На зачарованых гонях (1923)/Злодзей
← Гора ўдавы Сымоніхі | Злодзей Апавяданьне Аўтар: Змітрок Бядуля 1923 год |
Сымон → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Злодзей (Бядуля). |
Злодзей.
Невядома было, ці ўжо зайшло сонца ці не, бо густыя хмары агарнулі ўсё неба й цемра абхапіла ўвесь абшар палёў пад касагорам.
Была нейкая парнасьць, як перад дажджом. Па камяністай дарозе скрыпелі вазы з снапамі, каторыя людзі са сьпешкай вазілі на гумны дамоў.
Чутно было, як на азяродах гаманілі ды крычалі: «вышэй падавалку!» або — «сноп равьвязаўся, каб цябе е!» ці — «не варонь там, падла здохлая!»
У багатага гаспадара Кастуся не пасьпелі зьвязьці ў гумно ўсё жыта і на полі асталося некалькі дзесяткаў мэндлікаў, так што трэба было ноччу папільнаваць іх у полі.
Вось Кастусь, раней павячэраўшы, пайшоў на поле, лёг пад касагорам і давай пыпкаць люльку сваю.
Доўга пазіраў ён на ярыннае поле, каторае рознымі колерамі пералівалася на тэй старане дарогі, і на вогнішча начлежнікаў на блізкай пасецы.
— Заснуць не даюць, каб яны папруцянелі, каб яны! — буркнуў Кастусь і перавярнуўся на другі бок.
А песьні запраўды сыпаліся з усіх бакоў; з дарогі, дзе жнеі йшлі з дажынак з панскага фальварку, з пасекі, дзе былі начлежнікі, а з вёскі йшчэ ў прыдатак гармонік і жалейка…
Круціўся, вярцеўся Кастусь і ня мог заснуць.
— Хоць ты тут лопні — усё роўна не засьнеш! — зазлаваўся ён і плюнуў, абціраючы цыбук палой кажуха, і тым самым часам ён раздумваў: — Што-ж хай пяюць: яшчэ, нават, лепей, а можа якраз на безгалоўе накруціцца хто снапы красьці, а я буду спаць. Мала іх ёсьць у нашай вёсцы гэтых лайдакоў, абарванцаў, як, напрыклад, Ліканор, каб яго зямля не насіла, каб яго!
І Кастусь прысеў, апіраючыся аб вялікую крушню камянёў, што была каля мяжы. Хоць цёпла было, але дзеля таго-ж раса прабрала яго і ён шчырэй абкруціў грудзі залапленым кажухом сваім.
Яшчэ больш пацямнела, але затое ясьней малявалася далёкае вогнішча, а парнасьць, быццам з печы, сыпалася на ўвесь абшар сярод летняй ночы.
Нячутна было ўжо скрыпу вазоў ці воклічу на гуменцах, але затое яшчэ зычней раздаваліся песьні, сьмехі й жарты ва ўсёй ваколіцы.
— Чорт іх ведае! — дзіваваўся Кастусь: — цалюсенькі гэтакі дзень працавалі, і цяперака йшчэ розная дур у галаве ім! — Але цмокнуўшы разоў пяток свой цыбук, ён растлумачыў сабе, што — «няхай!»
— Вось і птушкі пяюць, і рыба гуляе, і матылькі вясёла скачуць, няхай сабе й людзі вытвараюць нешта падобнае да гэтага! Відаць, ім патрэбна пяяць — вось і пяюць. Але ня ўсьпеў ён дакончыць сваіх думак ды склеіць іх у нешта адно складнае, цэлае, як нехта ў блізкім высокім бульбоўніку шаснуў, крадучыся шпарка да мэндлікаў.
Бачыць Кастусь здалёку, але маўчыць, чакае, што з гэтага будзе. Той накінуўся на снапы — і дай сярпом спрытна абразаць каласы ды сыпаць у мяшок.
