Перайсці да зместу

На зачарованых гонях (1923)/Мядзьведзь

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На каляды к сыну Мядзьведзь
Апавяданьне
Аўтар: Змітрок Бядуля
1923 год
Дзе канец зямлі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мядзьведзь (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мядзьведзь.

На небе толькі што ўзышла паўночная зорка. Чуць-чуць вызначаюцца чорнымі асілкамі высокія стагі. На пагорку, ля самага броду рэчкі Мацей Тадэўчык — стары рыбак і паляўнічы — сядзіць на перавернутым чаўне пры слаба тлеючым вогнішчы й дыміць сваю люльку. Побач ляжыць на павярнутым карчы яго стрэльба-дубальтоўка.

Мацей раставіў нанач венцяры на затоках, а сам астаўся вартаваць, каб ніхто з блізкіх вёсак іх ня вытрас, як часамі падшывальцы любілі рабіць.

Ля ног рыбака сядзіць калматая чорная сучка Мурза — яго друг і таварыш заўсёды і ўсюды. Часам яна настарожваецца, уталопіць вострую мордачку ў бок скарбовага цёмнага лесу, што стаіць на другім баку рэчкі, буркне, піскне, прытуліцца цясьней да кален свайго гаспадара, й зноў змоўкне, нюхаючы пільна вільготнае паветра.

Ціха й мёртва васеньняя ноч. Цемра густымі пластамі ляжыць на балоце й як-бы душыць усё на зямлі. Нехта за рудаўкай на купінах дрыгвы глыбокай хоча голасна запець, але як-бы захлёбваецца, душыцца й толькі буль-бух! буль бу-у-ух! раздаецца па бакох і няясныя зыкі заміраюць у вялікім прасторы цемры…

Часамі птушка запішчыць жаласьлівым голасам у гушчары, і здаецца, што гэта нейкая адзінокая душа блукае тутка й наводзіць жуду. Часамі затрашчыць нешта ў бары, заскрыпіць сасна аб сасну. Гэта вецер прачыхаецца й, як лунатык, няпрытомна спацыруе па гушчы лясной…

У паветры чуецца халодная вільгота-макрота. Дождж — ня дождж — твар адчувае нешта востракалючае, дробнае й густое. А Мурза ўсё болей аглядаецца па бакох, усё болей нюхае паветра, усё болей бурчыць і непакоіцца.

— Што гэта робіцца з табою сёнейка? Хай цябе немач, хай цябе! — кажа Тадэўчык да Мурзы й плюе ў бок. Ладзіцца заснуць пад кажухом, але нешта сон яго не бярэ. Трывога сабакі перадаецца ўсё болей і болей і яму.

— Хай цябе немач, хай цябе!

Тадэўчык устае, папраўляе вогнішча, напіхае зноў люльку й дзівіцца:

— Ліха ведае! здаецца ўжо гадоў сорак, з самага маленства начую тутака й заўсёды сплю, як пасьля кірмашу, а сёнейка нешта ня тое… Сабака, каб яе немач, чуе штосьці — гэта не чалавек!

Тадэўчык ужо апасьліва азіраецца па бакох, лыпіць вачыма ў цемру, ажно лоб моршчыцца, толькі нічога ўгледзіць ня можа. Ён бярэ дубальтоўку, старанна выдувае куркі, вымае з сумкі раменнай пістоны, надзяваець і ня выпускае ўжо дубальтоўкі з рук. Мурза пры гэтым падбірае пад сябе хвост, апускае галаву й ціха, жаласьліва выець дрыжучым галаском.

У самым вясёлым месцы, калі часам дзе на дзядзінцы, сярод белага дня сабака ні з таго, ні з сяго пачынае выць, дык нейкая жудасьць нападае на чалавека, і ён доўга ня можа супакоіцца, — дык ня дзіва, што тут, у глушы, у Тадэўчыка ажно мурашкі пайшлі па скуры. Трывога яго павялічвалася з кожнай хвіляй.

