжо глуздом парухай:
Пан прыказаў яшчэ васпану,
Злавіўшы рыбы, каб тады-жа,
Сам васпан вёз і да Нясьвіжа
Таму-другому калашману,
Што падпіраюць князеў замак,
Для цешчаў іх і розных мамак.
— Наказ нічога для пачатку!
Што-ж далей будзе, пане братку? —
Э-гэ-гэ-гэ! ня мець спакою! —
Міхал затрос тут галавою: —
Ой, дасца гэта служба ў знакі!
На карк усьсядзе д’ябал ўсякі.
Хіба ён літасьць, сэрца, мае?
Ўжо двух ў службу запрагае:
Адзін на рыбу — той ў адборку…
Няма на іх, галоў, паморку,
Вось на такіх чартоў лазатых,
На гэтых джынджыкаў праклятых!
Быў чалавек, што можна-б ладзіць,
Дык вось няма — памёр! Ня вадзіць
На добрых нам паноў ніколі.
А вось такі «Рак», ліха долі,
Ня будзе мець табе і зносу.
Так, брат: для нашага ён лёсу!
І ёсьць-жа прыказка такая:
«Кляні ты пана — пан сычае!»
Міхал хадзіў і бунтаваўся
І на лясьнічага, злаваўся.
— Ідзе работа, сеяць трэба,
Ляжыць ня ўзвораная глеба,
А ты й каня бяры ў прыдачу…
Сказаць-то лёгка — даў задачу!…
Ото бяда! ото галеча!
А меў-бы кут свой, чалавеча,
Ці-ж бы служыў? цярпеў-бы здраду?
Даўно-б у морду плюнуў гаду!
Пашоў ты к ліху! праваліся!
Сам гэтым хлебам падавіся!
— Вось тут-та, брат, і гора тое
І гэта ліха насланое,
Што нам няма дзе зачапіцца,
І мусім з гэтым мы гадзіцца,
Пад дудку панскую скакаць
І іх загады выпаўняць —
Цябе-ж дзяруць, як тую ліпку! —
Марцін з кішэні вынуў піпку,
Цыбук заядла прадзімае
І піпку пальцам набівае.
— Цьфу! лае, бэсьціць з-за нічога!
А мух, брат, мух у носе многа!
І так нясецца ён, васпане, —
Тычына шапкі не дастане!
Не пазірае табе ў вочы,
Глядзіць, бы воўк той, заўжды скрыва,
І заўжды злосны ён на дзіва,
І заўжды лаяцца ахвочы…
Ды чорт яго бяры, Міхале!
Што зробіш гэтакай завале?
Ось будзем жыць сяк-так памалу.
Ці гэта ў першы раз Міхалу
Такія справы мець з панамі?
Няхай яны лепш здохнуць самі,
Чым мець праз іх яшчэ згрызоты.
Хіба-ж, Міхале, мы сіроты?
І пан, калі нам пашанцуе,
Пад нашу дудку затанцуе:
Няпраўда — згіне племя злое!
— Калі-ж-та будзе сьвята тое?
Хіба, як возьме нас магіла?
Ня наша, браце, а іх сіла!..
Адно, брат, тут: старацца трэба
Прыдбаць сваю скарынку хлеба,
Бо людзі кажуць: „Хлеб служачы
Ня надта добры хлеб — сабачы!
І не сабака страшан воўку,
Калі прышлося сказаць к слоўку,
Мой пане браце, мой Марцяга,
А няпрыемна яго зьвяга! —
Яшчэ крыху паразважалі
І трохі злосьць сваю сагналі.
Марцін пайшоў, але для пана
Было яшчэ крыху дадана
Ня вельмі добрых пажаданьняў
І пацер розных і літаньняў.
Але дабра палёгкі, толку
Не прыбыло з таго й на голку.
Спакою тут Міхал ня знае,
Як-бы на колы вада тая,
Ідзе ды йдзе Міхал ў абходы,
І ня ухілішся ад шкоды:
То дуб сьсякуць, бярозу зваляць,
А там і лес табе падпаляць
Або патравяць сенажаці,
Пажнуць траву на корм цяляці.
Народ жадзён, жыве у сьціску,
Гатоў у вочы сыпнуць прыску,
Зрабіць зумыслу дзеля зьдзеку, —
Не, не ўнаровіш чалавеку!
