Не складаць мне болей песняў…
Выгляд
Не складаць мне болей песняў… Верш Аўтар: Уладзімір Жылка 1926 Крыніца: http://litby.com/stihi/zhylka/241-zhylka-012.html |
* * *
Не складаць мне болей песняў,
Не будзіць у пушчы рэх,
Перад сонцам напрадвесні
Не рассыплю срэбрам смех.
Стала госця ля парогу,
Белым вабіць рукавом:
— Выйдзі, любы, у дарогу,
Новы дам начлег і дом.
Пашкадую дарагога,
Суніму ягоны боль,
Толькі слухацца дазволь,
Ледзь схіліцца мне дазволь.
Што ж, спакойны і гатовы,
Я й адклікнуўся на кліч,
Адчыню дзвярэй засовы
Я без радасці, без мук.
Ў невядомую пуціну
Немаведамы парог
Перайду…
Без клапот і без трывог.
Толькі, госця, няма веры,
Не мані, не абяцай:
Я зямныя бачыў меры
І зямны я ведаў рай.
(1926)