— Ну, ціха, ліха! Якая трасца цябе прабірае, — ажно просіцца-моліцца ён у сабакі, гладзячы яе па стапоршчанай шэрсьці. Сабака на момант цішэець, і яму робіцца лягчэй на душы ад блізасьці гэтага стварэньня жывога…

Вецер павялічыўся. Хмары атулілі ўсё неба. Пачаў сыпаць дробны, густы дождж і яшчэ болей пацямнела. Усё зьлілося ў вадно — і стагі, і дрэвы, і прастор. Нічога ня відаць, як ў студні ўсё роўна. Нейкі цёмны пух усё цясьней і цясьней абхоплівае вогнішча. Сумнасьць глухой адзіноты прабірае Тадэўчыка…

— А мо‘ лепей было-б сягоньня на печы спаць у хаце, як Наста, жонка мая, раіла, а то няхай яе немач, няхай яе!.. Нешта… шмат дурных знакаў бачыў я сягоньня. Курыца запяяла на парозе. Вышаўшы з хаты, я зачапіўся аб качаргу й паваліўся. Люльку згубіў; прышлося варочацца ад самай грэблі да хаты, і ўжо дома агледзіўся, што люлька ў зубах тырчыць. Каб яе качкі, каб яе! А тут усе гавораць, што мядзьведзь ходзіць па нашай ваколіцы. Зьбіраюцца, нават, аблаву рабіць. — І сэрца Тадэўчыка ёкнула. Думаў пайсьці цяпер да хаты, але пабаяўся. Яму пачало здавацца, што калі толькі зварухнецца з месца, дык хтосьці нябачны кінецца на яго.

— Бог-бацька! — пачаў ён пацяшаць сам сябе, — сьвятая багародзіца выратуе. У гэты час ён рабіўся такім набожным, як ніколі ў жыцьці…

Гэтак прайшло яшчэ з гадзіну. Урэшце Тадэўчык пачаў злавацца сам на сябе за тое, што з прычыны нейкага шораху й трэску ў кустох, ён да сьмерці спалохаўся. Але вось на праціўным беразе рэчкі, ля броду, яўна пачуліся цяжкія шагі… Сэрца Тадэўчыка затрапяталася й замёрла. Мурза падскочыла да берагу й пачала голасна брахаць, а Тадэўчык, сьціснуўшы дубальтоўку ў руках, рыкнуў не сваім голасам:

— Хто там?

У адказ — толькі цяжкае сапеньне й палёхканьне ў вадзе па-л-ёх, па-л-ёх!

— Матка найсьвятая! Мядзьведзь, — прахрыпеў Тадэўчык і мімавольна адскочыў ад агню, каб лепей было з цемры ўглядацца ў зьвера й цэліцца ў яго з дубальтоўкі.

Мурза заскавытала, як грэшны дух у пекле і адскочыла назад да Тадэўчыка.

Палёхканьне раздавалася ўсё бліжэй. У Тадэўчыка шапка на галаве падымаецца. Ён вачыма цемру пранікнуць хоча, але нічога ня бачыць. Ён акамянеў ад страху й ня можа крануцца з месца. Голас яго асекся.

Тымчасам мядзьведзь насёрбаўся вады, вышаў на бераг і на задніх лапах, як старая баба ў перавернутым кажусе, тыц да вогнішча…

Як Тадэўчык угледзіў, што мядзьведзь ідзець на задніх лапах, як чалавек, пераваліваючыся пры гэтым з аднэй нагі на другую, страх яго трохі зьменшыўся з прычыны гэтага чалавекападабенства. Ён адсапнуўся і ўжо мог крануць рукой і нагой. Сабака пішчаў на розныя лады. Мядзьведзь наступіў нагамі на агонь, пырснуў з ляпы вадой, атросься й пачаў таптаць вогнішча, якое задыміла й гасла трэскаючы.

— Ратуй, багародзіца! — казаў Тадэўчык у думках сваіх, прыцэліўся й выпаліў.

— Божа, міласэрны! — застагнаў ён, — асечка! порах, ма быць, мокры, каб яго немач, каб яго!

Прыціснуў пальцам другі курак, і нічога ня вышла. Пістоны выпалілі, а набоі асталіся…

Пачуўшы ляпаньне стрэльбы, мядзьведзь з ціхім рэвам рынуўся на Тадэўчыка.

