Перайсці да зместу

На хрэзьбінах

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Падарожнік На хрэзьбінах
Верш
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1926—1927 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 12 (3), ліпень 1926-сакавік 1927 г., б. 2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ХРЭЗЬБІНАХ.

Ў гасподзе сьветлай, на седзішчы высокім гасьціў у дзень урочысты яго я нарадзін. Ды плакала душа, што жоскі троп жыцьця гатуе ўжо завалы на сьцежках бадавейных.

Тры ветніцы сягоньня, з намі тут, запрадкі жыцьцёвай нітачкі тваей спраўляюць. Праклюдныя старухі! Ім ведама усё: й не зжахнуцца-ж ані! Спакойнаю рукой бяруць у пальцы смычку і цягнуць ніць жыцьця на верацяно.

Круціся, гэй круціся вераценца! Да сонца раз, у цемру раз, усё кругом, кругом… і ўсё бліжэй да долу.

Музыка грае тост. У чарах пеніцца віно. І ўсё, у такт, сьвярліць у мозгу мысьль: ці сьлёз, якія будзе ліць ў жыцьці наш новародак, гасьцей хапіла-б напаіць і хто іх будзе піць?…

Тры ветніцы прадуць і ніць усё струнчэй. Званіце чарамі, іграйце тост! Хутчэй!!