Чуць стрымаўся Кастусь, але дачакаў-ткі пакуль гэны насыпаў поўны мех і давай памалу, спакойна, быццам у сваім сьвірне, закідваць на плечы.
Тутака ўжо Кастусь хутка падскочыў да яго, схапіў моцна за каўнер і крыкнуў грамавым голасам — «стой!»
— А бра-а-тачка! — праенчыў злодзей, стануўшы на месцы, як слуп нейкі. Мех тымчасам адваліўся на бок.
Па голасу Кастусь пазнаў Ліканора, суседа свайго.
— Дык вун якія рабункі ты робіш? Не спадзяваўся я ад блізкага, суседа, гэтага! — з нейкай крыўдай у голасе прагаварыў Кастусь і супакойна ўзяўся выкрасаць агонь. Ліканор стаяў абаўвянелы й ня думаў уцякаць.
Жыў ён кутам на канцы вёскі ў вельмі старой хаце, каторая ўехала ў зямлю, а з усіх бакоў падтрымлівалі яе рознафасонныя падпоры. Меў ён пяток дзяцей і крыклівую бабу, каторая заўсёды крычала на яго, што ён гультай, набіты дурань, і што, здароўе маючы за пяць быкоў панскіх, ня можа ні капейкі зарабіць грошы. Вот вычысьціць калі комін у Мэндаля, звяжа яму некалькі венікаў і жыд з ласкі сваёй дасьць яму нейкі фунт хлеба.
Кастусь выкрасаў агонь, затуманіў люльку й з нейкай цікавасьцю спакойна пазіраў на Ліканора.
Ліканор гэтак сама быў спакоен, але ня цікавіўся глядзець на Кастуся, толькі чухаў сваю кудлатую патыліцу ад турботы, што гэткая няўдача выпала на яго долю.
— Ліканор! — казаў Кастусь. Ліканор відаць нешта глыбокае й цікавае раздумваў, бо ня чуў, што да яго кажуць.
— Ліканор!! — крапчэй крыкнуў Кастусь.
— Га! — адазваўся Ліканор.
— Эх, эх! — пачаў Касіўсь, — як табе ня сорамна, гэткі здаравенны мужчына й ня хочаш справядліва хлеб сабе зарабляць! Эх, Ліканор, дзіва мне, чаму твая баба табе дагэтуль рэбры твае не пераламала за гэта самае; гэткі здаравяка, якое сумленьне ў цябе?
Ліканор нічога не адказаў і толькі давай азірацца сваімі асалавелымі вачыма на вялізарныя свае лапы, на ўсю дубовую сваю фігуру й, здаецца, сам дзівіўся, чаму ён не зарабляе сабе справядліва грошы.
А Кастусь давай з яшчэ большай ахвотай сыпаць словы, як поп на амбоне:
— А ты-бы пашоў на падзённую ў двор, да купцоў у лес або так на заработкі якія — і сям’я твая не галадала-б, і сам сыт быў-бы. Нябось, красьці то трапляеш, на гэта табе даў бог розум!
— Каб-жа-ж — марматнуў пад нос Ліканор і зноў замоўк, павесіўшы рукі свае, быццам страшыдла на панскім гародзе, што курэй пужае з аўсу.
— Што «каб-жа-ж?» — ухапіўся Кастусь за гэтыя словы, як за нешта цікавае, — што «каб-жа-ж», га? Во, загаварыў-ткі, загаварыў, дундыль маляваны!
Ліканор усьміхаўся ды гэтак расчыніў тоўстую сваю губу, што здавалася хацеў ён праглынуць усю абшырную ваколіцу.
— Гавары, гавары, што каб-жа-ж? — ізноў пытаўся горача Кастусь.
— Гм-м-м, каб-жа-ж я меў розуму, як красьці, дык ты-бы не злавіў мяне, казаў той! — адказаў Ліканор, ажывіўшыся на момант і йзноў дубовым зрабіўся.