Вырваў з рук чалавека стрэльбу, зламаў папалам і адкінуў у бок, абхапіў пярэднімі лапамі Тадэўчыка, як добры сябра, які хоча кума пацалаваць… Тут Мурза асьмелілася ды з дзікім брэхам накінулася на мядзьведзя й давай рваць яго зубамі за заднія ногі. Мядзьведзь курчыўся ад болі, паваліў Тадэўчыка й кінуўся на сучку, якая пусьцілася наўцекі. Тадэўчык ачухаўся, звыкся троху са страхам і мазгі яго хутка, запрацавалі:

— Уцякаць трэба не на грэблю, але на зыбуху, у тыя кусты, дзе ў замарозках бабы журавіны зьбіраюць. Там мядзьведзь мяне не дагоніць.

Чалавек, як «га», ускочыў на ногі й пусьціўся ўцякаць, але мядзьведзь пакінуў Мурзу й пусьціўся ўдагонку… Хаця Тадэўчык бег хутка, не аглядаючыся, але пачуў праз колькі хвіль за сваімі плячыма цяжкое дыханьне зьвера… Вось лапа вострая ўелася ў яго паясьніцу й зноў паваліла яго…

Мядзьведзь стараўся дабрацца лапай да яго твару й горла, але чалавек урыўся галавой у мяккую зямлю. Тымчасам Мурза насела на карк мядзьведзю і ўгрызлася зубамі глыбока ў яго мяса. Мядзьведзь ад болі моцна зароў і зноў пакінуў чалавека. Ён стараўся сьцягнуць як-колечы Мурзу з свайго карку, трос галавой, круціўся ва ўсе бакі, увіхаўся, а сабака грыз яго не на жарт.

Тадэўчык пачуў, як на плячох у яго мокра, але не зьвярнуўшы на гэта ўвагі, усімі сіламі сваімі ўсхапіўся — і давай бог ногі да кустоў.

Хмары сплылі з небасхілу, паказаўся мутна-чырвоны месяц, нібы бяльмістае вока казачнага волата, і слаба асьвяціў абшар балота.

Мядзьведзь скінуў сабаку з сваіх плеч і зноў, з яшчэ большым імпэтам пусьціўся ўдагонку за чалавекам. Але Тадэўчык спрытна пераскакваў з аднэй купіны на другую па дрыгвяных рудаўках, а мядзьведзь з-заду чабохтаўся так-сама досыць вёртка, але Мурза не давала яму пакою — рвала за ногі, за бакі, некалькі разоў, урэпіўшыся зубамі ў яго кумпякі, ажно вісела на ім. А Тадэўчык, ня чуючы болі, не аглядаючыся, пёрся ўсё далей і далей. Гэтакім чынам выбраўся ён з кустоў на поле, чуючы голас Мурзы ўжо далёка за сабою.

На чыстым полі ён падняў гвалт. Ад вёскі было ня надта далёка, і хутка па ўсёй ваколіцы пачалі брахаць сабакі.

Тадэўчык ужо выбраўся на гасьцінец, увесь упэцканы, у крыві й гразі, а ўсё крычаў, як не сваім голасам:

— «Людцы, ратуйце!»

Вясковыя ляцелі да яго з крыкамі: «Хто гэта?» «Што гэта?» Яны думалі, што канакрад папаўся.

Як толькі яны даляцелі да Тадэўчыка, ён крыкнуў «вядзьмедзь!» і самлеў.

Назаўтрае людзі знайшлі ля рэчкі сьляды мядзьведзя, знайшлі паломаную папалам дубальтоўку, але Мурза прапала.

Тадэўчык хоць доўга лячыўся ад ранаў на руках і плячох, але выздаравеў і зноў начаваў адзін на балоце, стаўляючы нанач венцяры. Толькі сабакі добрага ня мог ён сабе нажыць.

Кожны раз, апавядаючы аб тым, як Мурза адбараніла яго ад вядзьмедзя, ён стагнаў па ёй, як па роднаму сыну.

Вільня, 1914 г.