На зачарованых гонях (1923)/Летапісцы
← Сымон | Летапісцы Апавяданьне Аўтар: Змітрок Бядуля 1923 год |
Ашчасьлівіла → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Летапісцы. |
Летапісцы.
Душная, цёмная ноч.
Уся Міронава сям’я сьпіць у пуні на сьвежым сене. Ня сьпіцца толькі двум: старому дзеду Мірону і васьмігадоваму ўнуку яго Андрэю. Дзед абдумваець цяпер, як ухітрыцца найцішэй выйсьці з пуні, каб нявестка не пачула ды напісаць ліст да сына ў Амэрыку. Андрэйка трымае ў руках лазовую сьвісьцёлку, якую днём скруціў яму дзед, і ціхутка сьвісьціць. Усе смачна сьпяць пасьля дзённай працы на сенакосе, як пасьля кірмашу ўсё роўна. Дзед аглядаецца па бакох ды асьцярожна падыймаецца з свайго месца.
— Андрэйка! — шэпча дзед і кародзіцца ад нецярплівасьці. Андрэйка ўжо ведаў, што дзед яго заве ў хату ліст пісаць і, як «га», ускочыўшы на ногі, ціха й спрытна падскочыў да дзеда. Дзед узяў яго за руку і палажыў сабе палец на губу з таёмным відам; Андрэйка, добра зразумеў, што гэта значыць: „ані-мру-мру“ — трэба, маўчаць, як сала зласаваўшы.
Гэткім парадкам дабраліся яны да варот. Дзед адчыніў памалу й гэтак спрытна, што вароты не завялі сваёй, як заўсёды, скрыпучай музыкі і два згаворшчыкі выйшлі на дзядзінец.
Тут зноў калацілася сэрца дзеда — ўсё прашкоды розныя, каб іх заломам заламалі! То Жучка, каб яе немач, забурчыць: могуць пачуць у пуні й халэмус нарабіць; то гэты падшывалец, Андрэйка, ня можа вытрымаць — прабіраець яго пакуса гэтак сьвіснуць, каб аж рэхі пакаціліся з усіх старон, каб ліха па веніку прыляцела. Дзед адабраў у яго сьвісьцёлку й падлажыў бабе за пазухай… На гэткі манер, з мінай найвялікшых праступнікаў, увайшлі яны ў хату.
— Дзядок, сьвісьцёлку дай! — ня вытрымаў Андрэйка.
— Толькі, Андрэйка, ня моцна, бо ўсіх чарцей разбудзіш, — прасіўся дзед і падаў яму сьвісьцёлку. Андрэйка пачаў у пацёмках скакаць і сьвістаць.
Дзед хутка запаліў лучынку, выняў з-пад абразоў у куце аркуш паперы, што дастаў у мястэчку за венікі.
— Ну, цяпер, каток ты мой, — казаў дзед да Андрэйкі, — аддасі мне сьвісьцёлку на той час, пакуль ліст напішаш, а пасьля я табе яе вярну. Бярыся, як Халімон за бога, казаў той.
Андрэйка нічога на гэта не адказаў, толькі з нейкай смагай сьвіснуў апошні раз надта шчыра, працягла; выцер старанна сьвісьцёлку аб свае штонікі і аддаў дзеду. Сам ён дастаў з закуранай трамы атрамант, ручку з пяром і палажыў на стол. Масьціўся, масьціўся Андрэйка на тапчане каля стала й ніякім спосабам ня мог сесьці так, каб можна было пісаць. Як на ліха тапчан быў нізкі, стол быў высокі, так што, сеўшы пісаць, Андрэйка чуць носам даставаў да стала.
— Хіба носам пісаць! — зажартаваў Андрэйка. Дзед нічога не адказаў, торкнуў лучыну ў чорную шчэліну ля вакна, выйшаў сур’ёзны ў сенцы, прывалок начоўкі й палажыў на тапчан, каб Андрэйку вышэй было сядзець. І то было нізка, — Андрэйка даставаў да стала толькі барадой.
— Хіба барадою пісаць! — зажартаваў зноў Андрэйка. Дзед нічога й цяпер не сказаў і яшчэ болей сур’ёзны падыйшоў да прыпечка, вынуў з-пад чалесьнікаў абсмаленую засланку й палажыў на начоўкі. Андрэй сеў на засланку.
