Новагорадзкая аўтокефальная мітраполія
Новагорадзкая аўтокефальная мітраполія Артыкул Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1924 год Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 2 (8), красавік-сьнежань 1924 г., б. 23-27 |
Крыўскі вар’янт быліны аб Ільлі Мурамцы → |
В Л-скі.
На ўсходна-славянскіх абшарах ў розныя часы былі заснаваны тры мэтраполіі грэцкага абрадку: Кіяўская, Новагорадзкая і Галіцкая.
Першая, Кіяўская мітраполія, заснавана ў канцы X ст. і абыймала ўсе землі, якія ў той час былі пад панаваньнем варажскай дынастыі русаў. Кіяўская мітраполія устанавіла па важнейшых тагочасных палітычных цэнтрах біскупствы. Да 1200 году былі ўжо біскупствы: ў Вялікім Ноўгарадзе, Чарнігаве, Пераяслаўлі, Белградзе, Юрьеве (Запольскім), Полацку, Галічу, Валадзімеры Валынскім, Перамышлю, Тураве, Холме, Смаленску, і, мабыць, Новагорадку.
Заснаваньне біскупстваў Тураўскага і Полацкага многія гісторыкі згодна адносяць да X сталецьця; біскупства ў Навагрудку магло паўстаць не пазьней сярэдзіны XII ст.
Першапачатковая цэнтралізація ўлады каля Кіява зыйходзілася з варажскімі падбоямі на ўсходна-славянскіх абшарах, але гэты цэнтралізм ня мог доўга ўстрымацца. Ужо пры Валадзімеры, ў тымжа X ст., мы бачым імкненьне аддзельных зямель да незалежнага істнаваньня. Адны з першых вылмываюцца з пад кіеўскай залежнасьці землі крыўскія, якія ў годы афіціальнага прыняцьця хрысьціянства выдзяляюцца, з невядомых нам прычын, ў асобную палітычную адзінку. Валадзімер, паводле летапісі, аддае іх Рагнедзе і сыну яе Ізяславу, як іх дзедзіну, каля 980 году. Як часьць крыўскіх зямель,[1] ў гэтым часе выходзіць з пад залежнасьці русаў і Новагорадак.
Хрысьціянства усходнага абрадку ў Новагорадзкай зямлі арганізуецца і крэпне пры невядомых нам варунках. У другой палавіне XIII стагодзя яно нагэтулькі тут змоцнілася, што візантыцкі імпэратар Андронік Старшы ў 1291 годзе зацьвярджае ўжо аўтокефальную новагорадзкую мітраполію, а канстантынопальскі патрыарх Ян XII Салодкі (Glykys) назначае новагорадзкаму аўтокефальнаму мітрапаліце 82 пасад: „Litborum“[2] eadem et Litbada dicuntur, guae sunt vicina magnae Russiae, factae sunt metropolis obtinueruntgue thronum 82 per imperatorem domnum Andronicum sub sanctissimo patriarcha domno Joanne Glykys (Dulcis) anno 6800 (1291/2). (Тэкст з Андронікавага каталёгу рускіх біскупстваў, які знаходзіцца ў парыжскай Акадэмічнай бібліатэцы, № 1352).
Дагэтуль невядома, чым можна тлумачыць адносна высокае становішча празначанае маладой новагорадзкай мітраполіі ў герархіі грэцкай цэркві, бо на 110 біскупскіх крэсел, якія істнавалі ў тыя часы ў радзе Патрыарха, ей празначаецца 82-е мейсца.[3]
Новагорадзкая мітраполія на адзінадцаць гадоў старэйшая за Галіцкую, якая зьяўляецца трэйцяй з чароду. Галіцкая мітраполія ўстаноўлена тым жа імпэратарам Андронікам пры патрыарху Апанасе ў 6811 годзе, паводле хроналёгіі грэцкай, або ў 1303 годзе па Нарадж. Хрыста.
Усе дакуманты, датыкаючыя Новагорадзкай мітраполіі, загінулі, і толькі кароценькіе зьменкі,—ледьзь сьлед таго, што істнавала яна,—знаходзяцца ў грэцкіх крыніцах. Адно пэўна, шго Новагорадзкая аўтокефальная мітраполія істнавала ўжо да Гедыміна. Імя аднаго з першых новагорадзкіх мітрапалітаў было Тэафіль. З дыплёматара візантыцкіх патрыархаў відаць, што ў красавіку 1329 году, пры Гедыміне (1316—1341)[3]</ref>, мітрапаліт Товтвіль (Tovtvilus) прыймаў удзел у канстантынопальскім сынодзе (Acta patriarch. Constantin I c. 147), Акром гэтага, новагорадзкія мітрапаліты ўпамінаюцца, як учасьнікі канстантынопальскіх сынодаў, ў 1317 г. (жнівень) і 1397 г. (студзень), але—безыменна. („Latopisiec Litwy“. Выд Даніловіча стр. 72 і 143).
