Згінуў час,
Калі ад веку мы ўсе спалі.
Ўжо для нас
На векі пропадам прапалі
Мары, жудзь
Няволі, твані Беларусі.
— Вольнай будзь!
І ўжо да вольнай я малюся.
Як ня так?!
Даўно пагас іх панаваньня
Зодыяк.
А чырвань захаду як гляне
Ў шкло вакон
Іх фабрык скутых забастоўкай
Доўгіх дзён, —
Агонь надзеліць блеск — абноўкай
Цьму начэй.
Гудкі нам будуць песьнярамі…
Эх, хутчэй-б
Казаць нам выбухам, баямі!
Ай — ю — га!
Лепш сьцеражыся недавера
І туга,
Бо пад маёй сярмягай шэрай Сэрца ўраз
З уцехі выбухнуць гатова.
Прыйдзе час!
Як дзелам стане наша слова
Ўжо няма
Ні сьцен кітайскіх, меж крывавых.
І дарма
На мапе нам шукаць дзяржавы
Status quo, —
Ўзарвалі ў шчэнт працоўным рухам.
Іх лагво.
Кастрычнікава завіруха.
Ёй хвала,
Мятлу чырвоную-падарак
Нам дала,
Што ўвесь сьвет, кожны закамарак.
Падмяла!
|