— Цяперака, дзядок, будзе добра! — хаваў ён, мацаючы рукамі засланку й пэцкаючы іх у сажу. Ён забалтаў пад сталом сваімі закарэлымі чорнымі ножкамі і ўпёрся каленамі ў стол.
Ва ўсіх яго рухах выяўлялася таёмнасьць вялікай і страшэннай змовы й відаць было, што гэта спраўляла яму нямалую прыемнасьць. Ён узяў пяро ў рукі, і на яго твары запанавала прафэсарская міна. Успомнілася яму, як ён колькі разоў падпісаўся за няграматных у павестках, каторыя дзесятнік прыносіў з воласьці. Ён рукой тады выводзіў гэтак, круціў так і выходзіла: «Андрэй Адамаў Вайда».
Андрэйка ўсунуў ручку ў атрамант і, забыўшыся яе атрасьці, перш-на-перш абліў паперу атрамантам, зрабіўшы чорную пляміну велічынёю з медны пятак. У школе гэта называецца „булка“. Стары, царскі вучыцель за гэткія булкі моцна цягнець за вуха, як-бы пугу віўшы, а вучань, як зашчэмлены ў плоце парсюк, крычыць „а-а-ай!“ Дзед думаў, што гэтак трэба рабіць дзеля фасону і, узяўшы лучыну ў рукі, засьвяціў Андрэйку бліжэй. Андрэйка падняў сваю белую галоўку й сказаў дзеду, што вельмі ў вочы дыміць. Дзед адсунуў лучыну.
— Ну? — сказаў Андрэйна. Гэта значыла: скажы, дзядок, што трэба пісаць? Ала зараз ён успомніў, што салдат Мацей, каторы ўсім лісты піша, умее гэта рабіць надта хітра й ніколі ня пытаецца, як пачынаць, бо заўсёды сам пачынае: „За дубовым сталом пішу пяром міласьціваму гасудару з нізкім паклонам, жалая усьпеху ў дзялах вашых“…
Андрэйка высунуў язык, засапеў і пачаў выводзіць літары. Ён іх проста на дзіва маляваць хацеў, хаця яны выходзілі ў яго вельмі куртатыя. Рука, упэцканая ў сажу, рабіла рудыя пасы на паперы, як-бы старалася пралажыць трэль. Яна краталася па паперы, як цяжкі воз па старой грэблі.
І вось ён кончыў „пачатак“ пісьма вельмі здаволены, што гэта будзе прыемная неспадзеўка для дзеда.
— Нос! Нос! — закрычаў дзед гэткі ўстрывожаны, як-бы хата загарэлася. — Запэцкаеш паперу!
Андрэйка спрытна ўлавіў рукой тое, што буйнай хваляй пёрлася беспардонна на паперу.
— Прачытай, што ты там ужо нагрэмзаў, — ня выцярпеў дзед, — паглядзім, з якога ты поля ягадка, галапуп ты мой!
Андрэйка пачаў чытаць па складох: „За ду-бо-вым сталом“… І гэтак далей. Дзеду гэта паказалася лепей, чым добра, бо ён сам быў ласунчык на мудрыя гутаркі; ён любіў, часам, задаць, заціснуць, загабляваць гэткае ядранае слоўца, ажно другі вочы казеліў, як-бы хрэну налыпаўшыся. Дзеда лічылі за вялікага разумніка па усёй ваколіцы. Андрэйка быў вельмі зрадаваны, што дзеду спадабалася, і ён папрасіў у дзеда сьвісьцёлку:
— Не, ня дам цяпер, ня лезь ты смалой!
— Да-а-ай! — прасіўся Андрэйка.
— Не, ня дам! — заматаў дзед галавой, — не падавайся чорту ў лапы, галапуп!
— Хоць разок сьвісну! — ажно заенчыў Андрэйка.
І яны, абое, глянулі адзін аднаму ў вочы, як-бы гіпнатызавалі той таго: адзін — каб „ня даць“, другі — каб „даць“. Андрэй занепакоіўся на месцы й рухаўся, як тая мятлічка на полі ад ветру. Урэшце дзед ня вытрымаў.
— Адзін раз кажаш? — сумняваўся дзед, — ой, глядзі, каб гэты раз не папсуў увесь сказ!
— Далі бог, разок толькі! — ажно заёрзаў на месцы сваім Андрэй і зрабіў шчырыя вочы.
