Перайсці да зместу

Незалежнасць (Купала)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Незалежнасць
Артыкул
Аўтар: Янка Купала

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Калі гавораць аб незалежнасьці якой-небудзь новай дзяржавы, вызваленай вайной і рэвалюцыяй з-пад расійскага ярма, то гэта, здаецца, так і трэба, так і павінна быць. Незалежная Польшча, Літва, Україна, Латвія і г. д. — усе яны маюць права на гэта, усіх іх можна прызнаць, нават можна і дапамагаць ці то фізічна, ці то маральна, і незалежнасьць гэтых дзяржаў не выклікае ніякіх спрэчак. Так ці йначай яны мусяць, яны будуць мець раней ці пазней сваё дзяржаўнае незалежнае існаваньне.

А вось загаварыце вы аб беларускай незалежнасьці… Тут вам цэлую кучу нагавораць усялякіх перашкод, недарэчнасьцяў, што аж вушы вянуць слухаючы. На ўсялякую іншую незалежнасьць кожны з вамі згодзіцца, абы толькі не на беларускую.

Чаму гэта так?

Беларускі народ самабытны - гэта прызнаюць ужо нават і нашы праціўнікі з польскага ці расейскага лагера. Беларуская дзяржаўнасьць таксама мае сваю гісторыю - маю тут на ўвазе Вялікае Літоўска-Беларускае княства. Геаграфічнае палажэньне Беларусі таксма не горшае, як ў людзей, ну хоць бы як палажэньне Швейцарыі. Мы крыху адсунуты ад мора, але і Швейцарыя не мае мора. Дык чаму ж так страшна наша незалежнасьць?

А гэта вось чаму.

Наша незалежнасьць сольлю ўваччу для незалежнасьці нашых суседак - Польшчы і Расіі, бо і адна, і другая хацелі б нашу незалежнасьць утапіць у лыжцы вады сваёй незалежнасьці.

Для адбудаваньня вялікай Польшчы «ад мора да мора» трэба пераступіць Беларусь; для адбудаваньня вялікай Расіі ад Белага да Чорнага мора таксама трэба растаптаць Беларусь.

Вось і выходзе, што трэба Беларусь выкінуць з гісторыі, з геаграфіі, і наогул калі не цалкам прылучыць яе к адной з суседніх дзяржаў, то разрэзаць напалавіну, але так зрабіць, каб яе не было і званьня.

А Беларусь, як кожная іншая дзяржава, мае права і даб’ецца раней ці пазней гэтага права стаць роўнай і вольнай дзяржавай паміж сваімі суседзямі. Што яна павінна такой стацца, за гэта гавораць яе мінуўшчына, яе цяпершчына.

Нікому не сакрэт, што жыць на сьвеце беларусам было і ёсьць найцяжэй, як усім іншым народам, і ўсё дзякуючы няшчаснай залежнасьці ад нашых мацнейшых суседзяў. Але разбяром па парадку.

Пасля уніі з Польшчай Вялікага Літоўска-Беларускага княства, калі беларуская культура высока трымала свой сьцяг у родным краю, — гэта культура пачала выціскацца польскім панаваньнем. Беларускае баярства, за польскія шляхоцкія значкі і цёплыя каля трона месцы, пачало выракацца ўсяго свайго роднага, беларускага і перакульвацца на старану чужую, польскую. Забылася баярства на звычай і абычай беларускі, на сваю гісторыю, мову, літаратуру. Дзе больш званілі золатам, там вышэйшыя станы тагачаснага грамадства і служылі, і прадавалі сябе, свій народ, сваю Бацькаўшчыну.

Так было і так ёсьць заўсёды. Вышэйшыя, багацейшыя станы грамадства за бліск золата ідуць к дужым, пакідаючы сваіх брацьцяў слабейшых на зьдзек і паняверку. І зрабілася на Беларусі пасля уніі з Польшчай тое, чаго і трэ было чакаць.

Масы, народ земляробны, асталіся беларусамі, а іх баярства, вышэйшыя станы сталіся палякамі. Такім чынам, двор сам па сабе як аддзяліўся ад вёскі. Беларускі пан зрабіўся чужым для беларускага селяніна. Беларускае баярства сталася чужацкім на сваёй беларускай зямлі. Тыя самыя людзі, толькі багацейшыя, пачалі гаварыць рознымі языкамі, і сягодня яны паміж сабой нічога супольнага не маюць. Двор глядзіць на селяніна, як на «люд рускі», як на быдла, над каторым можна толькі стаяць з бізуном аканомскім, а вёска глядзіць на пана, як прыблуду з чужыцкай страны, які захапіў яго, селяніна, зямлю ды йшчэ здзекуецца над ім самім.

Пасля уніі з Польшчай прыйшла на Беларусь апека маскоўская. Цары нагналі ўсялякіх чыноў, запрудзілі край усялякай маскоўскай чорнай галытнёй, якая тут толькі аб адным і дбала, каб ёй цяплей пагрэць рукі ды захапіць «маёнтак». Але аб беларусу-селяніне, аб беларусу-грамадзяніне ніхто і не падумаў. Прыбыла толькі к польска-панскаму бізуну чыноўніцка-жандармская нагайка.

Залежнасьць ад Польшчы зьмянілася залежнасьцяй ад Масквы, а на лепшае нічога не зьмянілася. Маскоўскі чыноўнік, таксама, як польскі пан, глядзеў на беларуса, як на «скот» (той-як на «быдло»). І ніхто з гэтых апекуноў навет і пальцам не кінуў у той бок, каб палепшыць жыцьцё беларуса, каб падбаць аб яго родным краю.

І адны, і другія глядзелі скоса на Беларусь, глядзелі то як на «крэсы», то як на «окраину», і больш нічога. А беларус стагнаў і стагнаў. З гэтага мы бачым, бачым з практыкі, вынесенай на сваёй скуры, што залежнасьць дзяржаўная, ад каго б ні было, бокам залежнаму народу вылазіць.

І вось толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасьць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаваньне, і добрую славу нашаму народу.

Край наш сам па сабе багаты, толькі чужыя гаспадары яго знішчылі. Зямлі маеш шмат, лесу яшчэ болей; маем вялікія рэкі, азёры, чыгункі, багатыя месты, а ў іх фабрыкі, заводы ды і шмат іншага дабра. К таму ж, на лік мы народ вялікі-каля 12 мільёнаў. Гэта не тое што якая-небудзь там Швейцарыя, Данія ці Грэцыя!

Дык чаму ж нам, браты беларусы, не дамагацца сваёй дзяржаўнай незалежнасьці?

Мы павінны яе дамагацца і мірна, і з аружжам у руках, бо жыцьцё не чакае і ворагі нашы не дрэмлюць.