На тэмы дня
На тэмы дня Публіцыстыка Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1914 Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 23, 12 чэрвеня 1914 г., б. 1 |
На тэмы дня.
У палітыцы настало ужо звычайнае летняе зацішша;—праўда, што ешчэ не распушчэны на летні спачынак вышэйшые гасударственные установы: Гас. Дума і Гас. Рада, але у Думе і бяз роспуску зрабілося пуста. Дэпутаты—змаркоціўшыся і змарыўшыся, ня гэтулькі працай, колькі дарэмнай таўкатнёй на адным мейсцы—адзін за другім раз’ежджаюцца.
Так яно заўсёды бывае калі, заместа вялікай ідэі, людзі пачынаюць займацца, палітыканствам і гандлярствам ідэямі. За ідэю, за вялікую праўду людзі гатовы палажыць нават жыцьцё ў жэртву, а палітыканство і гандлярство ідэямі родзіць нуду, маркоту, пустату ў душы і становіцца людзям цяжка ня толькі працаваць, але і жыць на сьвеці. Найлепшы гэтаго прыклад дае нам зраўненьне першай і чацьвёртай Думы. У першай Думе людзі гарэлі агнём ідэі,—слова сказанае у Думе атклікалося у найдалейшых закутках і варушыло грамадзянство.
Першая Дума не магла працаваць, бо ей не далі.
Чацьвёртая Дума, скліканая па сталыпіноўскаму рэцэпту, злажылася пад знакам інтэрэсоў пануючых станоў: дваранства, чыновенства і духавенства (праваслаўнаго). Вынянчэная адміністраціўнымі агранічэньнямі у часе выбароў, ўскормленая светаглядам Пурышкевіча, каторы з думскай трыбуны павёў прапаганду сыску,—ня можэ працаваць, бо лішне многа у ей крамарскаго, бяз’ідэйнаго.
Дзякуючы агранічэньням у часе выбороў, у Думу трапілі не праўдзівые прэдстаўнікі народу, а тые найболей, што проці волі і долі народнай. Малая жменька левых дэпутатоў патонула у моры саюзніцтва і пурышкевічоўства.
Як у сярдзітую зімку сковывае зямлю зімовы холад і ўсё замірае, так Расею у цяперэшнім часе скавала рэакція і яе дзікае завываньня чутно у гомане чэлавеканенавісніцтва, гатоваго усё жывое, сьветлае, абагрэваючае душу, задушыць, замарозіць, сцерці… Але як у прыродзе пасьля зімы настае красная весна, так настане калісь весна і ў нашым жыцьці. Дачэкаемся лепшых часоў, бо правы прыроды і правы кіруючые народамі цьвёрды і іх ніякая цёмная сіла пераламаць ня здужае.
Жывое ажыве і будзе жыць.
А пакуль што трэба працаваць і працаваць, каб зіма не змарозіла душ нашых, каб мы гарачымі і жывымі думамі маглі сустрэціць лепшые часы.
В. Л.