Дзед даў Андрэю сьвісьцёлку, і хлопец упіўся ў яе, як няпрытомны. Сьвіснуў раз, ня вытрымаў і сьвіснуў другі раз. Забрахала Жучка на дварэ.
— Ах, каб ты скіс, галапуп! — вылаяўся дзед. Андрэйка ўстрывожыўся й хутка вярнуў дзеду сьвісьцёлку.
— Ага, — прабраў яго дзед, — я-ж казаў, што цяпер ня можна, бо яшчэ пасьпееш з козамі на торг! І схаваў сьвісьцёлку. Дзед паправіў лучынку, прыгатаваў другую й задумаўся, а Андрэйка тымчасам пазіраў на цені па закураных сьценах… Дзед зрабіўся вялікі, вялікі й чуць не паўхаты пакрыў, а ў яго, Андрэйкі, самога была на сьцяне галава з цэбар. Гэта яго вельмі цешыла і вось ён пачаў аднэй рукой рабіць на сьцяне казюлькі. Адтапырыў тоўсты палец рукі, сьціснуў па два пальцы, а на сярэдзіне разьняў шырока — і цень гэтак сфабрыкаванай рукі на сьцяне вышаў якраз казьлінай галавой.
— Каза, каза, дай малака! М-м-э-э-э! — замэкаў паказьлінаму Андрэйка. Тут дзед усхапіўся з сваіх думак.
А думаў ён аб усіх крыўдах, што нявестка рабіла яму за ўвесь час, а болей усяго — за апошнія тры гады, што яго сын, Адам, жыве ў Амэрыцы. Гоніць, як сабаку з хаты… есьці не даець… б’ець часамі…
— Пішы, каласок ты мой, пішы! — кажа ён да Андрэйкі.
„Сынок ты мой родненькі, ці я табе ня бацька? Ці я не будаваў гэту хату? Ці я не гаспадарыў тут? Яшчэ во’ якія мазалі на руках маіх… Як гэта кажуць: „жыд добры і рахунак добры, а грошы — як ня было, так і няма“… Дзед падыймае рукі ўверх, якбы каму паказвае мазалі свае. Голас яго дрыжыць і слабее. Андрэйка прыхіліўся да стала й цяжка сапіць, выводзячы буйныя, нязграбныя літары.
Дзед папраўляе лучыну й далей гаворыць: «Адам, сынок ты мой! скажы, за што такую старасьць паганую маю? За што гэткая кара? Як гэта кажуць: б’юць і плакаць не даюць… і чаму?»
Дзед робіцца гнеўным за гэту незаслужаную крыўду, яго вочы пазіраюць кудысьці ў даль, чакаючы адказу на слова „чаму?“ І ён зноў пачынае: «Учора Аўдоця, жонка твая, гадзіна, пачала, казаў той»…
— Пачакай! — крычыць Андрэйка, — я яшчэ там ня скончыў пісаць тое!..
Дзед асадзіўся назад, як гарачы закелзаны конь, каторага паціснулі за лейцы ў другі бок.
— А што ты там, каласок ты мой, напісаў — пытаўся ён: — дай паслухаем і патыліцу пачухаем.
— „Ці я табе ня бацька“… чытае памалу Андрэйка. — Як далей, дзядок, ты казаў?
Але дзед ужо забыўся, што раней дыктаваў, а тут яму хочацца выгаварыцца, выліць тое, што накіпела на душы. Ён чуе, што мусіць гэта рабіць, хоць перад кім-небудзь, тады можа палягчэе…
— Ага! ага! — пачынае ён далей — во, за язык як-бы хто пацягнуў, дзяры лыкі, калі дзяруцца: «А ўчора нявестка гэтак піргнула мяне ад стала, ажно старыя костачкі мае чуць не рассыпаліся… Яна называла мяне гультаём… як гэта кажуць, быў конь ды зьезьдзіўся. А тапчан гэты я майстраваў, а стол гэты хто рабіў, калі ня я?… куды ня кінь — усё клін». — Дзед доўга кашляў. — „Што мне рабіць? торбу надзець і пайсьці жабраваць хіба, дык не — па Юрку шапка, казаў той… Ой, жыцьцё ты маё! А як-бы наўмысьне во жыву… Ты на гару, а чорт за нагу… Чаму ты, божухна, сьмерць — збавіцельку мне ня шлеш? Калі топішся, то за брытву хопішся, казаў той“…
Дзед зноў закашляў…
Якую долю чалавек хоча. Гэта-ж баламуцтва прасіць гібель…
З яго мутных вачэй пасыпаліся сьлёзы, як боб…
Дзеду, пачуўшы сьлёзы на сваім высахшым твары, зрабілася вельмі жаласна і ён заплакаў ціха, глухім голасам і мямліў бяззубым ротам, як-бы хлёбнуўшы гарачай вады…
Гэтак прайшло колькі хвіль і дзеду палягчэла, як-бы тое цьвёрдае й калючае, што стаяла, ражаном папярок у горле, пайшло ў нутро. Ён закурыў люльку, паправіў лучыну й прысеў на тапчан.
