Перайсці да зместу

На залатым пакосе (1927)/На залатым пакосе/Патапаюць далі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вясной Патапаюць далі
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1927 год
У лесе
Іншыя публікацыі гэтага твора: Патапаюць далі ў стынь і ў сон туманаў…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




∗     ∗

Патапаюць далі ў стынь і ў сон туманаў,
Над ракой акорды песеннай тугі,
Палюбіў ўсёй душой я гэта раньне
Над прасторам ніў і вёсак дарагіх…

Вецер ліст бярозкі ціха кучаравіць,
Ціха б‘ецца ў бераг сонная рака,
Мне ахвота сёньня кінуцца у травы
І між траў забыцца, шчасьця пачакаць.

І між траў курчавых, ў золата і кветкі
Загубіць зьнянацку радасьць і вясну,
Каб цьвілі каханьнем родныя палеткі,
Каб у гэта раньне сэрцам адпачнуць.

Каб у гэта раньне сьпець пра нашу волю,
І пра наша шчасьце і пра наш прастор,
Бо ня дарам сёньня вышаў на прывольле,
Бо ня дарам сёньня ў гэту сінь прышоў!