І свой-жа брат цябе кусае,
Бо кожны выслужыцца хоча:
Адно гаворыць табе ў вочы,
Але другое ў мысьлях мае,
І ўжо здарэньня ня мінае
На чым хоць-небудзь зло спагнаць,
Як мае быць, цябе даняць.
А там надыйдзе тое лета,
Глядзі, каб ягад бяз білета
У лесе бабы ня зьбіралі
І на грыбы каб білет бралі.
Так вось заўсёды сьвет зачынен,
І сам-жа ты яшчэ павінен
Падатак пану свой даваць —
Грыбоў і ягад назьбіраць.
А пан табе не спагадае,
Сваю работу загадае:
То пастуха згадзі, служанку,
Да ночы біся спазаранку.
А там надыйдзе касавіца —
Ўставай, чуць гляне зараніца,
Ідзі, касцоў наймай і жней —
Ні ў чым адмовіцца ня сьмей!
Рабі ўсё борзда, гладка, чыста.
Але пагода наравіста,
І ў часе самае работы
У небе ўсходзяцца грымоты,
І невады за невадамі
Працягнуць хмары над грудамі,
Спусьціўшы пасмачкі-палосы,
Зальлюць і копы і пракосы.
І за той жарт Ільлі прарока
Ня будзе мець на цябе вока.
Служы, працуй на пана-ката,
А сам ня ўправішся, дык брата,
Бяры ты з дому на падмогу.
Няхай з табою нага ў ногу
Ідзе па службе, памагае,
А не, то й сына прыпрагае.
Ці-ж гэта лад? ці-ж то парадак?
Згрызот ня мала, многа звадак.
І як ні біся, ні старайся,
Хоць на кавалкі разрывайся,
Прычэпку знойдзе і аблае,
Яшчэ й пад носам наківае:
А ты цярпі, маўчы зацята,
І слухай споведзь пана-ката.
І крыўда ў тым, мае вы людзі:
І хто-ж то волю даў паскудзе?
На што зямля іх, катаў, носіць?
Ой, хто-ж ад іх не загалосіць?
А дзе на іх шукаць управы,
Бо суд «праўдзівы», суд «ласкавы»
Паноў за зьдзекі не карае?
І хто цябе тут падтрымае?
Каму паскардзіцца і дзе?
Хто гэту крыўду адвядзе
І трохі згладзіць перашкоды?
І між сабою няма, згоды:
Адны другіх-бы тут паелі,
Або ўтапілі-б, каб прымелі.
Адзін другога не пакрые,
Глядзяць, як ворагі ліхія,
Гатовы ліха прыкупіць,
Каб спатайка цябе ўкусіць.
А пан з таго і карыстае
І па чарзе ўсіх пералае,
— Ну-ж і «Рачок»! Ото-ж узьеўся!
Чаго на нас ён так насеўся? —
Казаў, часамі, дзядзька дома: —
І як служыць тут — невядома.
Ото-ж зараза ўжо прыўдасца!
На што на сьвеце гэта трасца?
Служы яму ты ўсёй сям’ёю,
А сам ты хоць жабруй зімою.
Сказаць, ну, меў-бы ты пасаду,
Дык чорт-бы з ім, цярпеў-бы гаду,
Але што тут? асот, галота,
Шэсьць дзесянцін — чаго? балота!
Другія маюць па валоках,
Як Ліхтаровіч у Затоках.
І што-ж? адзін ён службу мае,
Ніхто туды не зазірае,
Ніхто там сьвету не завяжа
І, нават, носу не пакажа.
А ты круціся, хвост авечы,
Канца няма тэй талачэчы,
Ну, проста служба гэта гадзіць, —
І кожны нос тут свой усадзіць.
— Вядома, хто дольш ад кватэры,
Таму менш стукаюць у дзьверы,
Да іх дайці ня так-то скора,
І там жывуць сабе бяз гора, —
Гаворыць з зайздрасьцяй і маці: —
А тут, як дзе на воўчай гаці,
Як на пярэсмыках якіх,
Цябе трывожаць кожны міг.
Але-ж і самі вінаваты,
Калі так коціцеся з хаты,
Дзе толькі пан ні загадае.
Ці-ж ён на гэта ласку мае?
Чаму-ж на вас і не палегчы?
Чаму ў хамут вас не запрэгчы,
Калі яго так баіцеся
І так за службу берацеся?
Адзін, вось, служыць — ну, і годзе!
Што патураць яго тэй модзе?
Дзе-ж? мала двух, дык трэці Ўладзя!
Чаму-ж на карк табе ня ўсьсядзе
А трэба, часам, агрызнуцца,
Бо так і будзеш заўжды гнуцца.