Андрэйка зьбіўся з панталыку, дый спаць яму хацелася й ня мог ён парадкам у дзеда дабіцца, што пісаць.
— Дык кажы, дзядок, што пісаць? — пытаўся Андрэйка й зяваў.
— Пішы, каток, пішы! — ажно строга казаў дзед: «Кажуць людзі: у людзей пытай і свой розум май, а гаспадарку яна, ведзьма, вядзе, дык толькі крый ты, божа, як гэта кажуць, сабакам сена касіць». Дзед пачаў на пальцах лічыць: „Буланка здохла, кароўка чуць ногі валочыць, а сена пагніло. Калі я ёй што кажу, дык яна толькі адгаркваецца, як благая сучка, хоць ты перад ёю макам рассыпайся — не памагае!.. А я табакі не магу дастаць… А ці ўбачымся мы ўжо з табою?.. Далей вочы — лягчэй сэрцу, казаў той… Я ўсё слабею, сынок ты мой… зямля-матуля да сябе цягне… Хто мне вочы прыплюсьніць? А хто хаўтуры палюдзку ладзіць будзе? А хто сьвечку паставіць за душу маю грэшную? А круці не вярці — трэ’ паміраць…»
Дзед змоўк і трос сваёй лысай, белай галавой. Матыль скульсьці ўзяўся й паляцеў на агонь. Андрэйка заглянуўся на яго. Палажыў ручку, каторай пісаў, і давай лавіць матыля.
Імпэт вырастаў у яго з кожным новым выкрутасам над матылём, як у чыстакроўнага паляўнічага. Вось Андрэйка злавіў матыля, але той спрытна вылізнуў з паміж яго пальцаў, аставіўшы нейкі сьлізкі пылок. Андрэй болей ня гнаўся за ім, і матыль давай зноў кружыцца, як шалёны, над агнём. Андрэй так пазіраў на яго доўга, доўга, пакуль вочы як-бы алавяныя зрабіліся, затуманіліся, рознаколерныя кругі паказаліся над дзедам. Андрэй заплюшчыў вочы, дзед зрабіўся маленечкім, усё зьлілося — сплылося разам і… ён заснуў, зрабіўшы другую, яшчэ большую, чорную «булку» на паперы.
Доўга думаў дзед. Але каб хто спытаўся ў яго, што ён думае, дык ён-бы ня ведаў, што адказаць. Усё ў старых грудзёх перамяшалася, як-бы хто там віламі зялезнымі перавярнуў усё дагары нагамі… Нешта там балела… нешта шчаміла…
„Заяц мне дарогу перабег“, казаў дзед і заківаў галавой, „здаецца я нічога кепскага на сьвеце не зрабіў. Не капціў неба, не жаваў хлеб, казаў той“. Пішы, Андрэйка, пішы!
А тымчасам Андрэйка яшчэ мацней захрапеў. Котка вылезла з-пад прыпечка. Нясьмела й ціха падыйшла яна да стала, скокнула на тапчан і, бліснуўшы сваімі вачыма, прытулілася да Андрэйкі зьвярнуўшыся клубком.
…«І ці-ткі ты на мяне забыўся, сынок?» крыўдна махаў дзед левай рукой: «ніколі капейкі якой ня прышлеш для мяне, а яна мне на зарэз цяпер патрэбна»… Пішы, Андрэйка, пішы каласок!
Ня бачыць дзед, што Андрэйка даўно ўжо сьпіць.