Устаноўленьне ў Новагорадку аўтокефальнай мітраполіі было вынікам змаганьня яго з цэнтралізмам кіяўскай мітраполіі, якая ўвесь час і пазьней напірала на канстантынопальскі патрыархат, дамагаючыся скасаваньня гэтай мітраполіі. Але Новагорадак упорна вёў змаганьне за сваю незалежнасьць, і, як аказуецца,—даволі памысна. Пацьвярджае гэта той факт, што ў ліпні 1361 году патрыаршым лістом акрэсьляюцца граніцы Новагорадзкай мітраполіі, ў склад яе ўходзяць: архібіскупія Новагорадзкая, біскупіі Тураўская і Полацкая. Урэшце ў гэтым часе Навагорадак выяўляе імкненьне ўзалежніць ад сябе ня толькі галіцкую, але і кіяўскую мітраполію.
Палітыка Альгерда (1355—1377) была скіравана на ўсход і імкнулася да утварэньня з Крыўскіх, Украінскіх і Літоўскіх зямель вялікай дзяржавы ад Балтыцкага да Чорнага мора. Дзяржаўнага аб’яднаньня ён сваей мудрай палітыкай дасьцігнуў: яго ўлада пашыралася на Вітабск, Смаленск, Вільню, Новагорадак і Кіяў: Але ён разумеў, што гэта вялікая дзяржава можа утрымацца толькі тады, калі жыхары яе будуць зліты ў адно цэлае рэлігіяй. Да гэтага акту спасобіўся Альгерд і, як здаецца, спасобіў да таго ўсе свае землі. Але перш ён хацеў мець у межах сваей дзяржавы кіравецтва праваслаўнай царквой. З гэтай мэтай пачаў дабівацца у канстантынопальскага патрыархату, каб брат яго жонкі (Марыі Яраслаўны, кн. вітабскай), князь Раман, мітрапаліт Новагорадзкі, быў высьвячаны на мітрапаліта „ўсей русі“, з аддачай пад яго зьверхнасьць мітраполіі Новагорадзкай, Галіцкай і Кіяўскай.
Гэтага апошняга баялася Масква і са сваей стараны рабіла захады прад патрыархам, каб яе кандыдат, Аляксей, быў высьвячаны на мітрапаліта кіяўскага і „ўсей русі“, з мейсцам прабываньня ў Валадзімеры-Суздальскім.
У 1354 годзе канстантынопальскі патрыархат, атрымаўшы ад абодвых кандыдатаў багатыя дары, абодвых-жа, і Маскоўскага— Аляксея, і Новагрудзкага—Рамана, немаль адначасова, высьвяціў на кіяўскіх мітрапалітаў і„ ўсей русі“.
З гэтага моманту пачынаецца доўгае і упорнае змаганьне за ўплывы над праваслаўнай царквой паміж Літвой і Масковіяй. Як вынік гэтага змаганьня, утвараецца яшчэ адна новая мітраполія — Валадзімера-Маскоўская. І Масква і Новагорадак імкнуцца заваладзець тытулам кіяўскага мітрапаліта. Масква з гэтай мэтай пачародна ўсіх першых сваіх мітрапалітаў кананізуе і ставіць на аўтары, акружае іх аўрэолям сьвятасьці. Адна і другая старана добра разумее, што каля пытаньня аб цэнтры царкоўнага кіравентва важацца лёсы пад кім об’яднаецца ўсходная славяншчына—пад нашчадкамі Гедыміна, ці Івана Каліты. Масковія была паярэмлена татарамі, Літва была вольнай. Усе шансы былі на старане Гедымінавічаў.
Ход гісторыі быў павернуты саўсім ў іншы бок сынам Альгерда, В. Кн. Літоўскім Ягайлам, які перайшоў ў каталіцтва і злучыў Літву з Польшчай. Ягайлавічы сталіся пропагатарамі рымскіх ўплываў, а Масква атрымала нечаканы сукцэс: у яе рукі перайшло кіравецтва „рускай верай“ і,—што з гэтага вынікае, — народнасьцю. Вял. Кн. Маскоўскі становіцца адзіным праваслаўным манархам на славянскім ўсходзе.
Гэтае становішча стараўся ратаваць Вітаўт, яркі прадстаўнік дзяржаўна-незалежніцкай думкі. Убачыўшы, што грэцкі патрыархат спрыяе Маскве, што імкнецца крыўска-літоўскую царкву паддаць пад зьверхнасьць маскоўскага мітрапаліта, а дзеля гэтага адмаўляецца высьвячаць ў Новагорадак аўтокефальнага мітрапаліта, Вітаўт склікаў у 1416 годзе праваслаўны духоўны сабор. На гэты сабор прыехалі ў Новагорадак, біскупы полацкі, чарнігаўскі, луцкі, валадзімерскі (з Валадзімера Валыскага), холмскі, тураўскі і смаленскі. Сабор,—паклікаючыся на сваю гісторыю (на прыклад кананічнага высьвячэньня Кліма Смаляціча ў 1147 годзе саборам мяйсцовых біскупаў), на гісторыю іншых націянальных цэркваў (баўгарскай, сэрбскай), на каноны і традыціі,—выбірае сабе ў мітрапаліты Грыгора Цамблака, які катэдру сваю пераносіць у Вільню.
