Перайсці да зместу

Межы (1929)/IV/На бацькаўшчыне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Усё, усё паўстала прад вачыма На бацькаўшчыне
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1929 год
Клён
Іншыя публікацыі гэтага твора: На бацькаўшчыне (Гурло).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА БАЦЬКАЎШЧЫНЕ

Даўно я тут, даўно ня быў…
Ня слухаў шэлесту вярбы
І златаструнных шэптаў клёнаў…

І вось гляджу цяпер зьдзіўлёна
На ўсё, што бачу, як чужы,
А сэрца б‘ецца і дрыжыць,

А у думках рояцца ўспаміны…
Тут першы раз спаткаў дзяўчыну,
Якой пасьля не спатыкаў.

Мая дрыжачая рука
За кветкай цягнецца язьміну…
Я родны кут даўно пакінуў,

Але зусім не занядбаў.
Скажы, пахілая вярба,
Мне ўсё, усё, што ўспомніць можаш

Мне цяжка быць на бездарожжы
І некага мне запытаць
Пра ўсё, што ліпне, як слата,

Ды сэрца і душу трывожыць.
Тут паранейшаму ўсё гожа,
Але я сам ужо ня той.

Хоць цешуся я пекнатой,
Хоць сэрца просіць успамінаў,
Хоць рад я кожную галіну

Абняць і шчыра цалаваць, —
Але бялее галава,
І кроў патроху ў жылах стыне.

І кветка белая язьміну
Мне навявае цяжкі сон. —
Тут сэрцы колісь ў унісон

Ў шчасьлівай біліся трывозе,
Але сябе я замарозіў
Ва ўздымах хваль чужой крыві.

Мінулага ўжо не злавіць,
Прайшоўшага ўжо не спагоніш —
Гады пранесьліся пагоняй.

Шкада цяпер, шкада ўсяго,
Шкада пагод і непагод,
Якія мне жыцьцё дарыла.

А больш шкада, што ўзмахі крылаў
У гняздо сваё ледзь занясьлі.
Ах, сэрца, сэрца як баліць

І б‘ецца ў роспачы, трывозе.
Сябе я ў час той замарозіў,
Як кветкі раньнія цьвілі.