На зачарованых гонях (1923)/Дудар
← Як у бібліі | Дудар Апавяданьне Аўтар: Змітрок Бядуля 1923 год |
Лявоніха й Сымоніха → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дудар (Бядуля). |
ДУДАР.
Гарэлачку я хачу!
(Народная).
— Спачатку, дзеткі мае, здалося мне, што старыя часы раптам устром галавой вяртаюцца да нас: вось, знакам тым, цяперака няма вінаполек — і калісьці таксама ня было вінаполек. Але тутака трапілі якраз пальцам у вока. «Не заўсяды, як на дзяды», дзеткі мае! Эхэ-хэ, «што было, тое травой зарасло». Знакам тым, я йшчэ добра памятаю тыя дзянькі, калі з Рагазіны вазілі пузатыя бочкі «ачышчанай», калі па даскох талакой качалі гэтыя самыя бочкі на высокі ганак Лейзаравай карчмы. Вось тады бываў гармідар заўсёды! Ня кідалі піць, пакуль не паваліліся снапамі пад стол. „Бірка“, знакам тым, ажно рабела ад значкоў. Кожны значок, дзеткі мае, азначаў медную чарку Лейзара. Э-хэ-хэ, „былі рокі, калі паны браліся ў бокі!“ А які з мяне музыка быў ў тых гадох, дык толькі дзяржыся! Бывала калі зайграю на дудзе «Лявоніху», дык людзі ажно хадыром хадзілі! Гэткія выкрутасы выраблялі, што гіцэль іх ведае! Дасьцё веры — зялезныя падкоўкі растоптывалі за адну вечарынку, — во што, знакам тым! Хоцькі ня хоцькі, і бязногі, здаецца, патрапіў-бы скакаць, калі я йграў «Лявоніху», «бычка» ці «Юру». Ня то, што цяперашняя «барэцкая», ці «крамянецкая» полька: фыц! мыц! Эт, плюнуць і то ня варта.
Дык вось, дзеткі мае, адзін раз перад калядамі выправіў мяне Лейзар у Рагазіну па гарэлку. Наста мая дала мне на дарогу ёмкі кавалак сьвежага сала з парсюка, што нядаўна закалолі на сьвята, усунула ў маю торбу цёплы праснак. Знакам тым, усяго было досыць. На ўсялякі выпадак узяў я й дуду з сабою. «Запас бяды ня чыніць», дык меў храпку заўсёды дуду пры сабе трымаць. Уладзіўся, як мае быць, з гарэлкаю й паехаў сабе вечарком назад, аглядаючыся па бакох, мо’ дзе воўк накруціцца мне на тое ліха, бо ў тую зіму цягаліся яны цэлымі стадамі. Канянё было ў мяне хоць дужае, але гультаяватае — ідзець сабе памалу й, хоць ты зарэж яго, не пабяжыць. Знакам тым, мне страшэнна абрыдла, а тут мароз, хоць ты лысых лічы! Нешта кародзіць унутры — проста, выпіць захацелася. Але як дастаць, каб «трынкнуць» троху. Але зараз мільганула ў маёй галаве, што можна выкалупаць ў бочцы дзюрачку дротам ад люлькі; і я ўзяўся за работу, як Халімон за бога, усё роўна. Хутка я такі дагадаўся, што мой Сідар даўся: выкруціў я дротам адну й другую дзюрачку на славу, дастаў з саней саломіну, усунуў ў дзюрачку й давай смактаць, як тое дзіцянё сасульку. Ці дасьцё веры — адразу пачуў я гэткі смак, нібы хто мёдам мазануў па душы маёй!.. Тут ужо я рад быў, што конь ідзець гэтак памалу. На грэблі, ля высокага мосту акрутня парвалася, і я тпрукнуў каню. Тутака, знакам тым, я забыўся аб марозе, аб ваўкох, аб усім на сьвеце, разлажыў клумак свой на бочцы, як у сваёй хаце на багатую куцьцю, усё роўна, і давай мяняць саломіну за саломінай. Месячык так сьвяціў, што, нават, малюсенькую дзюрачку ў бочцы, нібы сьлядок той ад мухі, і то бачыў я ясьнюсенька, дзеткі мае.
Хутка мне так весела зрабілася, што я зацягнўў песьню калядную:
«Рана, рана куры папелі, — |
Выняў дуду й зайграў. Ці доўга я гэтак іграў — не памятаю, але хутка пачуў званкі й застанавіўся паглядзець, хто гэта едзе. Ажно з другой стараны смаліць на чацьвёрцы паніч, а фурман у залатых гузіках ляскочыць доўгай пугай: жа-а-ах! — ажно дрыжака па сьпіне прабірае. Пад’ехаўшы блізка, чацьвёрка астанавілася, паніч падскочыў ка мне, — я трохі, знакам тым, спужаўся. Вось табе на! — думаю — адразу раскажа Лейзару аб усім. Я спрытна заткнуў дзюрачку ў бочцы мягкім хлебам і квіта, пане Мікіта, мая хата з краю, я нічога ня знаю! Зьняў шапку, пакланіўся панічу ў ногі; стаю, чухаючы патыліцу.
