Перайсці да зместу

На зачарованых гонях (1923)/Малыя дравасекі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Юлька Малыя дравасекі
Апавяданьне
Аўтар: Змітрок Бядуля
1923 год
Як у бібліі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Малыя дрывасекі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Малыя дравасекі.

Зімовы дзень блішчыць тысячу агнямі.

Крэпкі мароз. Сьнег пад нагамі скрыпіць, як жывы.

Пад белай пакрывай сьнегу, як задумлёны старац, стаіць сасновы бор.

Ціха, пуста. Толькі грук дравасекаў нясецца па ваколіцы.

Трах-трах! трах-трах! — чуваць з высокага бору.

Яшчэ здалёку можна прыкмеціць, як блішчыць пад сонцам піла, а абапал матулі-сасны стаяць, як мурашкі, двох маленькіх хлапчукоў.

Яны махаюць рукамі гэтак шпарка, што лахманы іхніх падраных абноскаў разьвяваюцца й адкрываюць голае цела… Але піла ўсё глыбей ды глыбей удаецца ў сэрца сасны й… трах! — павалілася! І з-пад густога сьнежнага курадыму панёсься расьцяглы стогн…

Малыя дравасекі былі браты. Старшаму — Цішку — было дзесяць гадоў, меншаму — Халімону — восем гадоў. Іх бацька — храмы Цыпрук — быў п’яніца; жонку й дзяцей трымаў пад свой цьвік: карміў іх больш лупцоўкамі, як хлебам.

Выпраўляў храмы Цыпрук хлопчыкаў да купца ў лес на заработкі, а грошы забіраў сабе й прапіваў…

Трудна жылося малым дравасекам, але што зробіш?

— Дзякаваць богу, што бацька хоць на полудзень даў па кавалку хлеба…

Паваліўшы некалькі сосен, хлопчыкі ўзяліся шчыра грызьці сухі хлеб; вочы іх зайскрыліся, шчочкі расчырванеліся…

— Ого, есьці, ого!.. Якое шчасьце!.. ды яшчэ далёка ад бацькаўскага крыку. Але яшчэ ня кончылі яны палуднаваць, як узьнялася завея, мяцеліца.

Застагнаў, засьвістаў высокі бор. Пачаў кружыцца белы сьнег. Быццам белае мора, быццам белыя коні, насіліся цэлыя гурбы… Страшна было ў бары.

Усе дравасекі разьбегліся баржджэй дамоў, а Цішка з Халімонам баяліся, каб бацька ня крычаў на іх, што зарана прыйшлі з лесу… Селі пад вялікай сасной, прытуліліся адзін да другога, як малыя птушкі й дрыжалі…

— Баюся! — усхліпаў меншы Халімон.

— Во, дурань, чаго баяцца! — цешыў яго большы Цішка: — зара дамоў пойдзем!

— Дамоў пойдзем! — заенчыў Халімон. І яны пайшлі.

Стагнаў і плакаў бор, але яшчэ можна было йсьці, а на чыстым полі — сьвету ня відаць было. Толькі бачылі малыя дравасекі, як белыя клубы зьмеямі зьвіваліся, дыхалі холадам на іх ды сыпалі шротам па тварыках…

І хадзілі, хадзілі — брылі, брылі, але куды — і самі ня ведалі…

Змарыліся. Агарнула, ноч, сьнег дайшоў вышэй пояса.

— Ляжам! — сказаў меншы Халімон.

— Ляжам! — адказаў большы Цішка.

І ляглі. Моцна, моцна прытуліліся адзін да другога і ўсплакалі, пакуль мелі сілы.

Але… зрабілася гэтак цёпла…

Або-о-о! сядзяць за сталом… маці радуецца, што прыйшлі… падала цёплы праснак… Бацька сядзіць лагодненька… Пад‘елі, памаліліся й паляглі на палок каля печы… Котка насілася да іх, і яны радасна заснулі…

.       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .

У поўнач пацішэла мяцеліца. Выглянуў чырвоны месяц і ўкруг яго танцавалі зоркі, пазіраючы на белую зямлю.

Толькі на трэці дзень адкапалі малых замёрзшых дравасекаў.

Вільня, 1913 г.