Перайсці да зместу

Некалькі словаў да братоў-пісьменьнікаў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Некалькі словаў да братоў-пісьменьнікаў
Публіцыстыка
Аўтар: Макар Краўцоў
1927
Крыніца: Газэта «Беларускі Дзень», № 2, 13 сакавіка 1927 г., б. 5

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Некалькі словаў да братоў пісьменьнікаў

Кожнаму беларускаму пісьменьніку вядома, якія тут на Захадзе трудныя для яго варункі працы.

Ня гледзячы на тое, што ёсьць ўжо не адна тут беларуская газэта (як гэта было 20 гадоў назад, у часы „Нашае Долі“ і „Нашае Ніва“), літэратурнае поле нашае блізка што проста ляжыць папарам, чакаючы плуга сваіх гаратаёў. Ясьней кажучы, даласюлешнія беларускія часопісі ў Вільні, як і ўвесь наш нацыянальны рух тутака, гэтак захоплены палітыкаю, што аб культурнай працы ўмеюць толькі голасна крычаць, а ў сутнасьці нават вельмі няшмат на сваіх старонках удзяляюць месца літэратурным творам. Адны з гэтых часопісяў, утаропіўшы вочы проста на Ўсход, стараюцца знайсьці гэткую беларускую пісьменнасьць, якая лічылася-б, як той казаў, „прыгожай па Луначарскаму“, другія на могуць шырока паставіць літэратурны куток па скупасьці свайго разьмеру, трэція — свой літэратурны падвал запаўняюць зусім бязграматнымі перакладамі (напрыклад апублікованы нядаўна ў аднэй часопісі пераклад Міцкевічавых „Дзядоў“. Гэткі бязграматны пераклад ня толькі не дае ніякай карысьці беларускаму народу, але вельмі крыўдзіць і самога аўтора, робячы з твору вялікай поэтыцкай вартасьці нейкі паскудны адбітак яго).

Ведама таксама, што бяда з пісьменьнікам, калі ён робіцца цалком і бяз вынятку якім-небудзь чыста-партыйным трубадурам. Такі тып беларускіх пісьменьнікаў шпарка парастае ў Савецкай Беларусі, дзе кожная часопісь, родзячыся на сьвет, мусіць голасна зазначыць у прадмове, што яна знаходзіцца пад кіраўніцтвам кампартыі.

І тут таксама вузкая партыйнасьць кіраўнікоў беларускае прэсы даведзена ўжо да абсурду. Палітыкаў ня можам ужо й палічыць—пісьменьнікаў як быццам нідзе і ня відаць. Ці-ж ня дзіўным выглядае зьмяшчэньне ў 1926 годзе перакладу з расейскае мовы мастацка-поэтычнага твору „Дванаццаць“ на шпальтах гумарыстычнае часопісі „Маланка“?

Гэты выпадак выразна сьведчыць, што беларускаму прыгожаму пісьменству зусім дасюль не хапала месца.

Вось-жа дзеля гэтага кожны наш пісьменьнік можа шчыра вітаць зьяўленьне на сьвет тыднёвіка „Беларускі Дзень“ пад рэдакцыяй вэтэрана нашае прэсы, чалавека сьветлых традыцыяў „Нашае Долі“ і бязумоўнага літэрацкага таленту з высокім об’ектывізмам.

Як нам думаецца, „Беларускі Дзень“ патрапіць даць месца кожнаму беларускаму мастацкаму твору і, як беспартыйная часопісь, з належнай пашанай аднясецца да індывідуальных асаблівасьцяў кожнае маладое беларускае літэратурнае сілы, пераходзячы да парадку дня над яе палітычнымі перакаваньнямі.

Рэч зразумелая, што ня ўсе Беларусы павінны хапаццца за пяро і за ўсякую цану старацца быць поэтамі. Гэта ніколі й немагчыма. Але той, хто адчувае ў сабе прыродныя да гэтага здольнасьці, павінен не закопваць іх на векі ў зямлю, а тварыць вольна і сьмела.

А „Беларускі Дзень“ можа служыць яму трыбунаю, даючы яму месца ў сваім літэратурным аддзеле і спагадаючы якнайшырэйшаму разьвіцьцю маладых беларускіх талентаў.

Краўцоў Макар