— Чаму, дурню, ня йграеш? — кажа паніч. Я маўчу.
— Чаму ня йгра-еш, дурню? — крычыць ён злосна.
Тут ужо ніякай радачкі не дасі. Я ўзяўся за дуду й засыпаў «Лявоніху». Пан пахваліў. Пахлопаў мяне па плячох, кажучы: Лоўка йграеш, дурню, а яшчэ артачышся!
— Ведаеш што, — пачаў ён далей, — паедзем ка мне, зайграеш там ігрышча, хай цябе качкі.
— Дык як-жа ж я, панічок, пакіну канягу сваю й бочку, знакам тым, — кажу я яму.
— Мой фурман астанецца тут, а мы з табой, дурню, паедзем на маёй чацьвёрцы, — Лейзар і не даведаецца нічога. Запражэш на раніцу майго каня, і, як «га», бочка будзе на месцы. А за музыку дам табе два рублі.
Квапункі вялікія: ад Лейзара шэсьць залатовак і два рублі ў паніча, дык як раз маёй жонцы на чаравікі, ды яшчэ на хустку на сьвята, ды яшчэ хвост мне на выпіўку. А тут яшчэ хочацца паказаць, што ўлегцы ня ўзяць мяне, знакам тым — і на панскіх ігрышчах граю. Вось я згадзіўся. Фурман панскі астаўся бочку вартаваць, а я з панічом смарганулі на ўсе застаўкі. Платы й дрэвы ажно мігацелі ў вачох. Паніч даў мне доўгую пугу ў рукі, а я толькі — смаргуль! ажно люба, як ляскочыць.
Прыехалі мы ўрэшце да панскіх пакояў, узяў я дуду пад паху, і паніч увёў мяне ў тыя пакоі. А там паўнюсенька гасьцей: панічоў, паненак, старых і маладых, ажно я здуманіўся. Колькі сьвечак, колькі лямпаў, а божухна! А падлога маляваная, гладкая, сьлізкая, што я проста на нагах стаяць не магу — усё сьлізгаюся. Каб не падтрымлівалі мяне панічы нейкія, знакам тым, дык я кульгіцнуў бы дагары нагамі. А то сьмех, рогат. Гі-гі-гі! — пішчаць паненкі ценкімі галасочкамі. Го-го-го! — сьмяюцца панічы. Ядуць і п’юць гэткія стравы, што я проста ня ведаю, як гэта называецца.
Загадалі мне іграць: я й «Лявоніху», я й «бычка», я й «Юрку», а яны скачуць, а яны выдаюць! Гіцэль іх бяры! на’т і наскія так не патрапяць. Але неяк пальцы мае пачалі дубець, я й пачаў даваць пудлы ў музыцы.
— А яму холадна! — засьмяяліся ўсе, — ну, дык выбірай сабе паненку.
— Не жартуйце — кажу — над бедным!
— Не! не! выбірай! выбірай, якую толькі хочаш — ажэнім!
Зірк я скоса на тыя паненкі, а усе так круць-муць каля мяне, і так глянуць, і гэтак усьміхнуцца, што ў цябе ажно сэрца калаціцца пачынае й гарачка нейкая ўсяго прабірае. А тыя ахвоты паддаюць. Я забыўся аб сваёй Насьце з чырвоным носам, адважыўся выбраць сабе кругленькую, гладкую паненачку й кажу:
— Гэта хай будзе мая!
— Я — твая! Я — твая! — піскнула яна гэткім салодкім галасочкам, што я й дуду выпусьціў з рук. Ці я? ці ня я? — думаю — неяк не верыцца.
— Пацалуй ты маю ножку! — кажа яна.
Каб гэтак, знакам тым, казала мая Наста, дык я піхнуў-бы яе ад сябе, што яна-бы ўвідзела бацьку з таго сьвету, а тут я раскіс — і давай цалаваць яшчэ й яшчэ! Ніколі я смаку гэткага ня чуў: ад яе нейкай парфумай і цукеркамі аддаець, ажно галава кружыцца.
— Кінь дуду, пойдзем у мой пакой: там цяплей, — кажа яна, — а тут холадна!
Як няпрытомны, пашоў я за ёю, прыцмакваючы языком ад смаку, але тут раптам я сьлізгануўся. Я спалохаўся. Зірк сюды, зірк туды. Дзе панскія пакоі? дзе мая паненачка? Нічагусенька няма!.. Я стаю пад мастом на лёдзе, адной нагой ў праломцы… увесь упэцканы… Цьфу, паганшчына! Дуда парваная, знакам тым, ляжыць водаль. Цьфу гіцэль! Я вылез на гасьцінец. Канянё маё стаіць, апусьціўшы вушы, нібы нічога ня ведаець. Бочка ляжыць на санёх. Я паправіў акрутню, абцёрся сьнегам, сплюнуў, знакам тым, тры разы й паехаў да хаты. Эхэ-хэ, дзеткі мае! колькі дзён апасьля мне проста млосна рабілася ад пастаяннага плюваньня, — было нясмачна, як-бы мыш глынуўшы. Завялікая была выпіўка!
Вільня, 1915 г.