Перайсці да зместу

На залатым пакосе (1927)/На залатым пакосе/Лятуценьні

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ноч запаліла Лятуценьні
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1927 год
Маці
Іншыя публікацыі гэтага твора: Летуценьні (Маракоў).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛЯТУЦЕНЬНІ

Ішоў адзін
Мяжою мне знаёмай
Ізноў сьмяяцца
І сьпяваць ізноў,
І так хацелася
Другой або другому
Аддаць душу
Квітнеючай вясной.

Яна прышла
Адна, неспадзявана,
Пад ціхі шопат
Сьпелых каласоў.
Душа палала
Шчырасьцю нязнанай,
Цьвілі сады
Нязьведанай красой.

Акорды траў
Ліліся на прывольле
І месяц піў
Ліпнёвы агняцьвет.
І так хацеў, хацеў
З мяцежным болем
Упіцца сіньню
Месячных завей.

Як ціхі сон
Балючага натхненьня
Шумелі ветры
Ў радасных палёх.
І жыцьцятворчай
Песьняй лятуценьняў
Ў маёй душы
Паўстаньне узрасло.

Я ўсё жыцьцё
І лепшыя хвіліны
Гатоў аддаць
За праўду і другіх,
Каб толькі бачыць
Радаснай Айчыну,
Каб выйсьці ў даль
На новыя шляхі.

А дні ішлі;
Уходзілі й зьнікалі
І дні другія
Выйшлі з туманоў,
А разам з імі
Ў радасныя далі
Прышла й яна,
Узросшая вясной.

Прышла і шчырасьць
Сэрца маладога
Хацела мне
Навекі падарыць,
А я гарэў
Нязьведанай трывогай,
Крывавым сумам
Выплыўшай зары.

І я ня знаў,
Ня думаў і ня марыў,
Што мог яе
Балюча цалаваць,
Бо хто мог бачыць, —
Сінія абшары,
Зялёны лес,
Ды мяккая трава.

Ах, я дзівак
Упарты і мяцежны,
Я сам уцёк
Ад вуснаў і надзей,
Каб ня упіцца
Шыяй беласьнежнай,
Каб больш ня бачыць
Подыху грудзей.

Чаго-ж тады
Я верыў і імкнуўся
Чаго я пеў,
Чаго хварэў душой,
Ў палёх шырокіх
Роднай Беларусі,
Каго шукаў,
Таго я не знайшоў.

Ну, бо яна
Гарэла й не згарала,
Як гэта ноч
І месячная цьвець.
І каб другога
Ў сьвеце напаткала,
Магла з другім
І плакаць і гарэць!

Ах, я заснуў
І гэта ўсё здалося
Бо за вакном
Мяцеліца шуміць
І вецер сыпле
Сьнежныя калосьсі,
Каб гэту даль
Надоўга застудзіць.

І ў сэрцы зноў
Дзіцячыя жаданьні,
Мне шкода
І так цяжка мне,
Што гэты сон
Прыгожага спатканьня
Ў душы ня змог
Ужыцца й паланець.

Відаць ў жыцьці
Нікога не спаткаю,
Каго змагу,
Як песьню палюбіць
І усё шляхі,
Здабытыя вякамі
Прайду, як сон
Паўстаньня й барацьбы!