Не сягоння было і не ўчора…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Не сягоння было і не ўчора…
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1925
Крыніца: http://knihi.com/Ales_Dudar/


 * * *

Не сягоння было і не ўчора…
Ой, ды з раніцы плакалі гуслі…
Вандравала ліхое гора,
вандравала ў палёх Беларусі.

         Госць няпрошаны, госць нязваны
         нашы нівы таптаў нагой.
         Помняць, помняць яшчэ партызаны
         дзевяцьсот дваццаты год…

Не сягоння было і не ўчора,
бо сягоння загоены раны.
Ты не плач, Наваградскае ўзгор’е,
не журыся тугой саматканай:

         кінуў дзень залатыя кроплі
         над заводам, над полем, над лугам…
         Кастуся Каліноўскага покліч
         сёння зноў —
                               ад Вяллі да Буга.

Выйдуць войска сярмяжнага ўзводы,
выйдуць важыць жыццё і смерць…
Дык гучней гудзіце, заводы,
каб нудою жыцця не мераць…

         Былі дні, што здаваліся вечарам:
         ой, ды ранне з крывавай расой…
         Беларусь, твой стан пакалечаны
         сёння новаю ззяе красой…

Бо сягоння гараць успаміны,
бо сягоння загоены раны…
Што было — назаўсёды згінула
і з магілы ніколі не ўстане.

(1925)