«Ці ты мне ня сын? ці я ня бацька твой? Здаецца, ня надта чужыя»…
Але хутка стрункі асобнай жальбы ўласнай на душы яго лопнулі й растаялі, бо ён успомніў, што сын прасіў, каб яму пісаць аб усім, што тут робіцца ў іх на вёсцы, і дзед увайшоў у звычайны лад жыцьця, дзе разам з сьлязьлівым тонам вырываецца, нібы зара бліскучая, і шчыры сьмех. Эт, глупства! Махнуў ён рукой, «а калі стары Арцём лепей жыве; эт! — не кажы «гоп», пакуль не пераскок! — А Мікіцёнак учора каня купіў у Даўгінаве, але храмы, падла, усунуў сорак рублёў чорту лысаму, абадралі, як Сідараву казу. Тадора сёлета памёрла. Сёмка Халімона Бурага на вечарынцы гэтак галаву пабіў, што праз тры дні паехаў да Абрама на піва; і бацька яго гэткі быў: які чорт Хомка — такая яго жонка… А я ўжо гарэлкі не каштаваў чуць ня тры гады. Ніхто мяне не частуе: дзіця ня плача, матка не дагадаецца, казаў той.» — Пішы, Андрэйка, пішы! «Ніхто старога не шкадуе: здаецца, хлебануў-бы чарачку, як расу сьвежую, і разьмяклі-бы мае костачкі старыя, кроў пацяплела-б… і ўлетку ў кажусе цягаюся, бо мне холадна, а кажух ужо згніў на маіх плячох, як гэта кажуць: ня купіў бацька шапку — няхай вушы мерзнуць».
Навіны сыпаліся з вуснаў дзеда, як пацеркі з парванай ніткі, пятае цераз дзесятае. «А наш Жучка ўжо гэтак, як калісьці, ня брэша — нейкую хрыпку дастаў. Мінуліся тыя рокі, калі паны браліся ў бокі, казаў той».
— Пішы, дзетка, пішы! — «Галагуцкі певень доўга хварэў, але ткі жывець на радасьць; як гэта кажуць: як шанцуе, тады Халімон танцуе… Ад мудрасьці сваёй дзед павесялеў і ўвайшоў у свой стос.
«А Наста выдала замуж Марылю за Мурзатага Максіма, мо’ памятаеш таго хлапца, каторы заўсёды разявіўшыся хадзіў; як сабака, што мух ловіць?»
— Го-го-го! — засьмяяўся дзед, і неяк весела зрабілася яму. — «Думаеш цяперашнія гэта, як даўней жывуць, ім усё падавай разам: калі напёрла жаніцца, дык хоць ён яшчэ смаркаты, але сваё робіць. Як гэта кажуць: кожны кеп сваім строем. Цяперашні чалавек, казаў той, хоць ты яго мёдам маж, а ён чорт ведае чым пахне», скрытыкаваў дзед агульна дваццаты век.
— Пішы, Андрэйка, пішы. «Няхай і мая кватэрка будзе, казаў той… і Мацеева жонка, гэта жаба карэлая, сёлета заха…» Аде тут дзед раптам змоўк, бо лучына пагасла.
— Андрэй! Андрэй! Куды сернікі палажыў? — А каб ты скіс, галапуп!
— Га!? — усхапіўся Андрэйка, — абаранкаў купіш мне на капейку?
— Куплю, куплю, каласочак мой, а як-жа гэта кажуць: узяўшыся за гуж — не кажы, што ня дуж!
Андрэйка зноў захрапеў і яму сьніліся абаранкі, каторыя дзед прынёс яму з карчмы. Ён іх начапіў на вяровачку й пабег па вёсцы, пабрыкваючы з крыкам:
— Гоп! гоп! І-га-га!
На буланцы езьдзіць Янка, паўтараста рублей санкі, Пяць-дзесят рублёў дуга, а кабыла тры рублі! — Гоп! гоп! І-га-га!
Дзед пашоў папацёмку ў сенцы шукаць, дзе яйкі ляжаць, каб назаўтрае ў мястэчка паплясьціся прадаць. Доўга пасьля шукаў ён сернікі й страшэнна лаяўся, знайшоўшы іх у сябе за пазухай.
— Ах ты паганшчына, каб ты апаганілася! Ах ты, крутаньнё, каб цябе скруціла ў тры пагібелі!..
Але што-ж: вышэй пят не падскочыш! — кончыў дзед і пайшоў спаць.
Вільня.