— Ого! ты сьмела каля печы,
І праўда: кажаш ты да рэчы.
А ты-б сама, вось, паспытала,
Тады-б ня тое засьпявала, —
Сказаў Міхал крыху сярдзіта: —
І будзе нехаця зашыта,
Твая тут губа, мая міла:
Яго тут права, яго сіла!
Або ты знайдзеш праўду ў сьвеце
Каму пажаліцца, скажэце?
Судзіцца, будзеш з ім? За што-жа?
І хто табе тут дапаможа?
Хіба цябе ён тут трымае?
Служыць гвалтоўна, прымушае?
Ня хочаш службы, ну, палайся,
Бяры манаткі, выбірайся,
Але куды? дзе твой прытулак?
Нагатавалі табе булак?
Каму ты міл, скажы, ў бядзе?
Эх, ня прыхілішся нідзе!
Паскачаш дрозьдзіка, бы скочка,
Калі няма свайго куточка.
А як прачуюць гэта, людзі,
Ад іх адбою тут ня будзе…
Чаму-ж яму не казырыцца?
І вон прагнаць не пабаіцца:
Ты з ім ня зграешся ніколі,
Раз ты прымушан да няволі.
— Ну, й будзе езьдзіць — што за дзіва! —
Калі маўчаць яму цярпліва.
Чаго баяцца? не прагоніць
І горш ужо не запалоніць.
І хто-ж, як ты, на сьвеце служыць?
Аб глупству кожнаму ён тужыць,
Ня сьпіць, ня есьць і ног ня чуе,
У лесе днюе і начуе,
З людзьмі грызешся, як сабака, —
А доля ўсё-ж твая аднака.
Чаго-ж так надта выдыгацца?
За што так падаць? так старацца?
Затым, каб больш цябе ганяць?
Часьцей ў аглоблі запрагаць?
І будуць езьдзіць і ня знайся.
А ты маўчы, а ты старайся!.
Каму, каму, а ўжо Антосю
Скаваць-бы можна, каб прышлося,
Бо ён на службу не наймаўся.
— Або я, думаеш, збаяўся? —
Гаворыць дзядзька, ў хаце храбры: —
А калі што, дык і за жабры.
— Паслухаць вас, усе вы хваты!
А чуць да дзела — душа ў пяты!
Няма чаго мянціць языкам,
А крык, як быў, і будзе крыкам.
— Няхай крычыць і ты крычы!
— Хіба што жабаю ў карчы;
Прынамсі, з гэтакім пасьпехам —
Міхал аклікнуўся злосьмехам.
Вось так пачнуць казаць, бывала,
Ды з тых размоваў толку мала,
І толькі горш удражніш раны,
І сьвет заткнуць гушчэй туманы.
А пан за службу шчыра браўся,
Па лесе лётаў, прыглядаўся,
Каб дзе замеціць непарадак —
На гэта вельмі быў ён падак.
Але ён злы быў асабліва,
Як граў у карты нешчасьліва.
Тады яго асьцерагайся,
Як ад заразы, ўжо хавайся.
Раз ён віхрыўся, ды няўдала:
Для злосьці стравы бракавала?
Вось у Парэчча пан шыбуе,
Крычыць, Міхала, патрабуе,
Каня спыніўшы каля брамы.
Міхал у гэты момант самы
Прыходзіць з лесу, йдзе да пана.
— Чаму на флянсах у васпана
Сьляды быдлячыя? — пытае,
А сам так скрыва паглядае,
Насупіў твар і зрушыў бровы,
— Былі там панскія каровы!.. —
Ох, тут лясьнічы як узьесца!
Ну, не знаходзіць сабе месца!
Ды як затупае нагамі!
Крычыць, махае кулакамі,
А вочы тыя, як у зьмея,
Ад злосьці больш яшчэ чарнее,
З астатніх слоў Міхася лае,
З пасады выгнаць пагражае.
Міхал маўчаў, ды нечакана
Ён сам як рушыцца да пана!..
Лясьнічы зразу ўзад падаўся.
— Чаго, пан, гэтак раскрычаўся?
Завошта, пан, мяне так лае?
Згарыць яна няхай, такая
І служба гэта, і пасада,
І гэта крыўда, й гэта здрада,
І гэта панская адплата!..
Няхай яна будзе праклята! —
Міхал тут плюнуў, завярнуўся —
Хоць раз, ды добра агрызнуўся!