— І-і-ш, каб цябе трасца! — загрымеў ва ўсё горла Кастусь, — красьці то ты ахвотнік, на гэта ня ленішся, дык вось я цябе навучу, як трэба быць злодзеем!
І плюнуўшы тры разы ў свой касьлявы кулак ды ў прыдатак, дзеля ёмкасьці, крыкнуўшы «г-э-э-э!», ён замахнуўся над тварам Ліканора.
Ліканор выкруціўся з-пад яго кулака і, як малое дзіця, праенчыў «а бра-а-тачка!» — ды гэтак жаласна, што Кастусь астанавіўся.
— Ну, дык ня будзеш болей красьці?
Ліканор маўчаў і выглядаў, быццам вялізарная гнілая бручка.
— Ліканор! — паўтарыў Кастусь.
— Г-э-э-э! — адказаў Ліканор.
— Ня будзеш красьці, абяцаеш мне?
— Не! — ціха адказаў Ліканор, і давай зяваць: відаць, надаела яму гэта прыкрая гутарка.
— Што… Не!? — зноў падхапіў Кастусь.
— Не… не абяцаю, казаў той! — буркнуў пад нос Ліканор.
Тут ужо Кастусь ня вытрываў ды зарагатаў ад гэткай шчырасьці Ліканора. Толькі «го!-го! го!» адклікаўся нехта з бору і з блізкай пусткі.
— Дык, значыць, будзеш красьці?!
— М-мгу! — заківаў Ліканор галавой і парухавеў, убачыўшы вясёласьць Кастуся.
— А што будзе, калі я другі раз злаўлю цябе ды зьвязанага пацягну ў воласьць?
— А, братачка, ня зловіш, як бы то… — прасіўся быццам Лікакор і зачырванеў са стыду, прыпамінаючы, што яго злавілі, і другі раз адказаў сьмялей: — А, братачка, ня зловіш — буду асьцярожна красьці!
Кастусь другі раз яшчэ крапчэй зарататаў. Яшчэ крапчэй раздалося па лесе і пустцы «го! го! го!».
Ліканор аглянуўся раз, другі й, спрытна ахапіўшы мех, закінуў лёгка на плечы — і давай ходу.
— Ах ты, шэльма! — ня надта злосна крыкнуў Кастусь ды перагарадзіў яму дарогу.
— А, братачка — жаласна заенчыў Ліканор і быпцам прасіўся, і нешта ёкнула ў сэрцы Кастуся і ўспомніў ён высахшую заўсёды галодную, Ліканорыху і абарваных дзетак яе.
— Бяры! няхай цябе чэрці бяруць! але абяцаеш мне, прынамсі, што другі раз ў мяне ня будзеш красьці?
— Не! — цьвёрда адказаў Ліканор.
— Што не?
— Не абяцаю! — адказаў Ліканор, махаючы галавой ад аднаго пляча да другога, і крануў адной нагой, сабраўшыся ісьці
— Стой! стой! — затрымаў яго зноў Кастусь: — памятай, што калі злаўлю другі раз, то ўжо жывога ня выпушчу!
— Эт… — адказаў каротка Ліканор з нейкай пэўнасьцю й, лёгка перакінўшы мех з правага пляча на левае, пашоў, цяжка ступаючы.
Кастусь выняў свой капшук і давай напіхаць люльку. Тым часам неба выясьнілася, і месяц сярод неба быў гэткі ясны, што, нават, здалёку можна было ўгледзіць, як па дарозе шпарка йшоў Ліканор з вялікім мехам на плячох, а на мяжы кратаўся побач яго доўгі цень.
— Ды няхай яго трасца, гэткага… які ён акуратны, не фальшывы чалавек! — сказаў Кастусь, шчыра плюнуўшы, пасьля таго, як зноў затуманіў сваю люльку й лёг пад крушняй з нейкай лёгкасьцю на душы.
Вільня, 1912 г.