Гэта быў рэволюцыйны крок, які вёў да поўнага аддзяленьня крыўска-літоўскай цэркві ўсходняга абраду ад канстантынопальскага патрыархату і да ўстаноўленьня самаістай нацыянальнай царквы. Наша мітраполія яшчэ не парывае з Канстантынопалям, прызнае яго зьверхнасьць над сабою, але цьвёрда выказуе волю быць незалежнай. Гэтак вызваляліся ўсе нацыянальныя цэркві. Нажаль становішча праваслаўя пры Ягелёнах не дало магчымасьці маладой цэркві акрыяць і ўзмоцніцца. Апынуўшыся на палажэньні „сызматыцкай“, яна зьяўлялася аб’ектам лацінізаціі; цэрква гэта прымушана была ўрэшце здацца і шукаць сабе апоры ў Канстантынопалі і Маскве. Наступнікі Цамблака, Новагорадзка-Віленскіе мітрапаліты, пад напорам уніі, баронячы свайго абрадку, ўсе свае надзеі пакладаюць на ўзрастаючую ў сілу Масковію.
Гэтак былі змарнаваны аграмадныя высілкі раду пакаленьняў, якія імкнуліся да ўтварэньня нацыянальнай крыўскай цэркві. Ягельлёны цягнулі праваслаўную царкву праз унію ў каталіцтва, а дзяржаву,—праз ўнутраныя закалоты,— ў пропасьць.
Канчаючы гэты нарыс, трэба сцьвердзіць, што Новагорадак і новагорадзкая зямля займае адно з першых мейсц між тымі землямі, якія адыйгралі ў гісторыі нашага палітычнага і культурнага жыцьця выдатную ролю. Дзякуючы таму, што тут заснавалася мітраполія ў XIII ст., а біскупія істнавала шмат раней, Новагорадак быў цэнтрам, як даўней казалі, „кніжного почитанія“, г/ зн.—сабіраньня, перапіскі і начытаннасьці ў кнігах. З Новагорадзкай зямлі дайшоў да нас значны лік помнікаў нашай мовы— пэргаміновыя рукапісы пачаўшы ад XIII ст. Лаўрышаўскае Еваньгельле,—якое знаходзілася ў Лаўрышаўскім манастыры, заснаваным Лаўрынам, сынам Гедыміна, займае адно з першых мейсц як у гісторыі пісьменніцтва, так і ў гісторыі нашага мастацтва. Каля мітрапалічай сталіцы тут зьбіраліся лепшыя сілы краю, якія будавалі культуру і шырылі асьвету. Мусілі істнаваць тут і школы і бібліатэкі. Усё гэта цяпер разпарушылася: Лаўрышаўскага слаўнага манастыра і сьледу няма, Новагорадак стаўся малым провінцыяльным мястэчкам, бо заняпала сіла гаспадара зямлі ў чужацкай няволі.
Заўвагі
[правіць]- ↑ Што землі гэтыя слылі пад назовам Крыўскіх, відаць з летапісных зьменак краёвых і загранічных: між іншымі крыжацкі кронікар Дусбург (Dusburg cap. 315) пад 1314 голам піша: Frater Henricus Marschalcus… venit ad terram Crivitae, et civitatem illam, guae parva Nogardia dicitur cepit“. (Брат Гэпрык Маршалак… прыйшоў у зямлю Крывіція і места яе, каторае Новагорадам завецца, здабыў.
- ↑ У грэцкіх дакумантах сустрачаюцца гэткія напісаньні: Litboru,, Lithovia, Luthavia, Lethovia, Letoini, Letvani, Lutvani, Lutheni, Letvoini. Новагорадак пісалі: Новогродополіс.
- ↑ 3,0 3,1 Гэта тлумачыцца можа тым фактам, што новагорадзкая княжая дынастыя членаў сваей сямьі пасьвячала на вышэйшыя духоўныя ўрады. З летапісаў мы деведываемося, што ў Лаўрышаўскім манастыры ў 1262 годзе быў мніхам Войшэлк (Лаўрын), а 1278 г.—сын Тройдэна, Рымант. Брат жонкі Альгерда (Марыі Яраслаўны, княжны Вітабскай), вітабскі князь Раман, ў першай палавіне XIV ст. быў Новагорадзкім мітрапалітам. Гэтая цесная сувязь дзяржаўнага кіравецтва з царкоўным хіба і было прычынай тэй высокай ступені, якой Патрыархат падзяліў новагорадзкую мітраполію.