Перайсці да зместу

Незалежная дзяржава і яе народы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Незалежная дзяржава і яе народы
Артыкул
Аўтар: Янка Купала

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Калі мы зірнем у нядаўнюю мінуўшчыну вялікіх дзяржаў, як, напр., царская Расія, імператарская Няметчына і інш., а таксма калі возьмем за прымер цяперашнія некаторыя дзяржавы, хоць бы-Англію, Японію і ім падобныя, то мы бачым адно, што гэтыя дзяржавы у сваім імперыялістычным і мілітарным усёзніштажаючым паходзе мелі адну ярка зарысованую мэту - гэта заграбіць як найболей пад сваё каршуновае крыло чужых малых народаў і падняволіць іх сваёй нацыі, сваёму дзяржаўнаму правапарадку.

Гэтак Расія падняволіла сабе агнём і жалезам слабейшыя суседнія народы, пачынаючы ад манголаў, каўказцаў, фінаў, літвінаў і канчаючы славянамі-палякамі, украінцамі, беларусамі і іншымі. Тое самае рабіла Нямеччына з палякамі, эльзасцамі ды ўсялякімі заморскімі калоніямі. Таксама Англія жалезнымі абцугамі трымала пры сабе Ірландыю, афрыканскія народы і г. д.

Не пыталіся гэтыя ўсемагутныя дзяржавы, ці заваёваныя імі слабейшыя народы хочуць іх, сказаў бы, воўчай апекі, ці не. Дужыя, не пытаючыся, забіралі ў слабейшых усё, што маглі забраць, а давалі ім, не пытаючыся, тое, чаго яны не заўсёды хацелі прымаць. Забіралі ў падняволеных народаў іх дабро, забіралі іх сыноў і гналі на крывавы бой за эгаістычныя вялікадзяржаўныя мэты. А давалі, гвалтам накідалі ім свае так званыя «культуры», пры помачы якіх душылі ў падняволеных народаў іх нацыянальныя асаблівасьці, іх веру, праўду… Прышчэплівалі ім з малых дзён думку, што не права пануе над сілай, а сіла над правам.

Прымерам такога зьдзеку, такога зьневажаньня дужэйшым слабейшага можа служыць добра ўсім нам знаёмая царская Расія. Стагнаў татарын, грузінец, фін, паляк, украінец, беларус. Стагнала ўся "русская" зямля, шалёна п’яная, разбушаваная, захліпаючыся «чырвоным сьммехам», расейская імперыя, магутная закованымі народамі, заграбленымі чужымі дзяржавамі. «Быть по сему», казаў Петраград, і… было.

І вось калі ўдумацца ў усё гэта, то мы бачым, што кожная такая дзяржава, якая на рахунак чужых зямель хоча пашырыць сваё панаваньне, ніколі не будзе спрыяць для народа гэтых забраных зямель. І якімі прыгожымі ні прыкрываліся б словамі вялікадзяржаўныя нацыі, што ў іх ёсьць ці там будзе заведзенае нейкае раўнапраўе для ўсіх нацыянальнасьцей, - усё гэта будзе падман.

Толькі тыя, што вызваляюцца з-пад чужой няволі, дзяржавы змогуць ушанаваць права так званай меншасьці нацыянальнай, бо яны на сваіх плячах вынеслі чужы здзек і паніжэньне. Да гэтага давяла доўгая практыка гістарычнага развіцьця народаў і дзяржаў.

Кінуты нядаўна амерыканскім прэзідэнтам лозунг - мір на аснове самаазначэньня народаў - не быў выдуманы так сабе. Думка гэта ўжо даўно жыла і развівалася ў цэлым сьвеце, і за сваю незалежнасьць шмат малых народаў ваявала ці то словамі, ці стальлю. Узяць хоць бы бураў: цэлы год гэты маленькі народ мучыў сваім жаданьнем незалежнасьці вялікую Англію.

І вось мы, беларусы, гаворычы аб сваёй дзяржаўнай незалежнасьці, не павінны абыходзіць моўчкі таго балючага пытаньня, як гэта мы, атрымаўшы сваю дзяржаўнасьць, будзем меркавацца з чужымі нам па нацыянальнасьці людзьмі, якія жывуць на беларускай зямлі.

Ужо адно тое, што мы дамагаемся быць самі гаспадарамі толькі таго абшару, дзе жывуць беларусы ў яго этнаграфічных межах, - ужо гэта даводзіць, што мы падняволіць нікога не думаем.

Будучы дагэтуль падняволенымі і паспытаўшы, што за смак гэтае паднявольле, само сабой разумеецца, нам і ў думку не прыйдзе запрагаць каго б то ні было, жывучага на нашых загонах, у паднявольнае ярмо.

Тыя шчырыя дэмакратычныя думкі, лунаючы яснымі красамі па цэлым сьвеце, аб волі, роўнасьці, братачнасьці, бадай, найглыбей запалі і западаюць у нашы гаротныя душы і сэрдцы. Бо ці ж знойдзецца на свеце болей дэмакратычны па сваёй прыродзе і ўжыўчывы народ, як народ беларускі? Сама натура, сама яго гісторыя сталецьцямі гэтакім ужо выгадавала.

У нашым краю шмат жыве палякаў, расейцаў, жыдоў, татараў. Лепшыя з гэтых людзей даўно прыйшлі да перакананьня, што свабодныя беларус у сваёй незалежнай дзяржаве будзе куды прыхільней адносіцца да іх, чымся беларус, падняволены чужынцамі. У нявольніка заўсёды ёсьць больш помсты, нянавісьці к другім, чымся ў чалавека вольнага.

Дзеля гэтага вось права нацыянальнай меньшасьці павінна стаяць у нас нараўне (прапарцыянальна) з правам нашай беларускай большасьці. Кожны грамадзянін нашага краю павінен карыстацца і з роўнай пашанай, з роўнай у вачах права сьвету.

Ва ўсіх дзяржаўных і грамадскіх установах, пачынаючы ад дзяржаўнага сойму і нацыянальнага войска і канчаючы мясцовымі і валаснымі самаўрадамі, — павінны мець сваё месца і нацыянальная меншасьць, разумеецца, як ужо і зазначана, прапарцыйна беларускай большасьці.

У вольнай, незалежнай Беларускай дзяржаве не павінна быць «ні эліна, ні іудзея»

Усе роўныя перад дзяржаўнай уладай, усе роўныя перад правам і законам, усе вольна развіваюць сваю нацыянальную культуру і самабытнасьць, кіруючыся ў сваёй грамадзянскай працы дабрабытам агульнай Бацькаўшчыны Беларусі.